ГУ́БАРАЎ (Аляксей Аляксандравіч) (н. 29.3.1931, с. Гвардзейцы Самарскай вобл., Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1975, 1978), лётчык-касманаўт СССР (1975). Герой ЧССР (1978). Ген.-маёр авіяцыі (1983). Д-ртэхн.навук. Скончыў ваенна-марское авіяц. вучылішча (1952), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1961). У 1963—81 у атрадзе касманаўтаў. 11.1—9.2.1975 з Г.М.Грэчкам здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-17» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-4»; 2—10.3.1978 з У.Рэмекам — палёт на касм. караблі «Саюз-28» (як камандзір; першы ў свеце міжнар. экіпаж па праграме «Інтэркосмас») і на арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж: Ю.В.Раманенка, Грэчка) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз-27». Правёў у космасе 37,5 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось пры ўпадзенні р. Ваўпянка (бас. Нёмана). За 23 км на Пн ад г. Ваўкавыск, каля в.Воўпа. Створана ў 1955. Пл. 1,26 км², даўж. 5,6 км, найб.шыр. 0,85 км, найб.глыб. 5,4 м, аб’ём вады 2,3 млн.м³.
Катлавіна выцягнутая ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш за 60% плошчы), ёсць 9 астравоў агульнай пл. 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія 18 км, парэзаная, ёсць 2 залівы. Берагі абрывістыя, зах.выш. да 4 м, паўд. 1,5—2 м, пад хваёвым лесам, у вярхоўях забалочаныя, парослыя вольхай і вярбой. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Моцнапраточнае. Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Воўпаўская ГЭС), для арашэння і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАДКІ,
вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. За 20 км ад горада і чыг. ст. Гарадок, 60 км ад Віцебска. 79 ж., 41 двор (1996). Вайсковыя могілкі. Археал. помнік — гарадзішча ранняга жал. веку і курганны могільнік крывічоў 10—11 ст.
Упершыню ўпамінаюцца ў 1570 як сяло дзярж. Усвяцкай вол. Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1633 ва ўладанні Рудамінаў-Дусяцкіх. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр прыватнага маёнтка, які належаў памешчыку фон Крузе. Вышадкі ўваходзілі ў Суражскі пав., з 1866 — цэнтр воласці Гарадоцкага пав. Віцебскай губ.; царква, 3 кірмашы на год. З 1923 у Віцебскім пав., з 1924 у Межанскім, з 1931 у Гарадоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў жн. 1942 спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШАНСКІ (Іван) (паміж 1545—50, г. Судовая Вішня Львоўскай вобл., Украіна — пасля 1620),
украінскі пісьменнік. Прадстаўнік палемічнай літаратуры. У 1570-я г. стаў манахам-пустэльнікам, перасяліўся на Афон (Грэцыя), дзе пачаў літ. дзейнасць. Творы Вышанскага прымеркаваны да канкрэтных падзей тагачаснага жыцця ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Абараняў праваслаўе, асуджаў нац. і сац. прыгнёт. Прапаведаваў сац. утопію «царства божага», заснаванага на брацтве і роўнасці ўсіх перад Богам, ідэал чалавека бачыў у аскетызме. Аўтар пасланняў і палемічных трактатаў (вядома 16), адметных публіцыстычнай вастрынёй, прастатой мовы, эмацыянальнасцю, багаццем фалькл. сродкаў. Пры жыцці надрукаваў толькі адно пасланне ў «Астрожскай кніжыцы» (1598). На яе ўзор склаў «Кніжку», куды ўключыў 10 твораў канца 16 ст. з дзвюма прамовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДА́Й (Леанід Іовіч) (30.1.1923, г. Свабодны Амурскай вобл., Расія — 19.11.1993),
рускі кінарэжысёр. Нар.арт. Расіі (1974), нар.арт.СССР (1989). Скончыў тэатр. студыю пры Іркуцкім абл.драм. т-ры (1947), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1955). Працаваў у жанры сатыр. камедыі. Майстар эксцэнтрыкі, гратэску, пародыі. Яго фільмы адметныя лёгкасцю, дасціпнасцю і адточаным рытмам: «Пёс Барбос і незвычайны крос» (кінаальманах «Зусім сур’ёзна», 1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Дзелавыя людзі» (1963), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967), «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Спортлато-82» (1982), «Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя «Кааперацыя» (1990), «На Дзерыбасаўскай добрае надвор’е, ці На Брайтан-Біч ізноў ідуць дажджы» (1992). Аўтар ці сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫВО́ЦІНАЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 14.3.1922, г. Вольск Саратаўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-рмед.н. (1973), праф. (1976). Ганаровы акад.Бел. акадэміі мед. навук (1997). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1950) і працуе ў ім. Навук. працы па хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, астэахандрозе пазваночніка, рэўматызме мозга ў дзяцей, выкарыстанні выліч. метадаў і аўтаматызаваных сістэм для ранняй дыягностыкі, прагназавання неўралагічных праяў астэахандрозу пазваночніка і інш. хвароб нервовай сістэмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;
Прогнозирование и диагностика дискогенного пояснично-крестцового радикулита. Мн., 1982 (разам з Я.А.Луп’янам);
Поражение нервной системы при эндокринных болезнях. Мн., 1989 (разам з М.З.Клябанавым).
Літ.:
Б.В.Дривотинов: (к 75-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з г. Дуброўна Віцебскай вобл.Стараж. промысел, найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Выраблялі чорназадымлены, непаліваны, гартаваны, паліваны з размалёўкай і без яе гасп. посуд (гаршкі, збанкі, гладышы, міскі, вазоны, цёрлы і інш.), а таксама цацкі. Д.к. адметная простымі лаканічнымі формамі і дакладнымі прапорцыямі. Цацкі вылучаюцца архаічным абліччам. У 1950—70-я г. выраблялі задымлены, сінявата-чорнага колеру посуд з матавай шурпатай паверхняй, аздоблены хвалістымі палосамі, прадрапанымі па сырым чарапку, і цацкі, задымленыя ці афарбаваныя ў белы колер.
Літ.:
Елатомдева И. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;
Сахута Я. Беларуская народная гліняная цадка. Мн., 1982.
Я.М.Сахута.
Дубровенская кераміка.Да арт.Дубровенская кераміка. Цацка «Пара». Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎСКІ (Міхась) (Міхаіл Георгіевіч; 3.10.1897, в. Казелле Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.9.1983),
бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя В.Брусава (1925). У 1925—26 навук. супрацоўнік Інбелкульта. У 1926—45 жыў і працаваў у Маскве і ў Башкірыі. З 1945 у Брэсцкім настаўніцкім ін-це, з 1949 у Літ. ін-це імя М.Горкага (Масква), у 1950—57 у Гродзенскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1918. Аўтар вершаў, баек, артыкулаў, лібрэта оперы «Уласнаю рукою» (1928—29, з П.Шастаковым). Асобным выданнем у перакладзе Д. выйшла «Балада Рэдынгскай турмы» О.Уайльда (1926). На бел. мову пераклаў асобныя санеты І.Бехера, А.Міцкевіча, Ф.Петраркі, У.Шэкспіра, вершы П.Б.Шэлі, А.Ч.Суінберна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЯНЕ́ЦКІ (Станіслаў Фёдаравіч) (н. 1.9.1940, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. філосаф і палітолаг. Канд.філас.н. (1989). Брат М.Ф.Дубянецкага. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1966) і Мінскую вышэйшую парт. школу (1973). Настаўнічаў, быў на культ.-асв. і парт. рабоце (у 1979—89 інструктар ЦККПБ). З 1989 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1993 у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». Даследуе праблемы нац. і маральнай самасвядомасці, развіцця паліт. працэсу, гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі. Адзін з аўтараў даведнікаў «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995), «Чалавек і грамадства» (1998), інш. энцыклапедычных выданняў.
Тв.:
Центры творческой мысли. Мн., 1982;
Формы и специфика проявления нравственных отклонений в условиях перестройки. Мн., 1990;
Цяжкі шлях да Адраджэння. Брэст, 1997 (разам з Э.С.Дубянецкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗЮ́К (Зінаіда Іосіфаўна) (н. 29.3.1950, в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса і драматург. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы ін-т (1977). Працавала на будоўлі, тэхнікам, інжынерам. Друкуецца з 1967. У зб-ках вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988) роздум над праблемамі маралі, сучаснага духоўнага жыцця. Піша вершы і казкі для дзяцей. Аўтар п’есы для лялечнага тэатра «Канёк-Гарбунок» (1985, паводле казкі П.Яршова), аднаактоўкі «У абдымку вятроў» (1985), радыёп’есы «Дудка-самагудка» (паст. 1989), дзіцячай п’есы «Сінязорка» (1995), драмы «Заложнікі шчасця» (1997). На бел. мову пераклала п’есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (паст. 1990).
Тв.:
Так і не: Вершы. Мн., 1993;
Палоннікі жыцця: Аповесці, апавяданні. Мн., 1997.
Літ.:
Калеснік У. Зінаіда Дудзюк // Беларусь. 1985. № 7.