ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.

Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.

На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы».

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЬ Піліп Дзям’янавіч (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУ СССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУС СССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ,

міжнародная (сусв., рэгіянальная) або нацыянальная арганізацыя (аб’яднанне) па пэўным відзе спорту. Міжнар. С.ф. складаецца з нац. (часам і міжнар.) спарт. арг-цый, устаноў і асобных грамадзян. Можа прадстаўляць аматараў і прафесіяналаў. Асн. задачы С.ф.: планаванне, садзейнічанне і каардынацыя работы па развіцці і прапагандзе пэўнага віду спорту; павышэнне майстэрства спартсменаў; распрацоўка, удасканаленне, зацвярджэнне спарт. рэгламенту і правіл; арг-цыя спаборніцтваў; забеспячэнне прадстаўніцтва ў спарт. арг-цыях вышэйшага ўзроўню і інш. У адпаведнасці з Алімпійскай хартыяй міжнар. С.ф., прызнаныя Міжнар. алімп. к-там, ажыццяўляюць тэхн. кіраўніцтва алімп. спаборніцтвамі па сваіх відах спорту, у т. л. і дзейнасцю судзейскага апарату.

Міжнар. С.ф. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (веславання, гімнастыкі і інш.). У 1960-я г. створана Ген. асацыяцыя міжнар. С.ф. (кансультатыўная арг-цыя). Па асобных відах спорту існуе больш за 100 міжнар. С.ф., на Беларусі больш за 90 (2001).

т. 15, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТР ТУРЫ́ЗМУ І КРАЯЗНА́ЎСТВА НАВУЧЭ́НСКАЙ МО́ЛАДЗІ рэспубліканскі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь,

інструкцыйна-метадычны і арганізац.-масавы цэнтр па турысцкай і краязнаўчай рабоце са школьнікамі, навучэнцамі ПТВ, сярэдніх спец. навуч. устаноў, студэнтамі ВНУ. Створаны ў 1953 у Мінску як Рэсп. дзіцячая экскурсійна-турысцкая станцыя, з 2000 сучасная назва. Каардынуе дзейнасць 55 абл., гар. і раённых пазашкольных устаноў турысцка-краязнаўчага профілю, культ.-асв. і выхаваўчую дзейнасць 1200 грамадскіх музеяў устаноў адукацыі. Рыхтуе і выдае метадычныя матэрыялы, даведнікі, распрацоўвае экскурсійна-турысцкія маршруты, нарматыўныя дакументы па арганізацыі і правядзенні турысцка-краязнаўчай работы з навучэнцамі, павышае кваліфікацыю педагогаў па адпаведным профілі, прымае экскурсійныя групы на турысцкай базе цэнтра. Штогод праводзіць рэсп. турысцкія злёты, спаборніцтвы па пешаходным, веласіпедным і водным турызме, спарт. арыентаванні і скалалажанні, палявыя палатачныя турысцкія лагеры і інш. Ініцыятар правядзення Усебел. турысцка-краязнаўчай экспедыцыі навучэнцаў «Наш край». У гуртках цэнтра займаецца каля 1200 навучэнцаў.

С.С.Мітраховіч.

т. 17, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ДЫ (лац. Idus),

у старажытнарымскім календары назва 15-га дня ў сакавіку, маі, ліпені, кастрычніку і 13-га дня ў астатніх месяцах. І. былі прысвечаны Юпітэру, якому ў гэтыя дні прыносілі ў ахвяру авечку. Па І. рымляне (як і па календах) вялі лік дзён унутры месяца.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЕДЖЭР (англ. manager кіраўнік),

спецыяліст па кіраванні, прафесійны кіраўнік. Звычайна наёмны работнік, які прыцягваецца да кіраўніцкай дзейнасці па кантракце. Асн. патрабаванні да М. — валоданне метадамі і сродкамі кіравання калектывам, каардынацыі дзейнасці работнікаў у прац. працэсе, веданне асноў псіхалогіі, сацыялогіі, арганізацыі вытв-сці і інш. (гл. Менеджэрызм).

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛАМУ́ТРАВЫЯ ВО́БЛАКІ,

тонкія, паўпразрыстыя воблакі, якія ўзнікаюць у стратасферы на выш. 20—30 км. Па форме нагадваюць перыстыя і перыста-кучавыя воблакі, з вельмі моцнай ірызацыяй (вясёлкавай афарбоўкай па краях, прыкмета кропельна-вадкай будовы). Назіраюць зрэдку зімой, пераважна ў Паўн. Еўропе і на Алясцы. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ВЕНКА,

адзінка вагі ў 204,756 г, пакладзеная ў аснову грашовай вытв-сці ў 15 — пач. 18 ст. ў Рас. дзяржаве. Называлася таксама скалвавая грывенка (ад «скалвы» — вагі). Складалася з 48 златнікаў (па 4,266 г) або 1200 почак (па 0,171 г). У пач. 18 ст. заменена фунтам (409,512 г).

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГ (Váh),

рака ў Славакіі, левы прыток Дуная. Даўж. 433 км, пл. бас. 19,6 тыс. км². Пачынаецца ў Татрах, цячэ па сярэднягор’ях, потым па Сярэднедунайскай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні расход вады 152 м³/с. Сплаў драўніны. Суднаходства на 355 км. Каскад ГЭС. На Вагу — гарады Ружамберак, Жыліна, Трэнчын.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Ян, бел. гравёр і разьбяр па шкле 18 ст. Пачынальнік дынастыі гутнікаў і гравёраў па шкле, якія працавалі на Урэцкай мануфактуры Радзівілаў (Любанскі р-н). У 1761—86 адзін з галоўных і найб. кваліфікаваных гравіроўшчыкаў і разьбяроў. Гравіраваў на сталовым посудзе і люстэрках партрэтныя выявы і фігуратыўныя сцэны.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)