БРАНЯВЫ́ Леанід Сяргеевіч
(н. 17.12.1928, Кіеў),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Ташкенцкі ін-т тэатр. мастацтва (1950), Школу-студыю МХАТ (1955). На сцэне з 1950. З 1961 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, з 1988 у т-ры «Ленком». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Сярпілін («Салдатамі не нараджаюцца» паводле К.Сіманава). З 1965 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Семнаццаць імгненняў вясны» (Дзярж. прэмія Расіі імя бр. Васільевых, 1976), «Выконваючы абавязкі», «Узброены і вельмі небяспечны», «Той самы Мюнхаўзен», «Пакроўскія вароты», «Нябёсы запаветныя» і інш.
т. 3, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎЭР,
Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.
Я.Ф.Шунейка.
т. 3, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭНЧ
(Brenčs) Алаіз Алаізавіч (н. 6.6.1929, Рыга),
латышскі рэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1986). Скончыў рэжысёрскі ф-т Латвійскай кансерваторыі (1953), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве (1956). У 1954—90 працаваў на Рыжскай кінастудыі. Здымаў дакумент., з 1965 маст. фільмы: «Да восені далёка» (1965), «Калі дажджы і вятры стукаюць у акно» (1968), «24—25 не вяртаецца» (1969), «Трайная праверка» (1970), «Горад пад ліпамі» (1971), «Падарункі па тэлефоне» (1978), «Ралі» (1979), «Двайная пастка» (1989), «Ганна» (1996), а таксама тэлевізійныя шматсерыйныя — «Доўгая дарога ў дзюнах» (1980—81, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Міраж» (1983), «Сям’я Зітараў» (1986).
Л.І.Паўловіч.
т. 3, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРО́НСКІ
(сапр. Надзірадзе) Вахтанг Іванавіч (10.9.1905, Тбілісі — 28.2.1988),
артыст балета і балетмайстар. Нар. арт. СССР (1962). Скончыў Тбіліскую балетную студыю (1923). У 1923—32 саліст т-раў у Растове-на-Доне, Саратаве, Баку, Ташкенце. З 1932 балетмайстар Бакінскага, гал. балетмайстар Адэскага (1940—54), Кіеўскага імя Шаўчэнкі (1954—69) т-раў оперы і балета. Адначасова гал. балетмайстар і маст. кіраўнік кіеўскіх «Балета на лёдзе» (1961—73), Т-ра класічнага балета (1981—86). Сярод пастановак; «Эсмеральда» Ц.Пуні, «Лілея» К.Данькевіча, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Шурале» Ф.Яруліна, «Лясная песня» М.Скарульскага, «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева, «Спартак» А.Хачатурана (1964).
т. 4, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЛЬПЕ
(Вулпе) Іван Мікалаевіч (1.9.1876, г. Балград, Украіна — 26.8.1929),
балгарскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў балг. вак. школы. Скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю (1902), спяваў у Оперным т-ры Зіміна ў Маскве, у гар. т-ры ў Іркуцку. З 1908 жыў у Балгарыі. З 1912 выкладаў у муз. вучылішчы ў Сафіі (з 1921 Дзярж. муз. акадэмія). Удзельнічаў у стварэнні Балг. опернага т-ра (з 1921 Сафійская нар. опера; да 1926 яе саліст). Сярод партый: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Марсель («Гугеноты» Дж.Меербера). Сярод яго вучняў Х.Брымбараў, П.Райчаў, М.Папоў, А.Нікалай.
т. 4, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧЭ́ЦІЧ Яўген Віктаравіч
(28.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 12.4.1974),
рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1959). Акад. АМ СССР (1953). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1931—33). Адзін з афіц. лідэраў сав. мастацтва 1940—70-х г. Аўтар гіпертрафіравана-манум., ашаламляльных па сваіх маштабах і татальнай магутнасці твораў (помнік-ансамбль на Мамаевым кургане ў Валгаградзе, 1963—67, Ленінская прэмія 1970), алегарычных вобразаў (статуя воіна-вызваліцеля ў помніку-ансамблі воінам Сав. Арміі ў Трэптаў-парку ў Берліне, 1946—49; «Перакуем мячы на аралы!» каля будынка ААН у Нью-Йорку, 1957), партрэтаў сав. военачальнікаў (І.Д.Чарняхоўскі, 1945).
А.К.Лявонава.
т. 4, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т АСВЕ́ТЫ,
навуковая і навуч. ўстанова ў СССР у 1931—38. Рыхтавала навук. супрацоўнікаў і выкладчыкаў пед. дысцыплін ВНУ, кіруючых работнікаў органаў нар. асветы. Засн. ў Маскве. Тэрмін навучання 3 гады. Прымаў асоб з партстажам не менш як 7 гадоў (для рабочых 5 гадоў), якія мелі веды ў аб’ёме ВНУ (пед. ін-та, камуніст. ВНУ), вопыт выкладчыцкай ці культ.-асв. і кіруючай работы. Аддзяленні: пед., педалагічнае, аргпланавае, політэхнічнае. Распрацоўваў пед. праблемы, выдаваў навук. працы, прымаў да абароны дысертацыі. Слухачы карысталіся правамі аспірантаў па пед. навуках. Пры ін-це ў 1933 арганізаваны Цэнтр. НДІ педагогікі.
т. 4, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЕ ЗЯРЦА́ЛА»,
сярэдневяковы зборнік дыдактычна-маралізатарскіх царкоўна-рэліг. легенд, свецкіх апавяданняў і нар. анекдотаў; помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. «Вялікае зярцала» перакладзена з польск. тэксту, які ўзыходзіць да лац. арыгінала, выдадзенага ў Галандыі ў 1481. Для бел. перакладу адабрана 60 навел. Некаторыя з іх пазначаны дэмакратызмам і гуманіст. тэндэнцыямі: асуджаюць жорсткасць багацеяў, разбэшчанасць духавенства. З гумарам паказаны адмоўныя рысы чалавечага характару і паводзін. Спалучэнне напружанасці і драматызму дзеяння, жыццёвасці многіх сітуацый з царк.-рэліг. фантастыкай надавала творам зборніка займальнасць і садзейнічала яго папулярнасці.
Літ: Державина О.А. «Великое зерцало» и его судьба на русской почве. М., 1965.
Л.Л.Кароткая.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ДЭ
(Gade) Нільс Вільгельм (22.2.1817, Капенгаген — 21.12.1890),
дацкі кампазітар, скрыпач, арганіст, дырыжор. Прадстаўнік муз. рамантызму. Канцэртаваў як скрыпач у Швецыі і Нарвегіі. У 1844—48 2-і дырыжор аркестра Гевандхаўза і выкладчык кансерваторыі ў Лейпцыгу. З 1850 кіраваў у Капенгагене муз. т-вам, дырыжыраваў сімф. канцэртамі. Адзін з заснавальнікаў і дырэктар (1867—90) Капенгагенскай кансерваторыі. Найб. значныя сімф. і вак.-сімф. творы (1-я і 8-я сімфоніі, сімф. уверцюры «Водгукі Асіяна» і «Гамлет», кантаты «Дзіця эльфаў» і «Камала»). У многіх творах выкарыстоўваў інтанац. строй дацкіх нар. песень. Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на развіццё муз. культуры Даніі.
т. 4, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСАВА́ННЕ,
падача голасу за каго-н. або што-н.; адна з найб. пашыраных працэдур для высвятлення меркаванняў, настрояў, спадзяванняў людзей па важных праблемах паліт. жыцця, уладнай практыкі. Бывае адкрытае, закрытае (тайнае), пайменнае, пры якім афіцыйна рэгіструецца, як галасаваў пэўны член парламента ці інш. органа. Галасаваннем вырашаецца лёс дэмакратычна выбіраемых кіраўнікоў дзяржаў і мясц. органаў улады, членаў парламента, дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады насельніцтвам, а таксама кіраўнікоў, супрацоўнікаў тых або інш. органаў і ўстаноў (гл. Выбарная сістэма). Для вырашэння ключавых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця можа праводзіцца нар. галасаванне — рэферэндум.
т. 4, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)