АЎТАРКІ́Я (ад грэч. autarkeia самазадавальненне),
1) палітыка гасп.-эканамічнага адасаблення краіны, стварэнне замкнутай, самазабяспечвальнай эканомікі. Выяўляецца ў абмежаванні імпарту, павелічэнні экспарту тавараў і капіталаў, у захопе чужых тэрыторый, багатых сыравінай. У 2-ю сусв. вайну кіруючыя колы Германіі, Італіі, Японіі выкарыстоўвалі аўтаркію як спосаб барацьбы за перадзел свету, практыкавалі забаронныя пошліны, абмяжоўвалі ўвоз тавараў пры высокіх цэнах на іх унутраным рынку.
2) У філасофіі стоікаў — самазадавальненне як ідэал дабрачыннасці чалавека.
т. 2, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЦЮКІ́,
вадасховішча ў Беларусі, у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, каля в. Малыя Аўцюкі. Створана ў 1980 для патрэб сельскай гаспадаркі. Пл. 0,62 км², даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 4,3 м, аб’ём вады каля 1,9 млн. м³. Дно пясчанае. Наліўное, напаўняецца за кошт сцёку р. Закованка і меліярацыйных каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2,7 м.
т. 2, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Віцебскім р-не, у бас. р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,15 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 1,98 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Схілы катлавіны — марэнныя ўзгоркі і озы. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі задзернаваныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей за 3 м глініста-глеістае. Упадае і выцякае ручай.
т. 3, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСУ́САВАЯ ЗАЛО́ЗА (ад грэч. byssos тонкая пража),
орган двухстворкавых малюскаў, што выпрацоўвае арган. рэчыва (бісус) у выглядзе вельмі моцных нітак. Знаходзіцца ў т.зв. «назе» і гамалагічна падэшвеннай залозе бруханогіх малюскаў; часам яна функцыяніруе толькі ў лічынак. Бісус складаецца з задубленага бялку, блізкага да канхіяліну ракавіны малюскаў і да фібраіну шоўку членістаногіх. Пры яго дапамозе малюскі прымацоўваюцца да субстрату. У старажытнасці і сярэднявеччы бісус выкарыстоўваўся на выраб тканіны (вісону).
т. 3, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВЕ́Т (франц. Gravettian),
археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту, якая каля 25 тыс. г. да н. э. змяніла арыньяк. Назва ад грота Ла-Гравет у Дардоні (Францыя), дзе знойдзены першыя крамянёвыя прылады тыпу гравет. У сучаснай тэрміналогіі лічыцца найб. ранняй фазай верхняга перыгору. Для гравету характэрны невял. вострыя крамянёвыя пласціны з прытупленым краем (т.зв. гравецкія вастрыі). Тэрмін «гравет» часам выкарыстоўваюць у дачыненні да матэрыялаў усяго верхнеперыгорскага перыяду.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДАГА,
рака ў Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 261 км². Пачынаецца на У ад в. Каркоўшчына. Асн. прытокі: Казёл (злева), Малая Вудажка (справа). Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй в. Жытнёў трапецападобная, шыр. 500—600 м, у вусці каля 1 км. Пойма двухбаковая, лугавая, шыр. 100—150 м. Рэчышча звілістае, неразгалінаванае. У вусці г. Чэрыкаў.
т. 4, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛЯ́НКА,
рака ў Мядзельскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Нарач (бас. Віліі). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 663 км². Пачынаецца каля в. Мазалеўшчына Мядзельскага р-на. Асн. прытокі: Чорная, Ментынь (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма ў верхнім цячэнні разараная, шыр. 200—300 м. Ад вытоку на працягу 15 км рэчышча каналізаванае. Водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ зона адпачынку Вузлянка.
т. 4, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫВАЗНЫ́Я ПРЭ́МІІ, экспартныя прэміі, экспартныя субсідыі,
фінансавыя льготы экспарцёрам пэўных тавараў; адзін са спосабаў стымулявання экспарту. Выкарыстоўваюцца дзяржавамі, манаполіямі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і фірмамі для заахвочвання вывазу пэўных відаў прадукцыі з мэтаю пашырэння экспарту, завалодання знешнімі рынкамі, стварэння спрыяльных цэнавых умоў на замежных рынках. Вывазныя прэміі выступаюць у форме поўнага або частковага вызвалення экспарцёраў ад падаткаў, мытных і акцызных збораў, а таксама ў выглядзе прамога субсідзіравання экспарту.
У.М.Рудзянкоў.
т. 4, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНЯ́,
рака ў Нясвіжскім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Лошы (бас. Нёмана). Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 366 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Дубейкі Нясвіжскага р-на, цячэ па слабахвалістай раўніне. Асн. Прыток — р. Грыўчык (справа). Даліна пераважна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. 300—400 м, у верхнім цячэнні — меліяраванае балота, ніжэй — роўная, сухая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае, у пойме меліярац. каналы, 2 сажалкі.
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯДЗЕ́ТА,
возера на мяжы Расонскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Дрыса і Палата, за 45 км на ПнУ ад Полацка, сярод лясных масіваў. Пл. 4,68 км², даўж. 4,6 км, найб. шыр. 1,6 км. Пл. вадазбору 26 км². Схілы катлавіны выш. 4—1 м. Берагі месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Востраў пл. 3,6 га. На З злучана ручаём з воз. Глыбочына, на Пд выцякае р. Вядзеціца.
т. 4, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)