МЫШ’ЯКО́ВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы мыш’яку. У прыродзе вядома больш за 120 мінералаў мыш’яку, гал. з іх арсенапірыт (да 46% As, часта з прымессю золата), лёлінгіт (да 72,8% As), рэальгар (да 70,1% As) і аўрыпігмент (да 61% As). Пераважна мыш’як здабываюць спадарожна з поліметал. руд у комплексе з золатам, серабром, свінцом, меддзю, кобальтам, волавам і інш. Паходжанне эндагеннае (гідратэрмальнае, метасаматычнае). Радовішчы ў Расіі, ЗША, Швецыі, Мексіцы, Японіі, Балівіі і інш.

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЦЮКО́Ў (Георгій Мікалаевіч) (н. 1.1.1922, Масква),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1957, клас У.Сакалова). З 1947 кіраваў самадз. харамі ў Маскве. З 1957 гал. хормайстар Рус. нар. хору імя М.​Пятніцкага, з 1962 маст. кіраўнік Омскага рус. нар. хору. Аўтар песень і інш. твораў для хору, хар. апрацовак твораў інш. кампазітараў і нар. песень. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​І.​Глінкі 1971.

А.Панцюк-Жукоўскі. Здрадніцтва. 2000.

т. 12, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ БАСЕ́ЙН (Bassin de Paris),

Паўночна-французская нізіна, узгорыстая раўніна на Пн Францыі, на месцы тэктанічнага прагіну. Пераважаюць выш. 100—150 м, паступова павышаецца ад цэнтра (у раёне Парыжа) да Ардэн, Вагезаў, Цэнтральнага Французскага масіву і Армарыканскага ўзв. Па перыферыі — куэставыя грады (да 500 м). Густая сетка рэк (гал. ч. бас. р. Сена). Клімат умераны, марскі, ападкаў 500—700 мм за год. Гаі шыракалістых лясоў. Асн. індустр. і с.-г. раён Францыі. Нафтавыя і газавыя радовішчы.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТЛАНДЫ́Т (ад імя ірл. натураліста Дж.​Б.​Пентленда, які ўпершыню знайшоў гэты мінерал),

жалеза-нікелевы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза і нікелю, (Fe, Ni)9S8. Мае 34 ± 10% нікелю, ізаморфныя прымесі кобальту (0,4—3%), медзі (да 6,5%) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае дробныя зерні, радзей буйнакрышт. ўкрапаннікі ў агрэгаце сульфідаў жалеза і медзі. Колер бронзава-жоўты. Цв. 3—4. Шчыльн. 4,5—5,2 г/см³. Бляск металічны. Крохкі. Трапляецца ў асн. вывергнутых пародах. Гал. мінерал нікелевых руд.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЛЬДА́Н ((Roldán) Амадэа) (12.12.1900, Парыж — 2.3.1939),

кубінскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог, адзін з заснавальнікаў афра-кубінскага кірунку ў нац. музыцы і кампазітарскай школы Кубы. Скончыў Мадрыдскую кансерваторыю (1915). З 1919 у Гаване, з 1920 дырыжор аркестра Нац. т-ра, з 1923 скрыпач-канцэртмайстар, з 1932 гал. дырыжор Філарманічнага аркестра. З 1935 праф., з 1936 дырэктар Муніцыпальнай кансерваторыі (прысвоена імя Р.). Аўтар балетаў, твораў для арк., для хору, для голасу і інстр. суправаджэння, музыкі для дзяцей і інш.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРВАШЭ́ВІЧ (Мікалай Фёдаравіч) (н. 10.10.1934, в. Раздзялавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. рэжысёр. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1961). З 1964 дырэктар Дома культуры ў Слоніме, адначасова рэжысёр, з 1967 і дырэктар нар. т-ра. З 1990 гал. рэжысёр і дырэктар Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.​Купалы (1993), «Лекі ад кахання» (1992) і «Каханне з падманам» (1995) паводле п’ес У.​Галубка «Пісаравы імяніны» і «Ветрагоны», «Хітрыкі бабы Ягі» А.​Якімовіча і «Чырвоная Шапачка» Я.​Шварца (1994).

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОГАСЛУЖЭ́ННЕ,

сукупнасць культавых абрадаў, дзеянняў, цырымоній, звязаных з сістэмай рэліг. уяўленняў і прызначаных у эмацыянальна-вобразнай форме ўзнаўляць той ці іншы аспект веравызнання. Праводзіцца свяшчэннаслужыцелем пры актыўным удзеле вернікаў гал. чынам у храме па здаўна распрацаваным рытуале. У розных рэліг. сістэмах агульнае для ўсіх богаслужэнняў — наяўнасць магічнага элемента. Хрысц. богаслужэнне ўключае малітвы, песнапенні, паклоны, прыкладванне да абразоў і крыжа, акрапленне вадой, запальванне лампадаў і свечак, чытанне святых тэкстаў і інш. Богаслужэнне цесна пераплецена з нац., сямейна-бытавымі традыцыямі і звычаямі і ўспрымаецца вернікамі як непасрэдныя зносіны з Богам.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНСКАЯ ЧАСЦЬ,

арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва ўсіх відах узбр. сіл. У Рэспубліцы Беларусь да воінскай часці адносяцца ўсе палкі, асобныя батальёны (дывізіёны, эскадрыллі), якія не ўваходзяць у склад батальёнаў і палкоў. Воінская часць мае агульнаармейскае найменне (нумар, штатную назву, назву атрыманых узнагарод і інш.) і ўмоўнае лічбавае найменне. Воінскія часці складаюцца з органаў кіравання (штаба), баявых, спец. і тылавых падраздзяленняў; паводле прызначэння падзяляюцца на баявыя, баявога забеспячэння, вучэбныя і тылавыя. Воінскія часці ўваходзяць у склад злучэнняў, аб’яднанняў або падпарадкоўваюцца гал. камандаванню.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЭЛЬСО́Н (Мікалай Францавіч) (26.1.1844, Масква — 3.7.1918),

расійскі эканаміст, публіцыст, адзін з тэарэтыкаў ліберальнага народніцтва. Скончыў Пецярбургскае камерцыйнае вучылішча (1862). Сябар Г.А.Лапаціна. Перапісваўся з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам, забяспечваў іх л-рай і звесткамі па эканоміцы Расіі. У 1870 арыштаваны па справе С.Г.Нячаева. Завяршыў (разам з М.​М.​Любавіным) пачаты Лапаціным пераклад на рус. мову 1-га т. «Капіталу» Маркса (выдадзены ў 1872), пераклаў 2-і (1885) і 3-і (1896) тамы. Гал. праца — «Нарысы нашай парэформеннай гаспадаркі» (1893), у якой спалучаны марксісцкія і народніцкія ідэі.

т. 6, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́НСКАЯ ЗМО́ВА»,

спроба ўзняць ваенна-сялянскае паўстанне ў Паволжы, каб падтрымаць паўстанне 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Акрамя польскіх і літ.-бел. паўстанцкіх цэнтраў у «К.з.» ўдзельнічалі або мелі намер да яе дачыніцца пецярбургская, маскоўская, казанская арг-цыі «Зямлі і волі», афіцэрскія і студэнцкія гурткі ў гарадах Расіі. У крас. 1863 «К.з.» раскрыта. Адзін з гал. кіраўнікоў І.​Кеневіч, члены рэв. арг-цыі афіцэры Н.​Іваніцкі, А.​Мрочак, Р.​Станкевіч, М.​Чарняк расстраляны ў Казані. Астатнія ўдзельнікі «К.з.» прыгавораны да турэмнага зняволення і катаржных работ.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)