«ВІ́ШАНЬКА»,
бел. нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.
т. 4, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,
чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.
т. 4, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ГА (франц. garique, garrigue, праванс. garriga),
зараснікі нізкарослых, пераважна вечназялёных дрэў і кустоў (кермесавы дуб, карлікавая пальма, дрок, размарын, фісташка і інш.). Пашырана ва ўмовах субтрапічнага міжземнаморскага клімату, асабліва ў раёнах Зах. Міжземнамор’я. Фарміруецца на сухіх камяністых схілах ніжняга пояса гор, звычайна на месцы зведзеных цвердалістых лясоў, дзе часам ператвараецца ў фрыгану. Ад маквісу адрозніваецца меншай вышынёй (2—3 м) і большай разрэджанасцю.
т. 5, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЖМА,
рака ў Рэспубліцы Комі Рас. Федэрацыі, левы прыток р. Пячора. Даўж. 531 км, пл. басейна 31 тыс. км² Пачынаецца ў паўд. ч. Ціманскага кража, цячэ па Пячорскай нізіне. Буйныя прытокі: Ухта (злева), Айюва, Сэбысь (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з сярэдзіны ліст. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход за 154 км ад вусця 203 м³/с. Суднаходная на 321 км ад вусця.
т. 7, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ МА́СЛА,
дыстылятнае нафтавае масла малой і сярэдняй вязкасці. Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял пераважна ў вузлах трэння станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, тэкст. машын, вентылятараў, помпаў і інш. механізмаў, а таксама як аснову пры прыгатаванні гідраўл. вадкасцей, пластычных і тэхнал. змазак. Вырабляюць І.м. з комплексам прысадак (антыакісляльнай, антыкаразійнай і інш.), якія захоўваюць дэталі ад іржаўлення, зніжаюць іх знос, павялічваюць даўгавечнасць вузлоў трэння.
т. 7, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААТЫ́НГА (партуг. caatinga, на мове індзейцаў тупі caa лес, tinga белы, светлы),
ландшафт паўпустынных нізкарослых (да 8—10 м) ксерафітных трапічных рэдкалессяў на ПнУ Бразільскага пласкагор’я ў Паўд. Амерыцы. Пераважаюць драбналістыя дрэвы і хмызнякі са шматлікімі калючымі і пякучымі формамі. Шмат сукулентаў, пераважна кактусы і агавы, характэрна т. зв. бутэлечнае дрэва. У час доўгатэрміновай засухі (8—9 месяцаў) многія дрэвы скідваюць лісце.
т. 7, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЫЛЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА.
На Пн Гомельскага, З Веткаўскага і Пд Буда-Кашалёўскага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы р. Сож. Нізіннага тыпу. Пл. 6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,5 тыс. га. Глыб. торфу да 5,4 м, сярэдняя 2 м. На асушаных участках вырошчваюць пераважна шматгадовыя травы. Неасушаныя ўчасткі пад хмызнякамі і асокамі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. Трапляюцца пясчаныя астравы і грады.
т. 7, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЕ́РА (Kagera),
рака ва Усх. Афрыцы, у Руандзе, Танзаніі і Угандзе (часткова на мяжы паміж імі), лічыцца вытокам р. Ніл. Даўж. ад месца зліцця рэк Ньяваронга і Рувуву 420 км, ад вытоку р. Рукарара каля 800 км. Цячэ пераважна ў шырокай забалочанай даліне, упадае ў воз. Вікторыя. Сярэдні гадавы расход вады 1500 м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні на 160 км.
т. 7, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДА́КХ,
горны хрыбет на Пн ад Вял. Гімалаяў, у басейне р. Інд, у Індыі і Кітаі. Даўж. больш за 600 км. Выш. да 7728 м (г. Гурла-Мандхата). Складзены пераважна з гнейсаў і гранітаў. На выш. 5500—5700 м паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца зубчастыя грабяні са снежнікамі і ледавікамі. На паўд.-зах. схілах хмызняк, на паўн.-ўсх. ландшафты халодных пустынь.
т. 9, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТГА́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
на ПдУ Латвіі, у бас. рэк Даўгава, Дубна, Малта, Рэзекне. Выш. да 289 м (г. Ліелайс-Ліепукалнс). У аснове складзена пераважна з мергеляў і даламітаў дэвону, на паверхні — рыхлыя марэнна-гліністыя старажытнаазёрныя і флювіягляцыяльныя адклады. Рэльеф марэнна-ўзгорысты (камы, стараж. даліны сцёку, азёрныя катлавіны). Больш за 600 азёр (Рушану, Рэзнас, Сівера, Эжа, Дрыдза і інш.). Хваёвыя і мяшаныя лясы. Ільнаводства. Турызм.
т. 9, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)