востраяінфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.
У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫП (франц. grippe ад gripper схопліваць),
вострая вірусная хвароба чалавека і некат. жывёл. У чалавека ўзбуджальнікі грыпу — ортаміксавірусы трох відаў (A, B, C), блізкіх па структуры і біял. якасцях. Вірус A мае сератыпы H1N1, H2N2, H3N2; вірусы B і асабліва C адрозніваюцца ад віруса A меншай зменлівасцю і хваробатворнасцю.
Грып A выклікае эпідэміі (хварэе 10—50% насельніцтва), якія могуць пераходзіць у пандэміі (хварэе каля 70% насельніцтва). Хуткаму яго пашырэнню спрыяюць высокая заражальнасць, кароткі інкубацыйны перыяд (1—2 сутак), антыгенная зменлівасць узбуджальніка, кароткачасовы імунітэт, вільготнае і халоднае надвор’е. Крыніца інфекцыі — хворы на грып. Перадаецца пераважна паветрана-кропельным шляхам (кашаль, чханне). Вірус грыпу размнажаецца ў эпітэліі дыхальных шляхоў, праз 1—2 дні трапляе ў кроў (вірэмія) і пашкоджвае бронхалёгачную, сасудзістую і нерв. сістэмы. Хвароба пачынаецца з кашлю, чхання, болю галавы і мышцаў, санлівасці; т-ра цела павышаецца да 39—40 °C. Выздараўленне праз 5—6 дзён, але доўга застаецца слабасць. Дзеці і старыя хварэюць на грып больш цяжка. Грып памяншае імунітэт арганізма да інш. хвароб. Найб. частыя ўскладненні: запаленні лёгкіх, нырак, атыты, ангіны. Пасля грыпу выпрацоўваецца імунітэт на некалькі гадоў. Лячэнне: процігрыпозныя гама-глабулін, інтэрферон, рэмантадзін, у цяжкіх выпадках шпіталізацыя хворых, пры ўскладненнях — антыбіётыкі, фізіятэрапія. У жывёл на грып хварэюць парасяты, коні, птушкі. Асабліва ўспрымальныя да яго парасяты да 4 тыдняў. Хваробе спрыяюць дрэнныя гігіенічныя ўмовы. У коней грып суправаджаецца гарачкавымі з’явамі, катаральным запаленнем кішэчніка, кан’юнктывітамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМ’Е́ ((Daumier) Анарэ Віктар’ен) (26.2.1808, г. Марсель, Францыя — 11.2.1879),
французскі графік, жывапісец і скульптар. З 1814 жыў у Парыжы, у 1820-я г. браў урокі жывапісу і малюнка, вучыўся мастацтву літаграфіі. Аўтар вострагратэскавых карыкатур на кіруючыя вярхі грамадства, у т. л. на караля Луі Філіпа. Асновай для серыі літаграфічных партрэтаў-шаржаў «Славутасці залатой сярэдзіны» (1832—33) сталі скульпт. эскізы-бюсты паліт. дзеячаў (1830—32, захавалася 36 бюстаў). У літаграфіях 1834 Д. выкрываў бяздарнасць і своекарыслівасць улад («Заканадаўчае чэрава», «Усе мы сумленныя людзі, абдымемся»), ствараў вобразы рабочых («Сучасны Галілей», «Вуліца Транснанен 15 красавіка 1834 года» і інш.). Пасля забароны ў 1835 паліт. карыкатуры Д. звярнуўся да быт. сатыры: серыя «Карыкацюрана» (1836—38), «Лепшыя ў жыцці» (1843—46), «Добрыя буржуа» (1846—49). У перыяд і пасля рэв. 1848—49 стварыў (спачатку ў статуэтцы, потым у шэрагу літаграфій) абагульнены вобраз паліт. прайдзісвета Ратапуаля. У жывапісе Д. па-наватарску пераасэнсоўваліся традыцыі рамантызму, трагічная велічнасць спалучалася з гратэскам, драма з сатырай, вострая характарнасць вобразаў са свабодай пісьма, смелай абагульненасцю формаў, выразнасцю пластыкі і светлавымі эфектамі. У яго карцінах адлюстраваліся пафас рэв. барацьбы («Паўстанне», каля 1848), прыгажосць простага чалавека («Прачка», каля 1859—60); улюбёнымі матывамі жывапісу былі цырк, тэатр, вандроўныя камедыянты: «Меладрама» (каля 1856—60), «Крыспэн і Скапэн» (каля 1860), серыя карцін «Дон Кіхот» (каля 1868) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА»
(«Burza»),
кодавая назва плана і баявой аперацыі польскай Арміі Краёвай (АК) у студз. 1944 — студз. 1945 у 2-ю сусв. вайну. План, распрацаваны гал. камандаваннем АК у ліст. 1943, прадугледжваў мабілізацыю атрадаў АК, ажыццяўленне дыверсій, праследаванне і напад на ням.-фаш. часці пры іх адступленні (сфарміраваны 14 партыз. пяхотных дывізій, 3 батальённыя групоўкі, 2 кав. брыгады, некалькі самаст. палкоў; усяго каля 150 тыс.чал. у Беластоцкай, Палескай, Люблінскай і інш. акругах). Гал. мэта — узяць пад кантроль найб. важныя ваен.-стратэг., прамысл., адм. і культ. цэнтры да ўступлення ў іх сав. войск. Камандзірам АК і прадстаўнікам польск. эмігранцкага ўрада прадпісвалася пераймаць ваен. і цывільную ўладу ў вызваленых раёнах. Аперацыя распачата ў Валынскай акрузе 27-й Валынскай пях. дывізіяй АК. Атрады Віленскай і Навагрудскай акруг АК (каля 5 тыс.чал.) у ліп. 1944 няўдала штурмавалі Вільню (акцыя «Вострая брама») і страцілі больш за 500 чал. 27.8.1944 камандаванне АК вырашыла пашырыць аперацыю «Бура» на Варшаву (гл.Варшаўскае паўстанне 1944). Падраздзяленні АК самастойна вызвалілі гарады Коцк, Хэлм, Мінск-Мазавецкі, Радзымін, разам з сав. войскамі — Ковель, Вільню, Львоў, Люблін, Пулавы, Замосце, Жэшаў, Седльцы. Восенню 1944 на тэрыторыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, атрады АК былі расфарміраваны і рэалізацыя плана «Бура» спынена. У вызваленых раёнах часці АК, якія адмовіліся скласці зброю і ўступіць у 1-ю Польскую армію ў складзе сав. войск, былі раззброены і інтэрніраваны.
Літ.:
Сямашка Я.І. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 110—119, 178—187;
Zabiełło S. Ksztabtowanie siękoncepcji «Burzy» // Wojskowy przegląd historyczny. 1968. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТУЛІ́ЗМ (ад лац. botulus каўбаса),
вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.
Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Лявонавіч; н. 1.5.1930, в. Пярэвалачня Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, драматург.Канд.гіст.н. (1967). Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦККПБ. У 1967—75, 1979—91 адказны сакратар, нам.гал. рэдактара ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1975—76 рэктар Мінскага ін-та культуры. У 1991—98 кіраўнік арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Друкуецца з 1954. Першая камедыя — «Адкуль грэх?» (паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1969). Камедыі «Укралі кодэкс» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1976), «Злыдзень» (паст. 1973), «Ка-тастро-фа» («Куды ноч, туды сон», паст. 1987, абедзве Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі), драмы «Трывога» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1974), «Соль» (паст.Дзярж.рус.драм. т-рам, 1981), «У спадчыну — жыццё» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1985), «Дагарэла свечачка...» (паст. 1997), гіст. п’есы «Напісанае застаецца» (паст. 1979, абедзве т-рам імя Я.Купалы), «Русь Кіеўская» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1983), «Прарок для Айчыны» (тэлеспектакль, 1995) і інш. адлюстроўваюць розныя перыяды з жыцця краіны, надзённыя маральныя праблемы. Значнае месца ў творчасці займае распрацоўка гіст. тэматыкі. П’есам ўласцівы канцэптуальнасць, сцэнічнасць, дынамізм, вострая інтрыга, публіцыстычная страснасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. Аўтар п’ес «Мост упоперак ракі» (1986), «Дзівак чалавек» (1996), «Інтэлігент» (1999), «Прагноз на паслязаўтра», «Воля на крыжы», «Меч Рагвалода» (усе 2000), апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў, сцэнарыяў маст. фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (з У.Халіпам, 5 серый, 1976—78), дакумент. фільмаў «Францыск, сын Скарынін» (1990), «Гетман найвышэйшы» (1992), радыёспектакляў «Злавеснае рэха» (1984), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайм. паэмы Я.Коласа (муз. Ю.Семянякі, паст.Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, 1982) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
П’есы. Мн., 1976;
Соль: П’есы. Мн., 1988;
Воля на крыжы: Гіст. п’есы. Мн., 2000;
Рус.пер. — Избранное. М., 1986.
Літ.:
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;
Смольскі Р. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998;
Баравік Р. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1973;
Святло зямное. Мн., 1981;
Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;
Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.
Літ.:
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;
Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;
Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.
Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял.кн.ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б.ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН ((Hoffmann) Эрнст Тэадор Амадэй) (24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 25.6.1822),
нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.Шумана («Крэйслерыяна»), Р.Вагнера («Лятучы галандзец»), П.І.Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.Адана («Жызэль»), Л.Дэліба («Капелія»), П.Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац.акад.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).
Тв.:
Бел.пер. — Дон Жуан;
Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);
Рус.пер. — Жизнь и творчество;
Письма, высказывания, документы. М., 1987;
Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—3. М., 1991—96.
Літ.:
Ботникова А.Б. Э.Т.А.Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;
польскі пісьменнік, гісторык, публіцыст, грамадскі дзеяч; пачынальнік польскай рэаліст. прозы. Брат К.Крашэўскага. Чл. Польскай АН у Кракаве (1872), Ганаровы чл. Чэшскай АМ (1873). У 1827—29 вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, у 1829—30 — у Віленскім ун-це. У 1830—32 за ўдзел у канспіратыўным гуртку зняволены ў турму. З 1833 жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан (Брэсцкая вобл.), з 1837 на Валыні. Заснавальнік і рэдактар віленскага час.«Атэнэум» (1841—51). З 1859 у Варшаве. З 1863 у эміграцыі, дзе выдаваў публіцыстычны штогоднік «Rachunki» («Рахункі», 1866—70), часопісы. У 1884 асуджаны герм. ўладамі за супрацоўніцтва з франц. разведкай. Напісаў больш за 600 тамоў твораў; 223 раманы і аповесці, навук. працы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, літ.-знаўстве, філасофіі і інш. Наватарская канцэпцыя чалавека-працаўніка ў цыкле аповесцей «Уляна» (1843), «Хата за вёскай» (1855), «Гісторыя калка ў плоце» (1860) і інш.Вострая крытыка шляхты і арыстакратыі ў сац.-быт. раманах «Чарадзейны ліхтар» (1843—44), «Два светы» (1856), «Morituri» (1874) і інш. Падзеі паўстання 1863—64 адлюстраваны ў раманах «Дзіця Старога Горада» (1863), «Мы і яны» (1865), «Дзядуля» (1869) і інш. Для раманаў «Апошняя з слуцкіх князёў» (1841), «Сеймавыя сцэны» (1875), «Кунігас» (1882), «Маці каралёў» (1883), «Кароль у Нясвіжы 1784» (1887) і інш. характэрны зварот да мінуўшчыны Беларусі, дакументальнасць. Сярод лепшых гіст. раманаў — саксонская трылогія «Графіня Козель» (1874), «Бруль» (1875), «З часоў Сямігадовай вайны» (1876), а таксама «Старое паданне» (1876) — першы твор з цыкла 29 раманаў, прысвечаных гісторыі Рэчы Паспалітай. Аўтар зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1838) і «Гімны смутку» (1857), паэт. трылогіі з гісторыі Літвы «Анафеляс» (1840—45), 20 драм. твораў, у т. л. камедый з дзеяннем у Нясвіжы «Кастэлянскі мёд» (1860), «Пане Каханку» (1867). У падарожных нарысах «Пінск і Піншчына» (1837), «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву» (1840), «Карціны з жыцця і падарожжаў» (1841—42), «Друскенікі» (1848), этнагр. нарысе «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» (1860) апісаў бел. мясціны і жыхароў Беларусі. Аўтар гіст. прац «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.» (т. 1—4, 1840—42), «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні...» (1847—50), «Барысаў» (1848), «Польшча ў час трох падзелаў» (т. 1—3, 1873—75) і інш.Прафес. мастак, музыкант. Паўплываў на творчасць Э.Ажэшкі, Б.Пруса, Г.Сянкевіча, Я.Купалы. На бел. мову творы К. перакладалі Я.Купала, П.Бітэль, В.Сёмуха.
Тв.:
Бел.пер. — Хата за вёскай. Мн., 1989;
Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане Каханку) // Крыніца. 1998. № 3;
Рус.пер. — Графиня Козель;
Брюль. Мн.. 1993;
Из времен Семилетней войны. Мн., 1994.
Літ.:
Малюковіч С.Дз. Беларускія старонкі нарысаў Ю.І.Крашэўскага // Веснік БДУ. Сер. 4 1989. № 1;
Danek W. Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa, 1976;
Burkot S. Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa, 1988;
Jarowiecki J. O powieści historycznej Józefa Ignacego Kraszewskiego. Kraków, 1991.