ГЛЕ́ТЧАР (ням. Gletscher ад лац. glacies лёд),
тое, што ледавік (гл. Ледавікі).
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭШТЭСТА́Н,
паласа прыбярэжных пустынных раўнін у Іране і Пакістане, тое, што Гермсір.
т. 6, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРПЕ́ТУУМ МО́БІЛЕ (ад лац. perpetuum mobile бесперапынны рух),
тое, што вечны рухавік.
т. 12, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНО́ІДЫ (ад грэч. organon прылада, інструмент + eidos від),
пастаянныя спецыялізаваныя цытаплазматычныя структуры жывёльнай ці расліннай клеткі, што выконваюць пэўную функцыю. Да іх адносяцца мітахондрыі, комплекс Гольджы, рыбасомы, эндаплазматычная сетка, клетачны цэнтр, мікратрубачкі, філаменты, лізасомы і інш., у раслінных клетках — пластыды. Спецыяльныя арганоіды — цытаплазматычныя структуры, што выконваюць спецыфічную функцыю пэўнага тыпу клетак (міяфібрылы, тонафібрылы, базафільнае рэчыва нейрона). Іх часта наз. арганеламі.
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮ́ЗІЯ (ад лац. allusio жарт, намёк),
адна з стылістычных фігур, намёк на агульнавядомы паліт., гіст. або літаратурны факт. Напр., П.Панчанка ў радках верша «Паэзія» («Кажуць, непатрэбшчына — // Рыфмы нават геніяў. // А што рабіць з трэшчынай? // Помніце? Гейнэ») апелюе да вобразнага выказвання Г.Гейне, што ўсе трэшчыны свету праходзяць праз сэрца паэта. Злоўжыванне алюзіяй можа прывесці да своеасаблівай зашыфраванасці сэнсу твора.
т. 1, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКАГА ТЭАРЭ́МА,
тэарэма аб пад’ёмнай сіле, што дзейнічае на цела ў плоскапаралельнай плыні несціскальнай вадкасці або газу. Паводле Ж.т., пад’ёмная сіла абумоўлена звязанымі з абцякальным целам віхрамі (т. зв. далучанымі віхрамі), што ўзнікаюць з-за наяўнасці вязкасці ў вадкасці або газе. Ж.т. выконваецца пры дагукавых скарасцях і ляжыць у аснове тэорыі крыла самалёта, грабнога вінта, лапатак турбін, кампрэсараў і інш. Устаноўлена М.Я.Жукоўскім (1904).
т. 6, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВЯДА́ННЕ РАСЛІ́Н,
1) фізіялагічны працэс, што выклікаецца нястачай вады ў органах раслін (гл. Водны рэжым раслін).
2) У фітапаталогіі — хвароба, якая характарызуецца панікласцю розных органаў раслін, што звязана са стратай тургару. Часта на лісці ўтвараюцца характэрныя плямы. Назіраецца пры пашкоджанні раслін або іх частак патагеннымі мікраарганізмамі пры мех. пашкоджанні каранёў, інтэнсіўным выпарэнні вады лісцем, лішку вады ў глебе і ўздзеянні інш. неспрыяльных фактараў.
т. 6, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКЛО́ПЫ, цыклопы,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫЯ ПУ́НКТЫ МЕТА́ЛАЎ,
значэнні тэмпературы, пры якіх у металах і іх сплавах адбываюцца змены агрэгатнага стану, паліморфныя (гл. Полімарфізм), магн. і інш. пераўтварэнні, што істотна змяняюць іх уласцівасці. Становішча К.п.м. на дыяграме стану залежыць ад хім. саставу сплаваў, скорасці нагрэву і ахалоджвання і інш. Важныя ў тэрмічнай апрацоўцы металаў, асабліва жал. сплаваў. Адкрыты Дз.К.Чарновым у 1868, што дало пачатак развіццю металазнаўства.
т. 8, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАГЕНЕ́З (ад морфа + ...генез),
формаўтварэнне, узнікненне і развіццё структур арганізма ў індывідуальным (антагенез) і эвалюцыйным (філагенез) развіцці. Індывідуальны М. — сукупнасць працэсаў развіцця аплодненай яйцаклеткі, што прыводзіць да ўтварэння складанага шматклетачнага арганізма. У філагенет. М. пры атрыманых у спадчыну зменах генома відазмяняюцца морфагенет. карэляцыі арганізма. Працэсы, што спрыяюць выжыванню віду, замацоўваюцца натуральным адборам, у выніку паяўляюцца патомкі з новай структурай.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)