ПІНКЕРТО́Н (Pinkerton) Роберт, англійскі падарожнік 1-й пал. 19 ст., агент брытанскага біблейскага т-ва. У 1816 і 1822 наведаў Беларусь, пабываў у Барысаве, Вільні, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, Оршы, Полацку, Шклове. У 1816 заснаваў у Віцебску Беларускае біблейскае т-ва. У 1833 у Лондане выдаў свае ўспаміны «Расія: або рознабаковыя назіранні аб мінулым і сучасным стане краіны і яе насельнікаў» (раздзелы 3—5 прысвечаны Беларусі). Вял. ўражанне зрабілі на яго Полацк, Віцебск і Магілёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ВАЕ́ННАЯ,
сукупнасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца з мэтай здабывання, апрацоўкі і вывучэння звестак аб праціўніку, у т. л. магчымым, яго ўзбр. сілах, ваен.-эканам. патэнцыяле і інш. Вядзецца спец. падраздзяленнямі, разведчыкамі і інш. Падзяляецца на стратэг., аператыўную і тактычную; наземную, паветр., касм., марскую, спецыяльную. Адрозніваюць Р.в.: радыётэхн., артыл., інж., радыяцыйную, хім., біял. і інш. У Р.в. выкарыстоўваюць арбітальныя станцыі, штучныя спадарожнікі Зямлі, авіяцыю, разведвальна-ўдарныя комплексы, лазерныя, тэлевізійныя, магнітаметрычныя і інш. прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ ПРЫРО́ДА»,
грамадска-палітычны, навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Да 1977 інфарм.-метадычны бюлетэнь. Асвятляе пытанні аховы прыроды, узаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя, інфармуе насельніцтва аб выкананні дзярж. экалагічных праграм, мае трывалыя традыцыі экалагічнага выхавання і адукацыі чытачоў. Друкуе матэрыялы пра маляўнічыя куткі Беларусі, раскрывае многія сакрэты прыроды, змяшчае вершы, навелы, апавяданні на прыродную тэматыку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАПАЛАЖЭ́ННЕ, хіратонія,
абрад узвядзення ў свяшчэнніцкі сан (дыякана, свяшчэнніка, епіскапа і інш.) у хрысціянстве. У праваслаўі і каталіцызме разглядаецца як таінства, калі пры ўскладанні рук вышэйстаячага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму як бы перадаецца «боская ласка». У пратэстанцкіх цэрквах праз Р. пасвячаюцца на служэнне прэсвітэры, дыяканы і інш. служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх цэркваў, прынята рашэнне аб Р. таксама і жанчын не толькі ў сан дыякана, але і прэсвітэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1507—08,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У лют. 1507 віленскі сейм прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у папярэдніх войнах. У крас. 1507 конныя маскоўскія палкі ўчынілі набегі на Полацк і Смаленск; у ліст. 1507 яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне ВКЛ, рус. войскі вярнуліся ў свае землі. Другі этап вайны звязаны з Глінскіх мяцяжом 1508. Сабраўшы каля 2 тыс.чал., М.Л.Глінскі заняў Тураў і Мазыр, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады. Вял. князь маскоўскі Васіль III накіраваў пад Слуцк на дапамогу Глінскаму войска на чале з В.І.Шамячычам, а палкі Д.Шчэні і Я.Захар’іна — на Смаленск, трэцюю групу войска — на Полацк. Шамячыч і Глінскі аблажылі Мінск, рабілі рэйды аж да Слоніма. Паспалітае рушэнне ВКЛ, аб’яднаўшыся з польск. войскам (усяго 15—16 тыс.чал.), пад камандаваннем К.І.Астрожскага прымусіла Шамячыча і Глінскага адступіць, а маскоўскае войска — зняць аблогу Оршы. Асобныя атрады ВКЛ напалі на Северскую зямлю, занялі Дарагабуж і Таропец. Маскоўскія ваяводы неўзабаве зноў вярнулі гэтыя гарады. Вайна скончылася безвынікова. Пагадненне аб чарговым «вечным міры» замацавала паміж дзяржавамі ранейшыя межы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),
філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГВАЛТАВА́ННЕ,
злачынны ўчынак, звязаны з палавымі зносінамі, пры ўжыванні фіз. насілля, пагроз ці з выкарыстаннем бездапаможнага стану. Найчасцей З. ўчыняюць гетэрасексуалы, зрэдку бісексуалы. Доказам З. ў нявінніцы з’яўляецца анат. парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы, у дзяцей магчымы надрывы палавых губ, прамежнасці і разрывы похвы. Пры З. з фіз. насіллем жанчыне наносяць цялесныя пашкоджанні, пазбаўляюць яе магчымасці супраціўляцца (звязваюць, закрываюць рот і інш.); можа быць з пабоямі, спробамі душыць, параніць і інш. Псіхічнае насілле пры З. выражаецца ў пагрозе ці запалохванні пацярпелай або блізкіх ёй людзей. Можа мець вынікі: цяжарнасць пацярпелай, асабліва непаўналетняй, заражэнне венерычнай хваробай, СНІДам, нерв. і псіхічныя расстройствы.
З. ў крымінальным праве — злачынства супраць палавой свабоды жанчыны, якое выяўляецца ў палавой сувязі з выкарыстаннем насілля, пагрозы або бездапаможнага становішча пацярпелай; адно з цяжкіх злачынстваў супраць жыцця, здароўя, свабоды і годнасці асобы, адказнасць за якое прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Закон прадугледжвае асаблівы парадак узбуджэння крымін. спраў аб З. (справа аб З. без абцяжваючых акалічнасцей узбуджаецца толькі па заяве пацярпелай), разглядаецца яна судом, як правіла, на закрытым пасяджэнні. Бел.крымін. права прадугледжвае суровае пакаранне за З. ў выглядзе доўгатэрміновага пазбаўлення волі, а пры З. пры абцяжваючых акалічнасцях — аж да пакарання смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎСССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ДАРО́ЖНЫЯ,
элементы абсталявання дарог вызначанай формы, памеру і афарбоўкі з умоўнымі абазначэннямі і надпісамі. Устанаўліваюцца на аўтамаб. дарогах і вуліцах населеных пунктаў і даюць інфармацыю аб рэжыме, умовах, напрамках і маршрутах руху, месцах адпачынку, аб’ектах сервісу і інш.
У Расіі першыя З.д. зацверджаны ў 1805. Спроба ўпарадкаваць З.д. пачата ў 1909 у Парыжы на 1-й Міжнар. канферэнцыі па рэгламентацыі руху. У СССР стандартызаваныя З.д. пачалі выкарыстоўваць з 1927 як састаўную частку правіл руху. Дзеючая сістэма З.д. распрацавана на аснове Канвенцыі аб дарожных знаках і сігналах (1968, Вена), дапоўненай Еўрап. пагадненнем (1971, Жэнева). Стандартам прадугледжаны папераджальныя, пераважальныя (знакі прыярытэту), забараняльныя, прадпісальныя, інфарм.-ўказальныя, сервісу і дадатковай інфармацыі (таблічкі). Адрозніваюць іх па форме, афарбоўцы і малюнку (умоўным абазначэнні). Устанаўліваюць іх відарысам насустрач руху пераважна ўздоўж дарогі на спец. калонках, слупах, на кранштэйнах, тросах-расцяжках і рамах над праезджай часткай. Іх асвятляюць або пакрываюць святлоадбівальнымі матэрыяламі. Надпісы на інфарм.-ўказальных знаках, устаноўленых на дарогах Беларусі, выконваюцца на бел. мове за выключэннем міжнар. трас, дзе яны зроблены на бел. і англ. мовах.
Літ.:
Хомяк Я.В., Гончаренко Ф.П., Копилевич С.Л. Инженерное оборудование автомобильных дорог. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНЫ ДАГАВО́Р,
лакальны нарматыўны акт, які рэгулюе прац. і сац.-эканам. адносіны паміж наймальнікам і работнікамі, якія ў яго працуюць. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь, К.д. заключаецца на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях усіх форм уласнасці і гаспадарання і іх адасобленых падраздзяленнях, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць без утварэння юрыд. асобы. Бакамі ў К.д. з’яўляюцца прафсаюзы або інш. орган, што прадстаўляе інтарэсы работнікаў, і наймальнік ці яго паўнамоцны прадстаўнік. Змест К.д. вызначаецца бакамі ў межах іх кампетэнцыі, а таксама заканад. актамі ў прадугледжаных імі выпадках. К.д. можа мець палажэнні аб арганізацыі працы, нарміраванні, формах і сістэмах аплаты працы, памерах ставак і службовых акладаў, аб даплатах і надбаўках, працягласці рабочага часу і адпачынку, бяспецы працы і ахове здароўя работнікаў, унутр.прац. распарадку і дысцыпліне працы, буд-ве і размеркаванні жылля, арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, стварэнні ўмоў для павышэння культ. і фіз. ўдасканалення работнікаў, адказнасці наймальніка за магчымую шкоду іх здароўю, інш.прац. і сац.-эканам. умовах. К.д. заключаецца ў пісьмовай форме, на тэрмін не менш як на 1 год і не больш як на 3 гады, падпісваецца прадстаўнікамі бакоў і рэгіструецца ў парадку, вызначаным урадам.