ГРО́ДЗЕНСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са снеж. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Гродзенскага р-на; уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Складалася з падп. груп (больш за 80 чал.) у Адэльскім, Індурскім, Капцёўскім, Крынкаўскім, Кузніцкім, Сакольскім, Эйсмантаўскім сельсаветах. Узначальваў яе раённы антыфаш. к-т (старшыня А.М.Шумілін). Члены арг-цыі вялі масава-паліт. работу ў населеных пунктах, распаўсюджвалі падп. газеты, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, забяспечвалі партызан разведданымі аб праціўніку, зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, харч. прадуктамі. Разам з партызанамі прымалі ўдзел у дыверсіях на чыгунках Гродна—Беласток і Гродна—Масты, пашкодзілі тэлеф. лінію на адрэзку ў 7 км, знішчылі 2 вагоны з авіябомбамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗА ((Groza) Петру) (7.12.1884, с. Бэчыя, пав. Хунедаара, Румынія — 7.1.1958),
румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. Доктар права. Вучыўся ў Будапешцкім, Берлінскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1918—27 чл.Нар. партыі. У 1921—22 і 1926—27 чл. урада. У 1933—53 старшыня леваарыентаванай арг-цыі «Фронт земляробаў». У 1943—44 зняволены за дзейнасць, скіраваную супраць дыктатуры І.Антанеску. У 1944 удзельнічаў у стварэнні Нац.-дэмакр. фронту. З ліст. 1944 віцэ-прэм’ер, у 1945—52 прэм’ер-міністр Румыніі. У 1952—58 Старшыня Прэзідыума Вял.нац. сходу (кіраўнік дзяржавы). Урад Гроза правёў агр. рэформу, рэарганізаваў сістэму кіравання, устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (6.8.1945), садзейнічаў ліквідацыі ў краіне манархіі, абвяшчэнню Румыніі нар. рэспублікай (30.12.1947) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),
савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс.км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд.ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШАНО́ВІЧ (Валерый Мікалаевіч) (псеўд.Дзедаў Валерый, Баркоўскі-Дзедаў Валерый; н. 3.3.1947, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобл.),
паэт, публіцыст. Піша на рус. і бел. мовах. Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). З 1969 на камсамольскай, з 1983 на парт. рабоце. У 1987—93 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1968. Аўтар зб. вершаў «Стронцый у кроплі расы» (1990), паэм «Вока бездані» (1989), «Беларусь, Хрыстос і маланка» (1993), «Святое прычасце» (1994), кінасцэнарыя (з М.Кацюшэнкам) «Хроніка знаходжання на Зямлі» пра лётчыка-касманаўта У.Кавалёнка (паст. 1980). У творах Грышановіча — роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, сутнасцю чалавечага жыцця, боль за бездухоўнасць грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУША́Н (Plecotus auritus),
млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.
Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г. Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лужасянка (выцякае з возера), за 20 км на У ад г. Гарадок. Пл. 7,24 км², даўж. 9,2 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі 22,6 км. Пл. вадазбору 106 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, парослыя лесам, на ПнУ і ПдЗ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія і стромкія, зараслі хмызняком. Дно амаль плоскае, мелкаводдзе вузкае, пясчанае, 7 астравоў агульнай пл. каля 8 га, найб. з іх на ПдЗ зарос лесам. Надводная расліннасць вузкай паласой (10—25 м) акаймоўвае ўзбярэжжа і астравы. Злучана пратокамі з азёрамі Арлейка і Слепня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,
звышправоднасць з высокай крытычнай тэмпературай пераходу (TK) у звышправодны стан. Адкрыта ў 1986—87. Назіраецца ў аксідных злучэннях, якія атрымліваюцца керамічнай тэхналогіяй ці гарачым прасаваннем. Іх уласцівасці залежаць ад умоў адпалу, ступені замяшчэння катыёнаў, кіслародных дэфектаў і інш. умоў. Напр., аксідныя злучэнні, атрыманыя на аснове ітрыю, вісмуту, талію і ртуці, маюць TK, вышэйшую за тэмпературу кіпення вадкага азоту (110—133 К). На Беларусі высокатэмпературная звышправоднасць даследуецца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Літ.:
Физические свойства высокотемпературных сверхпроводников: Пер. с англ.М., 1990;
Электронная структура и физико-химические свойства высокотемпературных сверхпроводников. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Пётр Яцак) (10.9.1797, г. Варта, Польшча — 1.1874),
дзеяч польскага нац.-вызв. руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Скончыў школу падхаружых у Лазенках (пад Варшавай). У 1827 атрымаў чын падпаручніка. Заснаваў тайнае т-ва «Ваенны саюз» (1828), якое ставіла за мэту падрыхтоўку ваен. перавароту і сфарміраванне рэв. ўрада. 29.11.1830 пачаў паўстанне на чале атрада падхаружых, быў ад’ютантам галоўнакамандуючага польскімі войскамі М.Радзівіла, удзельнічаў у рэйдзе корпуса ген. Ю.Дзвярніцкага на Валынь і ў Галіцыю. Пры абароне Варшавы (вер. 1831) трапіў у палон. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена катаргай у Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў пра паўстанне 1830—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сосніца, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,48 км², даўж. 1,22 км, найб.шыр. 570 м, найб.глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,1 км². Схілы катлавіны на Пн і Увыш. 10—11 м, на З 4—5 м, на Пд да 3 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, паўд. — тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае. Надводная расліннасць утварае паласу ўздоўж берага шыр. да 10 м. Дно да глыб. 5 м выслана палушнікам азёрным, які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Возера і прылеглая тэр. абвешчаны аднайм. гідралагічным заказнікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ Е́ЛЬНЯ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 16 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,46 км², даўж. 1,35 км, найб.шыр. 570 км, найб.глыб. 13,2 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км. Пл. вадазбору 2,22 км². Схілы катлавіны выш. 3—8 м (на Пн і Пд да 3 м), на З стромкія, парослыя хмызняком, на У спадзістыя, пад лугам. На Пн і Пд вузкія залівы. Берагі высокія, на З зліваюцца са схіламі. Уздоўж берага дно да глыб. 6 м пясчанае, глыбей глеістае. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. 7—50 м. На Пн упадае ручай з воз. Малая Ельня, на У выцякае ручай у воз. Абаб’е.