ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),
раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,
працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.Юкава і С.Саката у 1936 і выяўленыамер. фізікам Л.Альварэсам у 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ГАЎТАКА КАМЕ́ТА,
камета, адкрытая чэшскім астраномам Л.Когаўтакам на здымках неба ў 1973. Візуальна назіралася ў канцы 1973 — пач. 1974 (бляск у перыгеліі дасягнуў -3 візуальнай зорнай велічыні). Мела 3 хвасты, у т. л. 1 анамальны, накіраваны да Сонца. У К.к. выяўлены спектральныя лініі вады, зарэгістравана радыёвыпрамяненне малекул метылцыяну, цыяністага вадароду і этылавага спірту. К.к. рухаецца па гіпербалічнай арбіце і пакіне Сонечную сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́ (Lascaux),
палеалітычная пячора каля г. Мантыньяк на Пд Францыі (дэпартамент Дардонь). Адкрыта ў 1940. На сценах Л. выяўлены нанесеныя гравіроўкай, манахромнай і паліхромнай размалёўкай выявы дзікіх коней, першабытных быкоў, аленяў, горных казлоў, бізонаў і інш. Унікальная выява мужчыны з галавой птушкі, які ляжаў перад забітым ім бізонам. Размалёўкі датуюцца каля 15-га тыс. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЭ́МБАЎСКІ ЗРУХузроўняў энергіі,
невялікія адрозненні энергій электрона ў атаме вадароду і вадародападобных атамах для некаторых станаў, у якіх, паводле Дзірака ўраўнення, энергіі павінны супадаць. Эксперыментальна выяўлены ў 1947 У.Ю.Лэмбам і амер. фізікам Р.Рызерфардам і тэарэтычна растлумачаны Г.А.Бетэ. У квантавай электрадынаміцы Л.з. тлумачыцца тым, што ўплыў на электрон яго ўласнага поля залежыць ад стану электрона. Гл. таксама Тонкая структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РТЭШСЁЛЁШ (Vértesszöllös),
стаянка эпохі палеаліту за 50 км на З ад Будапешта (Венгрыя). Адзін з найстаражытнейшых археал. помнікаў Еўропы, датуецца часам міндэльскага зледзянення (350 тыс.г. назад). Адкрыта ў 1962. Выяўлены рэшткі гамінідаў, у т. л. фрагмент чэрапа, які спачатку быў аднесены да гома эрэктус. Некаторыя навукоўцы лічаць яго прымітыўнай формай гома сапіенс, якую назвалі гома палеахунгарыкус. Знойдзены прылады з галькі (чоперы) і з крамянёвых адшчэпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІЧХА́ТРА,
старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́НІКІ,
гарадзішча (5 ст. да нашай эры — 4—5 ст. нашай эры) днепра-дзвінскай культуры каля в. Баронікі Віцебскага р-на. Пляцоўка авальная, памерам 74 × 42 м; умацавана валам. Культурны пласт 0,2—0,9 м. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, жал. нож, сякера скіфскага тыпу, каменныя клінападобныя сякеры, бронзавыя скроневыя кольцы і падвеска, ляпная гладкасценная кераміка. У 6—8 ст. гарадзішча, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТАМІ́РА (Altamira),
пячора ў правінцыі Кантабрыя (Іспанія). У 2-й пал. 19 ст. тут выяўлены наскальныя рознакаляровыя выявы жывёл, стаянка эпохі салютрэ і ранняга мадлену. Даўжыня пячоры каля 280 м (з шэрагам залаў). Памеры намаляваных фігур (бізонаў і інш.) да 2,25 м. Паводле радыевугляроднага аналізу малюнкі зроблены каля 15500 г. назад. Альтаміра — найб. значная па мастацкім багацці «галерэя» першабытнага чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, курганныя могільнікі 8—9 ст. (з трупаспаленнямі) і 11—12 ст.дрыгавічоў (з трупапалажэннямі) каля в. Аздзяцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл.Выяўлены рэшткі 2 заглыбленых у зямлю жытлаў, ляпны посуд, прасліцы, жал. наканечнікі коп’яў і інш. У курганах 8—9 ст. знойдзены бронзавыя ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі; у пахаваннях дрыгавічоў — бронзавыя і шкляныя пацеркі, скроневыя падвескі, жалезны нож і інш.