МУ́ХА-МІХА́ЛЬСКІ,
крыптанім, якім карысталіся многія кіраўнікі партыз. руху ў Зах. Беларусі. Узяты ад прозвішча байца, які ў 1922 перайшоў з польскай арміі на бок партызан у атрад К.П.Арлоўскага (Аршынава). Ад імя М.-М. выступалі і дзейнічалі Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, А.М.Рабцэвіч, В.З.Корж і інш.
Літ.:
Ваупшасов С.А. На разгневанной земле. 2 изд. Мн., 1965;
Сорокин А.А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920—1939 гг.). Мн., 1970.
т. 11, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЦЯРУ́ХА»,
бел. нар. танец, блізкі да «трасухі». Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца 4 парамі. Дзяўчаты, патрэсваючы корпусам і размахваючы рукамі, на пятках вырабляюць розныя па, а потым нібы плывуць насустрач сваім партнёрам, якія танцуюць на насках дробнымі крокамі і тупаюць нагамі. Потым усе разам, пераплёўшы рукі, утвараюць кругі і рухаюцца то ў адзін, то ў другі бок. Зафіксаваны ў 19 ст. у в. Сіняўка (Клецкі р-н, Мінскай вобл.).
Л.К.Алексютовіч.
т. 12, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎСКІЯ КНЯ́СТВЫ,
дробныя княствы ў вярхоўях р. Ака ў 2-й пал. 13—16 ст.: Навасільскае, Адоеўскае, Варатынскае, Перамышльскае, Мезецкае, Бялёўскае, Валконскае, Карачаеўскае. Утварыліся ў выніку драблення Чарнігаўскага княства. У пач. 14 ст. вярхоўскія князі — саюзнікі вял. кн. літ. Гедзіміна ў барацьбе супраць татар і Маскоўскага княства, у сярэдзіне 14 ст. — васалы Масквы. Пасля перамогі вял. кн. літ. Альгерда над татарамі ў бітве каля Сініх Вод 1362 Вярхоўскія княствы трапілі пад уплыў ВКЛ, але ў канцы 1360-х г. перайшлі на бок Масквы. У пач. 15 ст. большасць Вярхоўскіх княстваў падначаліў вял. кн. літ. Вітаўт; адносную самастойнасць з вял. князямі ВКЛ захавала Навасільска-Адоеўска-Варатынскае княства. Узмацненне цэнтралізатарскай палітыкі ў ВКЛ выклікала незадаволенасць вярхоўскіх князёў, якія пачалі пераходзіць на бок вял. кн. маскоўскага Івана III. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 ВКЛ страціла Вярхоўскія княствы. Некат. з іх захаваліся ў Расіі як удзелы да 2-й пал. 16 ст.
Літ.:
Шеков А.В. Верховские княжества: (Краткий очерк полит. истории, XIII — середина XVI вв.). Тула, 1993;
Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV — первой трети XVI в. М., 1995.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУ́Н (Іван) (? — 17.2.1664),
украінскі дзеяч, вінніцкі і брацлаўскі палкоўнік, наказны гетман (1651). У час антыфеад. вайны 1648—51 паплечнік Б.Хмяльніцкага. Прыхільнік незалежнасці Украіны, выступаў супраць саюзу з Расіяй і з Польшчай. Вызначыўся перамогамі над польскімі войскамі на Брацлаўшчыне (1648), пад Вінніцай (1651), Жванцам (1653), Уманню (1654). У 1659 узначаліў паўстанне супраць укр. гетмана І.Выгоўскага, які перайшоў на бок польскай шляхты. У 1663—64 удзельнічаў у ваен. дзеяннях Польшчы супраць Расіі, абвінавачаны ў здрадзе і расстраляны польскімі ўладамі.
т. 2, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
працэс эвалюцыі ландшафту ў бок павелічэння сухасці клімату (перавышэння патэнцыяльнага выпарэння над колькасцю ападкаў). Можа прыводзіць да апустыньвання, дэградацыі і разбурэння біялагічнага жыцця ландшафту і страты яго прыродна-эканамічнага патэнцыялу, што звычайна назіраецца ў раёнах, прылеглых да пустыняў (напрыклад, пустыня Сахара штогод пашырае свае межы на Поўдзень у сярэднім на 5 км). Фактары, што выклікаюць арыдызацыю, — змены клімату і антрапагенныя ўздзеянні. Умовы мэтанакіраванага змяншэння арыдызацыі — павышэнне культуры землекарыстання ў арыдных раёнах, арашэнне, аднаўленне страчанага расліннага покрыва і інш.
т. 2, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ О́ПТЫМУМ,
1) спрыяльныя ўмовы, у якіх від мае найб. жыццяздольнасць (рост, развіццё, размнажэнне). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны біялагічнага оптымуму. Віды пры біялагічным оптымуме маюць выйгрыш пры міжвідавых адносінах і ў прыстасаванні да абіятычных фактараў.
2) Умовы, у якіх дадзенае згуртаванне мае перавагу перад іншымі.
3) Дынамічна-балансавае спалучэнне экалагічных фактараў, што забяспечвае ва ўмовах іх натуральных цыклічных ваганняў прыродную раўнавагу ў клімаксавай экасістэме або накіроўвае працэс у бок утварэння клімаксу. Гл. таксама Экалагічны песімум.
т. 3, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІ́СКІ»,
бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.
Я.Р.Вількін.
т. 9, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУБО́ТАК (Павел Лявонцьевіч) (каля 1660—29.12.1723),
украінскі дзярж. дзеяч. Чарнігаўскі палкоўнік у 1706—22. У Паўночную вайну 1700—21 П. і 3 інш. палкоўнікі адмовіліся перайсці разам з гетманам І.Мазепам на бок шведаў (1708) і захавалі вернасць Расіі. У 1722—23 наказны (часовы) гетман Левабярэжнай Украіны, дзе быў буйнейшым землеўласнікам. Узначаліў групоўку ўкр. старшыны, якая выступала за аднаўленне гетманства і ліквідацыю Маларасійскай калегіі. За гэта быў выкліканы ў Пецярбург, арыштаваны і пасля допытаў у Тайнай канцылярыі памёр.
т. 12, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-МАЙСУ́РСКІЯ ВО́ЙНЫ,
вяліся англ. Ост-Індскай кампаніяй дзеля захопу інд. княства Майсур. У выніку першай (1767—69) і другой (1780—84) англа-майсурскіх войнаў Майсур захаваў сваю незалежнасць. У трэцяй англа-майсурскай вайне (1790—92) англічанам удалося перацягнуць на свой бок войскі маратхаў і княства Хайдарабад. Паводле Серынгапатамскага міру 1792 майсурцы аддалі саюзнікам амаль палавіну сваёй тэр., заплацілі кантрыбуцыю. У чацвёртай англа-майсурскай вайне (1799) англічане штурмам узялі сталіцу майсурцаў Серынгапатам і ператварылі Майсур у васальнае княства англ. кампаніі.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗА́ЦЕЛЬСТВА,
від цывільных праваадносін, у якіх адзін бок (даўжнік) абавязаны зрабіць на карысць другога боку (крэдытора) пэўныя дзеянні (перадаць маёмасць, выплаціць грошы, выканаць работу і інш.) або ўстрымацца ад іх, а крэдытор мае права патрабаваць ад даўжніка выканання яго абавязку. Крэдыторам і даўжніком могуць быць грамадзяне і юрыд. асобы (прадпрыемствы, установы, акц. т-вы і інш.) любой формы ўласнасці. Абавязацельствы могуць фіксавацца ў пагадненнях аб здзелках, у дагаворах, вынікаць з дзеючых заканадаўчых і адм. актаў і інш. нарматыўных дакументаў або абставін.
т. 1, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)