ВЯЛІ́КАЕ СВЯТО́Е,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка (выцякае з возера), за 9 км на З ад г. Сянно. Пл. 0,77 км², даўж. 1,53 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 17,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, пойма (шыр. да 200 м) забалочаная. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарасло.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБО́ЎКА (польск. werbować ад ням. werben набіраць),

1) наём людзей на ваен. службу, адзін са спосабаў камплектавання войск. Выкарыстоўвалася са стараж. часоў. Найб. пашырэнне атрымала ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. У шэрагу сучасных замежных краін (ЗША, Вялікабрытанія, ФРГ і інш.), а таксама ў Расіі Узбр. сілы камплектуюцца поўнасцю ці часткова на кантрактнай аснове, г.зн. праз вярбоўку і наёмніцтва.

2) У СССР адзін са спосабаў арганізаванага набору рабочых.

т. 4, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСНУ́ШКІ,

змены спадчыннага характару ў скуры чалавека, якія праяўляюцца гіперпігментнымі плямкамі. Праяўленне вяснушак часта бывае сямейным. Ва ўзросце 3—5 гадоў на адкрытых участках скуры (твар, нос, лоб, шыя, кісці рук і інш.) з’яўляюцца дробныя, акруглыя светла-карычневага колеру плямкі, якія паступова пігментуюць і павялічваюцца ад 2—3 да 5—8 мм у дыяметры. Паверхня іх гладкая. Найчасцей бывае ў бландзінаў і рыжавалосых людзей. Лячэнне: кераталітычныя і адбельвальныя сродкі.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ВЕРСАВЫ КАНА́ЛЫ (ад прозвішча англ. анатама К.​Гаверса),

трубчастыя поласці ў астэонах кампактнага рэчыва пласціністай косці ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека. У трубчастых касцях ідуць паралельна іх падоўжнай восі, у плоскіх — паралельна іх паверхні, у целах пазванкоў — перпендыкулярна іх восі. Кожны гаверсаў канал утвораны канцэнтрычна размешчанымі касцявымі пласцінкамі, разам з якімі складаюць астэон (гаверсаву сістэму). У гаверсавых каналах ёсць крывяносныя сасуды, нерв. валокны і рыхлая злучальная тканка.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́НА (Drina),

рака ў Югаславіі, Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава (бас. Дуная). Утвараецца ад сутокаў рэк Тара і Піва, якія пачынаюцца ў Чарнагорыі. Даўж. 460 км, пл. бас. 19,6 тыс. км². Цячэ па Дзінарскім нагор’і ў вузкай, глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады, у нізоўі па Сярэднедунайскай раўніне. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 341 м³/с. Веснавое разводдзе, асенне-зімовыя паводкі. ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРЭ́ВА ПАДАРО́ЖНІКАЎ»,

неафіцыйная назва равеналы мадагаскарскай (Ravenala madagascariensis) сям. бананавых. Эндэмік а-воў Мадагаскар і Рэюньён.

Дрэвападобная травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 10 м. Лісце буйное, простае, ад ветру разрываецца на долі да сярэдняй жылкі, размешчана веерападобна. У доўгіх пазухах лістоў назапашваецца вада, якая часам выкарыстоўваецца падарожнікамі для піцця (адсюль назва). Кветкі сабраны ў коласападобныя суквецці. Плод — ягадападобны, накшталт банана, формаю нагадвае агурок.

Г.​У.​Вынаеў.

«Дрэва падарожнікаў.

т. 6, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БРАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., за 25 км на ПнУ ад Мінска, на тэр. зоны адпачынку Раўбічы. Створана на р. Усяжа ў месцы ўпадзення ў яе р. Дубраўка ў 1983. Пл. 3,5 км², даўж. 6,5 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 14 м, аб’ём вады 22,4 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 8 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, адпачынку, рыбаводства.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПАЗІТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац dispositivus які распараджаецца),

у цывільным працэсе магчымасць для розных удзельнікаў справы свабодна распараджацца сваімі матэрыяльнымі і працэсуальнымі правамі. Суд садзейнічае ім у рэалізацыі гэтых правоў і ажыццяўляе кантроль за законнасцю іх распарадчых дзеянняў: з мэтай аказання падтрымкі бакам і інш. удзельнікам справы, паколькі юрыд. недасведчанасць і інш. акалічнасці могуць ускладніць належную абарону імі сваіх правоў і інтарэсаў, і каб прадухіліць злоўжыванне ўдзельнікамі справы іх правамі.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́СТРЫКТ (англ. district ад позналац. districtus),

1) адм.-тэр. адзінка ў складзе дэпартамента, створаная на тэр. былых паветаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. і Беластоцкай вобл. ў час заняцця іх франц. войскамі ў вайну 1812. Тэрытарыяльна Д. супадаў з паветам. У Віленскім дэпартаменце было 11 Д., у Гродзенскім — 8, у Мінскім — 10, у Беластоцкім — 3.

2) У шэрагу краін (напр., у ЗША, Вялікабрытаніі) назва ніжэйшай адм. адзінкі суд. або выбарчай акругі.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯДО́ХІ (ад грэч. diadochos пераемнік, нашчадак),

палкаводцы Аляксандра Македонскага (Пердыка, Антыпатр, Антыгон I Аднавокі, Яўмен, Касандр, Пталамей, Лісімах, Селеўк I, Нікатар і інш.), якія пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) падзялілі паміж сабой яго імперыю. У выніку працяглай барацьбы паміж імі (т. зв. войны дыядохаў), а таксама паміж іх нашчадкамі (т. зв. эпігонамі) узніклі 3 буйныя дзяржавы: Егіпет (пад уладай Пталамеяў), Македонія (на чале з Антаганідамі), дзяржава Селеўкідаў. Гл. таксама Элінізм.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)