мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны ў Вял.Айч. вайну. Пастаўлены ў 1974 (арх. Ю Шпіт, скульпт. Б.Маркаў, Я.Печкін) на Перамогі плошчы. Плошча мемарыяла знаходзіцца ніжэй за ўзровень пл. Перамогі (да яе вядуць 14 прыступак) і мае форму выцягнутага прамавугольніка. Да гал. манумента пракладзена дарога паміж 2 доўгімі басейнамі, з бакоў якіх пастаўлена па 5 прамавугольных пілонаў, на кожным з іх лічбы, што абазначаюць адзін з гадоў Вял.Айч. вайны. Па цэнтр. восі мемарыяла на высокім абрыве надр.Зах. Дзвіна ўзвышаецца гал. манумент. Ён складаецца з 3 трапецападобных пілонаў-абеліскаў (выш. 56 м), рэзка звужаных уверсе і аб’яднаных на вышыні 5 м 3-гранным звонку і круглым знутры маналітным скульпт. рэльефам, на гранях якога размешчаны сюжэтныя кампазіцыі «Воіны», «Партызаны», «Падпольшчыкі». У сярэдзіне манумента ўтвораны сімвалічны пантэон за кошт пілонаў-абеліскаў, злучаных кальцом-фрызам з надпісам «Слава героям», завершаным паўсферай з адтулінай уверсе; унізе, на невысокім стылабаце выкладзена 5-канцовая зорка з чырвонага граніту, у сярэдзіне якой — Вечны агонь. Плошча мемарыяла пакрыта чырвоным бетонам, акаймавана газонамі і абмежавана падпорнымі сценкамі з паліраванага чырвонага граніту. Іл.гл. да арт.Перамогі плошча ў Віцебску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНАЗО́ЎНІК,
службовае слова, з дапамогай якога выражаюцца адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння. П. марфалагічна нязменныя, не маюць самаст. лексічнага і грамат. значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх ці ўдакладняюць значэнне пэўнага ўскоснага склону. Значэнне П. выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя грамат. адносіны (прасторавыя, часавыя, аб’ектныя, якасныя, колькасныя, размеркавальныя, прычынныя, мэтавыя, параўнальныя, спосабу дзеяння, меры і ступені і інш.).
Могуць ужывацца з адным склонам («каля», «праз»), двума («аб», «пад») і трыма («у», «па»). Паводле марфал. будовы і паходжання П. падзяляюцца на невытворныя («з», «пры») і вытворныя («збоку», «наконт»), паводле структуры — на простыя («ад», «замест»), складаныя («з-за», «па-над») і састаўныя («у адносінах да», «у сувязі з»). У сучаснай бел. мове ў функцыі П. ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі («асобна ад», «згодна з»), Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх грамат. значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя П., якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (параўн.: «пад лесам — каля лесу», «з радасці — ад радасці»).
Літ.:
Шуба П.П. Прыназоўнік у беларускай мове. Мн., 1971;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,
напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл.Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны зартэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.
А.В.Кудзельскі.
Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; ф — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ВІ Іегуда, Іехуда ха-Леві (каля 1075, г. Тудэла, Іспанія — 1141), яўрэйскі паэт і філосаф; быў вядомы і як урач. З 1109 жыў у Кардове, памёр на шляху ў Палесціну. Пісаў на іўрыце і араб. мове. Творчасці гранадскага перыяду (да 1090) уласціва аптымістычнае гучанне (пераважаюць застольныя песні, любоўная лірыка і інш.), але паступова стала дамінаваць тэма трагічнага лёсу яўр. народа (літургічныя гімны «Песні выгнання», «Песні Сіёна» і інш.). У рэліг.-філас. трактаце «Кніга доказаў і довад у абарону зняважанай веры» («Кніга Хазара») даў апалогію іудаізму і паказаў перавагу непасрэднага рэліг. вопыту, заснаванага на інтуіцыі, над разумовымі ведамі, не адмаўляючы, аднак, рацыянальнага пазнання. Творчасць Галеві зрабіла ўплыў на яўр. паэзію і філасофію.
Тв.:
Рус.пер. — Сердце мое на Востоке. Тель-Авив, 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРКАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,
абагульненне паняцця комплекснага ліку і пашырэнне яго на мнагамерную прастору. Уведзены ў 19 ст. пры спробах пабудаваць лікі ў мнагамернай вектарнай прасторы, якія б адыгрывалі ў ёй такую ж ролю, што і камплексныя лікі на плоскасці. Арыфм. дзеянні над гіперкамплексным лікам выражаюць некаторыя геам. працэсы ў мнагамернай прасторы ці даюць колькаснае апісанне якога-н. фіз. закона.
Гіперкамплексны лік з’яўляецца лінейнай камбінацыяй (з сапраўднымі каэфіцыентамі) некат. сістэмы базісных адзінак (гл.Базіс). Складанне і адыманне гіперкамплекснага ліку вызначана адназначна. Множанне аднаго гіперкамплекснага ліку на другі патрабуе вызначэння здабыткаў базісных адзінак, якія б захоўвалі ўсе правілы звычайнай арыфметыкі; такое магчыма толькі для сапраўдных і камплексных лікаў; у астатніх выпадках неабходна адмовіцца ад выканання таго ці іншага правіла, напр. адназначнасці дзялення, камутатыўнасці множання. Гл. таксама Кватэрніёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
жывёлы, усё жыццё якіх праходзіць у вадзе. Адрозніваюць першаснаводных (напр., рыбы, ракі) і другаснаводных (ластаногія, кіты, сірэны, некат. чарапахі, змеі, жукі, клапы, лёгачныя бруханогія малюскі).
Паводле спосабу жыцця падзяляюцца на водных жывёл, што жывуць на дне (гл. ў арт.Бентас), прымацаваныя да субстрату над дном (перыфітон), у тоўшчы вады, якія не могуць хутка актыўна перамяшчацца (гл. ў арт.Планктон), у тоўшчы вады і актыўна перамяшчаюцца (нектон), на паверхневай плеўцы вады (нейстон). Воднае асяроддзе (амаль у 800 разоў шчыльнейшае за паветранае) дае магчымасць водным жывёлам з празрыстым, студзяністым целам існаваць без трывалага покрыва або шкілетнага апарату, абумоўлівае характэрныя спосабы руху і інш. Толькі водным жывёлам уласціва размнажэнне дзяленнем і пачкаваннем. Дыханне ажыццяўляецца праз спец. вонкавыя нарасці цела — шчэлепы або ўсёй паверхняй цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.
Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.Арцімовіч. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВАН (Стафан Рыгоравіч) (? — каля 1595),
беларускі мысліцель-атэіст. Працаваў земскім суддзёй у Мазыры. Напачатку прыхільнік радыкальнага пратэстантызму, потым эпікурэізму. У 1592 выкліканы ў Трыбунал ВКЛ за распаўсюджванне атэістычных поглядаў. Л. не верыў у Бога, бессмяротнасць душы, уваскрэсенне з мёртвых, судны дзень; лічыў, што свет не створаны, а існуе адвечна. Сцвярджаў ідэю зямнога прадвызначэння чалавека, людскога шчасця, безрэліг. натуральнай маралі. Яго сац.-паліт. погляды вызначаліся рацыянальным, гуманіст. падыходам да вырашэння жыццёвых праблем, верай у перамогу дабра над злом. Ён асуджаў існуючыя ў грамадстве несправядлівасць, бяспраўе і беднасць адных, неабмежаваныя ўладу і багацце другіх, выказваў надзею на магчымасць лепшай сацыяльнай арганізацыі свету.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛІНСКА́ЙТЭ ((Žilinskaité) Вітаўтэ) (н. 13.12.1930, г. Каўнас, Літва),
літоўская пісьменніца. Засл. дз. культ. Літвы (1980). Скончыла Вільнюскі ун-т (1955). У кнігах апавяданняў, фельетонаў, літ. пародый «Не з першага погляду» (1962), «Анёл над горадам» (1967), «Парадоксы» (1973), «Карціна» (1981), «Дурман» (1984) і інш. высмейвае заганнасць маральна-быт. і грамадскіх з’яў жыцця, адзначае складанасць і супярэчлівасць праблем сучаснай цывілізацыі. Сатырыка-гумарыстычным творам уласцівы неверагодныя кантрасты, гіпербалы, парадоксы, іронія. За дакумент. аповесць «Мая нянавісць мацнейшая» (1964) і лепшыя творы сатыры і гумару Дзярж. прэмія Літвы 1972. Аўтар казак і п’ес для дзяцей, пабудаваных на фантастыцы і ўмоўнасцях (кн. «Робат і матылёк», 1978, Дзярж. прэмія Літвы 1979, «Ледзяная фея», 1979, «Падарожжа ў Тандадрыку», 1984, і інш.). На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі М.Базарэвіч, У.Казбярук.