Д’АРБІНЬІ́ (D’Orbigny) Альсід Дэсалін (6.9.1802, г. Куэрон, Францыя — 30.6.1857),

французскі палеантолаг, вучань Ж.Кюўе. У 1826—33 падарожнічаў па Паўд. Амерыцы. З 1853 праф. палеанталогіі Музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Апісаў больш за 100 тыс. выкапнёвых рэшткаў (малюскаў, ігласкурых і інш.). Развіваў катастроф тэорыю і сцвярджаў, што распаўсюджанне тых самых ці блізкіх формаў арганізмаў у розных па ўзросце геал. ярусах немагчыма. Прытрымліваўся ідэй крэацыянізму.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБІСТО́МЫ (Ambystoma),

род аднайменнага сямейства, атр. хвастатых земнаводных. 21 від, у Цэнтр. і Паўн. Амерыцы. Нагадваюць саламандраў.

Даўж. да 28 см. Жывуць у вільготных мясцінах, удзень хаваюцца ў норах грызуноў. Ікру адкладваюць у ваду, мармуровая амбістома (A. opacum) — на сушы. Плоднасць да 500 яец. Лічынкі з галінастымі вонкавымі шчэлепамі развіваюцца ў вадзе. Жывяцца беспазваночнымі. Лічынка тыгравай амбістомы — аксалотль.

Амбістома тыгравая.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАПТЭ́РЫКСАВАЯ ФЛО́РА,

існавала ў познім дэвоне. Змяніла ксілафітавую флору. Вылучана па знаходках у Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі прадстаўнікі археаптэрыксавай флоры выяўлены на ПдУ, у Прыпяцкай упадзіне ў адкладах позняга фамену (азёрска-хаванскія слаі). Складалася з папарацепадобных, дзеразовых і членістасцябловых, у канцы дэвону з’явіліся прымітыўныя голанасенныя (птэрыдаспермы) расліны. Развіваліся сумчатыя грыбы і нематафіты. Складам і разнастайнасцю відаў археаптэрыксавай флоры блізкая да раннекаменнавугальнай.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАВАРЫ́ (Javari),

рака ў Паўд. Амерыцы, правы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу з’яўляецца мяжой паміж Бразіліяй і Перу. Даўж. 1056 км, пл. бас. 91 тыс. км. Вытокі ў Перуанскіх Андах (Мантанья), цячэ па Амазонскай нізіне ў звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводка са снеж. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 4260 м³/с. Суднаходная на 500 км для невял. суднаў.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААТЫ́НГА (партуг. caatinga, на мове індзейцаў тупі caa лес, tinga белы, светлы),

ландшафт паўпустынных нізкарослых (да 8—10 м) ксерафітных трапічных рэдкалессяў на ПнУ Бразільскага пласкагор’я ў Паўд. Амерыцы. Пераважаюць драбналістыя дрэвы і хмызнякі са шматлікімі калючымі і пякучымі формамі. Шмат сукулентаў, пераважна кактусы і агавы, характэрна т. зв. бутэлечнае дрэва. У час доўгатэрміновай засухі (8—9 месяцаў) многія дрэвы скідваюць лісце.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНО́ЛІЯ (Magnolia),

род кветкавых раслін сям. магноліевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Амерыцы. Культывуецца больш за 15 відаў (лістападныя ва ўмераных, вечназялёныя ў трапічных і субтрапічных зонах).

Дрэвы і кусты з простым, часам буйным (да 1 м) лісцем. Лісце мае ў сабе алкалоіды, эфірны алей і гліказіды. Кветкі верхавінкавыя, адзіночныя, двухполыя. Плод — спіральная шматлістоўка. Лек. і дэкар. расліны.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯГА́РСКІ ВАДАСПА́Д (англ. Niagara Falls, верагодна, ад іракезскага вялікі шум),

вадаспад у Паўн. Амерыцы, на р. Ніягара. Падзяляецца Казіным в-вам на левую частку (належыць Канадзе; шыр. 792 м, выш. 51 м), праз якую праходзіць каля 85% усяго расходу вады, і правую (належыць ЗША; шыр. 305 м, выш. 54 м). У абход Н.в. з канадскага боку пабудаваны суднаходны канал Уэленд. Турызм.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРАПЛО́ДНІК (Physocarpus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана 8 відаў. Найб. вядомы П. каліналісты (Ph. opulifolius).

Лістападныя кусты выш. да 4 м з густой кронай. Лісце 3—5-лопасцевае. Кветкі белыя або ружовыя ў шчытках. Плод — складаная лістоўка. Дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Пузыраплоднік каліналісты.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭГАЗА́ЎРЫ (Stegosauria),

падатрад вымерлых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў. 2 сям., каля 10 родаў, 23 віды. Вядомы ад юрскага да ніжнемелавога перыяду. Жылі ў Паўн. Амерыцы, Зах. Еўропе, Афрыцы.

Даўж. да 10 м, выш. да 2,5 м. Тулава масіўнае. Пярэднія канечнасці карацейшыя за заднія. Чэрап нізкі і доўгі. Уздоўж спіны і хваста ў 2 рады буйныя парныя панцырныя пласціны і шыпы. Расліннаедныя.

т. 15, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГА (Bufo marinus),

рапуха атр. бясхвостых. Сустракаецца ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.

Даўж. цела да 25 см. Па баках галавы вял. калявушныя залозы (паратыды). Мае найб. развітыя сярод земнаводных лёгкія. Актыўная ноччу. Самка адкладвае да 35 тыс. ікрынак. Вельмі пражэрлівая: корміцца насякомымі, малюскамі і інш. дробнымі жывёламі. Разводзяць для знішчэння шкоднікаў на плантацыях цукр. трыснягу. Атрутнымі выдзяленнямі скурных залоз ага змазваюць наканечнікі стрэл.

Ага.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)