тэатральны мастак, графік, жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1883—87), у Парыжы (1893—96). У 1906—09 выкладаў жывапіс у прыватнай маст. школе ў Пецярбургу, сярод яго вучняў — М.Шагал. Член аб’яднання «Свет мастацтва». З 1910 жыў пераважна ў Парыжы. Быў адным з вядучых дэкаратараў «Рускіх сезонаў» С.П.Дзягілева. Моцны ўплыў стылю мадэрн зазнала яго кніжная графіка (час.«Мир искусства», «Золотое руно», «Аполлон»), станковы жывапіс («Старажытны жах», 1908) і асабліва тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (балеты «Клеапатра», 1909, «Шэхеразада», 1910, «Дафніс і Хлоя», 1912), дзе, стылізуючы ант. і ўсх. матывы, Бакст стварыў вытанчана — дэкар. эскізы касцюмаў і дэкарацый. Выканаў шмат партрэтаў (І.І.Левітан, І.А.Бунін, К.Дэбюсі, І.Рубінштэйн і інш.) і станковых твораў («На схіле гадоў», «Вячэра», «С.П.Дзягілеў з нянькай» і інш.).
Літ.:
Голынец С.В. Л.С.Бакст, 1866—1924. Л., 1981.
М.М.Паграноўскі.
Л.Бакст. Эскіз касцюма Сіняй султаніхі да балета «Шэхеразада». 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНА́СТЫКА (грэч. gymnastikē ад gymnazō трэнірую, практыкую),
сістэма фізічных практыкаванняў для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця асобы. Гімнастычныя практыкаванні былі вядомыя за 3 тыс.гадоў да н.э. ў Кітаі і Індыі; у Стараж. Грэцыі пад гімнастыкай разумелі сістэму практыкаванняў. Вылучаюць віды гімнастыкі: асноўная, спартыўная і дапаможная. Асн. гімнастыка спрыяе агульнаму фіз. развіццю і ўмацаванню здароўя, развівае спрыт, сілу і інш. Гэта пераважна вучэбная гімнастыка. Уведзена ў дашкольных і школьных установах, арміі. Яе разнавіднасць — гігіенічная гімнастыка больш вядомая як зарадка. Спарт. гімнастыка апрача спецыяльна падабраных (вольных) практыкаванняў уключае практыкаванні на спарт. снарадах (брусы, перакладзіна, бервяно, «конь», батут і інш.), з рознымі прадметамі (скакалка, мяч, абруч і інш.); некаторыя практыкаванні ідуць з муз. суправаджэннем. Спарт. гімнастыка мае на мэце дасягненне вышэйшага спарт. майстэрства (гл.Акрабатыка, Мастацкая гімнастыка, Спартыўная гімнастыка). Дапаможная (прыкладная) гімнастыка спрыяе высокім дасягненням у розных відах спорту (спарт.-прыкладная гімнастыка), павышэнню прадукцыйнасці працы (вытворчая, прафесійна-прыкладная гімнастыка), узнаўленню страчаных функцый, умацаванню здароўя (лячэбна-аздараўленчая гімнастыка, гл. таксама Лячэбная фізкультура).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОЙ,
1) у сельскай гаспадарцы арганічнае ўгнаенне з цвёрдых і вадкіх выдзяленняў жывёл з подсцілам або без яго. Мае азот, фосфар, калій, мікраэлементы, якія павышаюць біял. актыўнасць глебы. Выкарыстоўваюць гной цвёрды (на саламяным і тарфяным подсціле), паўвадкі і вадкі. Асабліва эфектыўны на дзярнова-падзолістых пясчаных і супясчаных глебах, дзе з’яўляецца крыніцай пажыўных рэчываў і меліяравальным сродкам, паляпшае аграхім. і фіз. ўласцівасці глеб на некалькі гадоў.
Хім. састаў і ўласцівасці гною залежаць ад віду жывёл, якасці кармоў і подсцілу, спосабаў яго прыгатавання і захоўвання. У сярэднім ад спажываных кармоў у гной пераходзяць каля 40% арган. рэчыва, 50—70% азоту, 80% фосфару, да 90% калію. Конскі і авечы гной мае больш пажыўных рэчываў, чым свіны і буйн. раг. жывёлы. Гной зберагаюць у гнаясховішчах. Выкарыстоўваюць ў чыстым выглядзе, як тарфагнойныя кампосты разам з мінер. ўгнаеннямі.
2) У медыцыне адзін з відаў запаленчага выпату (эксудату), непрыемная на пах густая вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры іх запаленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НТА (польс.: gont),
драўляны матэрыял для крыцця даху і сцен у форме невял. тонкіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. Робіцца з яловай, хваёвай, асінавай і інш. драўніны, даўж. звычайна 50—60 см, шыр. каля 10 см. Дах з гонты служыць 25—35 гадоў. Вядома ва ўсёй Еўропе. У Беларусі гонта вядома з даўніх часоў, рабілася ўручную (радыяльным расколваннем), пазней — на механізаваных станках (распілоўваннем). Гонтай крылі дахі ўсіх тыпаў будынкаў. Дошчачкі ўваходзілі адна ў адну і прыбіваліся да дахаў. Кожны верхні рад гонты перакрываў ніжэйшы, таму крыццё атрымлівалася шматслойнае — да 4 слаёў (касцёл у Койданаве, 18 ст.). Часам гонты ніжняга, навіслага над карнізам рада рабілі завостранымі, што ўпрыгожвала дах (сядзібны дом у Борках Дзятлаўскага, званіцы ў Белагрудзе Лідскага і Шарашове Пружанскага, касцёл у Жытомлі Гродзенскага р-наў).
С.А.Сергачоў.
Канструкцыя абшыўкі з гонты.Дах з гонты на царкве ў вёсцы Строчыца Мінскага раёна.
удзельнік рэв. руху ў Расіі, філосаф-марксіст. У 1882 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны з Харкаўскага вет. ін-та. Стварыў нарадавольскія гурткі ў Сімферопалі, Адэсе. У 1887 арыштаваны і сасланы на 10 гадоў у Верхаянск. Удзельнік Сібірскага с.-д. саюза (1901), чл. Саратаўскага к-таРСДРП (1902—03), працаваў у с.-д. арг-цыях Растова-на-Доне, Баку, Тыфліса, Кутаісі. Супрацоўнічаў у газ. «Искра». Дэлегат II з’езда РСДРП (1903), бальшавік. Пасля з’езда застаўся за мяжой. Пад псеўд. К.Грабоўскі ў 1910 выдаў кн. «Далоў матэрыялізм!»: (Крытыка эмпірыякрытычнай крытыкі)». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. З жн. 1917 у Петраградскім к-це РСДРП(б), удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Кастр.ўзбр. паўстання. Адзін з арганізатараў Наркамата замежных спраў РСФСР. З 1918 на кіруючай ваен.-паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, з 1920 на навук.-пед. рабоце ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́МШЫ ((Gramsci) Антоніо) (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),
італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл.Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян.Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працы Камуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения. М., 1980.
Літ.:
Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДЫ (Camelus),
род млекакормячых сям. вярблюдавых атр. парнакапытных. 5 відаў, у т. л. 2 сучасныя: вярблюд аднагорбы, або драмедар (Camelus dramedarius), і вярблюд двухгорбы, або бактрыян (Camelus bactrianus). Пашыраны ў пустынях і сухіх стэпах Усх. Еўропы, Азіі, Афрыцы.
Даўж. цела да 3,6 м, выш. ў плячах да 2,5 м, маса да 800 кг. Поўсць вярблюда аднагорбага чырванавата-шэрая, двухгорбага — цёмна-бурая. Шыя доўгая, дугападобная. На запясцях, локцях, грудзях і каленях мазалі, таму вярблюды здольны ляжаць на гарачым (да 70 °C) грунце. Лапы шырокія, мяккія, лёгка ідуць па сыпучых пясках. У гарбах назапашваецца тлушч (да 120 кг), які расходуецца пры нястачы корму. Доўгі час (да 10 сут) могуць абыходзіцца без піцця (трацяць да 25% масы) і піць саленаватую ваду. Кормяцца раслінамі, у т. л. калючымі. Раз у 2 гады нараджаюць 1 дзіцяня. Прыручаны чалавекам больш за 5 тыс.гадоў назад. Выкарыстоўваюцца як запражныя, уючныя і верхавыя жывёлы. Ад вярблюдаў атрымліваюць малако, мяса, шэрсць, тлушч. Гл.Вярблюдагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНЯЯ (ЗМЕ́ННАЯ) АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКО́ЛА,
навучальная ўстанова для прац. моладзі і дарослых; састаўная частка сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Створаны ў 1943 для гар. маладзі, у 1944 — для сельскай. Да 1958 наз. школа рабочай моладзі і школа сельскай моладзі. Прымаюцца асобы ва ўзросце ад 15 гадоў. Як правіла, мае 10—12-ы класы — старэйшая ступень з 3-гадовым тэрмінам навучання (у дзённай школе 2-гадовы), аднак могуць стварацца і 9-я класы для асоб, якія заканчваюць базавую адукацыю. Асобныя вячэрнія класы адкрываюцца і пры дзённых агульнаадук. школах. Вячэрняя школа мае вочную, завочную і сесійную (для сельскай мясцовасці) формы навучання. На час экзаменаў даецца аплатны водпуск. У 1995/96 навуч.г. на Беларусі працавалі 82 вячэрнія агульнаадук. школы (20,9 тыс. навучэнцаў), у т. л. 1 для асоб з недахопамі слыху. Пры 127 дзённых школах створаны класы вячэрняга вочнага навучання; працавала група завочнага навучання (гл. таксама Вячэрняе навучанне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу для дзяцей дробнай гар. буржуазіі і служачых у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у 1872—1912. Утвораны з пав. вучылішчаў. Прымалі дзяцей з 7 гадоў. Навучанне 6-гадовае, платнае. Былі 1-, 2-, 3- і 4-класныя. У 2-класных курс 1-га класа 4-гадовы, курс 2-га класа 2-гадовы; у 3- і 4-класных курсы 1-га і 2-га класаў па 2 гады, а 3-га і 4-га па 1 году. Выпускнікі маглі паступаць у ніжэйшыя прафес. школы ці на 1- і 2-гадовыя пед. курсы пры некаторых гарадскіх вучылішчах (давалі права выкладаць у пач. вучылішчах і паступаць у настаўніцкія ін-ты). На Беларусі ў 1906 было 60 гарадскіх вучылішчаў, у т. л. 2-класных 3, 3-класных 40, 4-класных 17. У 1912 гарадскія вучылішчы 3- і 4-класныя пераўтвораны ў вышэйшыя пачатковыя вучылішчы.