АПАБІЯСФЕ́РА (ад апа... + біясфера),
слаі атмасферы (вышэй за 60—80 км), у якія ніколі, нават выпадкова, натуральным шляхам не падымаюцца жывыя арганізмы і куды біягенныя рэчывы заносяцца толькі ў вельмі невял. колькасці. Структурная частка мегабіясферы.
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ПАТ,
вадкасць, што прасочваецца з дробных крывяносных сасудаў у тканкі ці поласці цела пры запаленнях (эксудат), ацёках (трансудат). Змяшчае бялок, лейкацыты, часта — мікробы, якія выклікаюць запаленчы працэс. Пры своечасовым і правільным лячэнні выпат поўнасцю расходзіцца.
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАБІЁНТЫ [ад гала... + біёнт(ы)],
арганізмы, якія жывуць у перасоленых вадаёмах (напр., азёры Баскунчак, Эльтон; Мёртвае і Чырвонае м.). Найб. тыповыя галабіёнты — зялёная водарасць дуналіела, сіне-зялёная водарасць хлараглея, калаўротка Brachionus mülleri, рачок артэмія, лічынкі некат. насякомых і інш.
т. 4, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКСО́НІЙ, гідроній-катыён,
адратаваная форма іона вадароду (пратона), H3O+. Утвараецца па донарна-акцэптарным механізме пры ўзаемадзеянні пратона з малекулай вады. Існуе ў водных растворах кіслот. Удзельнічае ў многіх рэакцыях (напр., гідролізе), якія каталізуюцца к-тамі.
т. 5, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
мінералы, якія ўзнікаюць у зоне гіпергенезу пры нізкіх т-рах і цісках, пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў (гл. Гіпергенныя працэсы). Уключаюць гліністыя мінералы, гідраксіды, солі кіслародных кіслот (сульфаты, нітраты і г.д.).
т. 5, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮО́НЫ (ад англ. glue клей),
электрычна нейтральныя часціцы з нулявой масай спакою і спінам 1, якія характарызуюцца спецыфічным квантавым лікам — ко́леравым зарадам (колерам). Глюоны з’яўляюцца пераносчыкамі моцнага ўзаемадзеяння паміж кваркамі і «склейваюць» іх у адроны.
т. 5, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЫНЯ́ ХВА́ЛІ,
найменшая адлегласць паміж пунктамі сінусаідальнай хвалі, якія вагаюцца ў аднолькавай фазе (зрух фаз роўны 2π). Д.х. α звязана з частатой v і фазавай скорасцю хвалі c суадносінамі: λ = c/ν. Гл. таксама Хвалі.
т. 6, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬ-ТРАЛЕЙВО́З,
грузавая транспартная машына з электрарухавікамі, якія сілкуюцца ад кантактнага проваду, і дызелем, што выкарыстоўваецца на ўчастках, дзе пракладка кантактнага проваду немэтазгодна. Д.-т. прызначаны для перамяшчэння парод у кар’ерах і для інш. мэт.
т. 6, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯЦЫ́ДЫ,
хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для знішчэння «сорных» відаў рыб у невял. вадаёмах; адносяцца да заацыдаў. Выкарыстанне І. патрабуе дакладнай дазіроўкі, інакш можа прывесці да адмоўных экалагічных наступстваў ці стаць прычынай хім. забруджвання водных аб’ектаў.
т. 7, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯГРА́ФІЯ (ад кардыя... + ...графія),
метады графічнай рэгістрацыі сардэчнай дзейнасці, якія дапамагаюць удакладніць дыягназ хвароб. Аб’ядноўвае шэраг методык даследавання сэрца. У клінічнай практыцы найчасцей выкарыстоўваюць электракардыяграфію, эхакардыяграфію, фонакардыяграфію і рэакардыяграфію. Робяць К. спец. электроннымі прыборамі — кардыёграфамі.
т. 8, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)