Засн. ў 1982 у г. Ляймен (каля г. Гайдэльберг, Германія) бел. эмігрантам Ю.Попкам у яго кватэры. У арганізацыі музея дапамагалі мэр горада Г.Эрбар і Б.Кіт. У аснове экспазіцыі — асабістыя калекцыі і зборы Попкі. Дэманструюцца бел. адзенне, старыя пячаткі, манеты, маркі, вырабы майстроў-умельцаў, сувеніры, памятныя рэчы з асяродкаў бел. эміграцыі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, кнігі, перыяд. эміграцыйныя выданні (сярод іх рукапісныя часопісы, якія выдаваліся беларусамі ў лагерах для перамешчаных асоб у Нямеччыне). Пасля смерці Попкі (1992) музей знаходзіцца пад апекай мэрыі Ляймена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИСТО́РИЯ ФА́БРИК И ЗАВО́ДОВ»
(«ИФЗ»),
назва спецыялізаванай серыі кніг па гісторыі рас. і сав. прадпрыемстваў і выдавецтва ў Маскве, якое яе выпускала ў 1931—38. Засн. пісьменнікам М.Горкім. У выданні серыі ўдзельнічалі Саюз пісьменнікаў СССР, Т-ва гісторыкаў-марксістаў, Ін-т гісторыі Камуніст. акадэміі і інш. На месцах дзейнічалі рэсп., абл. і заводскія камісіі «ИФЗ». Усяго за час існавання выд-ва выдадзена больш за 30 кніг серыі: зб-кі дакументаў, успаміны рабочых, нарысы і навук.-маст. манаграфіі. У 1938 выд-ва «ИФЗ» ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЮ́РА (франц. coupure ад couper рэзаць, адразаць),
1) скарачэнне або пропуск асобных частак тэксту пры яго публікацыі. К. называецца таксама апушчаная частка тэксту (у тэксце пазначаецца адпунктоўкай). К. робяць, як правіла, складальнікі ці рэдактары публікацыі з мэтай пазбегнуць паўтораў інш. дакументаў, змешчаных у выданні, або выключэння частак, якія не маюць адносін да тэмы, задач і мэт выдання ці немэтазгодныя з-за канцэптуальных і метадалагічных установак.
2) Абазначэнне вартасці (намінальнай вартасці) папяровых грошай, банкнотаў, каштоўных папер — акцый ці аблігацый, а таксама самі гэтыя грошы, банкноты, каштоўныя паперы або аблігацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш.укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПРАСЛЬСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з пач. 1690-х г. да 1803 пры Супрасльскім Дабравешчанскім манастыры
(цяпер у Польшчы). Створана на аснове Свята-Троіцкай віленскай базыльянскай друкарні. Размяшчалася ў мураваным будынку манастыра. Выпусціла больш за 420 выданняў. Зарэгістравана больш за 100 кірылічных выданняў, у т. л. буквары слав. мовы, «Собрание припадков краткое» (1722) на старабел. мове, першы славяна-польскі друкаваны «Лексікон» (1722),
першы кірылічны помнік нотадрукавання (1697, у зб. «Паследаванне пострыгу»). У 18 ст. выпускала таксама стараверскія выданні. З сярэдзіны 18 ст. пад уплывам ідэі Асветніцтва павялічыўся выхад перакладной навук. і маст. л-ры, арыгінальных твораў мясц. аўтараў. На польскай мове выдадзены «Прыгоды Гулівера» Дж.Свіфта (1784), «Авантуры філосафаў, якія пакахалі модных жанчын» (1789), «Кароткі збор польскай гісторыі і геаграфіі» (1767), «Асновы земляробства», «Нясвіжская ардынацыя», «Трактат пра пчол», «Людвіг XVI, забіты сваім народам», «Дыялог бурмістра з войтам» і інш. У 1780—90-я г. выпусціла некалькі кніг на літ. мове. Друкарня мела манапольнае права выпускаць некат. выданні для уніяцкай царквы, што прыносіла значныя даходы. Была добра абсталявана, выкарыстоўвала разнастайныя шрыфты, маст. ўпрыгожанні, наборны арнамент, фігурныя дрэварыты і гравюры на медзі.
Літ.:
Лабынцев Ю.А. В помощь составителям сводного каталога старопечатных изданий кирилловского и глаголического шрифтов: Метод. указ. Вып. 3. Кирилловские издания Супрасльской типографии. М., 1978;
Яго ж. Графіка беларускіх выданняў Супрасля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 2;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА НАВУКО́ВА-МЕДЫЦЫ́НСКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1940 у Мінску. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 835 тыс.экз. Мае каштоўныя выданні па медыцыне 18—19 ст. Вядзе н.-д. работу ў галіне мед. бібліяграфіі. На базе б-кі створаны цэнтр мед. інфармацыі, які мае сувязь з галіновымі цэнтрамі замежных краін. Арганізацыйна-метадычны цэнтр для 210 мед. б-к Беларусі. Мае 4 філіялы, міжбібліятэчны і завочны абанементы, дэпазітарый галіновай л-ры. Выдае інфарм. бюлетэні, мед. слоўнікі, зводныя каталогі.
Я.Ф.Гарэлава.
Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская Будынак бібліятэкі. Зала замежнай літаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯШКЕ́ВІЧ Мікалай Восіпавіч (1873, г. Ліда — 1903 ?),
дзеяч адной з першых с.-д. арг-цый у Расіі — Бруснева групы. Вучыўся ў Лідскім і Пецярбургскім гар. вучылішчах. З 1889 вёў заняткі ў рабочых гуртках у Пецярбургу, друкаваў на гектографе і распаўсюджваў с.-д.выданні. Пасля арышту М.І.Бруснева (1892) аднавіў дзейнасць разгромленай арг-цыі. Падрыхтаваў рэферат «Аб рабочым пытанні ў Расіі і на Захадзе», склаў праект статута арг-цыі. У 1893 арыштаваны. Пасля вызвалення жыў у Ноўгарадзе, у 1896 заснаваў там падп. друкарню. У 1897 зноў арыштаваны, высланы на 3 гады ў Валагодскую губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НТКЕ (Bandtkie) Ежы Самуэль (24.11.1768, г. Люблін, Польшча — 11.6.1835),
польскі гісторык, бібліёграф, мовазнавец. Д-р філасофіі (1811). Вучыўся ў Гальскім і Іенскім ун-тах (1787—90). Служыў гувернёрам, выкладаў у сярэдніх навуч. установах. З 1811 праф. бібліяграфіі Кракаўскага ун-та, дырэктар Ягелонскай б-кі, дзе ўпарадкаваў б. езуіцкія зборы (каля 15 тыс. тамоў). Аўтар прац па гісторыі Польшчы і ВКЛ, гісторыі права, нумізматыцы, слав. мовазнаўстве. У працах, прысвечаных гісторыі кнігадрукавання ў Польшчы і ВКЛ, прывёў даныя пра бел.стараж.выданні, асвятляў дзейнасць бел. першадрукароў і кнігавыдаўцоў у Вільні, Заблудаве, Супраслі, Нясвіжы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ КРАЯЗНА́ЎЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БКТ),
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана 27.12.1989 у Мінску. У аснове дзейнасці — прынцыпы, распрацаваныя Цэнтральным бюро краязнаўства (з 1923) пры Інбелкульце, а таксама камісіяй па краязнаўстве (з 1987) Беларускага фонду культуры. Кіраўнічыя органы — рада і сакратарыят. Асн. задачы: спрыяць нац. адраджэнню Беларусі праз творчую, навук. і асв. ініцыятыву па вывучэнні канкрэтных мясцін або рэгіёнаў Беларусі, ствараць у кожным яе раёне грамадскія структуры па развіцці краязнаўчага руху. Краязнаўчыя аб’яднанні БКТ створаны ва ўсіх абл. цэнтрах, арг-цыі існуюць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Некаторыя з іх маюць уласны статут, сімволіку, арганізуюць свае выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЧАСО́ПІС»,
штоквартальны навуковы, навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове. Асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, усеаг. гісторыі. Друкуе навук. і метадычныя матэрыялы ў дапамогу настаўнікам, студэнтам і вучням, тэксты падручнікаў, камп’ютэрныя навуч. праграмы, паведамляе пра навук. канферэнцыі, новыя выданні кніг, падручнікаў, метадычнай л-ры па гісторыі. Садзейнічае працэсу нац. адраджэння, вывучэнню гісторыі Беларусі і прапагандзе гіст. ведаў. Асн. рубрыкі: «З аграрнай гісторыі», «З ваеннай гісторыі», «З гісторыі дыпламатыі», «Усеагульная гісторыя», «Беларусы ў свеце», «Беларусазнаўства», «Імёны вядомыя і невядомыя», «З гісторыі партый і рухаў» і інш.