ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ РАСЛІ́Н,
адносіны запасу прадукцыйнай глебавай вільгаці да яе запасу пры найменшай вільгацяёмістасці глебы або да яе запасу, аптымальнага для дадзенай фазы развіцця с.-г. культуры. Прадукцыйная глебавая вільгаць — частка глебавай вільгаці, пры ўсмоктванні якой расліны захоўваюць жыццядзейнасць і сінтэзуюць арган. рэчывы; яе ніжняя мяжа — вільготнасць устойлівага завядання раслін (гл. ў арт. Вільготнасць глебы). Падтрыманне аптымальнай велічыні водазабяспечанасці раслін — задача меліярацыйных мерапрыемстваў. Пры адносінах менш за адзінку патрабуецца штучнае ўвільгатненне глебы, працяглае вял. перавышэнне яго можа суправаджацца вымаканнем раслін.
т. 4, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНКА,
гарадзішча 2—5 ст. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка ўмацавана валам, абарончай драўлянай сцяной (за час існавання тройчы аднаўлялася пасля пажараў), з паўн.-зах. боку — ровам. У 2 будаўнічых гарызонтах выяўлены ямы-паграбы і рэшткі драўляных жытлаў: у ніжнім — вял. 3-камернага з падковападобным агнішчам, у верхнім — верагодна, жытлаў слупавой канструкцыі.
Знойдзены фрагменты глянцаванага і падглянцаванага посуду, рабрыстых і слоікападобных пасудзін, жал. прылады працы, гліняныя прасліцы і інш.
т. 4, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАРО́Ў,
гарадзішча жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі каля в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на левым беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана валам і ровам. Выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жытла мілаградскай культуры, у культурным пласце эпохі Кіеўскай Русі — рэшткі наземнага жытла з глінабітнай печчу, сляды сцен 2-камернай пабудовы. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, кавалкі бронзавых і шкляных бранзалетаў, бронзавы энкалпіён і інш. На думку археолага Г.Ф.Салаўёвай, у 12 ст. гарадзішча было рэзідэнцыяй рагачоўскіх князёў.
т. 7, с. 27
т. 7, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»
(«Byelorussian Youth»),
штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у тым ліку моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у тым ліку эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ
(БРП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў сак. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — паліт. рада. Ставіць за мэту стварэнне суверэннай дэмакр. бел. дзяржавы з выразным раздзяленнем галін улады, прыярытэтнымі каштоўнасцямі ў якой павінны стаць матэрыяльны і духоўны росквіт бел. народа, развіццё яго нац. культуры і традыцый, выкананне Усеаг. Дэкларацыі правоў чалавека. Ажыццяўленне праграмных задач бачыць у макс. выкарыстанні выгаднага геапаліт. становішча Беларусі, высокага адукац. і прафес. ўзроўню насельніцтва, навук. патэнцыялу, мясц. сыравінных запасаў і радовішчаў.
т. 2, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта, грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,
штотыднёвая газета. Выдавалася ў 1942—44 у Вільні на бел. мове лацінкай пад кантролем герм. акупац. улад. Рэдактар Ф.Аляхновіч. Асвятляла становішча на франтах, міжнар. адносіны. У рубрыках «З усіх куткоў Беларусі», «З беларускага жыцця ў Вільні», «Беларускае жыццё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. інфармавала пра бел. нац.-культ. жыццё, усхваляла культуртрэгерскую дзейнасць акупантаў, друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі. Змяшчала нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, агляды бел. прэсы, эканомікі, антысав. публіцыстыку. Выйшлі 122 нумары.
С.У.Жумар.
т. 2, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й у Белавежы. Існаваў у 1966—73 у г. Белавежа (Польшча). Адкрыты 12.3.1966 па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пл. экспазіцыі 145 м², 950 экспанатаў. Меў 3 аддзелы: с.-г. прылады працы; ганчарства і пляценне; апрацоўка лёну. Спыніў дзейнасць з-за фін. цяжкасцяў і адсутнасці пастаяннага музейнага памяшкання. Экспанаты перададзены ў Акруговы музей у Беластоку, С.-г. музей у Цеханоўцы і Прыродазнаўчы музей у Белавежы. Традыцыі музея працягвае Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.
В.Луба.
т. 2, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬЗА́ЦКАЯ Марына Мікалаеўна
(н. 4.12.1913, Масква),
бел. артыстка балета, балетмайстар. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Нар. арт. Беларусі (1977). Скончыла балетны тэхнікум пры Вял. т-ры (1931), працавала ў муз. т-рах Масквы. З 1944 салістка балета Дзярж. джаз-аркестра БССР, з 1947 т-ра муз. камедыі БССР, з 1949 ансамбля аперэты пры Белдзяржэстрадзе. Стваральнік (1958), маст. кіраўнік і харэограф (да 1996) мінскага ўзорнага ансамбля танца «Равеснік» рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў (больш за 100 пастановак).
т. 3, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛМЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА, Волма-Слоўст,
Волма, у Беларусі, у Чэрвеньскім, Мінскім, Смалявіцкім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Волма і яе прытока Слоўст (бас. Свіслачы). Нізіннага (80%), вярховага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,3 м. На асушаных землях сеюць травы, часткова збожжавыя і прапашныя культуры. На неасушаных участках пераважаюць гіпнава-асаковыя нізінныя ўчасткі, месцамі трапляюцца бяроза і вольха.
т. 3, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)