КАРНЯЙЧУ́К (Аляксандр Еўдакімавіч) (25.5.1905, г. Хрысцінаўка Чаркаскай вобл., Украіна — 14.5.1972),
украінскі драматург.Герой Сац. Працы (1967). Акад.АН Украіны (1939). Акад.АНСССР (1943). Скончыў Кіеўскі ін-тнар. асветы (1929). Друкаваўся з 1925. Аўтар шматлікіх п’ес гіст.-рэв., гераічнага і камедыйнага жанру, вытрыманых у строгіх рамках сацыяліст. рэалізму, адметных шматграннасцю адлюстравання жыцця. Сярод п’ес: «Каменны востраў» (1931), «Гібель эскадры» (1934), «Платон Крэчат» (1935), «Праўда» (1937), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «У стэпах Украіны» (1941), «Фронт» (1942), «Макар Дубрава» (1948), «Калінавы гай» (1950), «Чаму ўсміхаліся зоркі» (1957), «Старонка дзённіка» (1964), «Памяць сэрца» (1969) і інш. Выступаў як публіцыст, літ.-знавец. П’есы К. перакладаліся на бел. мову і ставіліся ў многіх тэатрах Беларусі. На бел. мову яго паасобныя творы пераклаў А.Макаёнак. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ЖНЫЯ СТЫ́ЛІ,
функцыянальныя стылі літаратурнай мовы, звязаныя з пісьмовай формай выражэння і проціпастаўленыя размоўнаму стылю прыкметамі маналагічнасці, папярэдняй падрыхтаванасці, стандартызаванасці, разнастайнасці і складанасці моўных сродкаў. Сярод К.с. вылучаюць навуковы стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, публіцыстычны стыль і стыль маст. л-ры (гл.Мастацкі стыль).
Станаўленне К.с. звязана з узнікненнем пісьменнасці. Напачатку яны існавалі пераважна ў пісьмовай форме. На сучасным этапе развіцця мовы з пашырэннем сродкаў масавай камунікацыі К.с. функцыянуюць і ў вуснай форме (лекцыі, даклады, радыё, тэлебачанне). Пры вуснай форме функцыянавання ў іх пранікаюць элементы размоўнага стылю, якія, аднак, не аказваюць істотнага ўплыву на структуру стылю, на яго моўныя сродкі; пры гэтым размоўны стыль адчувае на сабе ўздзеянне К.с. (напр., вусны навук. даклад амаль не адрозніваецца ад фіксацыі яго ў пісьмовай форме). Сістэму стыляў, моўныя нормы і спосабы ўжывання літ. мовы вывучае стылістыка.
Літ.:
Розенталь Д.Э. Практическая стилистика русского языка. 5 изд. М., 1987;
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТЫЯ СЛО́ВЫ,
устойлівыя, афарыстычныя, звычайна вобразныя словы, цытаты, выразы, якія атрымалі вял. пашырэнне ў жывой мове. Кніжнае паходжанне К.с. — іх істотнае адрозненне ад прыказак і прымавак. Крыніцы К.с. — ант. і біблейскія міфы («Дамоклаў меч»), маст. і навуковая л-ра («Мне сняцца сны аб Беларусі» — Я.Купала, «А ўсё-такі яна круціцца» — Г.Галілей), выказванні грамадскіх і паліт. дзеячаў («Прыйшоў, убачыў, перамог» — Ю.Цэзар). Пераасэнсаваныя К.с. становяцца фразеалагізмамі і даследуюцца фразеалогіяй. У бел. мове, акрамя ўласных К.с., ёсць запазычанні з інш. моў: «Дражніць гусей» (І.Крылоў), «Быць ці не быць» (У.Шэкспір) і інш. Крылатымі сталі і асобныя словы, якія набылі метафарычнае значэнне (пераважна імёны міфал. і літ. персанажаў): Геркулес, Гамлет, Гарлахвацкі.
Тэрмін «К.с.» ў лінгвістыцы замацаваўся пасля выхаду з друку аднайменнай кнігі ням. філолага Г.Бюхмана (1864), у якой сабраны гэтыя моўныя адзінкі з ням. мовы. Уласна бел. К.с. ўпершыню пададзены ў слоўніку Ф.Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (1960).
Літ.:
Бабкин А.М. Русская фразеология, ее развитие и источники. Л., 1970;
Малажай Г.М. Беларуская перыфраза. Мн., 1974;
Ашукин Н.С., Ашукина М.Г. Крылатые слова. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮІ́ (Цэзар Антонавіч) (18.1.1835, Вільня — 26.3.1918),
рускі кампазітар і муз. крытык, ваен. інжынер і вучоны. Інжынер-ген. (1904). Чл. Ін-та Францыі (1894). Скончыў Ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1857) і выкладаў у ёй (з 1880 праф., з 1891 засл.праф.). Кампазіцыяй займаўся ў С.Манюшкі ў Вільні. У 1864—1900 выступаў як муз. крытык, супрацоўнічаў у газетах і часопісах. Чл.«Магутнай кучкі». Садзейнічаў раскрыццю гіст. значэння творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, прапагандаваў музыку А.Барадзіна, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава. Як кампазітар найб. вызначыўся ў жанры раманса (больш за 300). Аўтар 14 опер, у т. л. «Вільям Раткліф» паводле Г.Гейнэ (паст. 1869), «Анджэла» паводле В.Гюго (паст. 1876), музыкі для дзяцей, у т. л. першых у рус. музыцы дзіцячых опер («Снежны асілак», 1906, і інш.). Закончыў оперы «Каменны госць» Даргамыжскага і «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага. Навук. працы па фартыфікацыі; стварыў курс фартыфікацыі, які чытаў у ваен. акадэміях.
Літ. тв.: Избр. статьи Л., 1952; Избр. статьи об исполнителях. М., 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДЗЕ (Георгій Мікалаевіч) (8.1.1900, с. Петардзеулі, Грузія — 9.8.1966),
грузінскі паэт.Нар. паэт Грузіі (1959). Акад.АН Грузіі (1944). З 1907 вучыўся ў Тбіліскім духоўным вучылішчы, з 1913 — у семінарыі. Дырэктар Літ. музея Грузіі (1930—52), Ін-та гісторыі груз. л-ры (1957—66). Друкаваўся з 1911. У 1918 увайшоў у групу груз. сімвалістаў «Блакітныя рогі». Многія вершы 1924—25 — шэдэўры груз. лірыкі («Нінацміндская ноч», «Кіліла і Дамана», «Цхнецкая ружа» і інш.). У ліраэпічных паэмах «Самгоры» (1950), «Партахала» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952) зварот да гісторыі, вобразаў славутых продкаў. Паэзіі Л. ўласцівы жыццялюбства, героіка-рамант. пафас, мяккі лірызм. Аўтар зб. апавяданняў на аўтабіягр. аснове «Чарадзейнае дрэва» (1962), даследаванняў па гісторыі груз. л-ры «Саят-Нова» (1931), «Бесікі» (1942), «Давід Гурамішвілі» (1957) і інш., сцэнарыя кінафільма «Шчыт Джургая» (Дзярж. прэмія СССР 1950). На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі П.Макаль і Р.Яўсееў. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. стихотворения и поэмы. Тбилиси, 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЦКА (Яўген Рыгоравіч) (н. 20.4.1944, в. Пабрэззе Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец. Канд.філал.н. (1980). Скончыў БДУ (1968). Працаваў на заводзе, настаўнікам, карэспандэнтам радыёвяшчання. З 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура», з 1997 дырэктар выд-ва «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1968. Даследуе маст. адметнасць, стыль сучасных бел. празаікаў, узаемадзеянне л-ры і чытача (зб. «Выхаваўчая роля літаратуры», 1980). У аповесцях «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981) псіхалагізм, выразнасць малюнка характараў, добрае адчуванне мовы. Складальнік літ.-знаўчага зб. «Вобраз» (1981), зб-каў апавяданняў маладых бел. пісьменнікаў «Цяпло на першацвет» (1985), «Акно ў зялёны сад» (1988), кніг твораў М.Дзяшкевіча (1991), Л.Калюгі (1992), А.Мрыя (1993) і інш. Старшыня Аргкамітэта (1989—90) і Рады (1990—93) Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Тв.:
Беларуская літаратура за гады савецкай улады. Мн., 1973;
Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе. Мн., 1979;
Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХАДЗІЕ́ЎСКІ (Сцяпан Іванавіч) (9.5. 1911, в. Барок Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.2.1979),
бел. паэт і літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1967), праф. (1968). Вучыўся ў БДУ (1930—31), Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33), скончыў Томскі пед.ін-т (1939). 10.8.1933 беспадстаўна асуджаны на 3 гады высылкі ў Казахстан; настаўнічаў там. З 1939 выкладчык Ташкенцкага пед. ін-та, з 1963 заг. кафедры зарубежнай л-ры Рэсп.пед. ін-та рус. мовы і л-ры ў Ташкенце. Друкаваўся з 1925. Тагачасныя пераўтварэнні, пафас будаўніцтва адлюстраваў у зб-ках паэзіі «Рокаты далёкай прыстані», «Чырванеюць вішні» (абодва 1931), «Крывавыя знічкі на снезе», «Мы — маладая гвардыя» (абодва 1932), нарысах. Перажытае — тэмы зб. вершаў «Берасцянка жывых трывог» (1962), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981). Даследаваў крытычны рэалізм у франц. л-ры, бел.-ўзб.літ. сувязі. На бел. мову пераклаў паасобныя творы І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, В.Гюго, Ш.Бадлера, П.Верлена, П.Элюара, некаторых рус. і ўзб. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНЧЫ́ЦКІ ((Lęzycki) Даніэль) (Даніэль з Лянчыцы; каля 1530, Польшча — каля 1600),
друкар. Вучыўся ў Кракаве. Выдаваў кнігі на польскай і лац. мовах. З 1558 працаваў у друкарні у Пінчаве (Польшча). У 1562 пераехаў у Нясвіж, дзе ў друкарні Кавячынскіх выпусціў 11 кніг, у т. л. некалькі палемічных прац Гжэгаша Паўла (1564), Новы запавет (1564, 1570) і Катэхізіс (1564) С.Буднага. У 1571—72 друкаваў кнігі ў Заслаўі. Па запрашэнні Я.Кішкі пераехаў у Лоск, кіраваў Лоскай друкарняй, выдаў шэраг кніг. З 1574 у Вільні, працаваў у друкарні М.Х.Радзівіла Сіроткі, дзе выдаў кнігу А.Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць ваенных гадоў К.Радзівіла», у друкарнях віленскіх антытрынітарыяў, езуітаў. Выпусціў каталіцкі катэхізіс П.Цанісія на літ. і лат. мовах (1595). У 1596—1600 меў уласную друкарню. Да рэлігіі ставіўся індыферэнтна, таму выдаваў кнігі і католікаў і пратэстантаў.
Літ.:
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wrocław;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́ЛЬСКІ (Аляксандр Восіпавіч) (10.7.1884, г. Гродна — 16.12.1969),
філосаф. Чл.-кар.АНСССР (1946), чл.кар.АНАзерб. ССР (1949). Засл. дз. нав. Азербайджана (1930). Скончыў Казанскі ун-т (1907) і працаваў там. З 1918 праф. У 1913—18 у навук. камандзіроўцы (Берлін, Мюнхен). З 1920 у Бакінскіх ун-це і пед. ін-це. З 1945 дырэктар, з 1950 навук. супрацоўнік Ін-та філасофіі і права АНАзерб. ССР. Асн.навук. працы па гісторыі ант. філасофіі (атамісты, сафісты), філасофіі народаў Б. Усходу, логіцы і псіхалогіі, па гісторыі філас. думкі Азербайджана, у т. л.літ. помнікаў (Авеста) і спадчыны Нізамі Ганджэві. У перакладзе М. і з яго каментарыямі выдадзены шэраг прац стараж.-грэч. філосафаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА (Янка) (сапр. Маразовіч Іван; 1895, г. Барысаў Мінскай вобл. — 1938),
бел. пісьменнік, журналіст, мастак. Скончыў Барысаўскую гімназію. З 1916 у арміі. З 1920 служачы ў мяст. Яшуны Шальчынінкскага р-на (Вільнюскі пав.), у Вільні. З 1925 актыўна супрацоўнічаў у перыяд. друку Зах. Беларусі. У 1926—28 адказны рэдактар час.«Маланка». Першыя гумарэскі апубл. ў час.«Авадзень». Сатыр. вершы, гумарэскі, фельетоны, апавяданні М. друкаваліся ў газ. «Беларуская ніва», «Беларуская доля», «Народны звон» і інш., найб. у час. «Маланка», дзе ён выступаў і як мастак. Пісаў на актуальныя тэмы грамадска-паліт. жыцця Зах. Беларусі і Польшчы. У літ. і маст. сюжэтах і вобразах адлюстроўваў яго характэрныя праявы, нац. ўціск, рост паліт. свядомасці народа, высмейваў крывадушша лідэраў польскіх бурж. і дробнабурж. партый. Каб ашукаць цэнзуру, карыстаўся прыёмамі літ. містыфікацыі: пераносіў месца дзеяння ў тагачасныя каланіяльныя і залежныя краіны (падпісваў гэтыя творы псеўд. Ляо Дзэ). Але чытачы па аналогіі, вобразных рэаліях лёгка пазнавалі зах.-бел. рэчаіснасць. Малюнкам М. характэрна паліт. завостранасць, уменне ствараць сац. абагульнены нац. тыпаж.