НЕЙТРАФІ́ЛЫ [ад лац. neuter ні той, ні іншы + ...філ(ы)],
мікрафагі, спецыяльныя лейкацыты, гетэрафілы, адна з форм зярністых лейкацытаў (гранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Дыяметр 9—12 мкм. Цытаплазма мае нейтрафільныя гранулы, лізасомы. Утвараюцца Н. са стваловых крывятворных клетак і праходзяць паслядоўныя стадыі дыферэнцыроўкі. У чалавека Н. складаюць 48—78% лейкацытаў перыферычнай крыві. Асн. іх функцыя — фагацытоз, растварэнне (лізіс) амярцвелых тканак.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРО́ПАЛЬ (ад грэч. nekros мёртвы + polis горад),
назва могільніка ў краінах Стараж. Усходу, антычнага свету, Міжземнамор’я і Прычарнамор’я. Бываюць грунтавыя, падземныя (катакомбы), курганныя, а таксама могілкі, што маюць асаблівы статус (напр., Н. Аляксандра-Неўскай лаўры ў С.-Пецярбургу). Найб. вядомыя Н. — «Даліна цароў» у Егіпце, «Дыпілонскія могілкі» ў Афінах з надмагільнымі скульптурамі 5—4 ст. да н.э. Знаходкі ў Н. даюць уяўленне пра побыт і культуру народа.
т. 11, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА ПРА́ВА,
агульнаабавязковае правіла паводзін, якое ўстанаўліваецца або санкцыяніруецца дзяржавай і забяспечваецца яго прымусовай сілай. Формай існавання Н.п. з’яўляюцца адпаведныя нарматыўныя акты, а таксама інш. крыніцы права. У залежнасці ад галін права адрозніваюць: адм.-прававыя Н.п., нормы працоўнага, экалагічнага, міжнар., канстытуцыйнага, гасп. і інш. галін права. Паводле часу дзеяння Н.п. падзяляюць на пастаянныя (дзейнічаюць да іх афіц. адмены) і часовыя (дзейнічаюць у межах вызначанага часу).
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТА (лац. nota знак, заўвага),
дакумент дыпламат. перапіскі. У міжнар. практыцы звычайна адрозніваюць Н. асабістую і вербальную ноту. Асабістая Н. мае форму пісьма, складаецца ад імя таго, хто яе падпісвае. Пачынаецца са звароту да асобы, якой яна адрасавана, і заканчваецца формулай ветлівасці. Друкуецца на нотным бланку з захаваннем пэўных атрыбутаў. Н. вербальная складаецца ў трэцяй асобе, не падпісваецца, але сведчыцца пячаткай МЗС або дыпламат. прадстаўніцтва.
т. 11, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́КЛЕУС (лац. nucleus ядро),
каменны, найчасцей крамянёвы абабіты жаўлак, ад якога ў каменным веку адбівалі або адціскалі пласціны ці адшчэпы для вырабу прылад працы. У сярэднім палеаліце былі пашыраны дыскападобныя адна- і двухбаковыя Н., якія аббівалі па акружнасці, у познім плеаліце — прызматычныя Н., у канцы палеаліту, у мезаліце і неаліце — пірамідальныя, клінападобныя і аморфныя Н. Часам сам Н. выкарыстоўвалі як ударную прыладу працы.
В.Я.Кудрашоў.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́КЛЕУС у пчалярстве,
невялікая пчаліная сям ’я, якую фарміруюць для ўтрымання маладой няплоднай маткі да яе спароўвання з трутнем і часовага захоўвання запасной плоднай маткі. Складаецца з маладых нялётных пчол ад моцнай сям’і, расплоду пчол і падсаджанай няплоднай маткі або яе спелай кукалкі (з пачаткам адкладання яец іх замяняюць на новых) ці запасной плоднай маткі. Пазней Н. аб’ядноўваюць у новыя сем’і ці падсільваюць імі слабыя сем’і.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́МАР (ад лац. numerus лік),
1) парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных.
2) Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку.
3) Жэтон, планка, ярлык і да т.п. з адбіткам або малюнкам лічбы.
4) Размер адзення, абутку і інш. 5) Асобны пакой у гасцініцы, лазні і да т.п.
6) Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і да т.п.).
7) Баец гарматнага, кулямётнага і да т.п. разліку.
т. 11, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯРО́ПЛЯ,
возера ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Няропля (цячэ праз возера), за 2 км на ПнУ ад г.п. Бялынічы. Пл. 0,26 км², даўж. 650 м, найб. шыр. 520 м, даўж. берагавой лініі 1,8 км. Пл. вадазбору 52,4 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, пераважна разараныя, участкамі пад хмызняком, на ПдЗ да 22 м, парэзаныя ярамі. Берагі вып. да 1 м.
т. 11, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкарыстаннем паветр. прасторы і дзейнасцю авіяцыі на тэр. краіны. Уключае нормы нац. (унутрыдзяржаўнага) і міжнар. права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне П.п. заснавана на Канстытуцыі, Паветраным кодэксе Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999, інш. законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, правілах выкарыстання паветр. прасторы, авіяц. правілах і інш. нарматыўна-прававых актах і міжнар. дагаворах.
т. 11, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЛЖА,
тэрыторыя, якая прылягае да сярэдняга і ніжняга цячэння р. Волга і эканамічна звязаная з ёю. У межах П. вылучаюць прыўзнятае правабярэжжа (з Прыволжскім узвышшам) і нізіннае левабярэжжа, т. зв. Заволжа. Да П. часам адносяць таксама раёны, якія знаходзяцца ў верхнім цячэнні Волгі (ад яе вытокаў да вусця р. Ака). Пры эканам. раянаванні ў П. ўключаюць Калмыкію, Татарстан, Астраханскую, Валгаградскую, Пензенскую, Самарскую, Саратаўскую і Ульянаўскую вобл.
т. 11, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)