АБЕГЯ́Н (Манук Хачатуравіч) (29.3.1865, с. Астапат каля Нахічэвані — 25.9.1944),
армянскі літаратуразнавец, фалькларыст, лінгвіст. Акад. АН Арменіі (1943). Скончыў Іенскі ун-т (1898) са званнем д-ра філасофіі. Аўтар «Гісторыі старажытнаармянскай літаратуры» (т. 1—2, 1944—46), прац па арм. фальклоры, мове, вершаскладанні і лексікаграфіі. Апублікаваў варыянт эпасу «Давід Сасунскі» (1889), даследаванні па арм. міфалогіі і нар. эпасе.
т. 1, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАДЖАНЯ́Н (Сцяпан Меліксетавіч) (28.12.1863, г. Шуша, Нагорны Карабах — 13.12.1940),
жывапісец-партрэтыст. Нар. мастак Арменіі (1938). Вучыўся ў маст. студыі ў Марселі (1886—90) і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—1900). Выкладаў у Ерэванскім маст. вучылішчы (1922—40). Рэаліст. партрэты Агаджаняна адметныя глыбокім псіхалагізмам, стрыманым каларытам (партрэты бацькі і маці, аўтапартрэт, «Дзядзька Седрак», «Васіл», «Беспрытульнік» і інш.).
т. 1, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРА́Н (Пятрос) (1.6.1852, г. Стамбул, Турцыя — 2.2.1872),
армянскі пісьменнік. Жыў у Турцыі. Аўтар гіст. трагедый «Чорныя землі» (1868), «Арташэс Міратворац» (1869), «Звяржэнне дынастыі Аршакідаў» (1870), «Захоп Ані, сталіцы Арменіі» (1871) і інш., сац. драмы з тагачаснага жыцця «Тэатр, або Адвержаныя» (1871), лірычных вершаў, цесна звязаных з нац.-вызв. барацьбой арм. народа, прасякнутых нац.-патрыят., грамадз. і філас. матывамі.
т. 6, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́, Армяна-грыгарыянская царква,
адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст. царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд. Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.Усходзе.
А.А.Цітавец.
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАМЯ́Н Маўсес, дзеяч армянскага вызв. руху 18 ст. Нарадзіўся ў Карабаху, жыў у Расіі. У 1763 прыняў удзел у спробе І.Эміна арганізаваць паўстанне ў Арменіі супраць ірана-тур. няволі. З 1768 жыў у Індыі. Аўтар «Новай кнігі, названай павучаннем» (1773), у якой заклікаў армян змагацца за вызваленне радзімы. Удзельнічаў у складанні праекта канстытуцыі незалежнай арм. бурж. дзяржавы з рэсп. ладам.
т. 2, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАЯ́Н (Газарос) (16.4.1840, Тбілісі — 3.7.1911),
армянскі педагог, пісьменнік. У 1870—86 выкладчык і інспектар школ у Арменіі і Грузіі. Выступаў за дэмакратызацыю адукацыі, адстойваў ідэі жаночай адукацыі, навучання на роднай мове. Аўтар падручнікаў арм. мовы, прац па выхаванні, методыцы выкладання мовы. Дэмакр. погляды выкладзены ў рамане «Дзве сястры» (1872), мемуарах «Аруцюн і Манвел» (1867) і «Галоўныя падзеі майго жыцця» (1893), казках для дзяцей.
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАВА́ЗД II (? — 31 да н.э.),
цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.
т. 1, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМІ́К (сапр. Акапян Тагуш; 21.3.1879, Нахічэвань — 23.8.1947),
армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Герой Працы (1936). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1906. З 1921 у Армян. драм. т-ры імя Г.Сундукяна. Стварала вобразы, адметныя жыццёвай праўдай, унутр. драматызмам, нар. мудрасцю, разнастайнасцю і яркасцю фарбаў: Шушан («Пэпа» Сундукяна), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага), Хамперы («Хатабала» Сундукяна), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля) і інш.
т. 2, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНГЕЗУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у Армянскім нагор’і, на мяжы Арменіі і Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі. Працягваецца мерыдыянальна ад верх. цячэння рэк Тэртэр і Арпа да р. Аракс. Даўж. каля 130 км. Выш. да 3904 м (г. Капутджух). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. На зах. схілах стэпавыя і паўпустынныя ландшафты, на ўсх. — часткова шыракалістыя лясы і субальпійскія лугі. Радовішчы медных руд.
т. 6, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРУТЧА́Н (Міхаіл) (Мікаэл) Аветавіч (29.7.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 20.6.1961),
армянскі тэатральны мастак і графік. Нар. мастак Арменіі (1958). Вучыўся ў Саратаве (1920—23), у Парыжы (у акадэміі Каларосі, 1924—25). Адзін з заснавальнікаў арм. тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. Аформіў больш як 100 спектакляў, у т. л. «Жаніцьба Фігара» П.А.Бамаршэ (1933), «Атэла» У.Шэкспіра (1940), «Пікавая дама» П.І.Чайкоўскага (1956) і інш.
т. 1, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)