КАМА́НДАС (англ. commandos),

1) фарміраванні марской пяхоты і паветр.дэсантных войск асобага (спец.) прызначэння ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі для вядзення дыверсійна-разведвальных дзеянняў у тыле праціўніка. У ЗША такія фарміраванні наз. рэйнджэрамі. Узніклі ў гады 2-й сусв. вайны.

2) Атрады апалчэнцаў у арміі бураў у час англабурскай вайны 1899—1902.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЯШЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (21.8.1874, г. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.1.1938),

гісторык царк. права, візанцініст, палеограф. Чл.-кар. АН СССР (1925), Берлінскай, Мюнхенскай, Страсбургскай АН Скончыў Пецярбургскі ун-т (1897). З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 праф. Пецярбургскага ун-та. Рэдактар «Помнікаў старажытнарускага кананічнага права» (ч. 1, 2-е выд., 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Агляду прац па славяназнаўстве, 1908—1913» (1909—18), які можна лічыць бібліяграфіяй па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве і л-ры Беларусі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Візантыі» (вып. 1—4, 1912—15). У гады сав. улады праф. Ленінградскага ун-та і гал. бібліятэкар аддзела рукапісаў Публічнай б-кі. Неаднаразова рэпрэсіраваны па абвінавачаннях у шпіянажы і контррэв. дзейнасці. У 1929 засуджаны на З гады турмы, у 1931 — на 5 гадоў лагераў. У 1933 вызвалены. 27.11.1937 арыштаваны і расстраляны разам з двума сынамі і братам. Рэабілітаваны ў 1958.

А.​Я.​Розумаў.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ АДДЗЯЛЕ́ННЕ МАСКО́ЎСКАГА АРХЕАЛАГІ́ЧНАГА ІНСТЫТУ́ТА,

навучальная ўстанова ў Віцебску ў 1911—22. Адкрыта па ініцыятыве Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Ф-ты: археал., археаграфічны, гісторыі мастацтва (з 1917). Тэрмін навучання 3 гады, з 1917 — 4 гады, разлічаны на слухачоў з вышэйшай адукацыяй, але сярод іх пераважалі выпускнікі сярэдніх школ. У 1911 на 1-ы курс прынята каля 90 чал., у 1918/19 навуч. г. вучылася 428 чал. Выкладалі археолаг В.​А.​Гарадцоў, мастацтвазнавец А.​І.​Успенскі, гісторыкі Б.Р.Брэжга (з 1918 заг. аддзялення), А.​П.​Сапуноў (курс «Старажытнасці Паўночна-Заходняга краю»), У.М.Перцаў, этнограф У.М.Дабравольскі, філолагі Р.Ф.Брант, М.​І.​Навасадскі, С.​І.​Сабалеўскі і інш. На пач. 1919 аддзяленню перададзены б-ка, музей і гіст. архіў б. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, частка б-кі б. Віцебскага езуіцкага калегіума. У распараджэнні аддзялення быў Віцебскі губернскі архіў. У 1922 аддзяленне выдавала рукапісны час. «Белорусский этнограф» (выйшлі 2 нумары).

З.​В.​Шыбека.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 4—6.2.1976 у Мінску. Прысутнічала 789 дэлегатаў ад 506 220 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (П.​М.​Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.​М.​Макараў); аб праекце ЦК КПСС да XXV з’езда партыі «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976—1980 гады» (Ц.​Я.​Кісялёў); выбары ЦК КПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд адобрыў дзейнасць ЦК КПБ па выкананні рашэнняў XXIV з’езда КПСС, заданняў 9-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР, праект ЦК КПСС да XXV з’езда партыі «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976—1980 гады» і даручыў ЦК КПБ і СМ БССР на яго аснове распрацаваць 10-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі БССР. Выбраў ЦК КПБ у складзе 139 чл. і 65 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 45 чл.

Літ.:

Матэрыялы XXVIII з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1976.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 27—29.1.1981 у Мінску. Прысутнічала 796 дэлегатаў ад 595 311 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПБ (Ц.​Я.​Кісялёў), Рэвіз. камісіі КПБ (Дз.​В.​Цябут); аб праекце ЦК КПСС да XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» (А.​Н.​Аксёнаў); выбары ЦК КПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд абмеркаваў і адобрыў праект ЦК КПСС да XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» і даручыў СМ БССР і інш. дзярж. органам на яго аснове распрацаваць 11-ы пяцігадовы план эканам. і сац. развіцця БССР. Выбраў ЦК КПБ у складзе 157 чл. і 71 канд. ў чл., Рэвіз. камісію КПБ з 49 чл.

Літ.:

Матэрыялы XXIX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1981.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЙЧУ́К (Васіль Уладзіміравіч) (н. 12.2.1922, г. Жытомір, Украіна),

бел. скульптар. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1949). Творам уласцівы псіхалагізм вобразаў, дэталёвая прапрацоўка форм, імкненне да дакладнай перадачы натуры. Сярод станковых кампазіцый «Вызваленне» (1951), «Улетку» (1954), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958), «Маці партызана» (1961), «Подзвіг» (1963), «Мір, Праца, Свабода, Роўнасць, Братэрства, Шчасце ўсіх народаў» (1968), «Генерал Даватар» (1972), «Перамога», «На апаленай зямлі», «Клятва партызан» (усе 1975), «Дзеці вайны» (1984); партрэты М.​Калініна (1975, 1977), А.​Сахарава (2000), удзельнікаў партыз. руху на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны. Аўтар помнікаў У.​І.​Леніну ў гарадах Старыя Дарогі (1959), Столін (1980, з С.​Селіханавым), Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў г. Дзяржынск (1959, з А.​Заспіцкім) і партызанцы А.​Ф.​Колесавай у г. Крупкі (1967), Калініну ў Мінску (1979, з І.​Глебавым), манументаў воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў гады вайны.

Б.​А.​Крэпак.

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫ́НШЧЫНА,

дзярж. падатак у ВКЛ у 15—16 ст., які ішоў на выплату даніны крымскаму хану. Накладвалася на воласць, горад ці мястэчка, спаганялася з мяшчан і сялян. У гады спагнання ардыншчыны з падаткаплацельшчыкаў, як правіла, не збіраўся дзярж. падатак на патрэбы войска — сярэбшчына. У адрозненне ад грашовай сярэбшчыны ардыншчына пераважна сплачвалася пушнінай.

П.​А.​Лойка.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАШЭ́ВІЧ Іван, арганізатар і кіраўнік аднаго з найбольш буйных на Беларусі Давыд-Гарадоцкага паўстання 1648—50 у час антыфеадальнай вайны 1648—51. Быў войтам Давыд-Гарадка. У час паўстання выбраны палкоўнікам войска, якое складалася з некалькіх тысяч чалавек. Пад яго кіраўніцтвам паўстанцы больш як 2 гады кантралявалі ўсю тэр. Давыд-Гарадоцкай вол.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙДАРА́ЦКАЯ ГУБА́,

заліў у паўд. частцы Карскага м., каля зах. берагоў п-ва Ямал. Даўж. каля 180 км, шыр. каля ўвахода 78 км, глыб. да 20 м. Т-ра вады на паверхні летам 5—6 °C. У асобныя гады запоўнена льдамі і цяжкапраходная для суднаў у летнія месяцы. Зімой замярзае. Упадаюць рэкі Байдарата і Юрыбей.

т. 2, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІМЗАДЭ́ (Азім Аслан аглы) (7.5.1880, с. Наўханы каля Баку — 15.6.1943),

азербайджанскі мастак. Нар. мастак Азербайджана (1927). Заснавальнік азерб. сатыр. графікі. Аўтар серый малюнкаў, карыкатур, станковых акварэляў, якія адлюстроўваюць жыццё, побыт, звычаі азерб. народа («Хаджы ў розных жыццёвых выпадках», 1915, «100 тыпаў дарэвалюцыйнага Баку», 1937). У гады Айч. вайны ствараў паліт. карыкатуры і плакаты.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)