ЖЫД ((Gide) Шарль) (29.6.1847, г. Юзес, Францыя — 13.3.1932),

французскі эканаміст, гісторык, тэарэтык франц. каап. руху, стваральнік т.зв. Німскай школы. Скончыў Парыжскі ун-т (1874). Праф. ун-таў у Бардо (1874), Манпелье (1880), Парыжы (1898—1920). Прыхільнік суб’ектыўнай школы палітэканоміі і тэорыі «кааператыўнага сацыялізму». Лічыў, што капіталіст. вытв-сць можа быць рэфармавана шляхам масавага развіцця спажывецкіх кааператываў, якія забяспечаць справядлівыя адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі. У 1887—1911 выдаваў час. «Revue d’Économie Politique» («Агляд палітэканоміі»). Аўтар прац «Прынцыпы палітэканоміі» (1884), «Гісторыя эканамічных вучэнняў ад фізіякратаў да навейшых часоў» (разам з Ш.​Рыстам, 1909) і інш.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЗЕ́КА (Язэп) (Іосіф Васілевіч; 24.6.1907, в. Востраў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1977),

бел. пісьменнік. Канд. філал. н. (1949). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1936). У Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Працаваў у Адэскім пед. ін-це (1949—52), БДУ (1952—73). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў апавяданняў «Рукою ворага» (1932) і нарысаў) «Партызанскія сцежкі» (1959), кніг для дзяцей «Лясныя сябры» (1966), «Сонечны алень» (1969), «Трывожная ноч»(1972). Збіраў і даследаваў бел. фальклор. Укладальнік зб-каў партыз. творчасці «Песні барацьбы» (1946, з М.​Меяровіч і С.​Карабанам), «Лясныя песні» (1970, 2-е выд. 1974).

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАН ((Zan) Тамаш) (21.12.1796, в. Мясата Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.7.1855),

польскі паэт-рамантык, удзельнік вызв. руху. Скончыў Віленскі ун-т (1820). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў віленскіх тайных т-ваў і студэнцкай моладзі — філаматаў, філарэтаў і прамяністых. У 1823 арыштаваны, у 1844 высланы ў Арэнбург, дзе вёў дзённік, даследаваў прыроду Урала, стварыў мінералагічны музей. З 1841 на Беларусі, вывучаў бел. фальклор. Аўтар паэм «Кошачка», «Табакерка», «Мёд», балад «Свіцязь-возера», «Твардоўскі», вершаў, элегій, трыялетаў, камедыі «Грэцкія піражкі» (1817; дзеянне адбываецца ў Мінску).

Тв.:

Triolety i wiersze milosne. Warszawa, 1922.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́ЦКАЯ (Соф’я Майсееўна) (1881, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1934),

дзеяч рэв. руху. З 1899 удзельнічала ў с.-д. гуртках Пецярбурга, Екацярынаслава, Харкава, Полацка. У 1904 у Швейцарыі, далучылася да меншавікоў. Са студз. 1905 у Расіі, чл. аб’яднанага ЦК РСДРП. Сакратар с.-д. фракцый 1, 2 і 4-й Дзярж. думы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Маскоўскага Савета. На 1-м Усерас. з’ездзе Саветаў выбрана чл. ВЦВК, са жн. 1917 чл. ЦК РСДРП (меншавікоў). Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняла. У 1921 жыла ў Ніжагародскай губ., у 1932 — у Ніжнім Ноўгарадзе, у 1934 — у Цверы.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯЖДО́ЎСКІ (Людвік Міхайлавіч) (снеж. 1829, Вільня — 27.2.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Акадэмію Генштаба (1859). З 1845 у арміі. Разам з З.​Серакоўскім і Я.​Дамброўскім уваходзіў у кіраўніцтва польскай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. З 1860 у Вільні, узначальваў К-т руху і Літоўскі правінцыяльны камітэт, меў уплыў на К-т рускіх афіцэраў у Польшчы. У крас. 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Магілёўшчыны, кіраваў дзеяннямі Горацкага паўстанцкага атрада. З пач. 1864 паўстанцкі ваен. начальнік Сандамірскага ваяв. ў Польшчы і камандзір Кракаўскай дывізіі. Схоплены ўладамі і павешаны.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНКО́ВІЧ (Фелікс Паўлавіч) (2.11.1842, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл. — 7.4.1910),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў Пружанах, Беластоку і ў Пецярбургскім ун-це, удзельнічаў у студэнцкім руху. З жн. 1862 за мяжой, зблізіўся з польскай дэмакр. эміграцый, з А.​І.​Герцэнам і М.​П.​Агаровым. Удзельнік марской экспедыцыі паўстанцаў з Англіі ў Літву. З ліп. 1863 у Вільні, памочнік К.​Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, сакратар Выканаўчага аддзела Літвы. 7.8.1863 арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу, замененага 12-гадовай катаргай у Сібіры. З 1880-х г. на радзіме.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЧАНКА (Аляксандр Лаўрынавіч) (14.3.1919, в. Хоўхла Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 8.10.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Гомельскага камсамольска-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Рэчыцкае пед. вучылішча. Да вайны сакратар Гомельскага гаркома ЛКСМБ. Са жн. 1941 падрыўнік, разведчык у партыз. атрадзе «Бальшавік», адначасова сакратар Гомельскіх падп. абкома і гаркома ЛКСМБ, чл. Гомельскага падп. гаркома КП(б)Б. Група падрыўнікоў на чале з І. пусціла пад адхон 58 эшалонаў ворага, знішчыла 87 аўтамашын, танкаў, браневікоў. Загінуў пры падрыхтоўцы да задання. У в. Хоўхла яму пастаўлены помнік.

А.Л.Ісачанка.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Піліп Іванавіч) (27.11.1916, в. Гойкаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1944),

удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай і Магілёўскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у тыле ворага ў дыверсійнай групе, з ліп. 1943 камандзір групы падрыўнікоў 255-га партыз. атрада, потым — партыз. палка 255-га. Падрыхтаваў 13 дыверсійных груп, пусціў пад адхон 19 эшалонаў, падарваў 30 аўтамашын з жывой сілай і тэхнікай ворага. Загінуў у баі каля в. Перунава Кіраўскага р-на.

П.І.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАКАТРО́НІС ((Kolokotronēs) Тэадорас) (14.4.1770, п-аў Пелапанес, Грэцыя — 15.2.1843),

дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. З 1818 член падп. арг-цыі «Філікі Этэрыя». У грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 паўстанцы на чале з К. 8.10.1821 авалодалі г. Трыпаліс, летам 1822 разбілі тур. армію Махмудапашы Драмалі (30 тыс. чал.), якая ўварвалася на п-аў Пелапанес, у 1825—27 на чале грэч. атрадаў Пелапанеса вёў партыз. вайну супраць сіл егіп. палкаводца Ібрахіма-пашы. З 1827 прыхільнік І.Кападыстрыі, з 1831 лідэр прарасійскай паліт. групоўкі. У 1835—43 чл. Дзярж. савета пры грэч. каралю Атоне I. Аўтар мемуараў.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАЛЮ́К (Усцім Якімавіч) (10.3.1787, с. Галоўчынцы, цяпер Кармалюкава Жмерынскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 22.10 1835),

кіраўнік сял. руху на Украіне ў 1-й пал. 19 ст. У 1812 за непадпарадкаванне памешчыку аддадзены ў салдаты, уцёк. У 1814 узначаліў сял. паўстанцкі рух, які ахапіў значную ч. Падольскай губ., у 1830—35 пашырыўся на тэр. Кіеўшчыны і Бесарабіі (20 тыс. паўстанцаў). Адабраныя ў памешчыкаў маёмасць і грошы К. раздаваў прыгонным. 4 разы быў прыгавораны да катаргі, пасля ўцёкаў з Сібіры зноў працягваў барацьбу. Забіты з засады. Пра К. складзены ўкр. нар. песні і паданні.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)