КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с. Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),

бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ (Уладзімір Паўлавіч) (н. 12.1.1956, Мінск),

бел. жывапісец. Сын П.В.Масленікава. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Творы вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірычным настроем, стрыманай жывапіснай палітрай, пошукамі выразных танальных вырашэнняў. Сярод пейзажаў: «Захад» (1989), «Зямля дзядоў», «Навальніца» (абодва 1993), «Цішыня», «Ліпень», «Восень у Драздах», «Верасень» (усе 1994), «Прыпяць» (1995), «Магілёў. Падніколле», «Дняпроўскія далячыні» (абодва 1996), «Княжыцы», «Бярэзіна» (абодва 1997), «На радзіме бацькі» (1999). Аўтар партрэтаў рэжысёра В.​Маслюка (1987), «Мае бацькі. Май 1945» (1995), В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1998), некалькіх партрэтаў бацькі.

Літ.:

Фатыхава Г. Жывыя традыцыі — творчасць няспынная // Мастацтва. 1996. № 10.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Масленікаў. Партрэт бацькі. 1995.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НЯ,

рака ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. і Вілейскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 44,9 км. Вадазбор (пл. 503 км²) раўнінны, месцамі дробнаўзгорысты. Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Крыпулі, вусце ў межах в. Бераспонне (абедзве ў Докшыцкім р-не). Цячэ ў скразной даліне на Пн Мінскага ўзвышша. Даліна ў вярхоўі трапецападобная, шыр. 1,5—2,5 км, на астатнім працягу невыразная, пры ўпадзенні ў Бярэзіну зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма асушаная, парэзаная густой сеткай меліярац. каналаў. Рэчышча каналізаванае, шыр. ад 6 м да 30 м. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДНЯ,

рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).

Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВА́,

рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. і Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 498 км². Пачынаецца з воз. Заазерскае ў Бялыніцкім р-не. Асн. прыток — р. Клявіца (справа). Цячэ па паўд.-ўсх. схілах Бярэзінскай грады і па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у нізоўях невыразная. Схілы сярэдне стромкія, слабапарэзаныя, выш. да 8 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 17 км. Шыр. ракі ў межань 6—8 м. Берагі вельмі стромкія і абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІСА́,

рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 64 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца на ўсх. схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на ПдУ ад в. Слабада Смалявіцкага р-на, вусце на паўд. ускраіне в. Юшкевічы Барысаўскага р-на. Даліна ў ніжнім цячэнні звілістая, на астатнім працягу прамая, трапецападобная, шыр. 0,8—2 км. Пойма ад в. Трубянок Смалявіцкага р-на да вусця двухбаковая, шыр. 0,2—0,4 км. Рэчышча ад вытоку да в. Яловіца Смалявіцкага р-на каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе. Прымае сцёк з шэрагу меліярацыйных каналаў. На рацэ Смалявіцкае і Жодзінскае вадасховішчы.

т. 12, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСУМА́ТРАВА (Святлана Міхайлаўна) (н. 22.11.1946, г. Мазыр),

бел. паэтэса. Вучылася ў БДУ (1965—66), Літ. ін-це імя Горкага ў Маскве (1966—69), скончыла Маскоўскі літ. ін-т (1986). З 1972 у Бабруйску. Настаўнічала, працавала ў саўгасе, на радыё, у прэсе. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991). Паэма «Незабудкі памяці» пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей навеяна лёсам дзеда. Любоў да роднай зямлі і яе людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам, шчырасць і непасрэднасць пачуццяў — гал. ў лірыцы паэтэсы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ ў вайну 1812,

дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр. Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс. чал. уваходзіла ў т. зв. ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р. Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗА́РАНКА (Мікалай Пятровіч) (н. 9.5.1927, г.п. Сямёнаўка Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). У 1963—76 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1978—88 у БПІ. Працуе ў розных жанрах жывапісу ў рэаліст. манеры. Сярод твораў: «На вызваленай зямлі» (1967); гіст. карціны «Партызаны» (1968), «Вайной апаленыя» (1975), «3 ліпеня» (1981), «Памяць» (1982), «Вясна 45 года» (1985), «Рабіна чырвоная» (1987); пейзажы «Зямля» (1969), «Цішыня» (1976), «Магілёўшчына» (1977), «Лагойшчына» (1979), «Бярэзіна», «Родная зямля» (абодва 1980), «Мірны вечар» (1984), «На дачы», «Бэз», «Сядзіба Верашчакі», «Мінск. Дом Ванюшкі» (усе 1990-я г.); партрэты «Аўтапартрэт» (1966), «М.​Багдановіч» (1976), «Наташа» (1989), «Жаночы партрэт» (1996) і інш.

Г.​Л.​Фатыхава.

М.Назаранка Аўтапартрэт. 1966.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБР,

рака ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 124 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., каля в. Рафалова Талачынскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).

Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шыр. 300—500 м. Рэчышча звілістае, утварае меандры, шыр. ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярац. каналы. На рацэ гар. пасёлкі Крупкі і Бобр.

Рака Бобр.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)