ПА́СКВІЛЬ (ням. Pasquill ад італьян. pasquillo),

твор, што змяшчае адкрыта паклёпніцкія нападкі і абвінавачванні, з мэтай скампраметаваць чалавека, групу людзей, грамадскі рух, мастацкі кірунак і г.д. Стылістычна імітуе форму літ. жанру, але не з’яўляецца ім; разглядаецца як маральна-ідэалагічная катэгорыя. Часта форму П. прымае твор, які першапачаткова задумваўся як памфлет.

Назва «П.» паходзіць ад імя рым. башмачніка 15 ст. Пасквіна (Pasquino), аўтара з’едлівых і абразлівых эпіграм на высокапастаўленых асоб. У 1501 непадалёку ад яго дома была ўстаноўлена антычная скульптура, на якую вывешвалі злабадзённыя вершы, падобныя на тыя, якія пісаў Пасквіна (статуя атрымала назву pasguillo — маленькі Пасквіна). Сатыр. радкі, што вывешвалі на статую, пазней выдадзены пад назвай П. З цягам часу значэнне тэрміна «П.» трансфармавалася і набыло сучаснае адценне: злоснае і наўмыснае абвінавачванне.

У зах.-еўрап. л-ры прыкладам П. з’яўляецца кн. В.​Менцэля «Нямецкая літаратура» (1827), у якой змешчаны паклёпніцкія выпады супраць Ф.​Шылера, І.​В.​Гётэ, «амаральнай» франц. л-ры таго часу і г.д. У рус. л-ры пасквільны твор — кн. М.​А.​Корфа «Уступленне на прастол імператара Мікалая I» (1848), скіраваная супраць дзекабрыстаў. У залежнасці ад гіст., паліт. і ідэалаг. умоў вызначэнне П. мянялася (напр., у сав. перыяд пасквільнымі лічыліся некат. творы М.​Ляскова, В.​Мандэльштама, А.​Салжаніцына і інш.).

У бел. л-ры пасквільнымі былі «Цені на сонцы» А.​Александровіча, некат. артыкулы С.​Будзінскага, М.​Клімковіча, А.​Кучара, выступленні Л.​Бэндэ супраць Я.​Купалы і Я.​Коласа. У паэт. форме П. звычайна бытуюць ананімна.

А.​М.​Андрэеў, М.​М.​Барсток.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАПІСЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ,

спецыяльныя статыстычныя абследаванні, якія фіксуюць поўны ўлік і характарыстыку адзінак вывучаемай сукупнасці. Уключаюць: суцэльную рэгістрацыю адзінак, што складаюць якую-н. з’яву; правядзенне назіранняў на пэўны момант Часу; максімальна кароткі тэрмін П.с.; запіс сабраных звестак у спец. фармуляр (перапісны ліст); перыядычнасць П.с. з мэтай супастаўлення вынікаў. Адрозніваюць П.с. перыядычныя (перапісы насельніцтва, рэдкіх металаў, вагонаў і інш.); неперыядычныя, або разавыя (асн. фондаў, работнікаў, жыллёвага фонду і інш.), прамысловыя (абследаванні прадпрыемстваў), сельскагаспадарчыя (збор звестак пра элементы с.-г. вытв-сці), гнездавыя (некат. групы насельніцтва, пэўныя тэрыторыі і інш.).

Улік насельніцтва вядомы са стараж. часоў. У Расіі ў 1638 праведзены першы перапіс промыслаў і заняткаў насельніцтва, царк. прыходаў. У 18 ст. для перапісаў распрацоўваліся спец. праграмы і інструкцыі; П.с. рэгістраваліся ў спец. кнігах (пісцовых, дарожных. межавых). Пасля рэформы 1861 праводзіліся перапісы для ацэнкі эканам. патэнцыялу, становішча краіны: сялянскіх абшчын, ваенна-конныя, абследаванне саматужнай прам-сці і інш. У 1916 зроблены 1-ы с.-г. перапіс. Пасля 1917 праводзіліся перапісы камунальных прадпрыемстваў, матэрыяльных рэсурсаў, аб’ектаў буд-ва, пасяўных плошчаў, пладова-ягадных насаджэнняў, жывёлы, с.-г. тэхнікі і інш.

На Беларусі ў 1900-я г. праводзіліся П.с.: неўстаноўленага абсталявання і асн. фондаў (практычна кожны год), жывёлы ў грамадскіх гаспадарках і ў насельніцтва, садоў і садовых пладова-ягадных культур (1998), прыватных гандл. прадпрыемстваў і аб’ектаў незавершанага буд-ва (2000). У інш. краінах П.с. праводзяцца пераважна для ўліку насельніцтва. У міжнар. статыстыцы вядомы сусв. перапіс насельніцтва і перапіс валют.

В.​М.​Тамашэвіч.

т. 12, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На Пн Мінскай і Пд Віцебскай абласцей, у складзе Мінскага ўзвышша. Абмежавана Нарачана-Вілейскай і Верхнебярэзінскай нізінамі на З і У, скразнымі далінамі рэк Вілія—Поня на Пн і Ілія—Гайна на Пд. Найб. выш. 296 м (у паўд. ч.). Частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў.

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. На фундаменце залягаюць адклады сярэдняга дэвону, перакрытыя антрапагенавай тоўшчай. Сярэдняя магутнасць антрапагенавых адкладаў 110—120 м. Прадстаўлены ледавіковымі, водналедавіковымі і міжледавіковымі (алювіяльнымі, азёрнымі, балотнымі, схілавымі) утварэннямі. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

Сучасны градава-ўзгорысты і ўзгорыста-ўвалісты рэльеф узвышша сфарміраваўся ў выніку ледавіковай акумуляцыі ў час сожскага зледзянення і пазнейшай эразійна-дэнудацыйнай перапрацоўкі ў познім атрапагене і галацэне. Вылучаюцца 3 паласы град. Знешнія грады насыпныя, спадзістыя; унутраныя і цэнтр. з лускавата-насоўнымі і складкавымі гляцыядыслакацыямі. Трапляюцца озы і камы. На Пд, на прыўзнятых участках, рэльеф буйнаўзгорысты. Узвышша праразаюць стараж. лагчыны сцёку, якія часткова наследаваны сучаснымі рэкамі. На зах. схіле — рэкі Дзвінаса, Ілія (прытокі Віліі), на ўсх. — Гайна і Цна (бас. Бярэзіны). Даліны рэк неглыбокія, слабатэрасаваныя, месцамі забалочаныя. На р. Дзвінаса Плешчаніцкае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад лесам 50% тэрыторыі, на Пн вял. хваёвыя і ялова-хваёвыя масівы, цэнтр. ч. пад яловымі зеленамошна-кіслічнымі лясамі з дамешкам шыракалістых парод, паўд.ч. — з участкамі ялова-хваёвых бруснічна-мохавых і чарнічных лясоў. У поймах рэк трапляюцца чорнаальховыя лясы.

М.​А.​Вальчык.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭФІ́РЫ,

сінтэтычныя палімеры, якія ў асн. ланцугу макрамалекулы маюць простую эфірную C—O—C (простыя П.) ці складанаэфірную —C(O)O— групу (складаныя П.).

Паводле прыроды вуглевадароднага фрагмента асн. ланцуга падзяляюць на аліфатычныя і араматычныя. Простыя П. атрымліваюць катыённай полімерызацыяй цыклічных аксідаў ці полікандэнсацыяй, складаныя — поліэтэрыфікацыяй (полікандэнсацыя, якая прыводзіць да ўтварэння ў макрамалекуле складанаэфірных сувязей) дыкарбонавых кіслот ці іх вытворных (дыэфіраў, дыхлорангідрыдаў) з гліколямі або паліоламі. Простыя П. — цвёрдыя крышт. ці шклопадобныя рэчывы. Аліфатычныя маюць нізкія т-ры плаўлення (ад 40 да 180 °C). найб. тэрмаўстойлівыя поліэтылен- і поліпрапіленаксіды раскладаюцца пры t > 300 °C. Раствараюцца ў вадзе (акрамя поліфармальдэгіду; за выключэннем поліэтыленаксіду растваральнасць П. памяншаецца з павелічэннем іх малекулярнай масы), хлараваных і араматычных вуглевадародах, эфірах, кетонах; гідралізуюцца к-тамі. Араматычныя не раствараюцца ў вадзе, устойлівыя ў растворах шчолачаў і кіслот; тэрмаўстойлівыя (раскладаюцца пры т-ры 350—400 °C). Найб. шырока выкарыстоўваюць поліфармальдэгід, поліэтылен- і поліпрапіленаксіды, пентапласт, полівінілацэталі. Складаныя П. — высокавязкія вадкасці ці цвёрдыя аморфныя або крышт. рэчывы. шчыльн. 900—1500 кг/м³, мал. м. (0,5—500) 10​3 (для аліфатычных меншая за 50 тыс.). Звычайна не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў арган растваральніках. Найб. тэрмаўстойлівыя — поліарылаты (складаныя П. двухатамных фенолаў і дыкарбонавых кіслот) раскладаюцца пры т-ры вышэй за 300 °C. Уступаюць у рэакцыі, характэрныя для складаных эфіраў. Найб. пашыраны алкідныя смолы, поліэтылентэрэфталат, поліарылаты (у т. л. полікарбанаты), П. малеінавай і фумаравай кіслот (гл. Поліэфірныя смалы) і поліэфірурэтаны (гл. Поліурэтаны).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛК,

воінская часць; арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва узбр. сілах шэрагу дзяржаў. Прызначаны для выканання баявых задач у складзе злучэнняў і самастойна; у залежнасці ад прыналежнасці да роду войск (сіл), спец. войск можа весці агульнавайск., паветр., марскі, проціпаветр. бой або забяспечваць баявыя дзеянні (напр., П. інж. войск, войск сувязі і інш.). У склад П. ўваходзяць органы кіравання (штаб і інш.), некалькі батальёнаў (дывізіёнаў, эскадрылляў), падраздзяленні баявога, матэрыяльнага і тэхн. забеспячэння.

З 10 ст. ў Кіеўскай Русі, пазней у інш. княствах усх. славян П. — асобны атрад, прыведзены князем на поле бою. У 13—14 ст. — баявыя парадкі дзеючай арміі падзяляліся на некалькі П. (напр., перадавы, вялікі, правай рукі, левай рукі, вартавы, засадны, разведвальны). У 14—15 ст. вял. князі ВКЛ стваралі П. для абароны паўд. рубяжоў ад качэўнікаў. У Зах. Еўропе П. існавалі з 16 ст. У 16—18 ст. на Украіне П. наз. ваен. адзінкі і тэр.-адм. акругі (ваен. фарміраванні мелі назву гарадоў і мястэчак па месцы стварэння). У канцы 18—19 ст. шэраг П. рас арміі мелі бел. найменні. Ва Узбр. Сілах СССР П. быў асн. тактычнай адзінкай і, за выключэннем асобных, уваходзіў у склад злучэння. У Вял. Айч. вайну дзейнічалі партыз. П. (гл. Партызанскі полк).

У сучасных арміях некат. краін СНД, у т. л. Беларусі на базе значнай ч. П. створаны батальёны, якія ўваходзяць у склад брыгад; у інш. дзяржавах, напр. ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, — баявыя групы і інш.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ АБ’ЯДНА́НАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ПАРП; Polska Zjednoczona Partia Robotnicza),

створана 15.12.1948 у выніку аб’яднання Польскай рабочай партыі і Польскай сацыялістычнай партыі. 1-ы з’езд ПАРП (снеж. 1948) ухваліў курс на паскораную пабудову ў Польшчы сацыялізму, хуткае развіццё цяжкай прам-сці, каапераванне сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтага ў краіне быў усталяваны рэжым на ўзор тагачаснай сав. мадэлі на чале з 1-м сакратаром ЦК ПАРП Б.Берутам. Пасля выступлення рабочых у Познані (чэрв. 1956) пленум ЦК ПАРП у кастр. 1956 абраў кіраўніком ПАРП У.Гамулку. Была скарэкціравана эканам. лінія (адмова ад прымусовага кааперавання), прыняты меры па дэмакратызацыі паліт. і грамадскага жыцця, што спрыяла стабілізацыі эканомікі і грамадства. Пагаршэнне эканам. становішча ў канцы 1960-х г., забастоўкі на Балт. узбярэжжы ў снеж. 1970 прывялі да адстаўкі Гамулкі і прызначэння ген. сакратаром ЦК ПАРП Э.Герака. Новае кіраўніцтва ПАРП праводзіла палітыку пашырэння знешнеэканам. сувязей Польшчы, што спрыяла эканам. ўздыму краіны ў 1970-я г. Але з пачаткам у 1980 эканам. заняпаду ў грамадстве павялічылася незадаволенасць уладай ПАРП, што выявілася ў масавых забастоўках у жн. 1980 і адхіленні Герака ад пасады. Эканам. крызіс і супрацьстаянне з прафс. аб’яднаннем «Салідарнасць» прымусілі кіраўніцтва ПАРП на чале з В.Ярузельскім увесці ў Польшчы ў снеж. 1981 ваен. становішча. У студз. 1989 у выніку перагавораў з апазіцыяй лідэры ПАРП згадзіліся на правядзенне свабодных выбараў, якія адбыліся ў ліп. 1989. На іх ПАРП страціла большасць у сейме Польшчы. У студз. 1990 11-ы з’езд ПАРП прыняў рашэнне аб самароспуску і стварэнні партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНО́З НАДВО́Р’Я,

навукова абгрунтаванае прадбачанне і разлік будучага стану надвор ’я. Складаюцца на падставе аналізу развіцця буйнамаштабных атм. працэсаў. Адрозніваюць П.н. кароткатэрміновыя (ад некалькіх гадзін да 1—2 сут), доўгатэрміновыя малой заўчаснасці (3—10 сут) і доўгатэрміновыя вял. заўчаснасці (на месяц, сезон). П.н. папярэднічае назіранне (пры дапамозе метэаралагічных станцый, радыёзондаў, радыёлакатараў, метэаралагічных ракет, ШСЗ і інш.), збор і аналіз стану надвор’я. Падставай для распрацоўкі кароткатэрміновых прагнозаў з’яўляецца аналіз сінаптычных карт або выкарыстанне лічбавых метадаў П.н., якія дазваляюць рашаць ураўненні атм. гідрадынамікі і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ. Аналіз гэтых матэрыялаў дае магчымасць выявіць раёны развіцця цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас рознага паходжання, франтоў атмасферных, вызначыць іх эвалюцыю, напрамак і хуткасць перамяшчэння, тэрмадынамічныя ўласцівасці паветраных мас і іх магчымыя змены. У доўгатэрміновых П.н. выкарыстоўваюць розныя стат. сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атм. працэсаў і станам надвор’я. П.н. складаецца па пункце (горад, аэрадром), маршруце (авіяц. траса, марскі шлях) і тэрыторыі (краіна, вобласць, раён). П.н. бываюць агульнага карыстання (для насельніцтва) і спецыялізаваныя (авіяц., аграметэаралагічныя, марскія і інш.). У агульных даюцца звесткі пра прагназіруемыя метэаралагічныя элементы (т-ра, вецер, воблачнасць, ападкі) і небяспечныя з’явы надвор’я (бура, град, галалёд, шквалы і інш.). Спецыялізаваныя прызначаны для розных галін гаспадаркі і складаюцца ў адпаведнасці з іх патрабаваннямі. З П.н. цесна звязаны гідралагічны прагноз. На Беларусі рэгулярнае складанне П.н. на суткі вядзецца з 1931, на 3—6 сут — з 1946, спецыялізаваных — з 1948. П.н. для краіны, абласцей, Мінска і абл. цэнтраў складае аддзел метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРАТУ́РА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

адзіная цэнтралізаваная сістэма дзярж. органаў, якія ажыццяўляюць пракурорскі нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. органамі кіравання мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, юрыд. і службовымі асобамі, грамадзянамі. Сістэму органаў П.Р.Б. узначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. У сістэму ўваходзяць рэсп. пракуратура, якая з’яўляецца цэнтр. апаратам, пракуратуры абласцей і г. Мінска, раёнаў (гарадоў), ваен., транспартныя і інш. спецыялізаваныя пракуратуры. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. заканадаўчымі актамі. Органы П.Р.Б. ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы незалежна ад органаў дзярж. улады і кіравання. Пракурорскія работнікі не могуць займацца паліт. дзейнасцю.

На Беларусі пракуратура засн. пастановай ЦВК БССР ад 26.6.1922 з адначасовым прыняццем Палажэння аб пракурорскім наглядзе. Напачатку яна існавала на правах аддзела Наркамата юстыцыі і яе ўзначальваў нар. камісар юстыцыі, адказны перад Прэзідыумам ЦВК БССР і падсправаздачны яму. Са снеж. 1922 да 1936 ішоў працэс цэнтралізацыі органаў пракуратуры, ператварэння іх ва ўсесаюзны орган. Канстытуцыя СССР 1936 замацавала новую сістэму органаў пракуратуры, канкрэтызавала задачы і асновы дзейнасці пракурорскага нагляду. Канстытуцыя БССР 1937 аднавіла і ўдакладніла гэтыя палажэнні адносна да Пракуратуры БССР, якая стала састаўной часткай Пракуратуры СССР. З распадам СССР (1991) Пракуратура СССР перастала існаваць. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь на базе існуючых на Беларусі органаў пракуратуры ўтварыў іх адзіную сістэму — П.Р.Б.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ТРА́НСПАРТ,

вытворчы транспарт прамысл. прадпрыемстваў, які ажыццяўляе перамяшчэнне прадметаў і прадуктаў працы ў сферы вытв-сці. Падзяляецца на знешні, унутрызаводскі і ўнутрыцэхавы. Аснашчэнне П.т. ўключае рухомы састаў, цягавыя сродкі, збудаванні, пуці, пагрузачна-разгрузачныя механізмы, сродкі сувязі і сігналізацыі, прылады для рамонтных і дапаможных работ. Асн. віды П.т.: чыгуначны, бязрэйкавы, бесперапынны, падвясны. Чыгуначны бывае шырокай каляіны, які выкарыстоўваецца на найб. прадпрыемствах, буд. арг-цыях, гандл. базах, халадзільніках і інш., і вузкай каляіны, які характэрны ў асноўным для торфапрадпрыемстваў. Даўжыня чыг. пуцей прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі ў 1998 складала 3903 км, на іх перавезена 103,9 млн. т. грузаў, а грузаабарот склаў 710,6 млн.т/км. Да бязрэйкавага П.т. адносяцца аўтамабілі, цягачы з прычапнымі цялежкамі, электракары, гусенічныя машыны. Ён выкарыстоўваецца на прадпрыемствах будаўніцтва, прам-сці буд. матэрыялаў, пры складскіх трансп. работах. У 1998 даўжыня ведамасных аўтадарог у Рэспубліцы Беларусь складала 58,7 тыс. км, з іх 31,6 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Толькі аўтамаб. ведамасным транспартам у 1998 перавезена 210,2 млн. т грузаў, а грузаабарот склаў 7282 млн. т/км. Да бесперапыннага П.т. адносяцца канвееры для перамяшчэння сыпкіх і штучных грузаў, пнеўматычны транспарт (для сыпкіх і пылападобных грузаў) і гідраўлічны — для перамяшчэння грузаў на абагачальных ф-ках, пры гідратэхн. работах (намыўка дамбаў, паглыбленне вадаёмаў, рэчышчаў рэк і г.д.). Напр., на салігорскіх калійных камбінатах, канвеерным П.т. кожны год перамяшчаецца каля 11 млн. т руды. Падвясны П.т. прадстаўлены канатнымі падвяснымі дарогамі, якія выкарыстоўваюцца для дастаўкі сыравіны на прадпрыемствы і вывазкі гатовай прадукцыі.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТУА́ЦЫЯ (позналац. punctuatio ад лац. punctum кропка),

1) сістэма знакаў прыпынку і правіл іх выкарыстання; пастаноўка знакаў прыпынку ў тэксце.

2) Практычная лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае асновы (прынцыпы) пастаноўкі знакаў прыпынку, іх фарміраванне і развіццё.

Знакі прыпынку паказваюць на сэнсавыя адносіны паміж часткамі выказвання, дапамагаюць правільна чытаць і разумець пісьмовы тэкст. Пастаноўка знакаў прыпынку заснавана на сэнсавым, структурна-грамат. (сінтакс.) і інтанацыйным прынцыпах, якія звычайна сумяшчаюцца з перавагай сэнсавага. Так. пастаноўка паміж ч. бяззлучнікавага сказа коскі або працяжніка ці двукроп’я поўнасцю залежыць ад семантыкі сказа, тых сэнсавых адносін, што ўстанаўліваюцца паміж яго часткамі. У сказе «У гэтым годзе добра родзіць: дождж і сонца ў госці ходзяць» (Я.​Пушча) двукроп’ем абазначаны прычынна-выніковыя адносіны паміж ч. бяззлучнікавага складанага сказа з паказаннем на прычыну ў 2-й яго частцы; «У гэтым годзе добра родзіць, дождж і сонца ў госці ходзяць» — коска паказвае пералічэнне. Пры рознай П. гэты сказ па-рознаму чытаецца і чуецца: двукроп’е як знак большай выяўленчай сілы абазначае працяглую паўзу. Аднак у любым выпадку знак прыпынку паказвае на сінтакс. структуру сказа, аддзяляе (выдзяляе) яго часткі. Нарматыўнасць П., аднолькавае разуменне знакаў прыпынку мае вял. сац. значэнне: садзейнічае лепшым зносінам паміж тым, хто піша, і тым, хто чытае.

Літ.:

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982. Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі Б.м., 1993.

П.​У.​Сцяцко.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)