КО́НУС ВЫ́НАСУ,
акумуляцыйная форма рэльефу ў выглядзе плоскага паўконуса. Мае слабапукатую паверхню, уніз пашыраецца. Наземныя К.в. ўтвараюцца ў выніку назапашвання рыхлага матэрыялу (галька, пясок, гліна) у месцах выхаду горных рэк на раўніны і ў вусцях часовых вадасцёкаў. Падводныя К.в. фарміруюцца ў прыбярэжных зонах мораў і акіянаў каля вусцяў рэк, якія выносяць значную колькасць наносаў, або ў вусцях падводных каньёнаў за кошт матэрыялу, які прыносяць патокі муці ў ніжнюю частку мацерыковага схілу ці ў вобласць мацерыковага падножжа.
т. 8, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ, ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ І БРА́ЦЛАЎСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—96. Створана на землях, далучаных у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Уключала Мінскую губерню, Ізяслаўскую і Брацлаўскую губ. (паўн.-зах. Украіна). Гал. задачай адміністрацыі былі ўвядзенне рас. грамадзянскага праўлення. На тэр. ген.-губернатарства была ўтворана Мінская, Ізяслаўская і Брацлаўская правасл. епархія (гл. Мінская праваслаўная епархія). Скасавана ў сувязі з новым адм.-тэр. упарадкаваннем пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
А.М.Філатава.
т. 10, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎВО́СТРАЎ НАНО́СЫ,
геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Наносы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на зах. беразе воз. Нарач. Пл. 0,9 км². На паўвостраве вузкая града (выш. да 11 м), якая ўтварылася каля 17 тыс. г. назад у шчыліне ледавіка ў выніку адкладання пяску, жвіру і валуноў. Ва ўзбярэжных пясках адзначаны намнажэнні (шліхі) галацэнавага ўзросту паўкаштоўнага мінералу гранату-альмандзіну. П.Н. — адзінае месца ў краіне, дзе трапляюцца магутныя гранатавыя шліхі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯПІ́ЗМ (грэч. priapismos ад імя старажытнагрэч. бога ўрадлівасці Прыяпа),
стойкая эрэкцыя палавога члена, не звязаная з палавым узбуджэннем. Развіваецца пры захворваннях і траўмах палавога члена, нерв. сістэмы, некат. інфекцыях і інтаксікацыях. Суправаджаецца болем у пенісе, прамежнасці і вобласці крыжа. Часцей бывае пры лейкозах. Развіццё П. звязана з парушэннем адтоку крыві з кавернозных цел палавога члена ў выніку венознага трамбозу. Часта ўзнікае ў час палавога акта, пасля мочаспускання або дэфекацыі. Можа прывесці да імпатэнцыі. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НДЫКА,
назва тэрыторыі, якую насялялі стараж. плямёны сіндаў, а таксама іх дзяржавы ў 5—4 ст. да н.э. Знаходзілася на тэр. Таманскага п-ва (Расія). Асн. заняткамі жыхароў былі земляробства, рыбалоўства і гандаль. Як дзяржава С. склалася ў 5 ст. да н.э. ў выніку войнаў сіндаў са скіфамі, што прывяло да ўзмацнення ўлады сіндскіх военачальнікаў. Вызначалася найб. ступенню элінізацыі ў параўнанні з інш. абласцямі Прычарнамор’я. У 4 ст. да н.э. страціла самастойнасць і ўключана ў склад Баспорскага царства.
т. 14, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТАКІ́ДЫ (грэч. Spartokidai),
дынастыя правіцеляў Баспорскай дзяржавы ў 438—107 да н.э. Засн. Спартакам I [438—433 да н.э.]. С. былі буйнымі землеўладальнікамі, гандлявалі збожжам з Афінамі. Найб. значныя іх прадстаўнікі: Сатыр I [433—388 да н.э.], Леўкон I [388—348 да н.э.], Перысад I [348—310 да н.э.]. У час іх кіравання тэрыторыя і ўплыў царства пашырыліся на памежныя вобласці скіфскіх, меоцкіх і сіндскіх плямён. Дынастыя спыніла існаванне ў выніку Саўмака паўстання (107 да н.э.).
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЕРЦІ́Н (італьян. travertino), вапнавы туф,
лёгкая порыстая асадкавая карбанатная горная парода, нацёчныя намнажэнні кальцыту. Колер светлы, жаўтавата-шэры, буравата-шэры. Порыстасць 2—40%.
Часта мае адбіткі раслін, арган. рэшткі. Утвараецца ў выніку асаджэння карбанату кальцыю (кальцыту, араганіту) з гарачых або халодных вуглякіслых крыніц. У месцах выхаду крыніц складае тэрасы і ўзгоркі. Выкарыстоўваецца як флюсавы матэрыял, абліцовачны і дэкаратыўны камень, таксама для вытв-сці цэменту, вапны, карбіду кальцыю. Радовішчы ў Італіі, Арменіі, Азербайджане, Таджыкістане, Расіі, на Украіне і інш.
т. 15, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЯЛЁЎ Іван Іванавіч (1919, г. Стары Аскол Белгародскай вобл., Расія — 21.2.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1942). На фронце з 1941. Стралк. рота на чале са ст. лейтэнантам Х. вызначылася ў баі каля в. Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., дзе ў выніку атакі вызваліла вёску, стварыла плацдарм для пераправы баявой тэхнікі палка па лёдзе цераз Дняпро. Загінуў у баі. На месцы бою ў в. Вішчын помнік.
т. 17, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д УСЯСЛА́ВІЧ (? — пасля 1129),
князь полацкі. Сын кн. Усяслава Брачыславіча. На думку некат. гісторыкаў, з 1101 княжыў у Менску. У 1103 разам з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у паходах на полаўцаў. Гэты саюз насцярожыў Усяславічаў, верагодна, Давыд Усяславіч прагнаны з Менска. У 1104 з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на свайго брата менскага кн. Глеба. Каля 1106—27 княжыў у Полацку. У выніку нападу на Полацкую зямлю ў 1127 кааліцыі князёў на чале з Мсціславам Уладзіміравічам Давыд Усяславіч пазбаўлены пасада, у 1129 разам з інш. полацкімі князямі сасланы ў Візантыю, дзе і памёр.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТНАПІ́ШТЫМ, Ут-Напіштым,
герой вавілонскага міфа, які выратаваўся ў час сусв. патопу. Паводле міфа, бог Эа (гл. Энкі) папярэдзіў У. пра знішчэнне ўсяго жывога на Зямлі ў выніку патопу і параіў яму пабудаваць спец. карабель. На гэтым караблі (куды ён узяў «семя ўсяго жывога») У. з сям’ёй накіраваўся на востраў за «водамі смерці». Пасля патопу людзі ад сям’і У. зноў засялілі зямлю, а савет багоў дараваў У. бессмяротнасць. Міф быў пашыраны сярод народаў стараж. Б. Усходу, ён уключаны ў эпас пра Гільгамеша. У акадскай міфалогіі У. адпавядае Зіусудра, у шумерскай — Атрахасіс, у Бібліі — Ной.
т. 16, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)