БАГДАНО́ВІЧ (Генадзь Васілевіч) (1885, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 1937 ?),

бел. грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т. З 1911 настаўнічаў. У 1916—19 справавод Мін-вакастр. 1917 Нар. камісарыят) поштаў і тэлеграфаў. У 1917 увайшоў ад Бел. сацыяліст. грамады ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекта закону аб выбарах ва Устаноўчы сход Расіі. На пач. 1918 заг. юрыд. аддзела Бел. нац. камісарыята ў Петраградзе. З 1919 настаўнічаў у Дрысе, выкладаў геаграфію ў Віленскай бел. гімназіі, рэдагаваў газ. «Незалежная думка». У 1924 эмігрыраваў у СССР. Працаваў выкладчыкам віцебскіх пед. тэхнікума і ветэрынарнага ін-та. У 1930 арыштаваны, прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Слабадскі Кіраўскай вобласці. Рэабілітаваны ў 1957.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Лявон) (Леанід Пятровіч; нарадзіўся 4.3.1958, Полацк),

бел. перакладчык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1980). Выкладаў у Наваполацкім політэхн. ін-це (1981—84, 1987—90). З 1991 нам. дырэктара Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. Дэпутат Вярх. Савета Беларусі ў 1990—95. Друкуецца з 1985. Перакладае з стараж.-грэч., лац., ням., англ., франц., польскай, ісп. і інш. моў. У яго перакладзе выйшлі кн. Б.​Брэхта «На шалях праўды» (1988), Н.​Ленаў «Зірні ў паток» (1991), Г.​Бёля «Більярд а палове дзесятай» (1993), Эсхіла «Прыкуты Праметэй» (1993) і інш. Аўтар-укладальнік дапаможнікаў «Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету» (ч. 1, 1995), «Літаратура народаў свету» (ч. 1—2, 1995).

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЙКА (Грыцько) (Рыгор Піліпавіч; 5.9.1923, г.п. Аленаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 25.9.1978),

украінскі паэт. Скончыў Данецкі пед. ін-т (1949). Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар эб-каў вершаў «Мая Данеччына» (1950), «Бярозка» (1954), «Шахцёрачка» (1956), «Дзіва, дзіва, дзівосы» (1970), «Надзейная змена» (1975) і інш. Творы вызначаюцца тонкім гумарам, яснасцю і прастатой мовы, багаццем рытмікі, лірызмам. Многія вершы (больш як 400) пакладзены на музыку. На ўкр. мову перакладаў творы Я.​Купалы, А.​Александровіча, Э.​Агняцвет, А.​Бялевіча, М.​Танка. На бел. мову вершы Бойкі перакладалі Александровіч, М.​Арочка, М.​Аўрамчык, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, Танк, Р.​Хацкевіч.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;

Бел. пер. — Два Міколы. Мн., 1963.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН (Мікалай Леапольдавіч) (15.1.1902, с. Парахіна Арсеньеўскага р-на Тульскай вобл. — 12.2.1975),

рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1929). У зб-ках «Даліны Радзімы маёй» (1947), «Жывапіс» (1963), «Вехі часу» (1971), «Да вяршыні веку» (1975) адлюстраваў жыццё Радзімы, яе гісторыю, прыгажосць роднай зямлі. Пераклаў на рус. мову творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ф.​Багушэвіча, П.​Глебкі, А.​Куляшова, М.​Танка, П.​Панчанкі, В.​Таўлая і інш. На бел. мову творы Браўна пераклалі А.​Бялевіч, А.​Бачыла, С.​Грахоўскі, А.​Грачанікаў, А.​Зарыцкі, М.​Калачынскі, Ю.​Свірка.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1972;

Бел. пер. — Ленінградскае неба. Мн., 1977;

У кн.: Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.

Літ.:

Филиппов Г. Николай Браун: Жизнь и поэзия. Л., 1981.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗБАР (Юрый Іосіфавіч) (20.6.1934, Масква — 17.9.1984),

рускі кінаакцёр, рэжысёр, сцэнарыст, журналіст, бард; адзін з заснавальнікаў аўтарскай песні. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, з 1958 у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні (адзін з заснавальнікаў радыёстанцыі «Юнацтва»). З 1970 у творчым аб’яднанні «Экран». Рэжысёр ці аўтар сцэнарыяў больш як 40 дакумент. фільмаў. Аўтар сцэнарыяў маст. фільмаў «Год дракона», «Капітан Фракас», «Скачок». З 1965 здымаўся ў кіно («Ліпеньскі дождж», «Адплата», «Чырвоная палатка», «Начная змена», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.). З 1950-х г. пісаў і выконваў свае песні. Аўтар аповесцяў, нарысаў, апавяданняў.

Тв.:

Я сердце оставил в синих горах: Стихи, песни, проза. 3 изд. М., 1989;

Верю в семиструнную гитару. М., 1994.

Л.​І.​Паўловіч.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКУ́ЛАЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 13.9.1922, в. Емяльянаўская Валагодскай вобл., Расія),

рускі паэт. Скончыў Валагодскі пед. ін-т (1951). У 1968—89 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў паэзіі «Заваяванае шчасце» (1949), «Зялёны цэх» (1954), «Плуг і баразна» (1974, Дзярж. прэмія РСФСР імя А.​М.​Горкага 1974), «Вогнішча, якое грэла цябе» (1975), «Усходы» (1982), паэм «У завею» (1955), «Табою б ён ганарыўся...» (1957), «Пераадоленне» (1962), «Іў-гара» (1970), «Застаўся ў полі след» (1978), «Споведзь» (1980), кніг нарысаў. Лірыка Вікулава адметная глыбінным пранікненнем у нар. душу, спробай асэнсавання сацыяльных, духоўных і патрыятычных яе пачаткаў, лірычнай напеўнасцю, набліжанасцю да фальклору.

Літ.:

Коробов В.И. Сергей Викулов. М., 1980;

Оботуров В.А. Сергей Викулов: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983.

С.В.Вікулаў.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ МЕ́ДЫКА-ХІРУРГІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ,

вышэйшая навуч. ўстанова ў Вільні ў 1832—42. Створана на базе мед. ф-та Віленскага універсітэта, які быў закрыты ў 1831. Выкладанне вялося на лац., рус. і польск. мовах. Прафесары акадэміі: А.​Абіхт, А.​Адамовіч, С.​Горскі, Ф.​Джавінскі, Ю.​Каранеўскі, І.​Лабойка, К.​Парцянка, І.​Якавіцкі і інш. Студэнты акадэміі працягвалі традыцыі філаматаў і філарэтаў. У 1836—38 тут існавала тайная арг-цыя «Дэмакратычнае таварыства», разгром якой вызначыў лёс акадэміі (у 1842 яна закрыта распараджэннем Мікалая I). Б-ка акадэміі (больш за 20 тыс. тамоў), кабінеты, гербарыі перавезены ў Кіеўскі ун-т, дзе на іх базе створаны мед. ф-т. Дзейнасць акадэміі на 10 гадоў падоўжыла навук. і пед. традыцыі, закладзеныя Віленскім ун-там.

В.Ф.Шалькевіч

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Ф.​Скарыны.

Засн. ў 1969 на базе Гомельскага пед. ін-та імя В.​П.​Чкалава (у 1930—33 Гомельскі аграпедагагічны інстытут). У 1988 ун-ту прысвоена імя Ф.​Скарыны. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: гісторыка-юрыд., філал., матэм., фіз., біял., эканам., геолага-геагр., фіз. культуры, завочны, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1961. Савет па абароне доктарскіх дысертацый з 1995, 3 Саветы па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1996. Мае: б-ку (каля 1 млн. экз.); н.-д. лабараторыі (перспектыўных матэрыялаў, лазернай тэхналогіі, лінгвістычную, музей-лабараторыю Ф.​Скарыны); музеі (заал., геал., археал., спарт. славы); навучальна-навук. базу «Чонкі». Выдае падручнікі, навучальна-метадычную л-ру, навуч. дапаможнікі, шматтыражную газ. «Гомельскі універсітэт».

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКІ (Міхась) (Міхаіл Георгіевіч; 3.10.1897, в. Казелле Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.9.1983),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Брусава (1925). У 1925—26 навук. супрацоўнік Інбелкульта. У 1926—45 жыў і працаваў у Маскве і ў Башкірыі. З 1945 у Брэсцкім настаўніцкім ін-це, з 1949 у Літ. ін-це імя М.​Горкага (Масква), у 1950—57 у Гродзенскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1918. Аўтар вершаў, баек, артыкулаў, лібрэта оперы «Уласнаю рукою» (1928—29, з П.​Шастаковым). Асобным выданнем у перакладзе Д. выйшла «Балада Рэдынгскай турмы» О.​Уайльда (1926). На бел. мову пераклаў асобныя санеты І.​Бехера, А.​Міцкевіча, Ф.​Петраркі, У.​Шэкспіра, вершы П.​Б.​Шэлі, А.​Ч.​Суінберна і інш.

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКІ (Станіслаў Фёдаравіч) (н. 1.9.1940, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1989). Брат М.Ф.Дубянецкага. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1966) і Мінскую вышэйшую парт. школу (1973). Настаўнічаў, быў на культ.-асв. і парт. рабоце (у 1979—89 інструктар ЦК КПБ). З 1989 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1993 у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». Даследуе праблемы нац. і маральнай самасвядомасці, развіцця паліт. працэсу, гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі. Адзін з аўтараў даведнікаў «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995), «Чалавек і грамадства» (1998), інш. энцыклапедычных выданняў.

Тв.:

Центры творческой мысли. Мн., 1982;

Формы и специфика проявления нравственных отклонений в условиях перестройки. Мн., 1990;

Цяжкі шлях да Адраджэння. Брэст, 1997 (разам з Э.​С.​Дубянецкім).

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)