СВІНГ (англ. swing узмах, раскалыхванне),

1) асобны выразны сродак у джазе, тып метрарытмічнай пульсацыі, заснаваны на пастаянных адхіленнях ад апорных метрычных доляў, які стварае эфект няўстойлівай раўнавагі.

2) Стыль джаза ў выкананні біг-бэнда, дзе свабодная імправізацыя саступае месца ігры па натаваных аранжыроўках. Сярод прадстаўнікоў — Б.Гудмен, Г.Мілер, К.​Бейсі.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРАЗНА́Я ДАЛІ́НА, даліна прарыву,

вузкія і глыбокія ўчасткі рачных далін, якія праразаюць горныя хрыбты (на ўсю шырыню) або ўзвышшы. Узнікаюць пры гораўтварэнні або падняцці ўчастка зямной паверхні, у які рака ўразаецца ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі, а таксама ў выніку прарыву вады з прыледавіковых азёр праз найб. нізкае месца ўзвышша.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНДЫ́СТЫ,

навуковае таварыства бельгійскіх езуітаў, што рэдагуе і выдае жыціі святых каталіцкай царквы. Засн. ў Антверпене Ж.​Боландам, які ў 1643 пачаў выдаваць «Жыціі святых» (Acta Sanctorum; да 1942 выйшла 67 т.). Выдаюць таксама штоквартальнік Analekta bollandiana (з 1882) і бюлетэнь бягучых агіяграфічных выданняў (з 1886). Цэнтр т-ва ў Бруселі.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (4.3.1874, с. Беражняны Смаленскай вобласці — 10.2.1914),

расійскі радыехімік. Скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т (1902). З 1903 працаваў там жа. З 1912 у Галоўнай палаце мер і вагі ў Пецярбургу. Сфармуляваў «закон Барадоўскага», які дазваляе вызначыць ат. масы элементаў-ізатопаў. Даследаваў радыяц. астаткі ферганскіх рудаў, знайшоў у іх радый.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАШЭ́ (франц. attache літар. прымацаваны),

1) дыпламатычны ранг, які прысвойваецца супрацоўнікам міністэрстваў замежных спраў.

2) Штатная пасада ў пасольствах і місіях. У міжнар. дыпламат. практыцы існуюць спец. аташэ: гандлёвы, фін., ваенны, па пытаннях культуры, друку (прэс-аташэ) і інш. Усе аташэ ўключаюцца ў склад дыпламат. прадстаўніцтва і карыстаюцца дыпламат. прывілеямі.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТСА́ЙДЭР (ад англ. outsider пабочны),

1) катэгорыя дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, якія займаюць нязначнае месца на рынку і не ўваходзяць у манапалістычныя аб’яднанні.

2) Суднаходнае прадпрыемства, якое не з’яўляецца членам лінейных канферэнцый і працуе паралельна (канкурыруе) з лінейнымі суднаходнымі кампаніямі.

3) Спартыўны калектыў, спартсмен, які займае апошняе месца ў спаборніцтвах.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТЭНТЫ́ЧНЫ ТЭКСТ (ад грэч. authentikos сапраўдны),

дакладны, заснаваны на першакрыніцы тэкст якога-небудзь дакумента, твора (складзены, як правіла, на інш. мове). У міжнар. праве — тэкст міжнар. дагавора, які дзяржавы — удзельніцы дагавору разглядаюць як асноўны, дакладны тэкст арыгінала. Калі дагавор складаецца на некалькіх мовах, то ўсе тэксты на гэтых мовах абвяшчаюцца аўтэнтычнымі.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕТАТО́Н (егіп. «Гарызонт Атона»),

горад у Стараж. Егіпце, рэзідэнцыя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), цэнтр культу бога Атона. Знаходзіўся каля Тэль-эль-Амарны. Пабудаваны ў 1-й пал. 14 ст. да нашай эры на краі пустыні. Пакінуты яго жыхарамі пры фараоне Тутанхамоне. Пры фараоне Харэмхебу, які канчаткова знішчыў культ Атона, горад разбураны.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭ́ЦЫЙ (Флавій) (Flavius Aëtius; каля 390, г. Сілістра, Балгарыя — 21.9.454),

палкаводзец Зах. Рымскай імперыі. З 425 патрыцый, неаднаразова выбіраўся консулам. Пад яго камандаваннем у 451 у бітве пры Каталаунскіх палях рым. войскі і іх саюзнікі разграмілі гунаў пад кіраўніцтвам Атылы. Забіты імператарам Валенцініянам III, які баяўся ўмацавання ўлады і аўтарытэту Аэцыя.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСКВІ́Т (франц. biscuit ад лац. bis coctus двойчы спечаны),

1) непакрыты палівай фарфор, які найчасцей выкарыстоўваюць для стварэння фарфоравай мяккай пластыкі. З сярэдзіны 18 ст. ў Германіі, пазней у Расіі, Францыі, Даніі з бісквіту выраблялі настольныя скульпт. фігуры і групы.

2) Кандытарскі выраб; печыва з мукі, узбітых яек, цукру і інш.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)