бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.
Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед. пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.
Літ.:
Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЬНЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1284 Паводле бел.-літ. летапісаў, адбылася каля в.Магільна (Уздзенскі р-н Мінскай вобл.) на р. Нёман паміж вял. князем літ. Рынгольдам і кааліцыяй рус. князёў (Святаславам кіеўскім, Львом уладзімірскім, Дзмітрыем друцкім), якія ў саюзе з татарамі хацелі «знову Литву под ярмо першое... привести». На баку Рынгольда акрамя літоўцаў удзельнічала і «свая Русь». Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць Рынгольда. Кааліцыя рус. князёў і татар панесла страты ў 40 тыс.чал., у палон трапіла 1 тыс.чал. Страты войска Рынгольда склалі 700 чал. забітымі і 200 параненымі. Іншыя крыніцы не пацвярджаюць існаванне князёў, якія ўдзельнічалі ў бітве. У паданні пра паўлегендарную М.б. адлюстраваліся рэальныя напады татар і паўд.-рус. князёў у 13 ст. на ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯНО́ПАЛЬСКАЯ БІ́ТВА 378.
Адбылася 9 жн. ў раёне Адрыянопаля (сучасны Эдырне, Турцыя) паміж войскамі рымскага імператара Валента і вестготамі на чале з Фрытхігернам, да якіх далучыліся рабы і калоны. У баі загінула амаль уся рым. армія і імператар. Пасля паражэння ў армію пачалі вербавацца атрады федэратаў, што значна аслабіла Рым. імперыю і наблізіла яе распад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДЗІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1812,
генеральная бітва ў час вайны 1812 паміж рас. і франц. войскамі 7 вер. каля с. Барадзіно за 124 км на З ад Масквы.
Рас. арміі — 1-я Зах. на чале з ген. М.Б.Барклаем дэ Толі і 2-я Зах. пад камандаваннем ген. П.І.Баграціёна — пасля адыходу ад Смаленска 3 вер. спыніліся каля с. Барадзіно, дзе галоўнакаманд. ген. М.І.Кутузаў вырашыў прыняць бой, каб не дапусціць праціўніка да Масквы. Пазіцыі рас. часцей (правы фланг прыкрываўся р. Калоча, цэнтр — Баграціёнавымі флешамі і размешчанай на выш. Курганная батарэяй М.М.Раеўскага, левы фланг даходзіў да в. Уціца) перакрылі Новую Смаленскую дарогу, па якой рухаліся франц. войскі на чале з галоўнакаманд. імператарам Напалеонам I. Шэсць рас. дывізій на правым флангу і 4 дывізіі ў цэнтры падпарадкоўваліся Барклаю дэ Толі, 5 егерскіх палкоў на левым флангу — Баграціёну. 5 вер.франц. войскі (каля 40 тыс.чал., 186 гармат) пасля працяглага і цяжкага бою авалодалі перадавой рас. пазіцыяй — Шавардзінскім рэдутам, які абаранялі часці ген.-лейт. А.П.Гарчакова (12 тыс.чал., 46 гармат).
У Барадзінскай бітве рас. войскі налічвалі 154,8 тыс.чал. (у т. л. 11 тыс. казакоў і 28,5 тыс. апалчэнцаў) і 640 гармат, франц. — 133,8 тыс.чал., 587 гармат. Бітва праходзіла як лабавая атака франц. сіламі рас. цэнтра — батарэі Раеўскага і Баграціёнавых флешаў, якія 6 разоў пераходзілі з рук у рукі паміж 9 і 12 гадз. Да 12 гадз Напалеон збіў рускіх з усіх пунктаў і рыхтаваўся нанесці сваімі рэзервамі (19 тыс. гвардзейцаў) вырашальны ўдар, аднак у выніку раптоўнага рэйду конніцы ген. Ф.П.Уварава і казакоў ген. М.І.Платава ў франц. тыл ледзь не трапіў у палон і загадаў адкласці атаку на наступны дзень. Артыл. кананада працягвалася да 17 гадз. У 18 гадзрас. войскі адышлі на лінію с. Горкі — Старая Смаленская дарога. З надыходам цемры Напалеон адвёў франц. часці за р. Калоча. Страты французаў склалі 50—58 тыс.чал. (у т. л. 49 генералаў), расіян — 45,6 тыс.чал., з якіх 29 генералаў. Недахоп сіл змусіў Кутузава 8 вер. адступіць з войскамі ў бок Масквы. Напалеону не ўдалося разграміць рас. армію ў генеральнай бітве. На рас. баку ў ёй удзельнічалі ўраджэнцы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай губ., вызначыліся Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі. На месцы бітвы дзейнічае Барадзінскі ваенна-гіст. музей (засн. ў 1903, пл. 110 км²).
Літ.:
Богданов Л.П. На поле Бородинском. 2 изд. М., 1987;
Вахрушев А.М. Зори Бородина: Ист. повествование. М., 1992.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Барадзінская бітва. Літаграфія з карціны А.Сафонава «Барадзінская бітва 26 жніўня 1812». 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРА́ЙРСКАЯ БІ́ТВА 451,
адбылася паміж паўстаўшымі армянамі на чале з палкаводцам Варданам Маміканянам і арміяй Сасанідскага Ірана (спрабаваў навязаць сваю рэлігію) 26 мая на Аварайрскім полі (Цэнтр. Арменія). Абодва бакі панеслі вял. страты, у бітве загінуў Маміканян. Перамога іранцаў, армія якіх была ўтрая большая, не была канчатковая — барацьба працягвалася, пакуль Іран не прызнаў права армян на хрысціянскае веравызнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,
бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛМіндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,
бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл.Аляксандр Неўскі).
Літ.:
Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;
Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.