ПАЧКАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

група бактэрый, якія размнажаюцца пачкаваннем. Уключае роды анкаламікробіум, гіфамікробіум, педамікробіум і інш. Пашыраны ў глебе, прэсных і салёных вадаёмах.

Клеткі пераважна няправільнай груша- або палачкападобнай формы. Спор не ўтвараюць, грамадмоўныя, гетэратрофы. Характэрная асаблівасць — наяўнасць гіфаў і размнажэнне почкамі, якія развіліся на гіфах. Почкі разрастаюцца, аддзяляюцца ад матчынай клеткі і фарміруюцца ў новыя асобіны. Пачкавальнае размнажэнне выяўлена таксама ў мікабактэрый.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНЕПЛЕ́Н (англ. peneplain ад лац. paene амаль + англ. plain раўніна),

слабахвалістая, месцамі амаль роўная дэнудацыйна-акумулятыўная раўніна. Утвараецца ў выніку разбурэння горнай краіны экзагеннымі прыроднымі працэсамі (пераважна верт. дэнудацыі) ва ўмовах гуміднага клімату і адноснага тэктанічнага спакою. П. часта пакрыты карой выветрывання (таўшчыня часам больш за 100 м). Вельмі пашыраны ў межах Казахскага драбнасопачніка. Ва ўмовах арыднага клімату ўтвараецца разнавіднасць П. — педыплен (раўніна падножжаў).

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСТО́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,

узроставая група, якая перайшла стан спеласці лясоў. Характарызуецца слабым ростам дрэў верхняга яруса, невял. прыростам масы драўніны. У Пл. часцей распаўсюджваюцца хваробы, узнікаюць бураломы. Узрост, у якім лес адносяць да Пл., залежыць ад пароды дрэў і знешніх умоў. На Беларусі перастойнымі лясамі лічацца дубовыя, кляновыя, ясянёвыя — са 140 гадоў, хваёвыя і яловыя — са 120, бярозавыя — з 80, асінавыя, альховыя — з 60 гадоў.

т. 12, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́ДНАЕ БАЛО́ТА,

мезатрофнае балота, тып балота, паводле характару жыўлення і расліннасці прамежкавы паміж нізінным балотам і вярховым балотам; балота сярэдняга мінер. жыўлення. Расліны на купінах і павышэннях каля пнёў, дзе прырост торфу большы, жывяцца пераважна за кошт увільгатнення атм. ападкамі. У паніжэннях, дзе сувязь з грунтавымі водамі захавалася, пашыраны расліны нізінных балот. На Беларусі П.б. займаюць каля 105 тыс. га (4,2% ад усіх балот).

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТРКАЎСКІ СТАТУ́Т 1496,

пастановы на карысць шляхты, прынятыя сеймам Польшчы ў г. Пётркаў-Трыбунальскі. Заканадаўча аформіў прымацаванне польскіх сялян да зямлі, пазбавіў мяшчан права валодаць шляхецкай зямлёй (гэта значыць і магчымасці пераходзіць у шляхецтва), вызваліў шляхту ад пошлін на ўвоз замежных тавараў і вываз с.-г. прадукцыі, даў ёй выключнае права вытв-сці і продажу спіртных напіткаў (т.зв. права прапінацыі). П.с. нанёс эканам. ўдар па польскіх гарадах.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К (Андрэй Міхайлавіч) (27.7.1913, в. Рассвет Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. —24.12.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў 2 курсы Ваен. акадэміі бранятанк. і механіз. войск (1944). Ў Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.Зах., Паўд., Варонежскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір батальёна маёр П. вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка ў Паўд. Карпатах (Румынія) і на ПнУ ад Будапешта (Венгрыя). Загінуў у баі.

А.М.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЧ ((Pič) Ёзаф) (19.1.1847—19.12.1911),

чэшскі археолаг, этнограф, гісторык. З 1893 кіраваў археал. аддзелам Нар. музея ў Празе, праводзіў раскопкі у Сярэдняй Чэхіі. Шэраг прац прысвяціў гісторыі славян у т. л. гісторыі Расіі. Прапагандаваў ідэі адзінства слав. народаў. Гал. праца П. «Старажытнасці Чэхіі» (ч. 1—3, 1899—1909) — агляд археал. матэрыялаў Чэхіі ад часоў палеаліту да 13 ст.; лічыў, што славяне засялілі Чэхію ў бронзавым веку.

т. 12, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТАЛО́ГІЯ (ад планеты + ...логія),

комплекс навук, якія вывучаюць паверхневую і ўнутр. будову, фіз. стан і хім. састаў рэчыва планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, распрацоўвае гіпотэзы і тэорыі іх утварэння і эвалюцыі. Даследаванні вядуцца апаратурай з касм. караблёў, аптычнымі назіраннямі з Зямлі і непасрэдна геал. метадамі на ўзорах парод з Месяца і метэарытах. Гл. таксама Касмагенныя мінералы, Касмагонія, Касмалогія, Касмахімія, Касмічнае землязнаўства.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТА́Ж (франц. plantage ад лац. plantare высаджваць),

глыбокая апрацоўка глебы спец. плугамі, на глыб. 50—70 (да 100) см пад гадавальнікі, вінаграднікі, сады, лесапасадкі. Паляпшае якасць глебы, спрыяе развіццю каранёў. Каб пазбегнуць вынасу на паверхню малаўрадлівага ніжняга пласта глебы, на плантажныя плугі ставяць дадатковыя рабочыя органы — перадплужнікі, выразныя адвалы, глебапаглыбнікі і інш.; адначасова ўносяць арган. і мінер. ўгнаенні, вапну ці гіпс.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́НУЛА (новалац. planula ад лац. planus плоскі),

адна з лічынкавых стадый развіцця кішачнаполасцевых. Развіваецца з яйца. Плавае ў тоўшчы вады, потым прымацоўваецца да субстрату (дно і інш.) і пераходзіць у наступную стадыю развіцця — паліп.

Цела авальнае, падоўжанае або чэрвепадобнае; складаецца з 2 слаёў. Вонкавы (эпітэліяльны) слой — эктадэрма — мае жгуцікавыя клеткі, сярод якіх размешчаны эпітэліяльна-мускульныя, нерв. і жыгучыя клеткі. Унутр. слой — энтадэрма — утварае замкнутую поласць кішкі.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)