АСО́БАЕ СТАНО́ВІШЧА,

гл. Выключнае становішча.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БАЯ ДУ́МКА ў судаводстве, у бел. праве выкладзенае пісьмова і далучанае да справы меркаванне суддзі або засядацеля, не згодных з рашэннем ці прыгаворам суда, прынятым большасцю галасоў. Пры абвяшчэнні рашэння (прыгавору) у зале судовага пасяджэння не аб’яўляецца, але далучаецца да справы. Калі па справе, дзе адзін з суддзяў застаўся пры асобай думцы, не паступіць касацыйнай скаргі або пратэсту, суд пасля набыцця рашэннем (прыгаворам) законнай сілы накіроўвае справу старшыні вышэйстаячай суд. інстанцыі для вырашэння пытання аб апратэставанні вынікаў суд. разгляду ў парадку нагляду.

І.І.Пацяружа.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БІНА,

індывід, найменшая непадзельная адзінка біял. віду, якая знаходзіцца пад уздзеяннем фактараў эвалюцыі. Паняцце «асобіны » дастасуецца толькі да вышэйшых арганізмаў; для каланіяльных, сімбіятычных і арганізмаў з вегетат. размнажэннем яно ўмоўнае. У панміктычных відаў (якія свабодна скрыжоўваюцца) кожная асобіна — унікальная істота з уласнай генетычнай структурай, элементарная адзінка існавання ў біяцэнозе. У агамных відаў (з бясполым размнажэннем) кожная асобіна — самавытворная адзінка. У генет. сэнсе асобіна — часовы (ад нараджэння да смерці) носьбіт толькі часцінкі агульнага генафонду папуляцыі (віду), аднак яна актыўна ўдзельнічае ў эвалюцыйным працэсе.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БЫ БЕЛАРУ́СКІ ЗБОР,

спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дзейнічалі ў крас.ліст. 1942 каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Створаны паводле рашэння ЦК КП(б)Б. З 1-га выпуску ў чэрв. 1942 сфарміраваны 12 партыз. атрадаў, якія ў пач. ліп. праз Віцебскія «вароты» перапраўлены на тэр. акупіраванай Беларусі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чал. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп, 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія атрады выраслі ў партыз. брыгады, групы — у атрады.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСО́БЫЯ НАРА́ДЫ»,

дзяржаўныя ўстановы ў Расіі, створаныя для кіравання эканам. жыццём у гады 1-й сусв. вайны 1914—18. «Асобых нарадаў» было 5: па абароне, перавозках, харчаванні, уладкаванні бежанцаў, забеспячэнні палівам шляхоў зносін. Паводле Палажэння, зацверджанага царом 17.8.1915, «Асобыя нарады» з’яўляліся вышэйшымі дзярж. ўстановамі, мелі права патрабаваць садзейнічання ўсіх грамадскіх і ўрадавых арг-цый, устанаўліваць цэны, накладваць секвестр і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 улікова-рэгістрацыйны апарат і тэхн. кадры «Асобых нарадаў» выкарыстаны сав. уладай пры стварэнні Вышэйшага савета нар. гаспадаркі і інш. Органаў.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́Т

(Sonchus),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).

Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ТНА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 38 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,23 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 0,25 км, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,75 км². Схілы катлавіны выш. да 25 м, на Пд — да 10 м. Злучана ручаём з воз. Вял. Таболы.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ЎСКІ (Ossowski) Лешак

(1.4.1905, Варшава — 10.2.1996),

польскі мовазнавец, славіст, даследчык бел. мовы. Д-р усходнеслав. філалогіі (1945), праф. (1964). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пазнанскім і Ягелонскім ун-тах. Заг. кафедры рус. мовы Вроцлаўскага (з 1946) і рус. філалогіі Пазнанскага (1964—75) ун-таў. Аўтар навук. прац па слав. дыялекталогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовы, у тым ліку «Моўныя праблемы Палесся» (1936), «З беларускай фанетыкі...» (1938), «Пераход «ы» ў «у» пасля губных у некаторых паўднёва-беларускіх гаворках» (1934) і інш. Даследаваў храналогію дзекання і цекання, гісторыю асобных марфал. формаў слоў, прасочваў сувязі Палесся з Валынню, спрабаваў вызначыць укр.-бел. моўную мяжу, бел.-польскія моўныя кантакты.

Тв.:

Studia slawistyczne. Wrocław etc., 1992.

Літ.:

Колесаў У.В., Пазухін Р.В. Беларусістыка і славістыка ў працах прафесара Лешка Асоўскага // Бел. лінгвістыка. Мн., 1977. Вып. 11.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ЦЫЯ,

згуртаванне расліннасці (напр., лясныя барэальныя балоты), якое знаходзіцца на стадыі змены (сукцэсіі), але яшчэ не дасягнула фінальнай, адносна ўстойлівай фазы развіцця (клімаксу).

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ЧНІКІ,

сяляне-слугі ў ВКЛ 14—18 ст., гал. абавязкам якіх была ахова пушчаў вял. князя ці буйных феадалаў, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім. Жылі ў асобных вёсках ці на хутарах каля пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваен. паходах. Паводле «Уставы на валокі» 1557 за службу атрымлівалі 2 валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З развіццём фальваркаў эканам. становішча асочнікаў пагоршала, іх зямельныя надзелы паменшалі да 1—0,5 валокі. У 18 ст. асочнікаў пераводзілі на чынш, а за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту і інш.

С.Ф.Цярохін.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)