«ПО́РШЭ»

(Porsche),

сям’я спартыўных і турыстычных аўтамабіляў аднайменнай герм. фірмы. Выпускаецца з 1948. Вырабляюцца мадэлі задне- ці поўнапрывадныя з кузавамі тыпу купэ і кабрыялет. Магутнасць рухавіка да 316 кВт, найб. скорасць да 295 км/гадз.

«Поршэ» мадэль Карэра серыі 911.

т. 12, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖАВЫ АЛЕ́Й,

эфірны алей з пялёсткаў ружы (Rosa damascena). Вязкая жаўтаватая вадкасць з пахам ружы, шчыльн. 848—861 кг/м³ (30 °C). Практычна нерастваральны ў вадзе; раствараецца ў этаноле. Асн. кампаненты — цытранелол, гераніёл, нерол, фенілэтылавы спірт. Выкарыстоўваюць як кампанент парфумерных кампазіцый.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЛЯ́К,

устойлівае павелічэнне памераў шчытападобнай залозы без прыкмет запалення і злаякаснага пераўтварэння. Адзін з асн. сімптомаў розных па этыялогіі і клінічных праявах хвароб. Прычына ўзнікнення валляка дыфузнага таксічнага (тырэатаксікоз) дакладна не выяўлена. Яе звязваюць з ператамленнем, нерв. перанапружаннем, перанесенымі вострымі інфекцыямі, псіхічнымі траўмамі і інш. фактарамі, у т. л. спадчыннымі. Найчасцей хварэюць жанчыны. Валляк спарадычны (нетаксічны) працякае звычайна без яўных парушэнняў функцыі шчытападобнай залозы. Пры значным павелічэнні залозы магчымы расстройствы дыхання (сціскаюцца трахеі), глытання (сціскаецца стрававод), расшырэнне вен твару, шыі (з прычыны сціскання крывяносных сасудаў). Валляк эндэмічны пашыраны ў геагр. зонах з малой колькасцю ёду ў асяроддзі (вада, глеба, прадукты харчавання; у Беларусі на Палессі) і яго дэфіцытам для сінтэзу і сакрэцыі тырэоідных гармонаў. Лячэнне медыкаментознае ці хірургічнае.

Л.​Д.​Чайка.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́БА, Волаба,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².

Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 мзах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КНЫ ПРЫРО́ДНЫЯ, валокны натуральныя,

тэкстыльныя валокны расліннага, жывёльнага і мінер. паходжання для вырабу пражы.

Раслінныя валокны прыродныя (баваўняныя, ільняныя, канапляныя, джутавыя і інш.) складаюцца з цэлюлозы, якой спадарожнічаюць геміцэлюлоза і лігнін. Вылучаюць з насення, лісця ці сцёблаў раслін. Выкарыстоўваюць у вытв-сці тканін, трыкатажу, нятканых вырабаў, швейных нітак, вяровак, канатаў. Жывёльныя валокны прыродныя — шэрсць (валокны валасянога покрыва авечак, коз і інш.) і шоўк (валокны з выдзяленняў залоз вусеняў тутавага і інш. шаўкапрадаў); іх асновай з’яўляецца бялок — керацін. Шарсцяныя валокны маюць нізкую цеплаправоднасць, эластычныя, гіграскапічныя, але нетрывалыя. Выкарыстоўваюць для вытв-сці касцюмных, палітовых тканін, трыкатажу, лямцавых вырабаў. Шоўк мае высокую трываласць, эластычнасць, гіграскапічнасць, лёгка фарбуецца. З яго вырабляюць тонкія плаццевыя і бялізнавыя тканіны. Мінеральныя валокны прыродныя — азбест.

М.​Р.​Пракаачук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАШЫ́ЛАЎ (Клімент Яфрэмавіч) (4.2.1881, с. Верхняе Луганскай вобл., Украіна — 2.12.1969),

савецкі парт., дзярж. і ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1935). Двойчы Герой Сав. Саюза (1956 і 1968), Герой Сац. Працы (1960). У грамадз. вайну камандзір і чл. РВС шэрагу армій і франтоў. З 1925 нарком абароны СССР. З 1940 нам. старшыні СНК СССР, з 1946 — СМ СССР. Чл. Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС у 1926—60. У 1953—60 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Уваходзіў у бліжэйшае паліт. акружэнне І.​В.​Сталіна, адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных. Уваходзіў у т.зв. антыпартыйную групу (В.​М.​Молатаў, Л.​М.​Кагановіч, Г.​М.​Малянкоў і інш.), аднак на пленуме ЦК КПСС (чэрв. 1957) прызнаў свае памылкі і асудзіў фракцыйныя дзеянні.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСА́ДЗЕ (Акакій Аляксеевіч) (6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),

грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.​Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз. т-ра імя Л.​Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз. т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.​Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.​Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.​Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 9.1.1952, Мінск),

бел. фалькларыст і этнограф. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел. пед. ун-це імя М.​Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.​Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.​Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАЦО́Ў (Сцяпан Сяргеевіч) (29.12.1883, в. Вастрацова Бураеўскага р-на, Башкортастан — 3.5.1932),

ваенны дзеяч. Скончыў Ваен.-акад. курсы вышэйшага каманднага складу РСЧА (1924). З 1906 у арміі. За рэв. агітацыю сярод салдат у 1910 зняволены на 3 гады ў турму. У 1-ю сусв. вайну прапаршчык, узнаг. 3 Георгіеўскімі крыжамі. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандзір палка на Усх. і Зах. франтах, удзельнічаў у вызваленні ад польскіх войск Смалявіч, Мінска, Баранавіч, Ваўкавыска, Слоніма. У 1922 камандаваў групай войск пры вызваленні Прымор’я, у 1923 — экспедыцыяй па ліквідацыі войск ген. Пепяляева. У 1924—28 камандаваў дывізіямі на Беларусі. З 1929 камандзір корпуса, удзельнічаў у ліквідацыі канфлікту на Кітайска-Усх. чыгунцы. Чл. ЦВК БССР (1927—29). Адзін з першых кавалераў 4 ордэнаў Чырв. Сцяга.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬЦАВА́ННЕ (ад ням. wälzen качаць, перакочваць),

перапрацоўка поліметал. адходаў металургічнай вытв-сці (шлакаў свінцовай, меднай і алавянай вытв-сці, цвёрдых рэшткаў цынкавай вытв-сці) з мэтай дадатковага атрымання металаў. Прадукты вельцавання — узгоны свінцу, цынку, волава і інш. металаў, а таксама клінкер, які мае звычайна медзь.

У працэсе вельцавання адходы змешваюцца са здробненым палівам (коксам, антрацытам і інш.) і награюцца ў гарыз. вярчальных печах да т-ры 1100—1300 °C. Лятучыя металы (перш за ўсё цынк) пад уздзеяннем т-ры аднаўляюцца з вокіслаў, выпараюцца і зноў акісляюцца кіслародам паветра і вуглякіслым газам. Вокіслы ўлоўліваюцца ў фільтрах, пасля чаго з іх вылучаюць металы. Медзь, жалеза і інш. нелятучыя металы, якія застаюцца ў цвёрдым стане, выплаўляюць (на плавільных з-дах).

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)