КЛАН (гэльскае clann нашчадак, патомства),

1) старажытная радавая абшчына ў ірландцаў і шатландцаў; у перыяд разлажэння радавых адносін — група кроўных сваякоў, нашчадкаў аднаго стараж. роду, якія насілі імя магчымага родапачынальніка.

2) Род, група, члены якой звязаны пераважна сваяцкімі адносінамі; замкнёная грамадская група, групоўка, якая звычайна ўзнікае і існуе на аснове эканам., дзелавых сувязей, агульнасці інтарэсаў, якія часта маюць злачынны характар (напр., мафіёзны К.).

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РА адзін з відаў творчага ўяўлення, стварэнне вобразаў жаданай будучыні. Цесна звязана з фантазіяй. Уяўныя новыя вобразы ствараюцца актыўнай дзейнасцю свядомасці на аснове мінулых адчуванняў і ўспрыманняў, жыццёвага вопыту, назапашаных ведаў. У залежнасці ад адносін суб’екта да рэчаіснасці М. можа быць актыўная, накіраваная на паляпшэнне жыцця, і пасіўная — пустая летуценнасць, якая адцягвае чалавека ад рэальнага жыцця, аслабляе волю, вядзе да бяздзейнасці.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГА́ЗЫН ПО́ЛЬСКІ»

(«Magazyn polski», «Часопіс польскі»),

штоквартальны часопіс; орган Саюза палякаў ў Беларусі. Выдаецца з 1992 у Гродне на польск. мове (лісты чытачоў друкуюцца на бел. і рус. мовах). Асвятляе пытанні гіст., культ. развіцця Беларусі, ВКЛ, некаторыя аспекты міжнац. адносін на тэр. сучаснай Беларусі. Змяшчае матэрыялы пра сусветна вядомых дзеячаў навукі, гісторыі Беларусі. Публікуе маст. творы бел. і замежных пісьменнікаў.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА (МГП; International Chamber of Commerce),

няўрадавая міжнар. арг-цыя. Засн. ў 1919. Аб’ядноўвае гандл. палаты каля 100 краін. Месцазнаходжанне — Парыж. Садзейнічае паляпшэнню эканам. адносін паміж краінамі, устанаўленню дзелавых кантактаў і ўзаемаразумення, забяспечвае аднастайнае тлумачэнне асн. правіл міжнар. гандлю. Пры МГП дзейнічаюць Міжнар. арбітражны суд і Бюро сувязі з ААН і яе спецыялізаванымі ўстановамі. Рашэнні МГП носяць рэкамендацыйны характар.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ БЯСПЕ́КА ў праве,

сістэма грамадскіх адносін і юрыд. нормаў, якія рэгулююць гэтыя адносіны з мэтай забеспячэння грамадскага спакою, недатыкальнасці жыцця і здароўя насельніцтва, нармальнай працы і адпачынку грамадзян, нармальнай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый, устаноў і прадпрыемстваў. Грамадская бяспека ахоўваецца дзяржавай, грамадскімі арг-цыямі і самімі грамадзянамі. Асобы, вінаватыя ў парушэннях грамадскай бяспекі, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКІ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 25.12.1938, в. Казылі Елабужскага р-на, Татарстан),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1996). Скончыў Томскі політэхн. ін-т (1964) і працаваў у ім. З 1978 у Наваполацкім політэхн. ін-це. Даследуе праблемы кіравання прадукцыйнасцю працы, фарміравання сістэмы кіравання прадпрыемствам ва ўмовах рыначных адносін. Аўтар прац «Выбар спосабаў механічнага рыхлення мёрзлых грунтоў» (1977), «Кіраванне прадукцыйнасцю працы пры распрацоўцы мёрзлых грунтоў» (1993).

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Павел Дзмітрыевіч) (19.1.1788, Масква — 26.11.1872),

дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, удзельнік войнаў 1812 і руска-тур. 1828—29. З 1835 нач. V Аддзялення імператарскай канцылярыі («штаба па сялянскай частцы»), з 1837 — 1-ы міністр дзярж. маёмасцей. Прыхільнік абмежавання і лібералізацыі феад.-прыгонніцкіх адносін. У 1830—50 правёў рэформу дзярж. вёскі, ініцыіраваў інвентарную рэформу 1840—50. У 1856 адхілены ад спраў і адпраўлены паслом у Францыю.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІЕНТЭ́ЛА (лац. clientela),

форма сац.-эканам. залежнасці ў Стараж. Рыме ў 6—3 ст. да н.э. Кліентамі радавой знаці былі бяднейшыя сваякі, палонныя, якія дапамагалі патрону апрацоўваць зямлю, падтрымлівалі яго на выбарах, удзельнічалі ў ваен. паходах. З зараджэннем у Рыме класавых адносін кліентамі называлі найбяднейшых плебеяў. Пасля ўтварэння Рымска-Італійскай федэрацыі сістэма К. пашырылася і на плямёны італікаў. Паступова страціла эканам. значэнне, яе змяніла сістэма каланату.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НАР (англ. manor ад лац. maneo астаюся, пражываю),

назва феад. вотчыны ў сярэдневяковай Англіі. Сфарміраваўся ў 11—12 ст. Складаўся з дамена — зямлі, на якой уласную гаспадарку землеўладальніка-лорда вялі юрыд. падсудныя яму прыгонныя сяляне-віланы, зямлі трымальнікаў — віланаў і вольных сялян, а таксама абшчынных угоддзяў. З развіццём капіталіст. адносін і знікненнем катэгорыі віланаў (15—16 ст). М. паступова перараджаўся і ў 18 ст. канчаткова знік.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫ́Я ВАСІ́ЛЬКАЎНА (12 ст.),

князёўна, дачка полацкага кн. Васількі Святаславіча, пляменніца Ефрасінні Полацкай, праўнучка Усяслава Брачыславіча. У 1143 аддадзена замуж за Святаслава Усеваладавіча, князя чарнігаўскага, ноўгарад-северскага, вял. кн. кіеўскага (з 1177). Аказвала на мужа вял. ўплыў як пастаянная дарадчыца ў справах палітыкі. Паводле летапісу, паход 1180 Святаслаў «сдумав с княгинею своею». Выступала за стабільнасць адносін паміж Кіевам і Полацкам. Аўдавела ў 1194.

І.​А.​Масляніцына.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)