КАМУ́НА (франц. commune ад лац. communis агульны),
1) у сярэдневяковай Зах. Еўропе гарадская або сельская абшчына, якая дамаглася правоў самакіравання.
2) У шэрагу сучасных дзяржаў (Францыя, Італія, Бельгія, Сенегал і інш.) назва ніжэйшай адм.-тэр. адзінкі ў гарадах і сельскай мясцовасці. Узначальваецца пераважна выбарным муніцыпальным саветам, яго рашэнні выконвае мэр, якога выбірае савет ці прызначае ўрад. Мэр (адначасова з’яўляецца ўрадавым чыноўнікам і выконвае распараджэнні ўрада) і муніцыпальны савет вырашаюць асн. пытанні мясц. жыцця, але працуюць пад урадавым кантролем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕХІСТУ́Н (Behistun),
Бізітун, скала ў Іране паміж гарадамі Керманшах (цяпер Бахтаран) і Хамадан з клінапіснымі надпісамі і барэльефам, у якіх адлюстравана гісторыя перамог цара персаў Дарыя I і стварэння дзяржавы Ахеменідаў. Надпісы зроблены ў 516 да н.э. па загадзе Дарыя. Яны выкананы на З мовах (стараж.-персідскай, эламскай і вавілонскай), на барэльефе — выявы Дарыя, яго заступніка бога Ахурамазды і палонных ворагаў. Надпісы далі ключ для расшыфроўкі эламскага і вавілонскага клінапісаў.
А.В.Іоў.
Агульны выгляд скалы Бехістун і прамалёўка рэльефу на ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯ́ЗАК,
маральнае патрабаванне; неабходнасць выканання чалавекам пэўных дзеянняў, якія вызначаюцца грамадствам і ў аднолькавай ступені адносяцца да ўсіх яго членаў. Па значэнні блізкі да паняцця доўг, у якім агульны, універсальны характар грамадска значных патрабаванняў ператвараецца ў асабістую задачу канкрэтнага індывіда, абумоўленую акалічнасцямі яго жыцця. Да асн. грамадзянскіх абавязкаў, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адносяцца: выкананне законаў рэспублікі, павага да яе нац. традыцый, годнасці, правоў, законных інтарэсаў інш. асоб; зберажэнне прыроды, культ. спадчыны, абарона Радзімы, клопат пра дзяцей, бацькоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫДЭПРЭСА́НТЫ (ад анты... + лац. depressio прыгнечанасць),
лекавыя псіхатропныя сродкі для папярэджання або нейтралізацыі псіхічных і фіз. расстройстваў, якія суправаджаюць стан дэпрэсіі. Паляпшаюць настрой, здымаюць трывогу і напружанасць, павышаюць псіхічную актыўнасць, нармалізуюць агульны тонус, сон, страваванне, рухомасць арганізма. Многія з іх несумяшчальныя з асобнымі відамі ежы, асабліва з ужываннем у час лячэння спіртных напіткаў (магчыма развіццё калапсу). Асобныя антыдэпрэсанты на пач. этапе выкарыстання запавольваюць скорасць рэакцыі і ўспрымання сітуацый, таму пры назначэнні выключаюць магчымасць кіравання трансп. сродкамі або выканання складаных тэхн. аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНКУ́ВЕР (Vancouver),
горад на ПдЗ Канады, у правінцыі Брытанская Калумбія. Размешчаны на беразе зал. Барард Ціхага ак., каля граніцы з ЗША. Засн. ў 1886. Названы ў гонар англ. мараплаўца Дж.Ванкувера. 1602,5 тыс.ж. (1991). Порт на Ціхім ак. (вываз пшаніцы, лесаматэрыялаў, каляровых металаў, нафтапрадуктаў). Канцавая станцыя 2 трансканадскіх чыгунак. Буйны прамысл. і гандл.-фін.цэнтр.Лесаапр., харчасмакавая (вінакурэнне, піваварэнне), суднабуд. прам-сць, вытв-сць абсталявання для лясной і горназдабыўной прам-сці. Нафтаперапрацоўка, металаапрацоўка. Рыбалоўства. 2 ун-ты. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. cooperatio супрацоўніцтва),
добраахвотнае аб’яднанне людзей для сумеснай працы або гаспадарча-спажывецкай дзейнасці; арганізац.-прававая форма калект. прадпрымальніцтва. Такія аб’яднанні на аснове асабістага прац. ўдзелу, калект. уласнасці або арэнднай маёмасці, самафінансавання і самакіравання, матэрыяльнай зацікаўленасці наз.кааператывамі. Яны ствараюцца і дзейнічаюць у сельскай гаспадарцы, прам-сці і буд-ве, у гандлі і інш. галінах вытв-сці і сац.-культ. жыцця. Вышэйшы орган іх кіравання — агульны сход, які прымае статут, выбірае старшыню (або праўленне), зацвярджае стварэнне і размяркоўвае даход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІНГВУД ((Collingwood) Робін Джордж) (22.2.1889, Коністан, Вялікабрытанія — 9.1.1943),
англійскі гісторык, археолаг, філосаф. Праф. філасофіі Оксфардскага ун-та (1935—41). Даследаваў стараж. гісторыю Вялікабрытаніі («Рымская Брытанія», 1923; «Археалогія рымскай Брытаніі», 1930). Філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам Б.Крочэ. К. імкнуўся выявіць сувязь паміж гісторыяй і філасофіяй, лічыў, што абедзве навукі маюць агульны прадмет — чалавечае мысленне ў працэсе гіст. развіцця. Аўтар філас. прац «Нарыс філасофскага метаду» (1933), «Асновы мастацтва» (1938), «Нарыс метафізікі» (1940), «Новы Левіяфан» (1942) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЎГ ((Pogue) Уільям) (н. 23.1.1930, г. Окіма, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (у адстаўцы). Бакалаўр пед.н. (1951), магістр матэматыкі (1960). З 1951 у ВПС. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Дж. Карам і Э.Гібсанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 13 гадз 31 мін). Правёў у космасе 84 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНК МІЖНАРО́ДНЫХ РАЗЛІ́КАЎ (Bank for International Settlements; БМР),
міжнароднае акцыянернае таварыства. Створана ў 1930. Члены — цэнтр. банкі 30 еўрап. краін, а таксама Аўстраліі, ЗША, Канады, ЮАР, Японіі. Вышэйшы орган — агульны сход кіраўнікоў банкаў. Месца знаходжання — Базель (Швейцарыя). Мэта: спрыяць супрацоўніцтву паміж цэнтр. банкамі і забяспечваць дадатковыя спрыяльныя ўмовы для міжнар. разлікаў. Праводзіць крэдытныя, валютныя і арбітражныя аперацыі з цэнтр. банкамі і міжнар.эканам. Арг-цыямі, з 1986 і міжнар. клірынгавыя разлікі ў ЭКЮ. З’яўляецца дапаможным еўрап. органам Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАГРА́ДСКІ (Міхаіл Васілевіч) (24.9.1801, в Пашэнаўка Казельшчынскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 1.1.1862),
рускі матэматык і механік, адзін з заснавальнікаў Пецярбургскай матэм. школы. Акад. Пецярбургскай АН (1830). Вучыўся ў Харкаўскім ун-це (1817—20), у Парыжы (1822—27). З 1828 праф.ВНУ Пецярбурга. Навук. працы па матэм. аналізе, матэм. фізіцы і тэарэт. механіцы. Сфармуляваў агульны варыяцыйны прынцып для некансерватыўных сістэм, адкрыў найменшага дзеяння прынцып (незалежна ад У.Гамільтана), даказаў тэарэму аб пераўтварэнні інтэгралаў (гл.Астраградскага формула).