РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,

разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.​Р.​Ушакоў) і 60-я (палк. А.​В.​Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в.» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.

А.​А.​Каваленя.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖЫКАЎ Іосіф Іванавіч (2.9.1893, в. Рацава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 10.12.1979),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. З 1914 у арміі, з 1918 у ЧК, асобым аддзеле Чырв. Арміі. З 1923 на гасп. і парт. рабоце, з 1934 у Камісіі парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) па БССР, нарком лясной прам-сці БССР, з 1939 1-ы сакратар Гродзенскага райкома КП(б)Б, нарком прам-сці будматэрыялаў БССР. У Вял. Айч. вайну сакратар ЦК КП(б)Б, узначальваў Заходнюю аператыўную групу ЦК КП(б)Б, упаўнаважаны ЦШПР на Сталінградскім фронце, нам. нач. БШПР, прадстаўнік ЦШПР і чл. ваенсавета Калінінскага і 1-га Прыбалт. франтоў. З 1944 міністр, з 1953 1-ы нам. міністра жыллёва-грамадз. буд-ва БССР, гарадскога і сельскага буд-ва БССР, у 1958—59 нам. міністра буд-ва БССР. Чл. ЦК КПБ у 1929—30, 1934—38, 1952—54. Чл. ЦВК БССР у 1931—35. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й Аляксандр Раманавіч (1897, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 15.8.1920),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі, герой грамадз. вайны. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (адзначаны георгіеўскім крыжам). У 1917 вярнуўся на радзіму і ўзначальваў Рудабельскі валасны рэўком, штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, змагаўся супраць легіянераў корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. У час ням. акупацыі 1918 узначальваў партыз. атрады на тэр. Рудабельскай «рэспублікі» і падп. падраённы к-т РКП(б). Удзельнік вызвалення Бабруйска ад ням. акупантаў, разгрому стракапытаўскага паўстання 1919 у Гомелі і эсэраўскага мяцяжу ў Чарнігаўскай губ. Летам 1919 на чале Бабруйскага інтэрнац. батальёна, потым Барысаўскага палка змагаўся з польск. інтэрвентамі, абараняў Мінск. У вер.—снеж. 1919 на чале спец. атрада ўдзельнічаў у рэйдзе па тылах латышскай арміі ад Пскова да Асвеі. Са снеж. 1919 камандзір 1-га інтэрнац. батальёна палка чырв. камунараў, удзельнік вызвалення Асвеі, баёў за Рэжыцу, Полацк, Барысаў, Лепель. З лета 1920 у корпусе Г.​Дз.​Гая, удзельнічаў у вызваленні Вільні, Гродна. Загінуў у баі каля мяст. Кольна (Польшча).

Літ.:

Грахоўскі С. Рудабельская рэспубліка. Мн., 1968.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1976, адкрыты ў 1984 у г. Салігорск Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 310 м², больш за 9 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Мае 3 залы ў выглядзе шахтавых штрэкаў (мастак А.​В.​Клязовіч). Сярод экспанатаў каменныя прылады працы 2—1-га тыс. да н.э. з археал. раскопак на тэр. раёна, калекцыі прадметаў матэрыяльнай культуры сялян 19 — пач. 20 ст. (жорны, кросны, церніца, гліняны і драўляны посуд і інш.), нар. ткацтва, інтэр’ер сял. хаты, узоры нар. адзення, матэрыялы пра падзеі грамадз. вайны, калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу, пра мастака і пісьменніка Б.​Залескага, прыродазнаўца К.​Валасовіча. Экспазіцыя Вял. Айч. вайны прысвечана дзейнасці падполля і партыз. руху на Старобіншчыне, землякам Героям Сав. Саюза А.​А.​Жуку, В.​З.​Каржу, Л.​З.​Муравіцкаму, Дз.​С.​Наруцкаму, А.​К.​Стампкоўскай, героям вайны братам М. і І. Цубам. У асобным раздзеле пра гісторыю Салігорска дэманструюцца прылады працы шахцёраў, узоры калійных солей. У зале прыроды чучалы птушак, жывёл, калекцыі насякомых рэгіёна. Музей ладзіць выстаўкі мясц. майстроў керамікі, ткацтва, саломапляцення, калекцый прадметаў этнаграфіі і інш.

З.​В.​Рамановіч.

т. 14, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЫ́ЙСКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1925—27,

нац.-вызв. паўстанне ў Сірыі супраць франц. калан. панавання. Пачалося 18.7.1925 у вобласці Джэбель-Друз пад кіраўніцтвам феадала Султана аль-Атраша. 21 ліп. апалчэнцы разграмілі франц. ваен. атрад, 28 ліп. ўвайшлі ў г. Эс-Сувейда, а 2—3 жн. разграмілі 4-тыс. атрад франц. войск і паўстанне набыло агульнанац. характар. 23 жн. аль-Атраш выдаў маніфест з патрабаваннем поўнай незалежнасці Сірыі і вываду з яе франц. войск. Да паўстання далучылася Партыя народа на чале з Шахбендэрам. У кастр. 1925 вобласць Джэбель-Друз поўнасцю вызвалена ад франц. войск, і паўстанне ахапіла аазіс Гута, дзе знаходзіцца сталіца Сірыі — Дамаск. 18 кастр. паўстанцы ўступілі ў Дамаск, але пад націскам франц. войскаў неўзабаве пакінулі яго і разгарнулі партыз. вайну. Летам 1926 80-тыс. франц. армія рушыла супраць паўстанцаў і да восені задушыла асн. іх ачагі. Апошні апорны пункт паўстанцаў Джэбель-Друз французы захапілі ў чэрв. 1927; аль-Атраш і ч. яго прыхільнікаў перайшлі ў Трансіарданію.

Літ.:

Луцкий В.Б. Национально-освободительная война в Сирии (1925—1927 гг.). М., 1964.

т. 14, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў кастр. 1952 у г. Слуцк. Лл. экспазіцыі 280 м², 5 залаў, б-ка, 22,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, жан. ўпрыгожанні з гарадзішча Івань, касцяныя і драўляныя шахматныя фігуры, каменныя і бурштынавыя крыжыкі 12 ст., керамічны посуд, скураны абутак з гарадзішча стараж. Слуцка, кафля 17 ст. з выявай герба Слуцка, фрагменты слуцкіх паясоў, вырабы з урэцкага шкла, габелены «Паляванне на дзіка» (18 ст.), «На водную прагулку» (19 ст.), старадрукі 18 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, рэв. рух 19 — пач. 20 ст., Слуцкае паўстанне 1920, падзеі часоў грамадз. вайны, партыз. рух і падполле ў Вял. Айч. вайну, слуцкі лагер смерці. У калекцыях музея творы бел. прафесійных і самадзейных мясц. мастакоў, вырабы мясц. майстроў ткацтва, вышыўкі, лозапляцення, разьбы па дрэве, рогу і інш. Музей выпускае брашуры і буклеты па гісторыі Случчыны, пра помнікі архітэктуры, слуцкія паясы і інш. З 2001 працуе філіял «Побыт сялян. 19 — пач. 20 ст.».

В.​С.​Відлога.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ЎКА ВЯРХО́ЎНАГА ГАЛОЎНАКАМА́НДАВАННЯ (СВГК),

вышэйшы надзвычайны орган стратэгічнага кіраўніцтва Узбр. Сіламі СССР у Вял. Айч. вайну. Створана ў Маскве паводле пастановы СНК і ЦК ВКП(б) ад 23.6.1941. Напачатку наз. Стаўка Гал. Камандавання (СГК). У яе склад уваходзілі С.​К.​Цімашэнка (старшыня), І.​В.​Сталін, В.​М.​Молатаў, С.​М.​Будзённы, К.​Я.​Варашылаў, Г.​К.​Жукаў, М.​Г.​Кузняцоў. 10.7.1941 пераўтворана ў Стаўку Вярх. Камандавання (СВК); яе ўзначаліў Сталін, у склад уведзены Б.​М.​Шапашнікаў. З 8.8.1941, калі Сталін быў прызначаны Вярх. Галоўнакамандуючым, Стаўка стала наз. СВГК. У ходзе вайны ў розны час у яе склад уваходзілі вядомыя паліт., дзярж. і ваен. дзеячы. 17.2.1945 пастановай Дзярж. к-та абароны вызначаны склад СВГК: Сталін (Вярх. Галоўнакамандуючы), Жукаў (нам. Вярх. Галоўнакамандуючага), А.​М.​Васілеўскі, А.​І.​Антонаў, М.​А.​Булганін, Кузняцоў. СВГК кіравала франтамі, флатамі і авіяцыяй далёкага дзеяння, а таксама арганізоўвала ўзаемадзеянне (каардынавала дзеянні) паміж дзеючай арміяй і партыз. фарміраваннямі (праз Цэнтральны штаб партызанскага руху). Асн. рабочымі органамі СВГК былі Генштаб, упраўленні нар. камісарыятаў абароны і ВМФ.

С.​В.​Папоў.

т. 15, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЗДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Уздзенскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Уздзенскіх падп. парт. к-та (сакратар С.​П.​Шыбко), райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, Мінскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 6 груп (больш за 150 чал.) у г. Узда, вёсках Бярвішчы (кіраўнік І.​А.​Дубовік), Возера (Е.​М.​Курбыка), Магільна (Г.​В.​Суслава), Нізок (П.​Ф.​Валожын), Цялякава (М.​Д.​Шымановіч). Падпольшчыкі наладзілі сувязь з Мінскім падполлем, стварылі партыз. атрад (камандзір М.​М.​Нікіцін). Члены падполля ў бальніцы г. Узда і падп. шпіталі ў в. Данілавічы лячылі параненых сав. байцоў, выраблялі халодную зброю для ваеннапалонных, што рыхтаваліся да ўцёкаў з канцлагераў Мінска, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, паперу для лясных друкарняў, бланкі ням. пропускаў, разведданыя, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе насельніцтва на работы ў Германію, праводзілі дыверсіі на працуючых прадпрыемствах. За час вайны загінула каля 30 падпольшчыкаў.

А.​М.​Папко.

т. 16, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НЫЯ КХМЕ́РЫ»,

неафіцыйная назва членаў Камуніст. партыі Камбоджы, якая стаяла на мааісцкіх пазіцыях. Напачатку ўваходзіла ў Нац. адзіны фронт Камбоджы (НАФК), створаны ў 1970 Нарадомам Сіянукам у Кітаі. Пасля таго як атрады НАФК занялі сталіцу г. Пномпень (1975), уладу ў краіне захапілі «Ч.к.», а іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам. У 1976 Нарадома Сіянука прымусілі пайсці ў адстаўку. У 1976 краіна стала наз. Дэмакр. рэспубліка Кампучыя. У час праўлення «Ч.к.» быў устаноўлены жорсткі рэжым тэрору і генацыду (за няпоўныя 4 гады ад голаду і рэпрэсій загінула каля 3 млн. чал.). У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота, якія аддзяліліся ад «Ч.к.», стварылі Аб’яднаны фронт выратавання Кампучыі (АФВК), падтрыманы В’етнамам. Са студз. 1979 «Ч.к.» адхілены ад улады, але працягвалі партыз. барацьбу супраць новага ўрада і в’етн. войск. Пасля перамогі Нарадома Сіянука на выбарах 1993 («Ч.к.» байкатавалі выбары) і смерці Пол Пота (1998) урадавыя войскі Хун Сена выцеснілі рэшткі партызан у горныя раёны і рассеялі іх. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт. Камбоджа.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮНДЗІ́Л Францішак Уладзіслававіч (1825, в. Югалін Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13 ці 14.2.1865),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. З роду Юндзілаў. Служыў у кавалерыі рас. арміі, ротмістр. З 1858 на радзіме. Належаў да створанай К.Каліноўскім Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, у спрэчках з канспіратарамі Варшавы разам з Каліноўскім адстойваў суверэннасць Літвы і Беларусі, раўнапраўнасць паўстанцкіх структур краю з варшаўскімі. З вясны 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Слонімскага пав., узначаліў атрад (каля 300 чал.), з якім 22 мая ўдзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу ў Слонімскім і суседніх паветах. У жн. 1863 перадаў каманду над Слонімскім атрадам Я.​Калупайлу і праз некаторы час выехаў за мяжу. З кастр. 1863 у Кракаве, камендант горада, ваен. арганізатар Кракаўскай акругі. За заслугі перад вызв. рухам атрымаў ад кіраўніцтва паўстаннем званне падпалкоўніка. Памёр у Парыжы ад сухотаў.

Літ.:

Кісялёў Г. Слонімскія інсургенты // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;

Нарбут А.Н. Юндзиллы — древний род из Гродно // Наш радавод. Гродна, 1993. Кн. 5, ч. 1.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 18, кн. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)