Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Нясвіжскага і Клецкага р-наў Мінскай вобл. Аснову летняга жаночага касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыкання, якія кампанаваліся ў гарыз. шлякі, размешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнаменце амаль адсутнічаў рамбічны і раслінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4—5 полак шарсцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначаецца суладдзем сакавітых рознакаляровых (у вясёлкавай гаме) гарыз. шлякоў, якія чаргаваліся з цёмна-сінім, цёмна-зялёным, бурачковым ці чорным колерамі фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геам. ўзорамі ў чырвона-зялёным каларыце, завязваўся спераду. Гарсэты цёмна-сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай-клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на спіне. Галаўныя ўборы — падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай рознакаляровай паперай, сабранай ў веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасемкі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — сярмяга са складкамі на спіне, кароткая копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Ляхавіцкі строй. Касцюм маладой і дружкі. Вёска Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯЧЭ́ННЕ,
рытуальнае дзеянне служыцеляў культу над рознымі прадметамі для надання ім містычных уласцівасцяў, пасля чаго становіцца магчымым выкарыстанне іх у рэліг. мэтах духавенствам і недухоўнымі асобамі.
Асвячэнню падлягае кожны новы ці адрамантаваны храм, царк.адзенне, культавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні; асвячаюцца «святыя дары» (для прычашчэння), вада. Могуць асвячацца таксама новапабудаванае жыллё, грамадскія будынкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ.
Створана ў 1960 на базе Гомельскай прамысл. Арцелі «XVIII партз’езд» (з 1939). Асн. прадукцыя: строчана-вышытае дзіцячае адзенне, пасцельная і сталовая бялізна, вырабы вязаныя і ручнога ткацтва (ткуць у в. Неглюбка Веткаўскага р-на і ў Чачэрску), вырабы з лазы і саломкі. Шырокую вядомасць маюць неглюбскія ручнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ ЗАСЦЯРО́ГІ,
комплекс сродкаў для засцярогі ад пападання ў арганізм, на скуру і адзенне (абмундзіраванне) атрутных і радыеактыўных рэчываў, біял. (бактэрыяльных) сродкаў, а таксама для памяншэння ступені паражэння светлавым выпрамяненнем ядз. выбуху. Да іх адносяцца процівагазы, ахоўныя накідкі, панчохі, пальчаткі, прамочанае спец. саставамі абмундзіраванне, спец. камплекты ахоўнага адзення. Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ГАРБА́РНЫ КАМБІНА́Т.
Засн. ў 1965 у г. Бабруйск, у 1971 пушчана 2-я чарга. Цэхі: гарбарна-сыравінны, адмочвальна-попельны, аддзелачны, па выпуску тавараў нар. ўжытку, парасілавы, клею мяздровага. Асн. прадукцыя (1995): хромавыя скуртавары з мяздровага спілку для верху абутку, адзення і мэблі, паўфабрыкат «вет-блу», скура «Краст». Выпускае таксама спілак для каўбаснай абалонкі, клей мяздровы, паўфабрыкат для вырабу жэлаціну, адзенне і галантарэю са скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМАНО́,
японскае нац. мужчынскае і жаночае адзенне; прама кроены халат, які захінаецца на правы бок і ўтрымліваецца поясам. Шырокія рукавы ўнізе мехападобна звісаюць. Узнік больш за тысячу гадоў назад. Дэталі ўпрыгожваюць вышыўкай, пазалотай, кветкавым арнаментам, які наносяць пэндзлем уручную. Жаночыя К. адрозніваюцца больш шырокім поясам (складзены ў бант на спіне) і доўгімі рукавамі, унутр. край якіх і падпахавая пройма застаюцца незашытыя. Бывае хатні, паўсядзённы, святочны і цырыманіяльны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТРЫГ,
пастрыжэнне, хрысціянскі абрад прыняцця манаства. Суправаджаецца падстрыганнем святаром (у манастыры ігуменам) валасоў на галаве паслушніка ў знак пасвячэння яго Хрысту, ператварэння ў раба Божага. Сімвалізуе поўнае падначаленне чалавека царкве, манастырскаму статуту.
Пасля П. пасвячонаму даецца новае імя ў знак канчатковага адрачэння ад свецкага жыцця, ён апранаецца ў манаскае адзенне. У царк. жыцці П. мае мэтай падкрэсліць адрозненне асоб, якія добраахвотна далі зарок служэння Богу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІКІЕ́ВІЧ Кірыла Цімафеевіч, бел. краязнавец, археолаг і этнограф 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў у Магілёўскай і Віцебскай губ. Вывучаў побыт сялян, збіраў фальклор, вёў археал. раскопкі. Быў карэспандэнтам Е.Р.Раманава. Асн. праца «Сенненскі павет Магілёўскай губерні» (Магілёў, 1907), у якой даў геагр., гіст., эканам. і этнагр. характарыстыкі Сенненшчыны, апісаў жыллё, адзенне, сямейнае і грамадскае жыццё сялян, заняткі насельніцтва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́СА (франц. coulisse ад couler слізгаць, бегчы),
1) звяно куліснага механізма, якое верціцца вакол нерухомай восі і стварае з другім рухомым звяном (паўзуном) паступальную пару. Бываюць вярчальныя, хістальныя і прамалінейна рухальныя.
2) Элементы тэатральнай дэкарацыі з тканіны, якія свабодна вісяць або нацягнуты на рамы і размяшчаюцца па баках сцэны паралельна ці пад вуглом да рампы. Разам з падугамі ўтвараюць т.зв.адзенне сцэны. Упершыню выкарыстаны ў 1619 у тэатры т. Парма (Італія).