вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Ула. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы, 72 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Чашнікі, на скрыжаванні шашэйных дарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. 1160 ж., 423 двары (1995). Цагельня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст. — Бачэйкаўскі парк.
Упершыню згадваецца ў 1460. У розны час належала магнатам Падбярэзскім, Цеханавецкім і інш. У 1626 складалася з феад. маёнтка (двара), мястэчка і воласці (5 вёсак). На 1886 у Бачэйкаве 250 ж., 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны з-ды, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 — 722 ж. У 1923—24 цэнтр Бачэйкаўскага павета. З 1924 цэнтр сельсавета Бешанковіцкага р-на. У Вял. Айч вайну ў Бачэйкаве адбыліся Бачэйкаўскія баі 1943 паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў. У 1970 — 918 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ Канстанцін Андрэевіч
(20.5.1884, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1943),
бел. балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1906). У 1921—28 балетмайстар БДТ-1. Ставіў танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драм. спектаклях («На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «Панскі гайдук» Н.Бываеўскага, «Вяселле» В.Гарбацэвіча і інш.). Для развіцця бел.прафес. балетнага мастацтва прынцыповае значэнне мелі яго пастаноўкі балетаў «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Фея лялек» І.Баера, бел. балета «Помста сябровак» (лібрэта Алексютовіча, музыка скампанавана Л.Маркевічам). Адначасова супрацоўнічаў з У.Галубком (БДТ-3). У 1930—37 балетмайстар Бел. ТРАМа і Т-ра юнага гледача, у 1937—41 гал. балетмайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. Зрабіў значны ўклад у развіццё бел. сцэнічнага танца, выявіў глыбокае веданне харэагр. фальклору, беражлівае стаўленне да яго нац. рысаў, пачуццё тэатральнасці. Стварыў танец «Бульба», сцэн. варыянты многіх традыц.нар. танцаў («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Лянок» і інш.), а таксама кадрыляў, карагодаў, гульняў.
Літ.:
Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ Мікалай Мікалаевіч
(27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянер АМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад.мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр І дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.І.Герцэн», 1867, «Л.М.Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац.маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙДЭБРЭ́ХТ Эрнст Давыдавіч
(н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),
мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.
Літ.:
Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;
Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст.У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А.ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам.мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш.маст. цэнтрах Паўн. Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ Аляксей Канстанцінавіч
(24.3.1908, в. Зверавічы Смаленскай вобл., Расія — 2.10.1968),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Вучыўся ў Віленскім маст. тэхнікуме (1926—30) у М.Керзіна. Адзін з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928 — 30). Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Майстар тэматычнай кампазіцыі, батальнага і анімалістычнага жанраў, партрэта. Удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Беларусі (бюст М.Фрунзе, 1933), стварыў барэльеф для Дома Чырв. Арміі («Лявоніха», «Мастацкая студыя», 1936) у Мінску і інш. Аўтар партрэтаў Я.Коласа, У.Уладамірскага, У.Кудрэвіча, партрэтнай групы «Максім Горкі і Янка Купала» (усе 1949), скульпт. кампазіцый «Народны паэт БССР Янка Купала» (1950), «Францыск Скарына» (1954). Работы ў галіне манум.мастацтва: гарэльеф «Партызаны Беларусі» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1976, устаноўлены ў 1974, Дзярж. прэмія Беларусі 1976). Кампазіцыі вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай формаў, рытмічнасцю. Партрэты адзначаны тонкай прапрацоўкай дэталей, эмац. выразнасцю. Яго імя прысвоена Мінскаму маст. вучылішчу.
Літ.:
Бойка У.А. Глебаў Аляксей Канстанцінавіч. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ШЧАНКА Георгій Сямёнавіч
(5.5.1922, г. Растоў-на-Доне, Расія — 22.9.1994),
бел. музыказнавец. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1983). Д-р мастацтвазнаўства (1985). Праф. (1980). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (гіст.-тэарэт.ф-т, 1953) і Горкаўскую кансерваторыю (клас скрыпкі, 1954). З 1957 выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі). Навук. працы па гісторыі рус. і бел. музыкі, муз. крытыкі і эстэтыкі. Удзельнічаў у стварэнні падручнікаў па гісторыі бел. музыкі і бел.муз. л-ры. Рэдактар шматлікіх выданняў па пытаннях нац.муз.мастацтва.
Тв.:
Н.Д.Кашкин и русская опера. Мн., 1960;
В.Ф.Одоевский и русская народная песня. Мн., 1966;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971 (у сааўт.);
Беларуская сімфанічная музыка 50—60-х г. (разам з К.Сцепанцэвіч) // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
История белорусской музыки. М., 1976 (у сааўт.);
Белорусская советская музыкальная литература. 2 изд. Мн., 1981 (разам з К.І.Сцепанцэвіч);
Очерки по истории русской музыкальной критики конца XIX — начала XX в. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ МАЖЭ́ЙКАВА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на аўтадарозе Жалудок-Васілішкі. Цэнтр Мажэйкаўскага с/с і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Шчучын, 93 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 812 ж., 340 двароў (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як дварэц (фальварак) у складзе велікакняжацкай Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв. У 16 — пач. 20 ст. належала Палубенскім, Скуміным-Тышкевічам, Нарушэвічам, Хадкевічам, Грабоўскім і інш. З 1795 у Рас. імперыі. Да 1886 цэнтр воласці, каталіцкая капліца, бровар, піцейны дом. У 1885 мела 67 рэвізскіх душ. З 1921 у Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 1962 у Шчучынскім р-не, з 1966 цэнтр сельсавета. У 1970 — 1008 жыхароў.
Шчучынскі з-д сельгасінвентару. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік сядзібна-паркавага мастацтва — сядзіба (канец 18 — пач. 19 ст.) з паркам (1787).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДА Наталля Віктараўна
(н. 1.5.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. спявачка (сапрана). Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыла кансерваторыю ў Свярдлоўску (1966). У 1965—68 салістка Свярдлоўскага опернага т-ра, з 1969 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1970 — Дзярж. т-ра муз. камедыі Рэспублікі Беларусь. Мае яркі прыгожы голас, дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення, танца, пластыкі. Сярод лепшых партый у нац. аперэтах: Насця («Несцерка» Р.Суруса), Паўлінка, Ірына, Каця («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Эпіфанія («Мільянерка» Я.Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Джулія («Джулія» У.Кандрусевіча); сярод інш. партый: Сільва, Тэадора Вердзье («Сільва», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Ганна Главары («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Стэла («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Прынц і Жабрак («Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна), мадам Рэнесанс («Клоп» У.Дашкевіча), Долі («Хэло, Долі!» Дж.Германа) і інш.
Літ.:
Шумилова Э. Наталья Гайда, заслуженная артистка БССР // Тэатр. Мінск. 1980. № 4;
Брылон В. Наталля Гайда застаецца і перамагае // Мастацтва. 1992. №7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́Н Аляксандр Якаўлевіч
(1.3.1863, Масква — 17.4.1930),
рускі тэатр. мастак, жывапісец. Акад. жывапісу (1912), нар.арт. РСФСР (1928). У 1881—89 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Паленава, І.Пранішнікава, У.Макоўскага і ў Парыжы (1889, 1897). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». У канцы 1900-х г. афармляў спектаклі, антрэпрызы С.П.Дзягілева ў Парыжы, балет І.Стравінскага «Жар-птушка». Тонкі каларыст, майстар тэатр. касцюма. Аформіў у Маскве спектаклі «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава (1901, Вял. т-р), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1927, МХАТ) і інш.; у Пецярбургу — «Кармэн» Ж.Бізэ (1908, Марыінскі т-р), «Маскарад» М.Лермантава (1917, Александрынскі т-р), «Сольвейг» Э.Грыга (1922, т-р оперы і балета) і інш. Аўтар партрэтаў Ф.Шаляпіна, У.Меерхольда, М.Траянавай і інш. У Нац.маст. музеі 7 работ мастака.
Літ.:
Головин А.Я. Встречи и впечатления;
Письма;
Воспоминания о Головине. Л.;
М, 1960;
Онуфриева С. А.Головнн. Л., 1977;
Гофман И.М. Головин-портретист. Л., 1981;
Александр Головин: Путь художника / Авт.-сост. М.Н.Пожарская. М., 1990.