МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д ВЕНТЫЛЯЦЫ́ЙНЫХ ЗАГАТО́ВАК.

Пабудаваны ў 1976 у Магілёве. Складаецца з 2 асн. цэхаў: па вырабе сістэм вентыляцыі і цэха металаканструкцый вентылятараў і вентыляцыйных вырабаў. Мае таксама ўчасткі па вырабе тавараў нар. ўжытку і паслуг насельніцтву. Асн. прадукцыя (1999): паветраводы і фасонныя часткі да іх, цэнтрабежныя і восевыя вентылятары, паветраразмеркавальнікі, шумаглушыцелі, прыточныя камеры і агрэгаты, заслонкі, клапаны ўсіх тыпаў, коміны і інш.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (16.2.1874, С.-Пецярбург — 4.12.1928),

расійскі гістолаг. Скончыў Ваен.-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1896, у 1903—22 праф.). З 1928 праф. Чыкагскага ун-та (ЗША). Навук. працы па гісталогіі злучальнай тканкі і гістагенезе крыві. Стварыў тэорыю гістагенезу крыві, зрабіў класічнае абагульненне звестак па злучальных і крывятворных тканках. Правёў эксперым. даследаванні злучальнай тканкі пры запаленнях, паказаў значэнне свабодных макрафагаў (назваў іх палібластамі).

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЧЭ́НСКАЯ (Людміла Рыгораўна) (н. 29.5.1937, с. Іванаўскае Істрынскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). Настаўнічала. З 1969 выкладае ў БДУ. Навук. працы па сацыялінгвістыцы, гісторыі рус. і бел. моў, іх узаемаадносінах. Аўтар манаграфіі «Як беларусы гавораць па-руску? Варыянты роду назоўнікаў у рускім маўленні беларусаў» (1992), шматлікіх артыкулаў.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ДЫ (ад грэч. plastides якія ўтвараюць ад plastos вылеплены),

цытаплазматычныя структуры (арганоіды) расліннай клеткі. Кожная пластыда абмежавана дзвюма мембранамі. Разнастайныя па форме, памерах, будове, функцыі. Па афарбоўцы адрозніваюць П. зялёныя — хларапласты, жоўта-аранжавыя і чырв. храмапласты і бясколерныя — лейкапласты. Магчымы ўзаемныя пераўтварэнні. Звязаны паміж сабой адзіным паходжаннем. Звычайна ў клетцы знаходзіцца адзін з вызначаных трох тыпаў. Сукупнасць усіх П. клеткі наз. пластыдома.

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВОРАПО́МПА,

стацыянарная або перасоўная машына для перапампоўвання будаўнічых раствораў (гал. чынам тынкавальных) да месца выкарыстання. Растворы транспартуюцца плунжэрнай помпай па верт. трубаправодзе на выш. да 40 м, па гарыз. да 200 м. Р. выкарыстоўваецца і для нанясення тынкавальнага слоя з дапамогай фарсунак на сцены і столь, нагнятання раствораў у поласці швоў пры рамонце будынкаў, тунэляў, буравых свідравін, а таксама пры нанясенні ізаляцыйных масцік.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙДЭНБАЎМ ((Veidenbaums) Эдуард) (3.10.1867, хутар Глазніекі Цэсіскага р-на, Латвія — 24.5.1892),

латышскі паэт. У 1887—92 вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (памёр у час выпускных экзаменаў). Адзін з найб. папулярных паэтаў у асяроддзі па-рэвалюцыйнаму настроенай інтэлігенцыі і рабочых Латвіі 1890-х гадоў. У паэзіі Вейдэнбаўма — крытыка бурж. маралі і рэлігіі, рэакц. тэндэнцый лат. л-ры, думкі пра хуткацечны час і несправядлівасці жыцця, услаўленне дружбы, хараства прыроды. Вершы Вейдэнбаўма распаўсюджваліся ў рукапісах. У 1908 пісьменнік Э.​Трэйман-Зваргуліс выдаў зборнік яго твораў, за што быў зняволены ў турму. Пісаў нарысы па пытаннях палітэканоміі, права, па механіцы. Перакладаў на лат. мову творы Гарацыя, Ф.​Шылера.

Тв.:

Kopoti raksti. Sej. 1—2. Riga, 1961.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНІ́ЦКІ (Казімір Андрэевіч) (30.11.1788, в. Дагда Даўгаўпілскага р-на, Латвія — 14.7.1878),

пісьменнік, публіцыст, краязнавец. Ганаровы куратар школ Віцебскай губ. У 1842—49 выдаваў час. «Rubon» («Рубон»), супрацоўнічаў у час. «Tygodnik Petersburski» («Пецярбургскі штотыднёвік»), «Athenaeum» («Атэнэум») і інш. Актыўны чл. Віленскай археал. камісіі. Садзейнічаў адкрыццю Віленскага музея старажытнасцей, якому перадаў сваю калекцыю знаходак з Падзвіння і матэрыялы апісання Зах. Дзвіны. Шмат вандраваў па Падзвінні, апісаў значную колькасць населеных пунктаў краю. Апубл. этнагр.-краязнаўчы нарыс «Падарожжа па малых дарогах» (т. 1—2, 1841), аповесці «Сястра Гертруда» (1842), «Новая вандроўка па малых дарогах» (т. 1—2, 1852), «Старая паненка» (1855), якія часткова засн. на бел. матэрыяле. Аўтар вершаванай «Камедыі», апавяданняў і вершаў на польск. мове.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ (Уладзімір Баніфатавіч) (30.1.1834, с. Камсамольскае Вінніцкай вобл., Украіна — 21.3.1908),

украінскі гісторык, археолаг, этнограф, археограф; адзін з заснавальнікаў укр. нац. гістарыяграфіі. Праф. Кіеўскага ун-та (з 1878). У 1863—80 гал. рэд. Часовай камісіі для разбору стараж. актаў у Кіеве, з 1881 старшыня гіст. т-ва Нестара-летапісца. Апублікаваў шэраг мемуарных і эпісталярных крыніц, у т. л. «Дыярыуш» Ф.​Еўлашоўскага, «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з М.​П.​Драгаманавым). Працы па гісторыі Украіны, Беларусі і Літвы склалі зб. «Манаграфіі па гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Расіі» (т. 1, 1885). Аўтар прац па археалогіі Украіны. Падкрэсліваў бяскласавасць і дэмакратызм укр. народа, ідэалізаваў казацтва.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́КУН (Герман Мацвеевіч) (27.8.1922, в. Ясень Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 8.3.1978),

бел. спартыўны дзеяч, трэнер (фехтаванне на шпагах). Майстар спорту СССР (1949), засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1949). З 1950 у Бел. і Мінскім абл. саветах фізкультурна-спарт. т-ва «Дынама», з 1957 у Бел. ін-це фіз. культуры, з 1962 трэнер па фехтаванні Цэнтр. савета саюза спарт. т-ваў і арг-цый БССР. У 1964—77 нам. старшыні К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ БССР. Сярод выхаванцаў А.Ніканчыкаў, Д.Ніканчыкава, А.Паўлоўскі, Т.Самусенка, Ю.Смалякоў, А.Чарнушэвіч і інш. З 1995 праводзіцца міжнар. турнір па фехтаванні памяці Бокуна.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ЎЗЕМНІЕК (Brīvzemnieks; сапр. Трэйланд) Фрыціс

(1.11.1846, воласць Ракайжы, Латвія — 15.9.1907),

латышскі фалькларыст, публіцыст, паэт. Доўга жыў у Маскве. У 1870-я г. па заданні Рускага т-ва антрапалогіі і этнаграфіі правёў экспедыцыю ў Латвію і склаў першыя на рус. мове навук. зб-кі лат. нар. песень («Зборнік антрапалагічных і этнаграфічных матэрыялаў», 1873), прыказак і прымавак («Матэрыялы па этнаграфіі латышскага племя», 1881), казак і паданняў («Латышскія казкі. Зб. матэрыялаў па этнаграфіі», 1887), а таксама першы на лат. мове зборнік казак («Нашы народныя казкі», 1887). Пісаў вершы. Перакладаў на лат. мову творы рус. пісьменнікаў, Ф.​Шылера. Аўтар кнігі пра М.​Ламаносава (1874).

Тв.:

Raksti. Sēj. 1—4. Rīga, 1909—14.

В.​Гудрыке.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)