ГІНЕКАЛО́ГІЯ (ад гінека... + ...логія, галіна медыцыны, якая вывучае анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, захворванні жаночай палавой сістэмы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з акушэрствам.
Гінекалогія вядома са старажытнасці. Як самаст. навука склалася ў 19 ст., калі на мед. ф-тах ВНУЗах. Еўропы пачалі выкладаць акушэрства і гінекалогіі. У Расіі першая кафедра гінекалогіі створана ў 1835 (кафедра спавівальнага майстэрства, жаночых хвароб і хвароб нованароджаных) у Імператарскім С.-Пецярбургскім клінічным ін-це павітух, у 1842 — гінекалагічнае аддз. пры акушэрскай клініцы Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі. Навук. акушэрства і гінекалогію развівалі Н.М.Амбодзік-Максімовіч, А.Я.Красоўскі, Г.М.Савельева, В.А.Бадзяжына, У.І.Кулакоў і інш.
На Беларусі першая кафедра акушэрства і гінекалогіі створана на мед. ф-це БДУ у 1923. Развіццю даследаванняў садзейнічалі працы Г.І.Герасімовіча, І.У.Дуды, В.Р.Лінкевіч, М.Ф.Лызікава, К.І.Малевіча, Л.С.Персіянінава, В.С.Ракуця, І.М.Старавойтава, Л.Я.Супрун і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел.НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі: перадпухлінныя, пухлінныя і запаленчыя захворванні маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла, бясплоднасць, паталогія клімактэрычнага перыяду, праблемы планавання сям’і; гінекалагічныя захворванні дзяцей і падлеткаў, метады іх прафілактыкі і лячэння. Распрацавана методыка дыягностыкі і лячэння з дапамогай эндаскапіі, даследаваны пытанні кантрацэпцыі падлеткаў і моладзі, некат. пытанні фізіялогіі і паталогіі палавога развіцця жаночага арганізма, ранняй дыягностыкі і прафілактыкі гінекалагічных захворванняў (масавыя прафілакт.агляды жанчын і ўдасканаленне гінекалагічнай дапамогі).
Літ.:
Бодяжина В.И., Сметник В.П., Тумилович Л.Г. Неоперативная гинекология. М., 1990;
Кулаков В.И., Селезнева Н.Д., Краснопольский В.И. Оперативная гинекология. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЙ МИР»,
штомесячны часопіс мастацкай літаратуры і грамадскай думкі. Выдаецца з 1925 у Маскве на рус. мове. Мае раздзелы: «Філасофія. Гісторыя. Палітыка», «Свет навукі», «Далёкае блізкае», «Палеміка», «Літаратурная крытыка», «Часы і норавы», «Рэцэнзіі. Агляды» і інш. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, архіўныя публікацыі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва і інш. У часопісе надрукаваны творы Ф.Абрамава, В.Авечкіна, Ч.Айтматава, В.Астаф’ева, Г.Ахматавай, І.Бабеля, В.Бялова, Ф.Гладкова, М.Горкага, Д.Граніна, М.Забалоцкага, С.Залыгіна, У.Іванава, М.Ісакоўскага, Ф.Іскандэра, В.Катаева, Л.Лявонава, Б.Мажаева, С.Маршака, Н.Мацвеевай, У.Маякоўскага, А.Межырава, Б.Пастарнака, К.Паустоўскага, М.Прышвіна, А.Салжаніцына, К.Сіманава, Я.Смелякова, А.Талстога, А.Твардоўскага, Г.Траяпольскага, Ю.Трыфанава, К.Федзіна, У.Цендракова, М.Шолахава, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «Н.м.»: П.Броўка, Я.Брыль, В.Быкаў, А.Вялюгін, Я.Колас, А.Куляшоў, Я.Купала, П.Панчанка, І.Пташнікаў, М.Танк і інш. Многія творы, апублікаваныя ў часопісе (раманы «Не хлебам адзіным» У.Дудзінцава, аповесць «Мёртвым не баліць» Быкава, артыкулы «Пра шчырасць у літаратуры» У.Памяранцава, «Легенды і факты» В.Кардзіна, творы Салжаніцына і інш.), выклікалі вострую палеміку. Першыя рэдактары — А.Луначарскі і Ю.Сцяклоў; інш. рэдактары: В.Палонскі (1926—31), Сіманаў (1946—50, 1954—58), Твардоўскі (1950—54, 1958—70), С.Нараўчатаў (1974—81), У.Карпаў (1981—86), Залыгін (1986—98), А.Васілеўскі (з 1998).
Літ.:
Лакшин В.Я. «Новый мир» во времена Хрущева: Дневник и попутное (1953—1964). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,
штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т. л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел. выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст.бібліягр. дапаможнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОТЕ́ЧЕСТВЕННЫЕ ЗАПИ́СКИ»,
1) рускі штомесячны часопіс. Выдаваўся ў 1820—30 у С.-Пецярбургу П.П.Свіньіным. Часопісу папярэднічалі 2 аднайм. зборнікі (штогоднікі), выдадзеныя ім у 1818—19 і прысвечаныя рус. таленавітым самавукам, іх вынаходніцтвам. Публікаваў матэрыялы па пытаннях прам-сці, этнаграфіі, асобныя творы белетрыстыкі.
2) Рускі штомесячны літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1839—84 у С.-Пецярбургу пад рэдакцыяй А.А.Краеўскага, з 1868 М.Някрасава, з 1877 М.Салтыкова-Шчадрына, Р.Елісеева, М.Міхайлоўскага. У 1839—46 аддзел крытыкі і бібліяграфіі ўзначальваў В.Бялінскі, які надаў «О.з.» прагрэсіўны, дэмакр. характар. Часопіс узнімаў найважнейшыя пытанні грамадскага жыцця, прапагандаваў ідэі рэаліст. мастацтва, выступаў супраць рэакц. друку, пазней — тэорыі «чыстага мастацтва». У ім супрацоўнічалі А.Герцэн, М.Агароў, М.Лермантаў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі і інш., у 1847—66 — ураджэнец Віцебска, літ. крытык С.Дудышкін. У 1850—60-я г. крытычныя матэрыялы часопіса знізілі сваю сац. вастрыню. Змясціў літ.-крытычныя артыкулы Бялінскага пра М.Гогаля, Лермантава, А.Пушкіна, яго літ.агляды за 1840—45, рэцэнзіі М.Чарнышэўскага на нарысы П.Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» і «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1854), якія ўтрымлівалі матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі Беларусі, рэцэнзію на зб. «Беларускія народныя песні». Побыт, норавы сялян бел. вёскі, стан нар. асветы на Беларусі апісаны ў нататках-успамінах Ф.А.Калістава (псеўд. К.Лістоў) «З памятнай кніжкі народнага настаўніка. Вясковая бурса» (1881). Забаронены царскім урадам.
Літ.:
История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР САТЫРЫ.
Засн. ў 1924. З 1984 акадэмічны. На пачатку яго рэпертуар складалі агляды, памфлеты, вадэвілі. З пач. 1930-х г. аснова рэпертуару — быт. камедыя. Спектаклі 1930 — пач. 1950-х г. былі водгукам на надзённыя праблемы грамадства: «Чужое дзіця» (1933), «Простая дзяўчына» (1937) і «Страшны суд» (1940) В.Шкваркіна, «Факір на гадзіну» У.Дыхавічнага і М.Слабадскога (1945), «Дзень адпачынку» В.Катаева (1946), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950). Ставілася і класічная драматургія: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1938), «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні (1940), «Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва (1945), «Камедыя памылак» У.Шэкспіра (1950). Этапнымі для т-ра сталі спектаклі «Лазня» (1953) і «Клоп» (1955) У.Маякоўскага. У станаўленні т-ра значную ролю адыгралі рэж. Д.Гутман, М.Гарчакоў, М.Пятроў, П.Васільеў. З 1957 гал.рэж.т-ра В.Плучак. Яго пастаноўкі «Ці быў Іван Іванавіч?» Н.Хікмета (1957), «Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага (1966) і інш. вызначылі публіцыстычную накіраванасць мастацтва т-ра, яркую відовішчнасць спектакляў. Т-р стварыў цыкл спектакляў, якія ўключаюць разнастайныя жанравыя элементы — ад трагедыі да фарсу: «Дон Жуан, або Любоў да геаметрыі» М.Фрыша (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.Гогаля (1972), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1976), «Бег» М.Булгакава (1977), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта і К.Вейля (1980, 1996), «Самазабойца» М.Эрдмана (1982), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1983), «Ваяўніца» М.Ляскова (1988), «Ідэальны муж» О.Уайльда (1991), «Гарачае сэрца» Астроўскага (1992), «Утаймаванне свавольніцы» Шэкспіра (1994). Спектаклі адметныя спалучэннем жыццёвай дакладнасці з яркімі, вострымі тэатр. прыёмамі, музыкальнасцю, падкрэсленай, часта гратэскава завостранай выразнасцю пластыкі. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: В.Аросева, В.Васільева, Т.Васільева, М.Дзяржавін, У.Ляпко, І.Любезнаў, А.Міронаў, С.Мішулін, Г.Мянглет, А.Папанаў, Т.Пельтцэр, Б.Рунге, Л.Сухарэўская, Г.Тусузаў, У.Хенкін, Б.Ценін, А.Шырвінт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ ЛИСТО́К»,
першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выходзіла з 2(14).4.1886 да 31.10(13.11).1902 у Мінску на рус. мове 2—3 разы на тыдзень. Кіраўнікі газеты дапускалі памяркоўную апазіцыю да царызму, некат. з іх прытрымліваліся больш радыкальных народніцкіх поглядаў, за што газета мела адм. спагнанні, а з 27.2.1897 яе выхад прыпынены на 8 месяцаў. Асвятляла мясц. жыццё, падзеі ў краіне і за мяжой, сац.-эканам. становішча сялян і гар. жыхароў, дзейнасць грамадскіх дэмакр. арг-цый. Змяшчала аглядырас. кніг і часопісаў прагрэс. кірунку, прапагандавала дэмакр. і рэалістычныя традыцыі рус. л-ры і маст. культуры, памяркоўна крытыкавала мадэрнісцкія і дэкадэнцкія тэндэнцыі. У пэўнай ступені падтрымлівала развіццё бел. мовы (7.3.1893) і л-ры (рэцэнзія на бел. пераклад апавядання У.Гаршына «Сігнал», 9.4.1891), друкавала творы Я.Лучыны, К.Каганца, мясц. літаратараў Д.Бохана, А.Бярозы, Р.Цягло, А.Шункевіча (Марозіка), бел. народныя песні, казкі, легенды. Упершыню апубл. ананімную паэму «Тарас на Парнасе» (16.5.1889, пад назвай «Тарас»). Змяшчала краязнаўчыя і этнагр. даследаванні А.Багдановіча (19.8, 18.11 і 5.12.1886), А.Слупскага (5.5.1895), М.Доўнар-Запольскага (пра Ф.Скарыну, 27.12.1886), рэцэнзіі на фальклорна-этнагр. зборнікі Е.Раманава (21.4.1887) і П.Шэйна (8.9.1887). Знаёміла з мясц. выстаўкамі выяўл. мастацтва, асвятляла работу Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, тэатр. і муз. жыццё, маст. самадзейнасць горада. З 1888 выдавала неперыядычны навук.-папулярны і літ.-публіцыстычны дадатак «Северо-Западный календарь». Пераўтворана ў газ.«Северо-Западный край».
Літ.:
Федорова Т.Н. Общественно-политическая мысль в Белоруссии и «Минский листок» (1886—1902 гг.). Мн., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972. С. 212—230;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 408—425.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ МУЗЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне музыкі. Уключае індывід. і калект. выкананне вак. і інстр. музыкі, стварэнне аматарамі муз. твораў. Вытокі бел.муз. самадзейнасці ў быт. і абрадавых карагодах і гульнях, у валачобных, калядных і вясельных гуртах, якія рыхтаваліся загадзя. З 1830—40-х г. у гар. асяроддзі Беларусі пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. па першых вадэвілях і муз. камедыях С.Манюшкі, камерныя вечары і інш. У 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый з 1864, музычныя таварыствы з 1880-х г.). Этапам у развіцці С.м.м. былі беларускія вечарынкі (з 1905), што наладжваліся муз.-драм. гурткамі. Найб. развіццё маст. самадзейнасць набыла з 1920-х г. У стварэнні рэпертуару для калектываў муз. самадзейнасці ўдзельнічалі прафес. кампазітары М.Анцаў, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, М.Мацісон. У 1930-я г. для кіраўніцтва маст. самадзейнасцю ствараліся рэспубліканскія (1937) і абласныя (1939) дамы нар. творчасці. Актывізацыі самадз. калектываў, росту майстэрства іх удзельнікаў спрыялі рэсп. алімпіяды і аглядысамадз. мастацтва. У шэрагу яркіх калектываў вылучаліся Азершчынскі, Падлескі, Прысынкаўскі, Тураўскі, Юравіцкі нар. хары.
У Вял.Айч. вайну амаль ва ўсіх партыз. фарміраваннях Беларусі існавалі ансамблі і агітбрыгады (гл.Партызанская мастацкая самадзейнасць, Партызанскія песні). Пасляваен. перыяд адзначаны разнастайнасцю тыпаў калектываў, ростам іх маст. ўзроўню. Побач з харамі і ансамблямі песні і танца з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Для метадычнай і практычнай дапамогі самадз. калектывам побач з дамамі нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы) ствараліся рэсп. (1968) і абл. дамы маст. самадзейнасці (з 1978 дамы самадз. творчасці). Кансультуюць калектывы, а часам і непасрэдна кіруюць імі прафес. музыканты. Абнаўляць і ўзбагачаць рэпертуар дапамагаюць рэгулярнае выданне зборнікаў, агляды цэнтрамі нар. творчасці. Вял. ролю ў павышэнні майстэрства калектываў і выканаўцаў С.м.м. адыгрываюць рэсп. і абласныя агляды, конкурсы, фестывалі, святы духавой, нар. музыкі, песні і інш. Лепшым самадз.муз. калектывам прысвойваецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978; гл.Народныя хары, ансамблі, аркестры). Сярод нар. (узорных) самадз. калектываў вылучаюцца: нар.хар. капэла настаўнікаў Брэсцкай вобл., нар.вак. ансамбль «Мілавіца» Брэсцкага гар. Дома культуры (ДК), узорная капэла хлопчыкаў і юнакоў Брэсцкага абл. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў, нар. гурт вандроўных музыкаў «Фэст» Баранавіцкага гар. ДК, нар. ансамбль старадаўняй музыкі «Кантраданс» Баранавіцкай дзіцячай муз. школы №3, нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раённага цэнтра культуры і нар. традыцый, нар. хор Лёзненскага раённага ДК Віцебскай вобл., нар.фалькл. ансамбль «Паазер’е» Пастаўскай дзіцячай муз. школы, нар. духавы аркестр Наваполацкага ПК вытв. аб’яднання «Нафтан», узорны ансамбль нар. музыкі «Жалейка» Віцебскага цэнтра нар. рамёстваў і мастацтваў «Задзьвінне», нар. хор Тураўскага сельскага ДК Жыткавіцкага р-на, нар. хор «Вязанка» Брылёўскага сельскага ДК Гомельскага р-на, Жлобінскі нар. духавы аркестр ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «Беларускі металургічны завод», нар. ансамбль нар. інструментаў Гомельскага абл. Дома тэхнічнай і маст. творчасці, нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Радуніца» Мазырскага раённага ДК, нар.фалькл. ансамбль «Сваякі» ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», нар. ансамбль нар. музыкі і песні «Цырынскія музыкі» Цырынскага ДК Карэліцкага р-на, нар. ансамбль песні і танца «Ніва» Верцялішкаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на, нар. ансамбль нар. музыкі «Лявоны» Воранаўскага раённага ДК, нар.хар. ансамбль «Спадчына» Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу, нар. ансамбль нар. песні «Мілавіца» Мышкавіцкага сельскага ДК Кіраўскага р-на, нар. цымбальны аркестр Асіповіцкага раённага ДК, нар.хар. капэла Магілёўскага ДК аўтазавода імя С.Кірава, ансамбль нар. музыкі «Скарбніца» г. Магілёў, нар.фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, нар. ансамбль нар. музыкі «Спадчына» Дзяржынскага гар. ДК, нар.фалькл. ансамбль «Лаўнічанка» Лаўніцкага сельскага ДК Барысаўскага р-на, нар. ансамбль нар. песні «Ярыцы» Любанскага раённага цэнтра культуры, узорны фальклорны ансамбль «Калыханка» Міханавіцкага сельскага ДК Мінскага р-на, узорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай муз. школы, нар. духавы аркестр Жодзінскага ПК рэсп. унітарнага прадпрыемства «БелАЗ», нар. ансамбль бел. песні «Церніца» ПК і спорту чыгуначнікаў г. Мінск, нар. аркестр нар. інструментаў БДУ, нар. аркестр нар. інструментаў Бел.пед. ун-та, нар. цымбальны ансамбль «Ведрыца» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнскай моладзі, нар. ансамбль камернай музыкі «Рычэркар» Рэсп. ПК прафсаюзаў, нар.вак. ансамбль ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл «Памяць сэрца» Рэсп. ПК ветэранаў, нар. мужчынскі хор ПК «Аўтазаводзец», фалькл. ансамбль «Дударыкі» Мінскай нац. гімназіі №111 (з 2001 № 14) і інш. Сярод аўтараў песень і інстр. твораў: М.Вайцяхоўскі, Р.Галавасцікаў, В.Гарбатоўскі, У.Журовіч, П.Касач, М.Коньшын, М.Пятрэнка, М.Сірата, І.Сушко, Я.Ціхановіч, П.Шаўко, М.Шумілін, А.Шыдлоўскі, П.Шыдлоўскі, М.Шынкевіч, Л.Ячнеў і інш. З самадзейнасці пачалі свой творчы шлях нар.арт.СССР Л.Александроўская, Я.Глебаў, І.Жыновіч, нар.арт. Беларусі І.Балоцін, М.Дзянісаў, Ю.Семяняка, засл. арт. Беларусі С.Навіцкі, Х.Шмелькін, В.Шутава, засл. дз. маст. Беларусі І.Кузняцоў і інш. Лепшыя прадстаўнікі самадз. мастацтва ўвайшлі ў склад Дзярж.нар. хору Беларусі і Дзярж.нар. аркестра Беларусі. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі 8043 вак.-хар. калектывы (у т. л. 2686 дзіцячых), 1059 інстр. (у т. л. 350 дзіцячых): у Брэсцкай 2057 (у т. л. 310 дзіцячых), у Віцебскай 1118 (у т. л. 144 дзіцячыя), у Гомельскай 1166 (у т. л. 153 дзіцячыя), у Гродзенскай 1100 (у т. л. 100 дзіцячых), у Магілёўскай 1263 (у т. л. 118 дзіцячых), у Мінскай 1329 (у т. л. 234 дзіцячыя). Павышэнню маст. ўзроўню рэпертуару і выканаўчага майстэрства садзейнічаюць фестывалі і конкурсы. Сярод сучасных буйных фестываляў на Беларусі: Міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (з 1991, г. Паставы Віцебскай вобл.) і фестываль правасл. песнапенняў (з 1995, Мінск), рэсп. фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары» (з 1996, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), у т. л. рэгіянальныя «Дняпроўскія галасы» (г. Дуброўна Віцебскай вобл.), «Берагіня» (з 1999, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.). Сярод навуч. устаноў, якія рыхтуюць кіраўнікоў калектывамі: муз. і маст. вучылішчы рэспублікі, Бел.ун-т культуры, Бел.АМ, Бел.пед.ун-т.
Г.І.Цітовіч, А.А.Скарына.
Да арт.Самадзейнае музычнае мастацтва. Фальклорны ансамбль «Дударыкі» Мінскай нацыянальнай гімназіі № 14.Да арт.Самадзейнае музычнае мастацтва. Народны ансамбль беларускай песні «Церніца» Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў г. Мінск.Да арт.Самадзейнае музычнае мастацтва. Ансамбль народнай музыкі «Скарбніца» г. Магілёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́НСКІ (Вісарыён Рыгоравіч) (11.6.1811, г. Свеаборг, Расія, цяпер Суаменліна, Фінляндыя — 7.6.1848),
рускі літаратурны крытык, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1833 збіраўся працаваць настаўнікам рус. мовы ў Беларусі, пазней адмовіўся. Зблізіўся з гуртком М.У.Станкевіча, дзе вывучаў філас. сістэмы Канта, Фіхтэ, Шэлінга; пазней зацікавіўся філасофіяй Гегеля. Супрацоўнічаў у выданнях М.І.Надзеждзіна «Телескоп» і «Молва» (1833—36), рэдагаваў час. «Московский наблюдатель» (1838—39). З 1839 у Пецярбургу, працаваў у «Отечественных записках» А.А.Краеўскага. У 1846—48 кіраваў крытычным аддзелам час. «Современник» М.А.Някрасава і І.І.Панаева. Бялінскаму ўласцівыя выключная эстэтычная чуйнасць, рознабаковы падыход да з’яў мастацтва. У крытыка-публіцыстычных артыкулах, аглядах, рэцэнзіях ён звяртаўся да пытанняў філасофіі (эвалюцыя ад ідэалізму да матэрыялізму), адстойваў ідэі рэв.-дэмакр. руху, на аснове дыялектыкі распрацоўваў тэорыю мастацтва і л-ры (гал. крытэрыямі каштоўнасці маст. твора лічыў прастату вымыслу, дасканаласць праўды жыцця, народнасць, арыгінальнасць), гісторыі л-ры (вылучаў ламаносаўскі, карамзінскі, пушкінскі, празаічна-апавяд. перыяды і інш.), тэорыі і гісторыі крытыкі як найб. яркага ўвасаблення развіцця грамадскай думкі. Сярод прац «Літаратурныя мары: (Элегія ў прозе)» (1834), «Аб рускай аповесці і аповесцях сп. Гогаля («Арабескі» і «Міргарад»)» (1835), «Нішто аб нічым, або Справаздача сп. выдаўцу «Тэлескопа»...» (1836), «Герой нашага часу... Твор М.Лермантава», «Гора ад розуму. Твор А.С.Грыбаедава» (абодва 1840), «Вершы М.Лермантава», «Раздзяленне паэзіі на роды і віды», «Агульнае значэнне слова літаратура» (усе 1841), «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» і «Слова пра крытыку» (1842), а таксама пагадовыя аглядырус. л-ры 1840—47. Асаблівае месца ў творчасці Бялінскага належыць цыклу з 11 артыкулаў «Творы Аляксандра Пушкіна» (1843—46) — фактычна першай спробе манаграфічнага аналізу творчасці пісьменніка на фоне гіст. і літ. працэсаў. «Ліст да Гогаля» (1847), напісаны за мяжой, стаў своеасаблівым завяшчаннем крытыка.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1953—59;
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1976—82.
Літ.:
Березина В.Г. Этюды о Белинском — журналисте и критике. СПб., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС ДРУ́КУ БЕЛАРУ́СІ»,
дзяржаўны штомесячны аб’яднаны бібліягр. паказальнік. Выдаецца з 1924 у Мінску Нац. кніжнай палатай Беларусі на бел. і рус. мовах. Да 1995 называўся «Летапіс друку БССР» і складаўся з 10 тыпаў летапісаў, у якім кожны від выдавецкай прадукцыі рэгістраваўся ў адпаведных спец. выпусках. З павелічэннем аб’ёму інфармацыі ў 1995 як самаст. выданні вылучыліся: «Летапіс часопісных артыкулаў», «Летапіс газетных артыкулаў», «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». «Л.д.Б.» складаецца з 8 тыпаў летапісаў.
«Кніжны летапіс» выдаецца з 1924. Інфармуе аб кнігах і брашурах, перыяд. выданнях тыпу «прац», а таксама пра замежныя выданні, падрыхтаваныя або выдадзеныя з удзелам бел. выдаўцоў. Да 1999 уключаў раздзел аўтарэфератаў дысертацый. Мае паказальнікі: імянны, прадметны, загалоўкаў, геагр., серый, моў (акрамя бел. і рускай), на якіх надрукаваны кнігі, памылковых ISBN (міжнар. стандартная нумарацыя кніг), нумарацыйны бібліягр. запісаў замежных кніг, выдадзеных з удзелам бел. выдаўцоў.
«Летапіс нот» выдаецца з 1924. Інфармуе аб нотных выданнях, муз. творах, надрукаваных у часопісах і газетах. Бібліягр. запісы групуюцца па відах выданняў. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў зб-каў нотных Выданняў, перыяд. выданняў, у якіх апублікаваны ноты.
«Летапіс рэцэнзій» выдаецца з 1932. Уключае рэцэнзіі, агляды кніг і часопісаў, якія маюць крытычны матэрыял на асобна выдадзеныя творы і творы, што змешчаны ў перыяд. выданнях. Мае паказальнікі: імянны, назваў выданняў, на якія апублікаваны рэцэнзіі, перыяд. выданняў, рэцэнзіі якіх зарэгістраваны.
«Беларусь у сусветным друку» выдаецца з 1946 (у 1982—91 штоквартальнае асобнае выданне). Змяшчае інфармацыю пра Беларусь і беларусаў, якая апублікавана ў друку замежных краін, а таксама аб выданнях і публікацыях на бел. мове (незалежна ад зместу), выдадзеных па-за межамі Беларусі. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, геагр., моў, перыяд. выданняў.
«Летапіс выяўленчага мастацтва» выдаецца з 1955. Інфармуе пра асобна выдадзеныя або змешчаныя ў часопісах творы выяўл. мастацтва, у т. л. плакаты, партрэты, рэпрадукцыі, эстампы, паштоўкі, альбомы, дзіцячыя кніжкі-карцінкі і альбомы для размалёўкі, коміксы і інш.Бібліягр. запісы групуюцца па відах выданняў. Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, альбомаў і камплектаў паштовак, перыяд. выданняў, у якіх змешчаны матэрыял.
«Летапіс нарматыўна-тэхнічных, тэхнічных дакументаў і выданняў вузкага прызначэння» выдаецца з 1985. Змяшчае інфармацыю пра нарматыўна-тэхн. дакументы (стандарты, нармалі, цэннікі, прэйскуранты, тэхн. апісанні машын, прылад і інш.). Мае паказальнікі: імянны, загалоўкаў, моў.
«Летапіс картаграфічных выданняў» выдаецца з 1994. Выходзіць 2 разы на год (у № 6 і № 12). Змяшчае інфармацыю пра картаграфічныя выданні (карты, карты-схемы, планы, атласы), часткі картаграфічных выданняў (карты-урэзкі на асн. картах), карты або атласы, якія з’яўляюцца дадаткам да выдання, уклееныя або тэкставыя карты з кніг і серыяльных выданняў. Бібліягр. запісы групуюцца па буйных раздзелах. Мае паказальнікі: імянны, геагр., прадметна-тэматычны, загалоўкаў, выданняў, з якіх аналітычна распісаны матэрыял.
«Летапіс аўтарэфератаў дысертацый» выдаецца штоквартальна з 1999. Бібліягр. запісы групуюцца па комплексах навук. Кожны раздзел складаецца з рубрык: «На ступень доктара навук», «На ступень кандыдата навук». Мае імянны і геагр. паказальнікі.
Літ.:
Текущие библиографические издания книжных палат и их использование. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ ХАРЭАГРАФІ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне харэаграфічнага мастацтва (гл.Харэаграфія). Вядома ў многіх краінах свету. Вытокі бел. С.х.м. ў нар. абрадах і гульнях, карагодах. Да пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы муз. і тэатр. самадзейнасці. У 1900—20-я г.нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы беларускіх вечарынак, вял. значэнне мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся многія нар. танцы. Найб. пашырылася з 1920-х г. з пачаткам сістэм. вывучэння і практычнага выкарыстання нац. харэагр. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. У рэпертуар танц. гурткоў уключаліся папулярныя ў народзе танцы, якія выконваліся ў іх фалькл. выглядзе. Паступова выпрацоўваліся метады і спосабы сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэагр. фальклору. У 1927 арганізаваны адзін з першых самадз. харэагр. калектываў — Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча. У яго рэпертуары былі па-мастацку апрацаваныя, трансфармаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны танцы «Мяцеліца», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Мікіта», «Лянок»; на аснове нар. песні створаны танец «Бульба», які набыў вял. папулярнасць у пастаноўцы І.Майсеева. У 1930-я г. створаны ансамбль песні і танца ў калгасе «Ленінскі шлях» Дзяржынскага р-на, танц. калектыў торфарцелі імя 16 партызан Пухавіцкага р-на, ансамбль песні і танца будаўнікоў Мінска і інш. У творчай практыцы калектываў бел. танец набыў больш яркую сцэн. форму. Пасля Вял.Айч. вайны адноўлены раней створаныя самадз.танц. калектывы і ўзнікла шмат новых, сярод якіх пераважалі ансамблі танца і ансамблі песні і танца: з 1945 — нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ; з 1954 — узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ №5 г. Брэста (засн. і маст. кіраўнік засл. настаўніца Беларусі В.Верамюк), з 1956 — нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў (кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі В.Ямінскі), з 1958 — узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. ПК прафсаюзаў (з 1999 кіраўнік Т.Зубік) і «Лянок» прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (засн. Г.Чысцякова, з 1990-х г. кіраўнік І.Чысцякоў), з 1961 — узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» г. Віцебска (кіраўнік Н.Чарнюк). У 1960—80-я г. ўзніклі новыя самабытныя калектывы, выраслі іх масавасць і выканальніцкі ўзровень, іх цікавасць да нац. фальклору. Уклад у развіццё С.х.м. зрабілі нар. артысты Беларусі М.Бяльзацкая, А.Нікалаева, А.Рыбальчанка, А.Вараб’ёў, Я.Штоп, засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія, засл. дз. культ. Беларусі С.Грабеншчыкоў, М.Кіракозаў, Л.Ляшэнка, І.Серыкаў, М.Чысцякоў, В.Партной, Н.Залеўская, засл. работнікі культ. Беларусі Л.Барадулька, М.Лапша, І.Смірноў, Р.Чарахоўская, Ч.Клячко, а таксама Л.Тушынскі, З.Чарняўскі, А.Быковіч і інш. Лепшым дарослым і дзіцячым калектывам нададзены адпаведна найменні «народны» (з 1960) і «ўзорны» (з 1978) (гл.Народныя самадзейныя калектывы, Народныя хары, ансамблі, аркестры). У 1990-я г. ў самадз. мастацтва прыйшло шмат таленавітых балетмайстраў, пад кіраўніцтвам якіх створаны новыя калектывы з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамбль танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (з 1982; кіраўнік засл. работнік культуры Г.Чорны); нар.вак.-харэагр. ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (з 1982; кіраўнік засл. работнік культ. П.Свярдлоў); нар. харэагр. ансамбль «Рунь» Дома культуры (ДК) тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»; нар. ансамбль танца «Белая Русь» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва» (з 1989; кіраўнік А.Карповіч; лаўрэат у 1997 I Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод»; у 1994, 1997, 2001 фестываляў нар. творчасці Мінска); нар. ансамбля танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1992; кіраўнік В.Жыльцоў); нар. ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (з 1995; кіраўнік В.Ямпольскі; у 1999 лаўрэат II Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод») і інш.
У наш час С.х.м. — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае ансамблі і студыі нар. класічнага, эстр., бальнага танца: калектывы сістэмы мін-ваў культуры, адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі налічваецца 2575 самадз. харэагр. калектываў, з іх 2044 дзіцячых, у т. л. па абласцях: у Брэсцкай 397 (з іх 333 дзіцячых), у Віцебскай 432 (з іх 354 дзіцячых), у Гомельскай 533 (з іх 346 дзіцячых), у Гродзенскай 279 (з іх 242 дзіцячых), у Магілёўскай 404 (з іх 321 дзіцячых), у Мінскай 539 (з іх 448 дзіцячых), сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў — 68, сістэмы Мін-ва адукацыі — 32 калектывы. Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэагр. фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыц. ў жанры нар.-сцэн. танца да фольк-мадэрна. Плённае развіццё дзіцячай харэагр. самадзейнасці найперш звязана з масавым адкрыццём дзіцячых харэагр. школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў узорны вак.-харэагр. ансамбль «Камарыкі» ПК вытв. аб’яднання «Нафтан» г. Наваполацк (з 1970; кіраўнік Клячко; у 1983 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль танца «Светлячок» ДК энергетыкаў г. Новалукомль (з 1977; кіраўнік Н.Тамашава; у 1998 лаўрэат міжнар. фестывалю маст. творчасці народаў СНД); узорны ансамбль танца «Лялечкі» Абухаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на (з 1978; кіраўнік Н.Урукіна); узорны ансамбль танца «Весялушкі» ДК чыгуначнікаў г. Орша (з 1981; кіраўнік І.Стамінская; у 1999 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэагр. школы (з 1981; кіраўнікі С. і І. Дарохіны; у 1995 лаўрэат Міжнар. фестывалю «Голас дзяцінства»); узорны ансамбль танца «Зубраня» ПК. «Аўтазаводзец» г. Мінск (з 1983; кіраўнік Я.Гутман; у 1994, 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); узорны ансамбль танца «Жавароначкі» ПК т-ва «Сукно» Мінска (з 1985; кіраўнік С.Аляксандраў; у 1994 лаўрэат фестывалю нар. творчасці Мінска); узорны ансамбль танца «Чабарок» мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987; кіраўнік Н.Дзягель; у 1994 і 1997 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска); узорны харэагр. ансамбль танца «Раўніца» СШ №2 г. Барысаў (кіраўнік А.Цюцюноў) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у іх ліку «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1979; кіраўнік В.Буры; у 1997 і 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); ансамблі бальнага танца, у іх ліку ансамбль «Мара», прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (з 1966; кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі Л.Лазарава; у 1994. 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар творчасці Мінска «Сузор’е»). Выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару і выканальніцкага майстэрства, папулярызацыі танц. мастацтва садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: Міжнар. фестывалі харэаграфіі «Сожскі карагод» у Гомелі і сучаснай харэаграфіі «IFMC» у Віцебску; фестываль фальклору «Пінскі карагод»; абласны фестываль «Свята танца» ў Гродне; фестывалі дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы Фламінга» ў Гомелі і інш. Праводзяцца аглядысамадз. харэагр. калектываў у рамках розных форумаў, прысвечаных нар. творчасці, у т. л. фестывалі нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня», нар. творчасці «Сузор’е», студэнцкай маст. творчасці «Студэнцкая вясна» і інш. Харэагр. калектывы — актыўныя ўдзельнікі фестываляў фальклору за мяжой. Кадры кіраўнікоў харэагр. калектываў (балетмайстраў, педагогаў-харэографаў) рыхтуюць у Бел. ун-це культуры (кафедра харэаграфіі), у вучылішчах мастацтваў (аддзяленні харэаграфіі) у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Пінску, Магілёве.
С.В.Гуткоўская, Ю.М.Чурко.
Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Узорны ансамбль танца «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» г. Мінск.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Белая Русь» Рэспубліканскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва».