адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДАГА́Й,
пасёлак і чыг. станцыя ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астравец—Ашмяны. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПдЗад Астраўца, 197 кмад Гродна. 987 ж., 357 двароў (1997).
Вядомы з канца 16 ст. як паселішча ў маёнтку Астравец-Урбаноўскі. У 17 — 1-й пал. 18 ст. належаў Лакуцеўскім, Скірмунтам, Садоўскім, Козел-Паклеўскім, Войнам. У 1764 сяло, перададзена ордэну кармелітаў, якія да 1832 мелі тут кляштар з цудадзейным абразом Дзевы Марыі (захоўваецца ў касцёле і зараз). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, потым сяло ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1874 праз Гудагай пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 — 117 ж. З 1922 у Польшчы ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1971 — 1077 жыхароў.
Аптова-гандл. база і нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай (1764).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХЛАПНЫ́Я ГА́ЗЫ,
газападобныя і цвёрдыя прадукты, што выкідваюцца ў атмасферу рухавікамі ўнутр. згарання; адна з асн. крыніц забруджвання атмасфернага. Пераважныя інгрэдыенты выхлапных газаў: вокіс вугляроду (CO), вокіслы азоту (NOx), сярністы ангідрыд (SO2), вуглевадароды (CnHm), серавадарод (H2S) і інш. Асобную групу складаюць канцэрагенныя поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды і найб. актыўны з іх — бенз(а)пірэн (індыкатар наяўнасці канцэрагенаў у выхлапных газах). Пры выкарыстанні этыліраванага бензіну ў саставе выхлапных газаў высокатаксічныя злучэнні свінцу. Пад уздзеяннем сонечнай радыяцыі ў выніку фотахім. рэакцый выхлапныя газы ператвараюцца ў таксічныя рэчывы і адмоўна ўплываюць на чалавека, жывёл (павялічваюць успрымальнасць да розных хвароб, пераважна анкалагічных) і расліны (парушаюць працэс фотасінтэзу). Выкіды аўтатранспарту — асн. прычына фотахім. смогу ў гарадах. Узровень выкідаў CO, CnHm, NOx і дымнасці выхлапных газаў рэгулюецца спец. нарматывамі (дапушчальныя выкіды на 1 км пройдзенага шляху) і кантралюецца газааналізатарамі і дымамерамі. На Беларусі выкіды ад аўтатранспарту склалі 1,7 млн.т (77% ад агульных выкідаў у атмасферу; 1995). Таксічнасць выхлапных газаў зніжаецца пры выкарыстанні неэтыліраванага бензіну і экалагічна чыстых відаў паліва — прыроднага і звадкаванага газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНЫ РУХцвёрдага цела,
1) Вярчальны рух вакол нерухомай восі — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца ў паралельных плоскасцях і апісваюць акружнасці з цэнтрамі на нерухомай прамой — восі вярчэння. Асн. кінематычныя характарыстыкі — вуглавая скорасць і вуглавое паскарэнне , лінейная скорасць пункта цела на адлегласць r ад восі вярчэння , тангенцыянальнае паскарэнне , нармальнае паскарэнне . Асн. дынамічныя характарыстыкі — момант імпульсу і кінетычная энергія. Закон вярчэння вызначаецца з асн. ўраўнення дынамікі , дзе — вярчальны момант, — момант інерцыі цела адносна восі вярчэння z.
2) Вярчальны рух вакол пункта (сферычны рух) — рух цела, пры якім адзін пункт цела нерухомы, а астатнія рухаюцца па паверхні сфер. Пры такім вярчальным руху кожнае элементарнае перамяшчэнне цела — вярчэнне вакол некаторай восі (імгненнай восі вярчэння), якая бесперапынна змяняе свой напрамак.
Вярчальны рух цвёрдага цела: φ — вугал павароту; ω — вуглавая скорасць; an — нар-мальнае паскарэнне; aτ — тангенцыяльнае паскарэнне; V — скорасць пункта M, што знаходзіцца на адлегласці r ад нерухомай восі AB.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл.Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл.Газаачыстка), транспартавання (гл.Газаправод), захоўвання (гл.Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл.Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).
Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — адмясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭІДЭАЛАГІЗА́ЦЫЯ (аддэ... + ідэалогія),
1) плынь у зах. грамадска-паліт. і філас. думцы 2-й пал. 20 ст. Узнікла на глебе адмаўлення ідэалагізаваных форм інтэрпрэтацыі сучасных грамадска-гіст. працэсаў, сцвярджэння непрыдатнасці ідэалогіі ў якасці сродку пазнання грамадства. Тэарэт. падставай Д. сталі погляды ням. сацыёлага К.Мангейма аб супрацьпастаўленні навукі і ідэалогіі, дзе апошняя траціць права на валоданне навук. ісцінай. У 1950—60-я г. ў працах Р.Арона, Д.Бела, К.Попера і інш. Д. набыла рысы паліт. канцэпцыі. На падставе паляпшэння матэрыяльных умоў жыцця ў высокаразвітых краінах Захаду абвешчана выснова пра «згасанне» ў гэтых краінах класавай барацьбы і паступовае знікненне саміх класаў. Канцэнтраваным увасабленнем канцэпцыі Д. лічыцца палажэнне аб «канцы веку ідэалогіі», якое дапаўняе тэорыі індустрыяльнага грамадства і постіндустрыяльнага грамадства. Паводле гэтых тэорый, змены тыпу грамадскай арг-цыі пад уплывам навук.-тэхн. рэвалюцыі, становішча класаў, сац. груп і нацый вядуць да стварэння «новага светапогляду», які абапіраецца выключна на «факты навукі» і адмаўляе навук. вартасць і значэнне абстрактна-тэарэт. ідэй.
2) У шырокім сэнсе Д. — незалежнасць ад уплыву пэўных ідэалаг. прынцыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́РАВАННЕ,
пераўтварэнне электрычных (або інш.) ваганняў, у выніку чаго атрымліваюцца ваганні іншай (як правіла, больш нізкай) частаты. Найб. важны выпадак Д. — працэс, адваротны мадуляцыі (дэмадуляцыя; гл.Мадуляцыя ваганняў, Мадуляцыя святла) — выдзяленне нізкачастотнага мадулюючага сігналу (напр., ваганняў нізкай частаты ці сігналаў відарысу) з высокачастотных прамадуляваных ваганняў. У залежнасці ад віду мадуляцыі адрозніваюць амплітуднае, частотнае, фазавае і інш. Д.
Для Д. выкарыстоўваецца нелінейнасць вольт-ампернай характарыстыкі электронных прылад (вакуумных і паўправадніковых дыёдаў, трыёдаў, транзістараў і інш.). Пры амплітудным Д. ў ланцугу дэтэктара амплітудна мадуляваныя ваганні пераўтвараюцца ў высокачастотныя імпульсы адной палярнасці, амплітуда якіх змяняецца паводле закону мадуляцыі. Пры частотным (ці фазавым) Д. частотна (фазава) мадулявання ваганні спачатку пераўтвараюцца ў амплітудна мадуляваныя, а потым падаюцца на амплітудны дэтэктар. Пры прамым Д. святла на фотакатод прыёмніка падаецца толькі карысны аптычны сігнал; выхадны сігнал прыёмніка мае інфармацыю аб амплітуднай мадуляцыі зыходнай хвалі. Пры гетэрадзінным Д. святла зыходнае выпрамяненне камбінуецца на фотакатодзе з эталонным выпрамяненнем (напр., ад лазера) і выхадны сігнал нясе інфармацыю аб амплітудзе, частаце і фазе зыходнай хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦЭ́Н (адгрэч. holos увесь + kainos новы),
пасляледавіковая эпоха, сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу адпалеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.
Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.
Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАРЭ́Я (адгрэч. gonos семя + rheō цяку),
венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.
Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ТАВА,
вёска ў Навадворскім с/с Мінскага р-на. За 4 км на Пдад Мінска, 1 кмадчыг. ст. Асееўка. 7791 ж. (1997).
Вядома з 16 ст. ў складзе Мінскага пав.ВКЛ. З 1567 уладанне М.Служкі, з 1600 цэнтр маёнтка. У 1791 уласнасць Мінскага кляштара бернардзінцаў. 123 дымы, 3 карчмы. Пасля далучэння да Расіі (1793) у складзе Мінскай губ. У 1870 вёска Самахвалавіцкай воласці, 315 ж., 50 двароў; у 1897 — 450 ж., 77 двароў, нар. вучылішча, жаночая царкоўнапрыходская школа, Святадухаўская царква. У 1919 акупіравана польск. войскамі. У гэты час у вёсцы і наваколлі дзейнічаў партыз. атрад пад камандаваннем І.В.Маслыкі. З 1924 у Самахвалавіцкім р-не, у 1931—34 у адм. падпарадкаванні Мінскага гар. Савета, з 1935 у Мінскім р-не. Да 1927 і ў 1954—59 цэнтр сельсавета.
Акцыянернае т-ва Мінскага вытв. гарбарнага аб’яднання, Мінскія з-ды другаснай перапрацоўкі чорных і каляровых металаў, раённае аб’яднанне сельгасхіміі. Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан.