ПЯЧО́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

У Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Размешчаны ў паўн. ч. Перадуральскага прагіну. Адкрыты ў 1924, прамысл. асваенне з 1934. Пл. каля 90 тыс. км². Балансавыя запасы 8,7 млрд. т, у т. л. разведаныя 8,2 млрд. т. Вугляносныя адклады пермскага ўзросту (магутнасць 1—7 км) уключаюць да 250 рабочых пластоў і прапласткаў (магутнасць 0,5—3,5 м, зрэдку да 30 м). Пераважаюць каменныя вуглі марак Б і Д, сярод каксаўных — маркі Ж. Здабыча падземным спосабам да глыб. 900 м. Адм. і прамысл. цэнтры — гарады Варкута і Інта.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЗНЫ,

горад, сталіца Чэчэнскай Рэспублікі (Ічкерыя), на р. Сунжа. 186 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Нафтаперапр., нафтахім., хім., харч. прам-сць, машынабудаванне (нафтавае абсталяванне і інш.) і металаапрацоўка. Моцна пацярпеў у час ваен. дзеянняў у 1994—96.

Засн. ў 1818 пры буд-ве Сунжэнскай абарончай лініі як рус. крэпасць Грозная. У 1869 крэпасць перайменавана ў горад Грозны. У 1893 праз яго прайшла чыг. Беслан—Пятроўск-Порт (сучасная Махачкала). З пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр Паўн. Каўказа. З 1934 сталіца Чэчэна-Інгушскай аўт. вобл., у 1936—91 аднайменнай АССР (у 1944—57 цэнтр Грозненскай вобл.), з 1.11.1991 сталіца Чэчэнскай рэспублікі (Ічкерыя) у складзе Рас. Федэрацыі.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт. вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст. вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,

гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 1686 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн. ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт. Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДРЫ́Д УРТА́ДА ((Madrid Hurtado) Мігель дэла) (н. 12.12.1934, г. Каліма, Мексіка),

дзяржаўны дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі, Політэхнічны ін-т у Мехіка, Гарвардскі ун-т (ЗША). З 1960 на кіруючых пасадах у вышэйшых фін. установах і дзярж. апараце, у т. л. нам. міністра фінансаў (1972—73 і 1978), міністр па праграміраванні і бюджэце (1979—81). Прэзідэнт Мексікі ў 1982—88. Праводзіў палітыку аздараўлення нац. эканомікі, стрымлівання інфляцыі, барацьбы з беспрацоўем; у знешняй палітыцы выступаў супраць іншаземнага ўмяшання ў справы лац.-амер. краін. Пры ім Мексіка ўваходзіла (з 1983) у «Кантадорскую групу» па мірным урэгуляванні ў Цэнтр. Амерыцы.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНЯЯ ТУНГУ́СКА,

рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс. км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАНО́МНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,

аб’яднанне бел. епархій абнаўленчай царквы (гл. ў арт. Абнаўленцы). Існавала ў 1924—34. Утворана ў маі 1924 на чале са Свяшчэнным сінодам і мітрапалітам магілёўскім і беларускім на 1-м Бел. абласным царк. саборы ў Магілёве. Падзялялася на 5 епархій, налічвала каля 500 парафій (пераважна ва ўсх. рэгіёне; у снеж. 1924 прыходы Дубровенскага р-на абвясцілі ўласную незалежнасць). Выдавала час. «Белорусский православный вестник» (Магілёў, 1924—27). Мітрапаліты Уладзімір (1924—26), Іосіф (І.​П.​Крачатовіч; 1926—34). З пач. 1930-х г., ва ўмовах пераходу сав. дзяржавы да жорсткай антырэліг. палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства, аўт. царква пачала траціць пазіцыі і спыніла існаванне. Парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскага патрыярхату.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,

міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя стала аўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.

т. 3, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МІ-ПЯРМЯ́ЦКАЯ МО́ВА,

адна з пермскіх моў (галіна фіна-угорскіх моў). Блізкароднасная комі-зыранскай мове. Пашырана ў Комі-Пярмяцкай аўт. акрузе, Кіраўскай і Пермскай абл., розных раёнах Сібіры (Расія). Мае 4 гаворкі: паўд. (кудымкарска-інвенскі, ніжнеінвенскі, онькаўскі, нердвінскі дыялекты), паўн. (качэўскі, касінска-камскі, мысаўскі, верх-луп’інскі дыялекты), верхнякамскую і комі-язвінскую. Характэрны дыялекты, якія не маюць гукаў «л», «в», марфалагізацыя і фаналагізацыя націску, знікненне спрадвечных лічэбнікаў.

Літ. мова пачала складвацца з 1918. Пісьменства з 1918 на аснове рус. графікі, з 1920 са значна змененымі графемамі, з пач. 1930-х г. — лац., з канца 1930-х г. — рус. графіка з увядзеннем дадатковых літар «і», «о».

Літ.:

Коми-пермяцкий язык. Кудымкар, 1962.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-КІТА́ЙСКА-МАНГО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915, Кяхцінскае пагадненне 1915. Падпісана ў г. Кяхта (Расія) 7 чэрв. прадстаўнікамі ўрадаў Расіі, Кітая і Манголіі Знешняй, якая ў 1911 абвясціла пра сваю незалежнасць ад Кітая. У асноўным пацвердзіла палажэнні рус.-манг. пагаднення 1912 і рус.-кіт. дэкларацыі 1913 пра аўт. статус Знешняй Манголіі у складзе Кіт. Рэспублікі. Паводле пагаднення, урад Знешняй Манголіі прызнаў вярх. суверэнітэт Кітая; у сваю чаргу кіт. ўрад пагадзіўся з аўтаноміяй Знешняй Манголіі на чале з богда-гэгэнам (галавой манг. ламаісцкай царквы), абавязаўся не ўводзіць туды свае войскі, не засяляць кіт. каланістамі. Восенню 1919, у час грамадз. вайны ў Расіі, кіт. войскі акупіравалі Знешнюю Манголію. 22.11.1919 кіт. ўрад абвясціў пра скасаванне пагаднення.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)