старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да 1/4аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБЧЭ́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1912, в. Балешын Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. —31.3.1979),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Магілёўскі мед. тэхнікум (1932), Сталінградскую ваен. школу лётчыкаў (1936). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Сталінградскім, Паўд., Паўн.-Каўказскім, 4-м Укр., 1-м, 2-м і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір эскадрыллі штурмавікоў, штурман палка, дывізіі, камандзір штурмавога авіяпалка. Зрабіў 192 баявыя вылеты, знішчыў 5 варожых самалётаў у паветры і 20 на зямлі. Да 1956 у Сав. Арміі, потым на адм.-гасп. рабоце. Яго імем названа вуліца ў г. Клімавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛЯКО́Ў (Васіль Пятровіч) (17.3.1921, г. Будзёнаўск Стаўрапольскага краю, Расія — 6.12.1991),
рускі пісьменнік. Канд.філал.н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1950. Трылогія «Апошняя вайна» («Адзін з нас», 1962; «Апошняя вайна», кн. 1—2, 1972—73; «Раніца», 1985) пра пакаленне моладзі Вял.Айч. вайны. Аповесць «Звычайная гісторыя» (1962), раман «Віцечка» (1981) пра сучасную моладзь. Аўтар раманаў «Ад вясны да вясны» (1966), «З чырвонага радка» (1979), апавяданняў, кн. нарысаў «Пра жыццё на зямлі» (1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1698,
вуснае пагадненне аб ваен. саюзе супраць Швецыі, заключанае 20—24 жн. ў г. Рава-Руская (цяпер у Львоўскай вобл., Украіна) паміж рас. царом Пятром I і каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам II. Заклала асновы антышвед. каал шыі напярэдадні Паўночнай вайны 1700—21. У развіццё Р.п. 21.11.1699 падпісаны Маскоўскі саюзны дагавор: бакі абавязваліся распачаць ваен. дзеянні супраць Швецыі ў яе прыбалт. уладаннях — Пётр I у Карэліі і Іжорскай зямлі (узбярэжжа р. Нява і прылеглай ч. Фінскага заліва), а Аўгуст II у Ліфляндыі і Эстляндыі, з тым, каб гэтыя землі пасля вайны адышлі адпаведна да Расіі і Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),
раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.
Літ.:
Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;
Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;
Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад бія... + геаграфія),
навука пра заканамернасці геагр. пашырэння і размяшчэння ў межах рэгіёнаў жывых арганізмаў і іх згуртаванняў (біяцэнозаў), уваходзіць у комплекс навук пра біясферу. Біягеаграфію падзяляюць на зоагеаграфію і геаграфію раслін.
Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 ст. працамі натуралістаў (А.Гумбальт, А.Дэкандоль, А.Уолес, Ф.Склетэр, П.Палас, М.А.Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара. Сучасныя біягеагр. даследаванні маюць некалькі кірункаў: арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў; рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі; экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гасп. дзейнасці чалавека; гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геал. эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе размяшчэнне па планеце. Вынікі даследаванняў на біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.
На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І.Д.Юркевіч, М.Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, А.Е.Агаханянц і інш. Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў н.-д. ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтр.бат. садзе), Бел. геолагаразведачным НДІ.
Літ.:
Воронов А.Г., Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМА́ЗАЎ (Віктар Філімонавіч) (н. 27.6.1934, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у раённых газетах. З 1964 у газ. «Звязда», з 1969 у «Літаратуры і мастацтве». З 1971 заг. аддзела маст. фільмаў Бел.дзярж.к-та па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1982—86 літкансультант СП Беларусі. Друкуецца з 1957. Першы зб. апавяданняў «Падранак» (1968). У зб-ках «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974) сцвярджае дабрыню, духоўную годнасць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1978, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Ліменскай пушчы на Чэрыкаўшчыне маст. сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесць «Дзень Барыса і Глеба» (1980) пра сучасную вёску. Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны раман «Бежанцы» (1990). Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В.Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці «Краем Белага шляху» (1992) тэма чарнобыльскай трагедыі. Аўтар нарысаў (зб. «Вясёлка сярод зімы», 1978), сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў. За кнігу публіцыстычнай прозы і эсэ «Проста ўспомніў я цябе...» (1989) Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990.
Тв.:
Дома: Аповесці, апавяданні. Мн., 1984;
Дзяльба кабанчыка: Выбранае. Мн., 1988;
Глядзіце ў вочы лемуру. Мн., 1989;
Аброчны крыж. Мн., 1994. Выбр.тв.Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Навуменка І. Кніга адкрывае свет. Мн., 1978. С. 216—219;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982. С. 33—46;
Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн.,1984. С. 45—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙНЦ (Mainz),
горад на З Германіі. Адм. ц.зямлі Рэйнланд-Пфальц. 185,5 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (вагона-, аўта- і суднабудаванне), радыёэлектронная, хім., інструментальная, буд. матэрыялаў, паліграфічная, тэкст., абутковая, гарбарная, харчасмакавая, у т. л. вінаробства. Акадэмія навук і л-ры. Ун-т. Рымска-германскі цэнтр. Музей сусв. друкарства. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманскі сабор Санкт-Марцін-унд-Саніст-Штэфан, капэла, гатычныя цэрквы, барочныя цэйхгаўз і палац курфюрстаў.
У старажытнасці на месцы М. існавала паселішча кельтаў, з канца 1 ст. да н.э. — умацаваны лагер рымлян, з канца 1 ст. н.э. цэнтр пагран. рымскай прав. Верхняя Германія. У 297 упершыню згадваецца як горад. У 8 ст. — 1798 рэзідэнцыя архіепіскапаў, у 13 — пач. 19 ст. цэнтр Майнцкага курфюрства. У 1244—1462 самакіравальны горад, у 1254—57 узначальваў Рэйнскі саюз гарадоў. Каля 1450 тут пачаў друкаваць кнігі І.Гутэнберг. У 1477 засн.ун-т. У аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95 акупіраваны франц. войскамі (1792—93 і з 1794), цэнтр Майнцкай камуны. У 1797 далучаны да Францыі, у 1801—14 адм. ц.франц. дэпартамента Донерсберг. З 1816 у складзе ням.Вял. герцагства Гесен-Дармштат (гл.Гесен), крэпасць Герм. саюза, з 1866 у Прусіі. Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны франц. войскамі (1918—30), пасля 2-й сусв. вайны ў складзе франц.акупац. зоны. З 1949 у складзе ФРГ, з 1950 адм. ц.зямлі Рэйнланд-Пфальц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКУ́РЫЙ,
першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак .
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн.км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн.км, у афеліі 70 млн.км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙1023кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.
Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да 1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм. апарата «Марынер-10» (гл.«Марынер»).
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДЗЕ́ЛЫ ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯу Расійскай імперыі,
спосаб перыядычнага аднаўлення сельскай абшчыннай ўраўняльнасці землекарыстання, якая пастаянна парушалася зменай складу сям’і і колькасці двароў абшчыннікаў. Пры феадалізме П.з. праводзілі або кантралявалі памешчыкі. Пасля сялянскай рэформы 1861 яны сталі выключнай функцыяй пазямельнай абшчыны і вызначаліся патрабаваннем 2/3 гаспадароў дамоў на сельскім сходзе. П.з. падзяляліся на агульныя, прыватныя і т.зв. перавёрсткі. Агульныя (усіх двароў) П.з. праводзіліся праз шэраг гадоў, прыватныя (перадача зямлі з адной сям’і ў другую пры змене іх люднасці або канфіскацыі надзелаў нядоімшчыкаў) — штогод. Перавёрсткі азначалі прымусовы абмен раўнацэннымі зямельнымі ўчасткамі, каб зменшыць цераспалосіцу. Паводле правіл 1893 агульныя П.з. праводзіліся пад кантролем земскіх участковых начальнікаў не часцей як праз 12 гадоў, а прыватныя дапускаліся толькі ў выключных выпадках. На Беларусі П.з. праводзіліся ва ўсх. паветах, дзе часткова існавала абшчыннае ўладанне ворнай зямлёй і сенажацямі. Размеркаванне надзельных зямель адбывалася пераважна па колькасці наяўных работнікаў (мужчын ці ўсіх) у сям’і. Пасля адмены прыгону агульныя і прыватныя П.з. не атрымалі ў бел. паветах значнага пашырэння і адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем, што ўзмацняла працэс разлажэння сялянства. У ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы ў адпаведнасці з законам ад 14.6.1910 усе абшчыны, у якіх не было агульных П.з. з часу іх надзялення зямлёй, былі абавязаны перайсці да падворнага землеўладання. П.з. адрадзіліся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з ажыццяўленнем дэкрэта аб зямлі ад 27.10(9.11). 1917 у вёсцы. Спыніліся з ліквідацыяй сельскай пазямельнай абшчыны ў ходзе суцэльнай калектывізацыі.