тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.
Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл.Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.
К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл.Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл.Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл.Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл.Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл.Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння
, то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл.Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.
Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл.Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл.Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл.Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл.Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.
На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.І.Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ.Вып. 8—9. М., 1966—67;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,
тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.
Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш.Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл.Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскай вобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.Ларчанка, Ю.Любімаў і інш.
Літ.:
Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;
Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.
Я.М.Сахута, А.І.Сямёнаў.
Да арт.Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.Да арт.Ліццё мастацкае. А.Чохаў. Цар-гармата. 1586.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (эканам.),
каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасуцэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.
У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл.Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.
У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл.Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв.спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.
Літ.:
Марфунин А.С. История золота. М., 1987;
Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ.Т. 2. М., 1993;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл.Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл.«Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.
Літ.:
Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;
Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр.Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;
Исдейл Ч.Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ АЎСТРА́ЛІІ І АКІЯ́НІІ Агульная колькасць насельніцтва 29,7 млн.чал. (ацэнка на пач. 1998), у т. л. ў Аўстраліі 18,6 млн., Акіяніі 11,1 млн. Карэннае насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі належыць да 2 тыпаў акіянійскага адгалінавання негроіднай расы — аўстралійскага (гл.Аўстралоідная раса) і меланізійскага; у Мікранезіі і Палінезіі жывуць тыпы, пераходныя паміж аўстралоідамі і мангалоідамі — мікранезійцы і палінезійцы. Засяленне Аўстраліі і Акіяніі еўрапейцамі ў 19—20 ст. прывяло да колькаснай перавагі еўрапеоідаў. У выніку кантактаў карэннага і еўрап. насельніцтва ўтварыліся групы метысаў. У сучасным насельніцтве прадстаўнікоў еўрапеоіднай расы каля 21 млн. (71%), аўстралоіднай — 6,7 млн. (23%). Жыве невял. колькасць прадстаўнікоў мангалоіднай расы — каля 400 тыс.чал. (1,3%). Астатняе насельніцтва ў расавых адносінах прыпадае на пераходныя тыпы, у т. л. 1,3 млн. (4,4%) мікранезійцаў і палінезійцаў. Насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі складаецца з 3 этн. кампанентаў: абарыгены; насельніцтва еўрап. паходжання; выхадцы з Азіі і іх нашчадкі. Аўстралію і Акіянію насяляе вял. колькасць (больш за 1,5 тыс.) мясц. абарыгенных плямён і народаў агульнай колькасцю 8,4 млн. (28% усяго насельніцтва). Большасць насельніцтва складаюць нашчадкі перасяленцаў з Еўропы разам з нядаўнімі эмігрантамі. Есць перасяленцы з Азіі і Амерыкі. 27 народаў налічваюць больш за 100 тыс.чал. кожны. Іх агульная колькасць 27,1 млн.чал., або 91% усяго насельніцтва рэгіёна, з іх 3 народы налічваюць больш за 1 млн.чал. (англа-аўстралійцы 18,1, англа-новазеландцы 3, англічане 1,1) і 7 народаў — больш за 300 тыс.чал. (грэкаў 400 тыс., фіджы-індыйцаў 370 тыс., фіджыйцаў-меланезійцаў 350 тыс., самоанцаў 325 тыс., шатландцаў 325 тыс., маары 320 тыс., італьянцаў 300 тыс.). Па колькасці пераважаюць народы, якія размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах, асабліва на мовах германскай групы (больш за 23 млн.) — англа-аўстралійцы, англа-новазеландцы, англічане, шатландцы, амерыканцы ЗША, галандцы, немцы, яўрэі і інш. З інш. груп індаеўрап. сям’і жывуць прадстаўнікі раманскай групы — італьянцы і французы, слав. групы — харваты, македонцы, палякі і інш. (у т. л. беларусаў каля 5 тыс.), індыйскай групы — фіджы-індыйцы, інш. груп — грэкі, ірландцы, армяне, латышы, літоўцы. Жыве таксама невял. колькасць нашчадкаў эмігрантаў з Азіі з інш. моўных сем’яў — кітайцы, філіпінцы, карэйцы, японцы, в’етнамцы, кхмеры, з Еўропы — венгры, фіны, мальтыйцы, баскі і інш.
Нашчадкі выхадцаў з Еўропы жывуць пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі; амерыканцы ЗША — пераважна на Гавайскіх а-вах і в-ве Гуам, французы — на Новай Каледоніі і в-ве Таіці. Абарыгеннае насельніцтва распадаецца на 3 моўныя групы — аўстрал. (гл.Аўстралійскія мовы), папуаскую, аўстранезійскую (гл.Аўстранезійскія мовы). На аўстрал. мовах размаўляюць аўстралійцы (аўстралійцы-абарыгены, карэнныя жыхары Аўстраліі). Іх колькасць разам з метысамі складае каля 265 тыс.чал., размаўлялі на 200—500 мовах, многія з якіх выйшлі з ужытку. На папуаскіх мовах размаўляе каля 5 млн.чал. ва ўнутр. раёнах Новай Гвінеі, на а-вах архіпелага Бісмарка, Саламонавых і інш. Вылучаецца больш за 700 народнасцей і плямён, найб. з іх энга (195 тыс.), чымбу (142 тыс.), медлпа (101 тыс.), экары (100 тыс.). Папуаскія мовы групуюцца ў 11 моўных сем’яў і надсямейных згуртаванняў моў — філаў. Аўстранезійская сям’я моў падзяляецца на 4 групы — палінезійскую, мікранезійскую, меланезійскую, інданезійскую. На палінезійскіх мовах гавораць 1,1 млн.чал. у Палінезіі. Вылучаюць каля 30 асобных народаў, найб. маары — 320 тыс. (Новая Зеландыя), самоанцы — 320 тыс. (а-вы Самоа), гавайцы — 180 тыс. (Гавайскія а-вы), таіцяне — 137 тыс. (в-аў Таіці і суседнія а-вы), тонга — 120 тыс. (а-вы Тонга). На 20 мікранезійскіх мовах размаўляе 220 тыс. жыхароў Мікранезіі. На прыкладна 200 меланезійскіх мовах размаўляе 1,7 млн. жыхароў узбярэжжа Новай Гвінеі і суседніх а-воў у Меланезіі, найб. народы фіджыйцы — 350 тыс. і канакі (новакаледонцы, жыхары в-ва Новая Каледонія) — 60 тыс. На інданезійскай мове размаўляе народ чамора (100 тыс.чал.) на Марыянскіх а-вах. Большасць вернікаў — пратэстанты, католікаў больш толькі ў Новай Каледоніі, на а-вах Уоліс і Футуна, на Гуаме, у Мікранезіі. Прыхільнікі мясц. культаў складаюць большасць насельніцтва Новай Гвінеі, Саламонавых а-воў, Новых Гебрыдаў, унутр. і паўн. раёнаў Аўстраліі (аўстралійцы-абарыгены). Выхадцы з Азіі — мусульмане, індуісты, будысты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука пра хім. элементы і ўтвораныя імі простыя і складаныя рэчывы, акрамя арганічных злучэнняў. Асн. задачы Н.х. — даследаванне будовы, саставу і ўласцівасцей простых рэчываў і хім. злучэнняў, навук. абгрунтаванне і распрацоўка спосабаў атрымання матэрыялаў, неабходных сучаснай тэхніцы. Асн. метады даследаванняў грунтуюцца на аналізе (сукупнасць аперацый, скіраваных на вызначэнне якаснага і колькаснага саставу рэчыва) і сінтэзе (атрыманне складаных хім. злучэнняў з больш простых ці з хім. элементаў). У Н.х. выкарыстоўваюцца тэарэт. ўяўленні і метады фізікі, крышталяграфіі, крышталяхіміі, а таксама метады аналіт., фіз. і калоіднай хіміі. Па аб’ектах, якія вывучаюцца, падзяляюць: на хімію асобных элементаў, хімію груп элементаў перыяд. сістэмы (хімія шчолачных металаў, галагенаў, шчолачназямельных элементаў, халькагенаў і інш.), хімію пэўных злучэнняў некаторых элементаў (хімія сілікатаў, пераксідных злучэнняў і інш.), хімію блізкіх па ўласцівасцях і галінах выкарыстання рэчываў (хімія тугаплаўкіх рэчываў, інтэрметалідаў, паўправаднікоў, высакародных металаў, неарган. палімераў і інш.), а таксама хімію элементаў, аб’яднаных у групы па адзнаках, якія склаліся гістарычна (напр., хімія рэдкіх элементаў). Самаст. раздзел Н.х. — каардынацыйная хімія, ці хімія каардынацыйных злучэнняў (ш. Комплексныя злучэнні). Звычайна «адасабляюць таксама хімію пераходных элементаў.
Гісторыя Н.х. пачынаецца з глыбокай старажытнасці; першыя звесткі пра золата, серабро, медзь, волава і інш. металы адносяцца да 3 ст. да н.э. У сярэднія вякі, калі панавала алхімія, былі адкрыты мыш’як, сурма, фосфар, цынк, вісмут, атрыманы к-ты (серная, саляная, азотная), некаторыя солі і інш. неарган. злучэнні. Як самаст. навука пачала развівацца ў 18—19 ст., калі былі ўстаноўлены асн. законы хім. атамістыкі: законы захавання масы пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770), пастаянства саставу (Ж.Пруст, 1801—07), кратных адносін закон (Дж.Дальтан, 1803). У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцаліус апублікаваў табліцу атамных мас 45 вядомых элементаў; А.Авагадра і Ж.Л.Гей-Люсак адкрылі газавыя законы; П.Л.Дзюлонг і А.Пці вынайшлі правіла, што звязвае цеплаёмістасць з колькасцю атамаў у злучэнні; Г.І.Гес адкрыў закон пастаянства колькасці цеплаты (гл.Геса закон) узнікла атамна-малекулярная тэорыя. У 1807 Г.Дэві ажыццявіў электроліз гідраксідаў натрыю і калію і ўвёў у практыку новы метад атрымання простых рэчываў. У 1834 М.Фарадэй апублікаваў асн. законы электрахіміі. Наступны этап у развіцці Н.х. звязаны з адкрыццём перыяд. закону і перыядычнай сістэмы элементаў Мендзялеева (1869), а таксама з дасягненнямі фізікі, якія дазволілі даць перыяд. закону фіз. абгрунтаванне, заснаванае на тэорыі будовы атама. У пач. 20 ст. прапанаваны першыя электронныя тэорыі валентнасці (В.Косель, 1915; Г.Льюіс, 1916), распрацаваны асновы каардынацыйнай хіміі (Л.А.Чугаеў, І.І.Чарняеў). Даследаванне прыроднай радыеактыўнасці прывяло да адкрыцця прыродных радыеактыўных элементаў і ўзнікнення радыяхіміі. Адкрыццё ў 1934 штучнай радыеактыўнасці дазволіла атрымаць новыя хім. элементы і ізатопы, запоўніць прабелы ў перыяд. сістэме элементаў і дабудаваць яе трансуранавымі элементамі. Развіццё ядз. энергетыкі, рэактыўнай тэхнікі, электронікі спрыяла стварэнню новых сінт. матэрыялаў і тэхналогій з выкарыстаннем дасягненняў у галіне тэхнікі высокіх тэмператур і ціску, глыбокага вакууму, распрацоўкі метадаў атрымання матэрыялаў высокай чысціні. Важная задача сучаснай Н.х. — даследаванне хім. уласцівасцей і спосабаў атрымання рэдкіх металаў (ніобій, тытан, малібдэн, тантал) і сплаваў на іх аснове, вывучэнне неарганічных палімераў і сіталаў. Н.х. з’яўляецца таксама навук. базай хім. вытв-сці неарган. рэчываў (солей, Кіслот, шчолачаў і інш.), неабходных для развіцця цяжкай індустрыі і сельскай гаспадаркі.
На Беларусі даследаванні па Н.х. вядуцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН (сінтэз эмаляў, адсарбентаў, каталізатараў, керамічных матэрыялаў і мінер. угнаенняў), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і БДУ (сінтэз звышцвёрдых і паўправадніковых матэрыялаў, сегнетаэлектрыкаў і ферытаў), Бел.тэхнал. ун-це (фосфарныя ўгнаенні, пераўскіты, ферыты), НДІ будматэрыялаў (пенашкло, пенабетон, вапна і інш.), Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (паўправадніковыя злучэнні).
Літ.:
Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;
Штрубе В. Пути развития химии: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМО́Е КІНО́,
умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.
Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.Лост і У.Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл.Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл.Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.Пікфард, Л.Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.Халодная ў Расіі, Г.Гарба ў ЗША, «вамп» — А.Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.Валентына, Г.Лойд, Д.Фэрбенкс у ЗША, І.Мазжухін, А.Ктораў у Расіі, комікі — Б.Кітан у ЗША, М.Ліндэр у Францыі і інш.Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.Т.Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).
На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел.маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.Малчанаў) і інш. Фільм У.Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г.бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.Бахар і П.Малчанаў).
Літ.:
История белорусского кино. Мн., 1969;
Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́ННЕ,
вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).
Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук.тэорыі.
Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,
шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.