БЭ́ТА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання (спектра) электронаў ці пазітронаў, што ўтвараюцца пры бэта-распадзе, а таксама электронаў, якія вылучаюцца рэчывам пры ўздзеянні на яго іанізавальных выпрамяненняў.

Асн. характарыстыкі бэта-спектрометра: раздзяляльная здольнасць (найменшая розніца ў энергіі электронаў, якая можа быць зарэгістравана) і святласіла (адносіны колькасці электронаў, што папалі ў дэтэктар, да ўсёй колькасці электронаў дадзенай энергіі, якія вылучаны крыніцай). Здабытак святласілы на плошчу крыніцы электронаў наз. свяцільнасцю: чым яна большая, тым больш адчувальны бэта-спектрометр. Адрозніваюць бэта-спектрометры, што вымяраюць энергію электронаў па выніку іх уздзеяння на рэчыва (іанізацыйныя камеры, сцынцыляцыйныя лічыльнікі, паўправадніковыя дэтэктары), і бэта-спектрометры, якія прасторава раздзяляюць электроны розных энергій у эл. і магн. палях.

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,

эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ. дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.​Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́НА (санскр. дыханне),

у індыйскай метафізіцы і ідэалістычных сістэмах абазначае тонкую энергію Сусвету, крыніцу ўсіх сіл, руху і нават мыслення. У шэрагу выпадкаў атаясамліваецца з паняццямі «пракрыці» (пачатковая сіла) і «атман» — (душа). Адначасова П. мае і касм. значэнне, блізкае да паняцця «сусветная душа», злучыцца з якой імкнецца П. індывіда. На практыцы П. звычайна абазначае энергію дыхання. Ёгі сцвярджаюць, што акрамя П. дыхання ў чалавечым арганізме (і ў Сусвеце) існуюць яшчэ 4 тонкія энергіі: апана — токі, якія вядуць уніз, да выхаду з кішэчніка; в’яна — токі, што размеркаваліся па целе паміж пранай і апанай, удана — токі, накіраваныя ўверх, канцэнтруюцца ў горле, самана — токі, што збіраюцца каля пупка і садзейнічаюць страваванню.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГВАЛО́Д (?—980?),

першы гістарычна вядомы полацкі князь, бацька Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапісаў, прыйшоў «з-за мора». Даследчыкі лічаць, што Р. стаў полацкім князем у 960—970-я г. ці нават у сярэдзіне 10 ст. Можна меркаваць, што ў барацьбе Ноўгарада з Кіевам Р. схіляўся на бок Кіева. Заваяваў наўгародскія воласці, за што ў 980 (паводле В.​М.​Тацішчава ў 975 або 980, паводле А.​А.​Шахматава ў 970) забіты наўгародскім кн. Уладзімірам Святаславічам разам з жонкаю і 2 сынамі. (Раальдам і Свенам).

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.:(Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.​В.​Штыхаў.

Рагвалод. Малюнак Я.​Куліка. 1980.

т. 13, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ РЭ́ЗКА,

рэзанне матэрыялаў спальваннем іх у струмені кіслароду; тое, што кіслародная рэзка.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПЕ́ЛЕР (англ. propeller ад лац. propellere гнаць, штурхаць уперад),

тое, што паветраны вінт.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФО́РМА (лац. pro forma дзеля формы),

знешняя фармальнасць, выгляд; што-н. непатрэбнае, паказное.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),

рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.​Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.​Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.​Бруна, Б.​Спіноза, І.​Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл. Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.​Шэлінг і Г.​Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.

А.​А.​Цітавец.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСІМІЛЯ́ЦЫЯ (ад дыс... + лац. similis падобны) у біялогіі, працэс, процілеглы асіміляцыі тое, што катабалізм.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я КАПУ́СТА,

1) водарасць, тое, што ламінарыя.

2) Кветкавая расліна, адзін з відаў катрану.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)