МЕДАГО́НКА,

машына цэнтрабежнага дзеяння для выдалення пчалінага мёду з сотаў. Складаецца з бака, ротара, касет, у якія ўстаўляюцца рамкі з сотамі, рэдуктара. Вярчэнне ротара — ад электрарухавіка або ручное.

Пры вярчэнні касет з рамкамі пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы мёд выдаляецца з сотаў, па сценках бака сцякае на дно і выпускаецца праз кран у пасудзіну. Бываюць хардыяльныя, у якіх мёд выдаляецца спачатку з аднаго боку сотаў, а пасля іх паварочвання — з другога, і радыяльныя, у якіх рамкі размешчаны рабром да сценкі і мёд выкідваецца адразу з абодвух бакоў.

Медагонкі: 1 — хардыяльная з касетамі; 2 — радыяльная з фільтрам.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЦЫ́НСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

сярэднія спецыяльныя навуч. ўстановы, якія рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй мед. і фармацэўтычнай адукацыяй (фельчараў, фельчараў-акушэраў, фельчараў-лабарантаў, санітарных фельчараў, акушэраў, мед. сясцёр, фармацэўтаў; зубных тэхнікаў, урачоў і фельчараў; тэхнікаў-оптыкаў, тэхнікаў-масажыстаў, тэхнікаў па мантажы і рамонце рэнтгенаўскай і мед. апаратуры). Прымаюцца асобы з сярэдняй і базавай адукацыяй. Тэрмін навучання з базавай адукацыяй 3—4 гады, з сярэдняй — 2—3 гады. На Беларусі ў 1998/99 навуч. г. 17 М.в. (Аршанскае, Бабруйскае, Баранавіцкае, Барысаўскае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскія № 1 і № 2, Пінскае, Полацкае, Рагачоўскае, Слонімскае, Слуцкае, Юрацішкаўскае).

т. 10, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕРГОФ ((Meyerhof) Ота) (12.4.1884, г. Гановер, Германія —6.10.1951),

нямецкі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1949). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1909). З 1912 у Кільскім ун-це, з 1924 у Ін-це біялогіі ў Берліне-Далеме, з 1929 у Даследчым мед. ін-це ў Гейдэльбергу (заг. аддзела). У 1938 эмігрыраваў у Францыю. З 1940 праф. Пенсільванскага ун-та (ЗША). Навук. працы па хіміі і тэрмадынаміцы мышачнага скарачэння, прамежкавых ферментацыйных стадыях гліколізу і глікагенолізу. Вызначыў, што энергія жывой клеткі акумулюецца ў фосфарных сувязях. Нобелеўская прэмія 1922 (разам з А.В.Хілам).

О.Меергоф.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНА́М-ЧА́О-ПРА́Я, Менам, Чаўпхрая,

рака на паўвостраве Індакітай, самая вялікая ў Тайландзе. Даўж. каля 1200 км (ад вытоку гал. прытока М.-Ч.П. — р. Пінг — 1500 км), пл. басейна каля 150 тыс. км². Пачынаецца ў гарах на Пн краіны, цячэ па Менамскай нізіне, упадае ў Сіямскі зал. Паўд.-Кітайскага м., утварае дэльту. Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Паўнаводная летам, сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2700 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння рысавых палёў. Рыбалоўства. Суднаходная на 400 км (ад вусця р. Пінг), у паводкі на 750 км (ад г. Утарадыт). Сплаўная. У дэльце М.-Ч.-П. — г. Бангкок.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕР ((Meer) Сімон ван дэр) (н. 24.11.1925, г. Гаага, Нідэрланды),

галандскі фізік і інжынер. Чл.-кар. Каралеўскай Нідэрл. АН (1984). Замежны чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984). Скончыў Тэхнал. ун-т у Дэлфце (1952). З 1952 у н.-д. лабараторыі фірмы «Філіпс», у 1956—90 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе. Навук. працы па фізіцы паскаральнікаў і электронных мікраскопах. Прапанаваў метад стахастычнага ахаладжэння антыпратонаў, з дапамогай якога былі адкрытыя прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца пераносчыкамі слабых узаемадзеянняў (1983). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з К.Рубія).

М.​М.​Касцюковіч.

С. ван дэр Мер.

т. 10, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРАЖЫ́НСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (10.7.1906, г. Бахчысарай, Украіна — 31.7.1970),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н., праф. (1942). Скончыў Адэскі мед. ін-т (1930). З 1950 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па акісляльна-аднаўленчых працэсах пры авітамінозах, абмене рэчываў пры інсулінатэрапіі, метабалічных парушэннях пры траўмах, парушэннях абмену рэчываў пры ненармальным харчаванні, ролі гармонаў і вітамінаў у забеспячэнні біял. аховы арганізма, біяхім. стане клетачных і субклетачных мембран пры захворваннях.

Тв.:

Основы клинической биохимии. М., 1965 (разам з Л.​С.​Чаркасавай);

Нарушения углеводного обмена при заболеваниях человека. Мн., 1967.

т. 10, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТО́ПА (грэч. metōpon літар. прастора паміж вачыма),

прамавугольная або квадратная пліта паміж двума трыгліфамі ў фрызе дарычнага ордэра. З’явілася ў архітэктуры Стараж. Грэцыі (напачатку як прамежкі паміж тарцамі бэлек перакрыцця, якія выступалі на фасадзе, у мураванай архітэктуры набылі дэкар. значэнне), аздаблялася рэльефамі або жывапісам. У бел. архітэктуры найб. пашырана ў стылі ампір (1-я трэць 19 ст.), часам аздаблялася геральдычнымі выявамі і ваен. атрыбутамі.

Метопы ў выглядзе разетак на фасадзе храма Асклепія ў г. Эпідаўр. 4 ст.
Метопа з выявай антычнага шлема ў фрызе дома па вул. Замкавай у Гродне. 19 ст.

т. 10, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖБА́НКАЎСКІЯ РАЗЛІ́КІ,

плацяжы, якія звычайна ажыццяўляюцца шляхам пералічэння грашовых сродкаў на рахунак іх атрымальніка або шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. Ажыццяўляюцца пры дапамозе банкаўскіх аперацый, гал. чынам крэдытных, якія выкарыстоўваюцца для замены наяўных грошай у плацежным абарачэнні безнаяўнымі разлікамі. Маюць важнае значэнне ў рэгуляванні грашовага абарачэння, стварэнні банкаўскіх рэсурсаў, ажыццяўленні кантролю за працай гасп. суб’ектаў, скарачэнні выдаткаў абарачэння. Асн. формамі разліку паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі за адгружаныя або адпушчаныя тавара-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы або аказаныя паслугі з’яўляюцца таварны акрэдытыў, разлікі па інкаса, пераводы і інш. Гл. таксама Акцэпт, Міжнародныя разлікі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)