РА́КАЎ (Мікалай Пятровіч) (14.3.1908, г. Калуга, Расія — 3.11.1990),
расійскі кампазітар, педагог, дырыжор. Нар.арт.СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931; кл. Р.Гліэра), з 1932 выкладаў у ёй (з 1943 праф.). Асн. месца ў творчасці займае інстр. музыка. Сярод твораў; 3 сімфоніі (1940—62); длястр.арк. — 2 паэмы (1979, 1981), сюіты, п’есы; 8 канцэртаў для розных інстр. з арк.; камерныя ансамблі, музыка для духавога арк. і арк.нар. інструментаў; хоры, рамансы, творы пед. рэпертуару. Аўтар метадалагічных прац «Задачы па інструментоўцы» (1975), «Практычны курс інструментоўкі» (1985) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУПЕРА́ЦЫЯ (лац. recuperatio вяртанне, атрыманне зноў),
1) у цеплатэхніцы — выкарыстанне часткі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва для падагравання паветра, газу ці сілкавальнай вады катлоў. Адбываецца ў рэкуператарах.
2) У электратэхніцы — вяртанне эл. энергіі ў сілкавальную сетку пры тармажэнні эл. машыны. Часцей адбываецца пры тармажэнні электрарухавікоў, што дзейнічаюць пры гэтым у генератарным рэжыме.
3) У хіміі — улоўліванне ці вылучэнне з выкарыстаных сумесей арган. растваральнікаў для паўторнага іх выкарыстання. Для гэтага выкарыстоўваюць, напр., кандэнсацыю пары растваральніку ці паглынанне яго вадкім або цвёрдым сарбентам (гл.Сорбцыя) з наступнай дэсорбцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫў фота- і кінатэхніцы,
матэрыялы для здымкі і друкавання відарысаў аптычных. Маюць адчувальныя да святла слаі, нанесеныя на празрыстую ці непразрыстую падложку. У якасці святлоадчувальных рэчываў (гл.Святлоадчувальнасць) выкарыстоўваюцца галоідныя солі серабра (браміды, хларыды, ёдыды).
Падзяляюцца на чорна-белыя і каляровыя (гл.Колерафатаграфічныя матэрыялы), негатыўныя (для фота- і кіназдымкі), пазітыўныя (для атрымання пазітыўных відарысаў з негатываў) і абарачальныя (у выніку спец. апрацоўкі даюць пазітыўны відарыс — слайд). У залежнасці ад віду падложкі, на якую нанесена фатаграфічная эмульсія, адрозніваюць фотапласцінкі (падложка — шкло), плёнкі і паперу фатаграфічную. Гл. таксама Фатаграфічныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ,
прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 см з абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — дляспец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).
Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл.Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 см з перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл.Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл.Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.
П. — найб.стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-га тыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. з мех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).
На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная саха з метал. сашнікамі, з канца 19 ст. — метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».
В.М.Кандрацьеў.
Плугі — тыпы карпусоў; а — скарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНІ́ТЫ,
солі мыш’яковістых кіслот HAsO2 і H3AsO3. Арсеніты шчолачных металаў і амонію раствараюцца ў вадзе, астатнія — у к-тах. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды напр. парыжскую зелень Cu(CH3COO)2∙3Cu(AsO2)2, кампаненты неабрастальных фарбаў для суднаў, пігменты длямаст. фарбаў. Водарастваральныя арсеніты — моцныя яды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНІ́ЧНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
тонкія плёнкі металу, якія наносяцца на паверхню метал. вырабаў электралітычным асаджэннем. Прызначаны для аховы вырабаў ад карозіі, дэкар. апрацоўкі, узнаўлення памераў пашкоджаных вырабаў, а таксама для надання паверхні спец.фіз. і хім. уласцівасцей (гл.Гальванастэгія, Гальванатэхніка). Найб. пашыраны гальванічнае нікеліраванне і храміраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБА́РЫЙ (лац. columbarium, першапачатковае значэнне галубятня),
сховішча для урнаў з прахам пасля крэмацыі. У Стараж. Рыме для К. ўзводзілі спец. будынкі з радамі паўкруглых ніш (К. на Апіевай дарозе, 1 ст. да н. э.). У наш час К. будуюцца на могілках і пры крэматорыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна ўзаемазвязаных касм. апаратаў і наземных тэхн. сродкаў длясамаст. рашэння задач у космасе ці для забеспячэння рашэння такіх задач у складзе касм. сістэмы. Мае ракету-носьбіт, касм. апарат, тэхн. і стартавы комплексы, сродкі вымяральнага комплексу касмадрома, наземны комплекс кіравання касм. апаратамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУШЧЭ́ННЕў дрэваапрацоўцы,
папярочнае рэзанне на лушчыльным станку цыліндрычнай кароткай загатоўкі з драўніны (цурбака) плоскім нажом з прамалінейным рэжучым кантам. Стружка (лушчаная шпона) мае выгляд неперарыўнай стужкі пастаяннай таўшчыні, выкарыстоўваецца для вытв-сці фанеры, драўнянаслаістых пластыкаў, клееных загатовак і для абліцоўкі вырабаў з драўніны.