войны паміж Расіяй і Турцыяй за панаванне на Чорным м. і ў раёнах, што прылягаюць да яго; працяг барацьбы Расіі супраць Асманскай імперыі і яе васала — Крымскага ханства. Вайна 1676—81 выклікана агрэсіўнымі дзеяннямі Турцыі ў 2-й пал. 17 ст. У выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1672—76 (гл.Польска-турэцкія войны 17 ст.) Турцыя захапіла Падолію і планавала падпарадкаваць Правабярэжную Украіну. Баявыя дзеянні праходзілі з пераменным поспехам і завяршыліся Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Вайна 1686—1700 пачалася ў выніку далучэння Расіі ў 1686 да антытурэцкай «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Рэч Паспалітая, Венецыя). У 1687 і 1689 рас. армія ажыццявіла Крымскія, у 1695—96 Азоўскія паходы. У сувязі з падрыхтоўкай Расіі да вайны супраць Швецыі і заключэннем інш. дзяржавамі на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 міру з Турцыяй рас. ўрад таксама заключыў з ёю Канстанцінопальскі мірны дагавор 1700, паводле якога ч. ўзбярэжжа Азоўскага м. і г. Азоў адышлі да Расіі. Вайна 1710—13 адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21. Турцыя запатрабавала вярнуць Азоў. Пруцкі паход 1711 скончыўся няўдачай для Расіі (страчаны Азоў з прылеглымі раёнамі). Вайна 1735—39 з’явілася вынікам рас.-тур. супярэчнасцей, якія абвастрыліся ў сувязі з рус.-польск. вайной 1733—35 (гл.Польская спадчына). Зачэпкай да ваен. дзеянняў паслужылі набегі крымскіх татар на ўкр. землі і паход крымскага хана на Каўказ. Рас. армія двойчы (май—чэрв. 1736 і май 1737) уваходзіла ў Крым, але адступала з-за эпідэмій і недахопу харчавання. У 1737 на баку Расіі выступіла Аўстрыя, аднак яе войскі пацярпелі шэраг паражэнняў і ў вер. 1739 Аўстрыя заключыла сепаратны мір. Рас. войскі занялі Хацін і Ясы, але пагроза нападу Швецыі прымусіла заключыць з Турцыяй Бялградскі мірны дагавор 1739, паводле якога Расія зноў вярнула сабе Азоў. Вайна 1768—74 была працягам барацьбы Расіі за выхад да Чорнага м. Асманская імперыя імкнулася пашырыць свае ўладанні на Каўказе і Прычарнамор’і і захапіць Астрахань; яна выступала таксама супраць узмацнення рас. ўплыву ў Польшчы, дзе ў 1764 каралеўскі пасад заняў стаўленік Расіі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зачэпкай да вайны паслужыла адхіленне Расіяй тур. ультыматуму аб вывадзе рас. войск з Польшчы, дзе яны з 1768 вялі ваен. дзеянні супраць Барскай канфедэрацыі. У гэтай вайне больш удала дзейнічалі рас. армія і флот, поспехі якіх прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774, паводле якога Расія атрымала Кінбурн, Керч, Енікале — выхад да Чорнага м.Вайна 1787—91 абвешчана Турцыяй у адказ на далучэнне да Расіі Крыма і пераход пад яе апеку Грузіі (гл.Георгіеўскі трактат 1783). З 1788 на баку Расіі ваявала Аўстрыя.
Летам 1789 саюзнікі нанеслі тур. войскам шэраг паражэнняў. У снеж. 1790 рас. войскі занялі Ізмаіл, у 1791 — Анапу, у 1791 перамогу пад Каліякрыяй атрымаў рас. флот. Яскі мірны дагавор 1791 пацвердзіў далучэнне да Расіі Крыма, устанавіў рас.-тур. мяжу па Днястры. Вайну 1806—12 ініцыіравала Турцыя, якая пры падтрымцы Напалеона I імкнулася аднавіць панаванне на Чорным м. У ліст. 1806 рас. войскі занялі Бесарабію, Малдову, Валахію. У снеж. 1806 Турцыя абвясціла вайну Расіі. Перамір’е паміж Турцыяй і Расіяй, заключанае ў жн. 1807, доўжылася да сак. 1809, пасля якога рас. войскі атрымалі шэраг буйных перамог. Гэта прымусіла Турцыю заключыць Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, які пацвердзіў далучэнне да Расіі Бесарабіі і Зах. Грузіі. Вайна 1828—29 адбылася ў выніку абвастрэння барацьбы еўрап. дзяржаў за падзел уладанняў Асманскай імперыі, яна актывізавалася ў сувязі з грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыяй 1821—29. Саюзны флот Расіі, Англіі і Францыі ў Наварынскай бітве 1827 разграміў тур. флот. Турцыя абвясціла «свяшчэнную вайну» супраць Расіі. У 1828 рас. войскі занялі Валахію і Малдову, крэпасці на Каўказе Ахалцых, Поці, Баязет; у 1829 перайшлі Балканы, занялі Адрыянопаль і выйшлі на подступы да Стамбула. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 да Расіі адышло каўказскае ўзбярэжжа Чорнага м. (да Батумі) і раён Ахалцыха; Грэцыя атрымала незалежнасць, а Сербія, Малдова і Валахія — аўтаномію. Вайна 1853—56, гл.Крымская вайна 1853—56. Вайна 1877—78 выклікана ўздымам нац.-вызв. руху на Балканах і абвастрэннем міжнар. адносін на Б. Усходзе (гл.Герцагавінска-Баснійскае паўстанне 1875—78, Красавіцкае паўстанне 1876). Імкнучыся аднавіць страчанае ў Крымскай вайне 1853—56 пануючае становішча на Балканах, Расія пад лозунгам «абароны братоў-славян» выступіла супраць Турцыі. На баку Расіі змагаліся рум. войскі і балг. апалчэнцы, Сербія і Чарнагорыя. Летам 1877 рас. армія фарсіравала Дунай, атрад І.У.Гуркі (гл. ў арт.Гуркі) перайшоў Балканы. Пасля гераічнай абароны Шыпкі ў жн. 1877 рас. войскі да студз. 1878 занялі Плеўну, Сафію, узялі ў палон тур. армію (30 тыс.чал.) у раёне Шыпка—Шэйнава і падышлі да Стамбула. На Каўказе рас. армія заняла Карс і выйшла да Эрзурума. У гэтай вайне актыўна ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. 54-ы пях. Мінскі полк адзін з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў г. Свіштоў, вызначыўся пад Шыпкай і Шыпкай—Шэйнава. З шэрагу гарадоў Беларусі накіроўваліся добраахвотнікі. Нац.-вызв. рух слав. народаў падтрымалі і бел. рэвалюцыянеры-эмігранты, у т. л. М.К.Судзілоўскі. На карысць балгар і на падтрымку рас. арміі збіралі грошы. Паводле Сан-Стэфанскага міру 1878 (абмежаваны Берлінскім кангрэсам 1878) да Расіі далучаны паўд. Бесарабія, Карс і Батум з акругамі; Румынія, Сербія, Чарнагорыя атрымалі незалежнасць; Балгарыя абвешчана аўтаномным княствам; Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію ў межах Турэцкай імперыі. У гонар перамогі на вайск. могілках у Мінску пабудаваны храм-помнік — Мінская царква Аляксандра Неўскага. Ген. М.Дз.Скобелеў выбраны ганаровым грамадзянінам Мінска.
У час Р.-т.в. 17—19 ст. вызначыліся рас. палкаводцы і флатаводцы: Б.К.Мініх, П.А.Румянцаў, Р.А.Пацёмкін, А.В.Сувораў, М.І.Кутузаў, П.І.Баграціён, Ф.Ф.Ушакоў, П.С.Нахімаў і інш.
Літ.:
Смирнов Н.А. Россия и Турция в XVI—XVII вв. Т. 1. М. 1946;
Петров А.Н. Война России с Турцией и польскими конфедератами, 1769—1874. Т. 1—5. СПб., 1866—74;
Яго ж. Вторая турецкая война в царствование императрицы Екатерины II, 1787—1791 Т. 1—2. СПб., 1880;
Яго ж. Война России с Турцией, 1806—1812. Т. 1—3. СПб., 1885—87;
Мегрелидзе Ш.В. Закавказье в русско-турецкой войне 1877—1878 гг. Тбилиси, 1972;
100-летие освобождения Болгарии от османского ига, 1878—1978. М., 1978;
Морской атлас. Т. 3, ч. 1. [М.]. 1958;
Мельцер Д.Б. Из истории белорусско-болгарских связей // Вопросы истории БССР. Мн., 1969. Вып. 37;
Широкорад А.Б. Русско-турецкие войны, 1676—1918 гг.Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднаккамуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКУЛА́ЧВАННЕ,
адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс.га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.
У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў ўсе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж.паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і УСССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш, (у студз. — 1-й пал.крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНКСССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс.га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс.чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.
Літ.:
Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;
Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;
Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;
Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́ЛІ́ (Soomaaliya),
Самалійская Дэмакратычная Рэспубліка (Jamhuuriyadda Dimoqraadiga ee Soomaaliya), дзяржава на У Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Джыбуці, на З з Эфіопіяй, на ПдЗ з Кеніяй. На Пн абмываецца Адэнскім зал., на У — Індыйскім акіянам. Пл. 627,7 тыс.км². Нас. 9,7 млн.чал. (2000). Дзярж. мовы — самалійская і арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Магадыша. Краіна падзяляецца на 18 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Канстытуцыя 1960 ва ўмовах грамадз. вайны не выконваецца. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. орган — аднапалатны Нар. сход.
Прырода. Краіна займае большую ч. п-ва Самалі. У рэльефе пераважаюць ступеньчатыя плато (выш. 500—1500 м). На Пн асобныя горныя масівы, дзе ў масіве Суруд знаходзіцца г. Шымбірыс (2416 м). Карысныя выкапні: жал., уранавыя, ванадыевыя, тытанавыя, ніобіевыя, алавяныя руды, прыродны газ, соль і інш. Клімат субэкватарыяльны, сухі, на Пн трапічны. Сярэдняя т-ра ўсіх месяцаў 25—32 °C. Ападкаў ад 40 да 500 мм за год, выпадаюць пераважна ў крас.—чэрв., кастр.—снежні. Бываюць шматгадовыя засухі. Рэкі — часовыя вадацёкі (акрамя Джубы і Уэбі-Шабеле). Больш за 90% тэр. — пустыня і паўпустыня з рэдкімі травамі і калючымі хмызнякамі; у аазісах фінікавыя пальмы. Ёсць участкі саваннаў, па берагах рэк — галерэйныя лясы. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — антылопы, зебры, буйвалы, жырафы; паўсюдна — грызуны, змеі, яшчаркі і інш. Рэзерваты — Уэбі-Шабеле, Страусавы і інш.
Насельніцтва. С. — этнічна аднародная краіна, самалійцы складаюць 98—99%, падзяляюцца на плямёны. Жывуць невял. групы суахілі, арабаў, італьянцаў, англічан. Сярэднегадавы прырост больш за 4% за год. Сярэдняя шчыльн. 15,5 чал. на 1 км², на Пд месцамі да 50 чал. на 1 км², на Пн у пустынях і паўпустынях — 1—2 чал. на 1 км². Каля 70% насельніцтва — качэўнікі і паўкачэўнікі. У гарадах 26% насельніцтва, найб. Магадыша (больш за 700 тыс.ж. з прыгарадамі, 2000), Кісмайо, Харгейса, Бербера, Марка. У сельскай гаспадарцы (пераважна пашавая жывёлагадоўля) заняты 71% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 29%. У сувязі з грамадз. вайной каля 1 млн.чал. сталі бежанцамі, жывуць у лагерах, часткова на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. з часоў палеаліту. З 7 ст.н.э. С. ў зоне ўплыву араба-мусульм. цывілізацыі, паступова тут пашыраўся іслам. На ўзбярэжжы ўзніклі буйныя гарады Барбара (Бербера), Магадыша, Бараўэ (Брава), Марка і інш.Унутр. раёны насялялі шматлікія плямёны самалі, якія не мелі ўстойлівых дзярж. утварэнняў. З канца 15 ст. ў С. пранікалі партугальцы, якія падпарадкавалі прыбярэжныя гарады. У 17 ст. іх выгналі туркі, якія сталі кантраляваць гарады на Пн С ; Пд С. ўвайшоў у сферу ўплыву Амана. У выніку калан. экспансіі ў канцы 19 ст.тэр. рассялення самалійскіх плямён падзелена на некалькі частак: паўн. раёны адышлі да Вялікабрытаніі як пратэктарат Самалілэнд, паўд. і ўсх. — да Італіі як Італьян. С., зах. раёны (Агадэн) — да Эфіопіі. У 2-ю сусв. вайну Італьян. С. ў 1941 занята брыт. войскамі. У 1949 ААН перадала б.Італьян. С. пад апеку Італіі на 10 гадоў. 21.6.1960 абвешчана незалежнасць Самалілэнда, 1.7.1960 — Італьян. С.; у той жа дзень абое С. аб’яднаны ў адзіную Самалійскую Рэспубліку. Унутр. становішча дзяржавы было нестабільнае. Пасля забойства першага прэзідэнта А.А.Шэрмарка (1969) уладу захапілі ваенныя на чале з ген. М.С.Барэ, які ўзначаліў Вярх.рэв. савет; была абвешчана Самалійская Дэмакр. Рэспубліка. Урад Барэ абвясціў курс на пабудову сацыялізму: нацыяналізаваны банкі, буйныя прадпрыемствы, праведзены інш. захады сацыяліст. характару, наладжаны цесныя сувязі з СССР. Адзінай дазволенай партыяй стала створаная ў 1976 Самалійская рэв.сацыяліст. партыя на чале з Барэ. Вайна 1977—78 з Эфіопіяй за прав. Агадэн, у якой СССР падтрымаў Эфіопію, прывяла да разрыву з СССР і пераарыентацыі С. на ЗША.
Пагаршэнне эканам. становішча С. разам з абвастрэннем міжплемянных супярэчнасцей прывяло ў канцы 1980-х г. да ўзбр. выступленняў супраць рэжыму Барэ, які ў 1991 быў вымушаны пакінуць краіну. С. стала арэнай барацьбы ўзбр. груповак (Самалійскі нац. альянс, Самалійскі альянс выратавання і інш.) за ўладу. Некат. раёны (у прыватнасці, б. Самалілэнд) абвясцілі сябе незалежнымі дзяржавамі. У 1992—95 узбр. сілы ЗША і іх саюзнікаў па НАТО правялі ў С. пад эгідай ААН 2 спец. аперацыі з мэтай выратавання насельніцтва ад голаду і пошуку шляхоў унутрыпаліт. ўрэгулявання, якія мелі частковы поспех. У 2000 у Джыбуці праведзена канферэнцыя асн.паліт. сіл С., на якой створаны часовы парламент краіны; часовым прэзідэнтам С. выбраны А.С.Хасан. Аднак іх улада прызнаецца толькі на ч.тэр. краіны, аднаўленне дзярж. адзінства застаецца актуальным пытаннем. С. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. С. — адсталая аграрная краіна са слабаразвітой эканомікай. Шматгадовая грамадз. вайна выклікала заняпад гаспадаркі, памяншэнне пагалоўя жывёлы, скарачэнне пасяўных плошчаў і колькасці прадпрыемстваў, інфраструктура амаль цалкам разбурана. Штогадовы даход на 1 чал. каля 600 дол. (1999). Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць каля 60% прыбыткаў краіны, прам-сць — каля 11%, сфера паслуг — 29%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля. Пад пашай каля 400 тыс.км² — тэр. паўпустынь і саваннаў. У краіне каля 3—5 млн. вярблюдаў, 5 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 13 млн. авечак, 12 млн. коз. Птушкагадоўля. Пад пасевамі с.-г. культур каля 1,2 млн.га, з іх 180 тыс.га арашаецца. Земляробчыя гаспадаркі памерам да 3 га, на арашальных землях — да 1 га; ёсць плантацыі экспартных культур. Асн. земляробчы раён на Пд, у далінах і міжрэччы рэк Джуба і Уэбі-Шабеле. Асн. культуры (збор у пач. 1990-х г.): сорга і проса (каля 240 тыс.т), кукуруза (каля 255 тыс.т), цукр. трыснёг (каля 310 тыс.т), рыс (каля 13 тыс.т), бананы (каля 125 тыс.т), бавоўнік, маніёк, батат, арахіс, кунжут, бабовыя. Трапічнае арашальнае садоўніцтва, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў. Рыбалоўства ў прыбярэжных водах (каля 15 тыс.т штогод). Каля 65% сусв. збору араматычных смол (камедзі, міры, ладану) з дзікарослых раслін. Паляўніцтва. Прам-сць развіта слаба. Есць каля 200 прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці, каля палавіны іх знаходзіцца ў Магадыша — нафтаперапр.з-д, харч., гарбарна-абутковыя, метала- і дрэваапр., суднабуд. і суднарамонтныя. Працуюць: цукр.з-д, мясакамбінаты, рыбакансервавыя і малочныя з-ды, тэкст., абутковыя і бавоўнаачышчальныя ф-кі. На Пн здабыча ніобіевых руд і кухоннай солі. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць (цэнтр — г. Кісмайо): ткацтва, разьба па дрэве, кераміка, пляценне, выраб скур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 258 млн.кВт∙гадз (1996) на невял. цеплавых электрастанцыях. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі, ва ўнутр. раёнах — уючны. Даўж. аўтадарог 22,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 2,6 тыс.км. Гал. парты Бербера, Кісмайо і Магадыша. У краіне 61 аэрапорт, у т. л. 7 з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. У 1995 экспарт склаў 123 млн. дал., імпарт — 60 млн.дол. У экспарце пераважаюць жывёла і прадукты жывёлагадоўлі (каля 88%), бананы (8%), рыба і рыбапрадукты; у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, нафта і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Саудаўская Аравія, Йемен, Італія, Кенія, Джыбуці. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі, Італіі і інш.). Грашовая адзінка — самалійскі шылінг.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМВАЛІ́ЗМ (франц. symbolisme ад грэч. symbolon знак, сімвал),
літаратурнамастацкі кірунак канца 19 — пач. 20 ст. Узнік у выніку агульнага крызісу еўрап. свядомасці, узыходзіць да эстэтыкі рамантызму. Філас. падмуркам паслужылі вучэнне Платона аб проціпастаўленні ідэальнага свету («свету ўяўленняў») і матэрыяльнага («свету рэчаў»), філас. тэорыі І.Канта, А.Шапенгаўэра, Э.Гартмана, Ф.Ніцшэ, навук. адкрыцці псіхолагаў і псіхафізіёлагаў з іх увагай да пазасвядомага. Аб’ектыўна С. адмаўляў філасофію пазітывізму і яго маст. рэалізацыю натуралізм. Асн. прызначэнне мастацтва сімвалісты бачылі ў пазнанні Абсалюту, Вечнасці, трансцэндэнтнай Красы, што здзяйсняецца творцам праз сімвал, які пры гэтым пазбаўляецца канкрэтнасці, дакладнасці, «празрыстасці» зместу, робіцца полісемічным, не паддаецца аднаварыянтнай дэшыфроўцы. У выніку замест апісальнай мовы стваралася мова сугестыўная, г.зн. вобразна-сімвалічнае спасціжэнне таемных сутнасцей быцця адбываецца праз інтуіцыю, унушэнне, паэт. «магію». Сімвалісты распрацоўвалі ўспрынятую ад рамантыкаў ідэю сінтэзу мастацтваў, услед за Ш.Бадлерам кіраваліся прынцыпам «адпаведнасцей», заснаваным на зрокавых, слыхавых, фарбавых, вербальных асацыяцыях, на аналогіях гукаў, пахаў, колераў, вобразаў. С. стаў асновай узнікнення сюррэалізму, «тэатра абсурду».
У літаратуры пачаў складвацца ў 1860—70-я г., яго светапогляднае абгрунтаванне прыпала пераважна на 1880—90-я г. (цыкл нарысаў «Праклятыя паэты» П.Верлена, «Літаратурны маніфест. Сімвалізм» Ж.Марэаса, працы «Сімвалісцкае мастацтва» Ж.Ванора, «Нямецкія рамантыкі і французскія сімвалісты» Ж.Тарэля, «Трактат пра Нарцыса. Тэорыя сімвала» А.Жыда і інш.). Папярэднікам С. лічыцца Бадлер. Сфарміраваўся С. найперш у франц. л-ры (Верлен, А.Рэмбо, С.Малармэ, Латрэамон, А. дэ Рэнье, Жыд, П.Валеры, П.Кладэль), у рознай ступені развіўся ў л-рах бельгійскай (М.Метэрлінк, Э.Верхарн), аўстр. (Р.М.Рыльке, Г. фон Гофмансталь), ням. (Ніцшэ, С.Георге), нарв. (Г.Ібсен), польскай (С.Пшыбышэўскі), рус. (В.Брусаў, А.Блок, Ф.Салагуб, К.Бальмонт, А.Белы, Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, І.Аненскі, В.Іванаў). Сімвалісты часта звярталіся да стараж. і сярэдневяковых сюжэтаў, увялі «свабодны верш», ці верлібр, шырока выкарыстоўвалі прынцып цыклізацыі вершаў. Вял. ўвагу яны аддавалі рытму, меладычнасці, напеўнасці, музычнасці верша, што збліжае С. з імпрэсіянізмам. Часта С. у аднаго аўтара і нават у адным творы спалучаецца з імпрэсіянізмам, эстэтызмам, натуралізмам, неарамантызмам.
У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе і графіцы) узнік і развіваўся пад уплывам аднайм.літ. кірунку, зазнаў уплывы містычных і спірытуалістычных вучэнняў, дэкадэнцтва. У пошуках новага, неалегарычнага спосабу выяўлення эстэт. ідэалу імкнуўся даследаваць і адлюстроўваць няўлоўныя сэнсавыя адценні і псіхічны стан чалавека, яго непарыўную сувязь з прыродай, праяўленні звышнатуральных сіл, якія кіруюць лёсам. Адзінай стылістычнай сістэмы не распрацаваў, развіваўся ў рэчышчы асн.маст. кірункаў. Вытокі С. ў творчасці прэрафаэлітаў. Развіўся ў творчасці Г.Маро, А.Рэдона, П.Пюві дэ Шавана, П.Гагена (Францыя), М.Клінгера (Германія), Э.Мунка (Нарвегія), Э.Бёрн-Джонса (Вялікабрытанія), А.Бёкліна (Швейцарыя), Дж.Сеганціні (Італія), М.Чурлёніса (Літва), Л.Бакста, В.Барысава-Мусатава, А.Бенуа, І.Білібіна, В.Васняцова, П.Кузняцова, М.Рэрыха, М.Урубеля (Расія), мастакоў групы «Набі» і інш.
У тэатры С. узнік у Францыі (студыйныя т-ры сімвалісцкага кірунку ў Парыжы), распаўсюдзіўся ў Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы, у пач. 20 ст. — у Расіі. Ідэі С. ў драм. творах Метэрлінка і Верхарна (Бельгія), А.Стрындберга (Швецыя), Пшыбышэўскага (Польшча), позняй творчасці Ібсена (Нарвегія), А.Блока, Іванава, Салагуба, Л.Андрэева (Расія). У драме слова ўспрымалася як матэрыяльная катэгорыя, асаблівая ўвага аддавалася падтэксту, недагаворкам герояў, іх маўчанню. У сцэн. мастацтве асн. намаганні скіроўваліся на дасягненне сінтэзу розных мастацтваў: муз., выяўл., пластычнага, якім адводзілася вял. месца ў спектаклі. Характэрна імкненне да стылізацыі драм. форм мінулага (стараж.-грэч. трагедый, сярэдневяковых містэрый і міракляў), устанаўленне на сцэне поўнага дыктату рэжысёра — паэт. атмасферу ў спектаклі прапаноўвалася ўзмацніць заменай акцёра марыянеткамі. С. праявіўся ў творчасці рэж. А.Апія (Швейцарыя), Г.Крэга (Англія), Г.Фукса і часткова М.Райнгарта (Германія), на асобных этапах творчасці У.Меерхольда (Расія) і інш.
У л-ры і мастацтве Беларусі С. не склаўся ў самаст. кірунак, аднак паўплываў на іх развіццё. У пач. 20 ст. творы рознанац. прадстаўнікоў С. актыўна абмяркоўваліся ў бел. друку (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Минский курьер», «Голос провинции», «Минское эхо», «Полесье», «Беларусь» і інш.). Мела месца вульгарна-сацыялагічнае тлумачэнне С. і памяркоўнае, дыферэнцыраванае стаўленне да яго. Найбольш эстэтыка С. паўплывала на творчасць М.Багдановіча, які яшчэ ў гімназічных паведамленнях звяртаўся да праблем, звязаных з новым кірункам («Новыя павевы ў літаратуры», «Сучасная літаратура і народны дух», «Сімвалізм і дэкадэнцтва»). Ён уважліва ставіўся да новых выданняў сімвалісцкай паэзіі, пераклаў на бел. мову творы Верлена (22 вершы), Верхарна (урывак «Паўстанне»), асобных рус. сімвалістаў.
Філас.-эстэт. прысутнасцю С. адметны яго паэт. цыкл «Думы» («Мы доўга плылі ў бурным моры...», «Мне снілася», «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог...» і інш.), вершы, што суадносяцца з творчасцю Верлена, Ібсена, Бальмонга, Блока. Рысы С. выявіліся і ў творах Я.Купалы, З.Бядулі, К.Буйло, М.Гарэцкага, У.Жылкі, у літ. спадчыне Я.Драздовіча, у творчасці пісьменнікаў бел. эміграцыі (Н.Арсеннева, А.Салавей, Я.Юхнавец). Элементы. сімвалісцкай эстэтыкі ў розных формах праявіліся і ў сучаснай бел. л-ры (А.Разанаў, А.Кірвель і інш.). У бел.сцэн. мастацтве выкарыстоўваліся асобныя рысы і вобразна-маст. сродкі С. У пач. 20 ст.рас.тэатр. калектывы ставілі на Беларусі творы Андрэева, Ібсена і інш.Маст. сімвалы ўласцівы і відовішчам масавых дзействаў («Праца і капітал», паст. 1.5.1921 Е.Міровіча, Л.Літвінава і Бейтлера на Мінскім трэку). Прыёмы С. (наданне першаступеннага значэння пластыцы, музыцы, святлу ў спектаклі, стварэнне ў ім паэт. атмасферы, перадача метафарычнай знакавасці) актыўна выкарыстоўваюцца для пашырэння выяўл. сродкаў сцэн. мастацтва рэжысёрамі В.Катавіцкім («За зачыненымі дзвярыма» Ж.П.Сартра ў Дзярж. маладзёжным т-ры, 1992), М.Труханам («Распад» паводле У.Шэкспіраў Мінскім драм. т-ры «Дзе-Я?», 1997), В.Раеўскім («Чорная панна Нясвіжа» А.Дударава ў Нац. т-ры імя Я.Купалы, 2000), В.Баркоўскім («Зямля» паводле твораў Я.Коласа ў Нац. т-ры імя Я.Коласа, 2001) і інш.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;
Ермилова Е.В. Теория и образный мир русского символизма. М., 1989;
Белый А. Символизм как миропонимание. М., 1994;
Васючэнка П. Славянскі сімвалізм: Нац.-адметнае і агульнае. Мн., 1998;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998;
Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX—пачатку XX ст.Мн., 1999;
Cassou J. Encyklopedia symbolizmu: Przekl. z fr. Warszawa, 1992.
Е.А.Лявонава, А.В.Сабалеўскі.
Да арт.Сімвалізм. П.Гаген. Страта цнатлівасці (Абуджэнне вясны).Да арт.Сімвалізм. Э.Бёрн-Джонс. Кола фартуны. 1883.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras),
Рэспубліка Гандурас (República de Honduras), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.
Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр.ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю і інш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума і інш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс.ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.
Гісторыя. У 2—6 ст. у зах.ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.А.Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.Р.Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.
У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр. і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр.тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў 2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.Р.Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс.т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн.т), цукр. трыснягу (каля 3 млн.т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збор тыс.т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю і інш.харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн.гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн.гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс.т сталі за год, працуе на мясц.жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр.з-д перапрацоўвае за год 500 тыс.т імпартнай нафты. Ёсць цэм.з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн.прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн.т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі і інш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны і трансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г.М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,
навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац.муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац.муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус.муз. школы і яе адносіны да інш.нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец.навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.
На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, З.Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар.муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел.прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес.муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.Нісневіч, Б.Смольскі, Г.Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.Нісневіч, В.Сізко), муз. калектывы (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел.муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац.нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел.муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац.муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел.дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац.муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел.прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел.муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.Нісневіч, Н.Юдзеніч, Сізко, Г.Куляшова, Т.Дубкова, Г.Глушчанка, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, І.Назіна, Р.Аладава, Л.Сцяпура, В.Савіцкая, А.Друкт, Р.Сергіенка, Т.Ляшчэня, Т.Шчэрба, В.Антаневіч, А.Смагін, Н.Юўчанка, Т.Дзядзюля, Э.Алейнікава, А.Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.Нісневічы, Л.Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.Зубрыч, А.Ракава, Дз.Жураўлёў, Н.Калеснікава, Л.Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.Касцюкавец, В.Дадзіёмава, В.Пракапцова (Масленікава), А.Капілаў, А.Ахвердава, Т.Ліхач, У.Неўдах]. Узбагацілася тэарэт.л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.Цітовіч, В.Ялатаў, Мухарынская, З.Мажэйка, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел.нар. творчасці для муз.навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.Шыманскі, Мдывані, Б.Златавярхоўнікаў, Н.Сцяпанская, А.Гарахавік, К.Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.
Літ.:
Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып 1—2. М.; Л., 1934—39;
Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;
Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,
найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).
П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст. галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля 3/5сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, 2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П Японія. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.
2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл.вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).
Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст. — аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.
У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.
На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г.БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял.Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім.прам-сць, асабліва вытв-сцьмінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл.«Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл.Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл.Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.
З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац.АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).
Літ.:
Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРЭ́СІІ ПАЛІТЫ́ЧНЫЯў СССР,
розныя меры прымусу, якія ўжывалі ўлады СССР у адносінах да сваіх, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства па паліт. матывах. Ажыццяўляліся судамі або пазасудовымі органамі (т.зв. «тройкі», «двойкі», калегіі, асобыя нарады і інш.) ці ў адм. парадку органамі выканаўчай улады і службовымі асобамі і грамадскімі арг-цыямі з адм. паўнамоцтвамі. Р.п. ў СССР былі лагічным працягам рэпрэсій і тэрору перыяду грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, калі ў суд. і пазасуд. карнай практыцы прынцып права часта падмяняўся класавым падыходам і рэв. мэтазгоднасцю. На мяжы 1920—30-х г. камандна-адм. метады кіравання распаўсюдзіліся на большасць сфер грамадскага жыцця, дэмакр. сістэма прыняцця рашэнняў была выкраслена з жыцця грамадства. Рэзка абмежавалася самастойнасць ніжэйстаячых звёнаў выканаўчай улады і парт. органаў. Паступова выпрацоўвалася адзінства думак, якое падавалася нар. масам як вял. дасягненне ў сацыяліст. будаўніцтве. З пераходам да фарсіраванай індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі завяршыўся пераход ад паліт. рэжыму, у якім ген. лінія Кампартыі выпрацоўвалася ў ходзе супастаўлення і барацьбы думак, да рэжыму, дзе паліт. кіраўніцтва ажыццяўлялася на аснове жорсткай дысцыпліны. У СССР усталяваўся і пачаў умацоўвацца адм.-аўтарытарны рэжым, які пазней атрымаў назву адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Ва ўсіх сферах грамадскага жыцця была зроблена стаўка на дыктат. «Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, — лічыў І.В.Сталін, — з’яўляюцца неабходным элементам наступлення». Разгортванню масавых рэпрэсій спрыяў культ асобы Сталіна, ва ўмовах якога кожная праява непавагі да яго дзейнасці каралася як контррэв. злачынства. Сярод інш. прычын на Р.п. паўплывалі знешнія ўмовы існавання СССР у капіталіст. акружэнні. З далучэннем да СССР у 1939—40 Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Бесарабіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі асаблівы размах набылі дэпартацыі насельніцтва на УСССР. У час Вял.Айч. вайны 1941—45 па абвінавачанні ў масавым супрацоўніцтве ці дапамозе ням. захопнікам дэпартаваны на У цэлыя народы: крымскія татары, калмыкі, немцы Паволжа, чэчэнцы, інгушы і інш. У пасляваен. перыяд былі рэпрэсіраваны многія ўдзельнікі антысав. руху ў Прыбалтыцы, Зах. Украіне і Зах. Беларусі. Буйнамаштабнай праявай Р.п. канца 1940—пач. 50-х г. была т.зв. Ленінградская справа. Паводле дакладной запіскі Ген. пракуратуры, мін-ваў юстыцыі і ўнутр. спраў СССР ад 1.2.1954, у 1921—53 па абвінавачанні ў контррэв. злачынствах было асуджана 3 777 380 чал., з якіх 642 980 чал. прыгавораны да расстрэлу. Большасць з іх была асуджана ў 1934—38. Масавыя Р.п. 1930 — пач. 50-х г. афіцыйна асуджаны на XX (1956) і XXII (1961) з’ездах КПСС. У 1954—61 рэабілітавана больш як 700 тыс.чал.Аднак з сярэдзіны 1960-х г. работа па рэабілітацыі была згорнута. З пач.перабудовы ў 1987 утворана Камісія Палітбюро ЦККПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, што мелі месца ў 1930—40-х і пач. 1950-х г. У наступныя гады выдадзены Пастанова Палітбюро ЦККПСС «Аб дадатковых захадах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў» (5.1.1989), Указ Прэзідэнта СССР «Аб аднаўленні правоў усіх ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў» (13.8.1990), Законы РСФСР «Аб рэабілітацыі рэпрэсіраваных народаў» (26.4.1991) і «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» (18.10.1991). У снеж. 1992 утворана Камісія пры Прэзідэнце Рас. Федэрацыі па рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій. Усяго ў канцы 1980 — пач. 90-х г. рэабілітавана каля 1 млн. чал.
Р.п. на Беларусі адбываліся ў тых жа ўмовах і на тых жа падставах, што і ў інш. рэспубліках СССР. У 1920—30-я г. на іх адбілася становішча БССР як нац. саюзнай рэспублікі, якая непасрэдна межавала з капіталіст. Захадам. У 1920-х г. тут, як і паўсюдна ў СССР, сфарміраваўся своеасаблівы рэпрэсіўны механізм, які ўключыў заканад. базу, а таксама сістэму суд., пазасуд. органаў і папраўча-працоўных лагераў (гл.ГУЛАГ). Непасрэднымі выканаўцамі палітыкі Р.п. на Беларусі былі рэсп. ўстановы і мін-вы сістэмы ВЧК, АДПУ, НКУС, НКДБ, МДБ, МУС і КДБ. Усяго ў перыяд масавых Р.п. (1917—53) пацярпелі каля 600 тыс. жыхароў Беларусі. З іх 250 449 чал. асуджаны судамі ці пакараны рашэннямі пазасуд. органаў («двоек», «троек», асобых нарад, калегій АДПУ, НКУС, МДБ і інш.). У гэтую лічбу ўваходзяць і асуджаныя за калабарацыянізм (гл.Калабарацыяністы) у гады Вял.Айч. вайны 1941—45. Астатнія былі рэпрэсіраваны (пераважна дэпартаваны, высланы, сасланы) у адм. парадку. Найб. размах Р.п. прыпаў на 1937—38. У 1935—40 куды ўваходзіць і гэты перыяд, ад Р.п. пацярпелі 86 168 жыхароў Беларусі, з іх 28 425 расстраляны. Усяго ў ліст. 1917 — крас. 1953 за контррэвалюцыйныя злачынствы да смяротнай кары прыгаворана 35 868 чал. У сувязі з калектывізацыяй і раскулачваннем у 1920—30-я г. рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян і членаў іх сямей. Рэпрэсіі па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме (з канца 1920-х г.) выліліся ў расправу над прадстаўнікамі навукі, л-ры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. З 826 чал., якія праходзілі па спісе ўдзельнікаў бел.нац. руху 1917—24, былі рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся пражываць у СССР. У 1930-я г. больш за палавіну свайго асабістага складу страціў у выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі, практычна поўнасцю была разгромлена Бел.АН, у т. л. рэпрэсіраваны 26 акадэмікаў і 6 чл.-карэспандэнтаў. Кульмінацыяй расправы над нац. інтэлігенцыяй у 1930—31 стала справа «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» «Саюз вызвалення Беларусі», па якой арыштавана 108 чал.Р.п. закранулі ўсе без выключэння пласты насельніцтва Беларусі. Іх ахвярамі сталі таксама сав., парт., камсамольскія, ваен. кадры, супрацоўнікі праваахоўных органаў. У 1931—38 органамі АДПУ—НКУСБССР былі праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускага філіяла меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш. Былі «выкрыты» таксама «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі амаль ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі, у т. л. ў наркаматах земляробства, аховы здароўя, асветы, трактарацэнтры, у галіне нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў, папяровай прам-сці. Грамадзяне Беларусі ў значнай сваёй частцы неабгрунтавана прыцягваліся да адказнасці як удзельнікі антысав., контррэв. арг-цый і інш. З вер. 1939 рэпрэсіўная палітыка ўлад з У перамясцілася ў Зах. Беларусь, адкуль у 1939—41 дэпартавана больш за 100 тыс.чал. У выніку 2 пасляваен. аперацый па перасяленні (жн. 1951, крас. 1952) з Зах. Беларусі ў Сібір дэпартаваны 2079 сем’яў (каля 9000 чал.) Першая значная рэабілітацыя ахвяр Р.п. праведзена ў 1939—41 у адносінах да рэпрэсіраваных парт., дзярж. і ваен. дзеячаў. Усяго за 1930—40-я г. (і да пач. 1954) рэабілітавана больш за 35 тыс. жыхароў Беларусі. Распачатая з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з хрушчоўскай «адлігай» масавая рэабілітацыя ахвяр Р.п. у 2-й пал. 1960-х г. была згорнута. Новы імпульс гэты працэс набыў у час перабудовы. З 1990 у БССР, потым у суверэннай Рэспубліцы Беларусь пачала фарміравацца ўласная заканад. база па пытаннях рэабілітацыі і забеспячэння ахвяр Р.п. 21.12.1990 Вярх. Савет Беларусі зацвердзіў «Палажэнне аб парадку аднаўлення правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 20—50-х гадах». Яно прадугледжвала парадак аднаўлення працоўных, пенсіённых, жыллёвых і інш. правоў грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама кампенсацыю прычыненых ім маёмасных і інш. страт. У адпаведнасці з гэтым дакументам Савет Міністраў рэспублікі 29.12.1990 прыняў пастанову «Аб прадастаўленні льгот асобам, неабгрунтавана прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў перыяд рэпрэсій 20—50-х гадоў і ў далейшым рэабілітаваным». Пастанова Вярх. Савета БССР ад 6.6.1991 «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20—50-х гадоў у Беларускай ССР» значна спрасціла працэдуру рэабілітацыі рэпрэсіраваных. У наступныя гады заканад. органамі і ўрадамі Рэспублікі Беларусь прыняты яшчэ некалькі дапаўненняў да пастаноў і падзаконных актаў па рэабілітацыі. Імі прадугледжаны разам з рэабілітацыяй грамадзян аднаўленне страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і маёмасных правоў. Усяго з 1954 да цяперашняга часу на Беларусі рэабілітавана больш як 200 тыс. рэпрэсіраваных. Рэабілітацыя працягваецца.
Літ.:
Реабилитация: Полит. процессы 30—50-х гг.М., 1991;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-х гг. на Беларусі. 1994;
Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў XX ст.: Матэрыялы навук.-практыч. канф.Мн., 1998;
Земсков В. Политические репрессии в СССР (1917—1990 гг.) // Россия, XXI. 1994. № 1/2.