АРНІТАХАРЫ́Я (ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),
распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш.раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́К (Cirsium),
род кветкавых раслінсям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя бадзяк агародны (Cirsium oleraceum), балотны (Cirsium palustre), звычайны (Cirsium vulgare), палявы (Cirsium arvense), рачны (Cirsium rivulare). Бадзяком таксама называюць віды раслін з роду асот.
Шмат- або двухгадовыя травяністыя, пераважна калючыя расліны з чаргаваным глыбакаперыста-раздзельным або суцэльным лісцем без прыдаткаў. Кветкі трубчастыя, кветкавыя кошыкі шматкветныя, паніклыя ці прамастойныя. Лісцікі абгорткі лінейныя і лінейна-ланцэтныя, на канцы з шылаватай калючкай. Кветаложа ўсаджана доўгімі шчацінкамі. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, трубчастыя, рознага колеру. Плод — голая сціснутая сямянка з чубком. Меданосныя, лек., кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, у Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1978. Пл. 32,8 тыс.га (1995). Уключае тэр. Бярозаўскага, Ляснянскага і Мілавідскага лясніцтваў. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту дзікарослых лек.раслін (ядлоўцу, ландышу майскага, талакнянкі, чабару, святаянніку прадзіраўленага, брусніц, чарніц і інш.), таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін, якія ўключаны ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь (купальніку горнага, сону лугавога, неатыянты клабучковай, лінеі паўночнай, астры стэпавай, чыны горнай, касачу сібірскага, жаўтазелю германскага, канюшыны лубінавай). Займае буйны лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі. На ПнЗ трапляюцца бярэзнікі, на Пд — бярэзнікі і чорнаалешнікі, на У — ельнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛІРО́ЎКА (ад лац. oculus вока),
спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.
Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; д — абцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕНТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
заносныя расліны, ненаўмысна занесеныя ў пэўны рэгіён чалавекам або прыродным шляхам (вада, вецер, міграцыі жывёл, птушак і інш.) віды раслін, якія ў ім прыжыліся. Заносу садзейнічаюць гандаль с.-г. прадукцыяй (зернем, бавоўнай, воўнай), інтэнсіўны транспартны абмен, перасяленне людзей і інш. Адвентыўныя расліны могуць выцясняць абарыгенныя віды, парушаць структуру біягеацэнозаў, супраць пашырэння асобных з іх (небяспечнае пустазелле) прымаюць меры каранціну. У флоры Беларусі больш за 100 відаў адвентыўных раслін. З Еўропы занесены авёс шчаціністы, палявічка малая, з Амерыкі — купалка аднагадовая, аксамітнік сіняваты, галінзога драбнакветная, аксамітнік адкінуты, з Азіі — грэчка татарская, торбачнік палявы, аксамітнік хвастаты і інш.; з Афрыкі — лебяда пахучая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сцяпанавіч) (19 6.1872, в. Русакова Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 4.11.1942),
савецкі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін і біяхімік. Чл.-кар.АНСССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1894). З 1928 у Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.А.Ціміразева. Навук, працы па фізіялогіі дыхання і абмене рэчываў у раслінах. Вызначыў ролю аспарагіну як рэзерву азоцістых рэчываў у раслінах. Выявіў жалезабактэрыі на дне арктычных мораў і вызначыў іх ролю ў стварэнні жалезіста-марганцавых канкрэцый. Прапанаваў экспрэс-метад вызначэння патрэбнасці раслін у фосфарных і калійных угнаеннях, распрацаваў спосаб прамысл. атрымання лімоннай кіслаты з цукру з дапамогай мікраарганізмаў, мікрабіял. метад разведкі нафты і гаручых газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ (Андрэй Мікалаевіч) (8.12.1825, с. Новая Бякетаўка Пензенскай вобл., Расія — 14.7.1902),
расійскі вучоны ў галіне батанікі, стваральнік рус. школы батаніка-географаў. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1891, ганаровы чл. з 1895), праф. Пецярбургскага ун-та (1863—97). Скончыў Казанскі ун-т (1849). З 1859 працаваў у ім, у 1849—54 рэктар Пецярбургскага ун-та, у 1867—89 кіраваў таксама Вышэйшымі жаночымі курсамі. Навук. працы па праблемах занальнасці расліннага покрыва і мэтазгоднасці ў жывой прыродзе, эксперыментальнай марфалогіі; вывучаў заканамернасці будовы вегетатыўных органаў раслін, упершыню вылучыў зону лесастэпу. Аўтар першага рус. падручніка «Геаграфія раслін» (1896).
Тв.:
Курс ботаники: Морфология, систематика и геогр. распределение семейств... СПб., 1897.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЕ́Ц (Аляксандр Патапавіч) (н. 2.2.1935, в. Берказы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Д-рбіял.н. (1974). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1960). З 1961 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі дзеяння гербіцыдаў, рэгулятарных механізмах патагенезу і фітаімунітэту. Выяўлена здольнасць прыродных фенолаў рэгуляваць рост клетак расцягваннем. Распрацаваны метады аналізу фітагармонаў і фенольных злучэнняў, спосабы павелічэння ўстойлівасці і прадукцыйнасці раслін.
Тв.:
Ароматические оксисоединения — продукты и регуляторы фотосинтеза. Мн., 1983 (разам з А.П.Прохарчыкам);
Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988 (у сааўт.);
Физиология плодообразования люцерны. Мн., 1989 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЫ,
зборная назва надсям. джалячых насякомых атр. перапончатакрылых, за выключэннем пчол і мурашак. Да восаў належаць надсямействы: блішчанкі, дарожныя восы, рыючыя восы, сапраўдныя восы, немкі, сколіі, найб. пашыраныя на Беларусі, і інш. У сусв. фауне больш за 20 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, найб. у трапічнай і субтрапічнай зонах.
Лічынкі бязногія, маларухомыя, кормяцца павукамі, насякомымі і іх лічынкамі, нектарам і пылком раслін, некаторыя — паразіты інш. насякомых. Зрэдку восы шкодзяць лясной (абгрызаюць маладую кару ў дрэўцаў) і сельскай (шэршні знішчаюць меданосных пчол) гаспадарцы. Карысныя як апыляльнікі раслін.