МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

неарганічныя рэчывы, пераважна солі, якія маюць неабходныя раслінам хім. элементы. Павышаюць ураджайнасць с.-г. культур і паляпшаюць якасць прадукцыі. Узровень забяспечанасці пасеваў М.ў. — адзін з асн. паказчыкаў інтэнсіфікацыі земляробства.

М.ў. падзяляюць на макраўгнаенні, якія маюць хоць адзін з 3 макраэлементаў: азот, фосфар, калій (гал. элементы мінер. жыўлення раслін), мікраўгнаенні, неабходныя для нармальнага развіцця раслін, і вапнавыя ўгнаенні, што паляпшаюць уласцівасці глебы. Паводле колькасці макраэлементаў М.ў. падзяляюць на простыя, якія маюць адзін макраэлемент (азотныя ўгнаенні, фосфарныя ўгнаенні, калійныя ўгнаенні), і комплексныя ўгнаенні, якія маюць 2—3 гал. пажыўныя элементы; паводле агрэгатнага стану — на цвёрдыя (парашкападобныя і грануляваныя) і вадкія ўгнаенні. Грануляваныя найб. зручныя для выкарыстання (малагіграскапічныя, менш злежваюцца і лепш раскідваюцца ў параўнанні з парашкападобнымі). Каштоўнасць М.у. вызначаецца канцэнтрацыяй пажыўных элементаў у іх (у пераліку на дзеючае рэчыва); найб. каштоўнымі з’яўляюцца канцэнтраваныя і высокаканцэнтраваныя М.ў., якія маюць адпаведна 25—60% і больш за 60% пажыўных элементаў (напр. амафос, падвойны суперфасфат). М.ў. ўносяць у глебу перад сяўбою (асн. ўгнаенне), у час сяўбы, вегетацыі (падкормка раслін). Эфектыўнасць М.ў. павышаецца пры ўнясенні іх разам з арганічнымі ўгнаеннямі.

Літ.:

Справочник агрохимика. 2 изд. Мн., 1985;

Позин М.Е. Технология минеральных удобрений. 6 изд. Л., 1989.

Р.У.Васілюк.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕСО́ТА (Minnesota),

штат на Пн ЗША, на З ад Вялікіх азёр. Пл. 218 тыс. км². Нас. 4658 тыс. чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц.г. Сент-Пол. Паверхня — хвалістая раўніна, на ПнУ — узгоркі да 701 м. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў да 700 мм за год. Асн. рака — Місісіпі; каля 10 тыс. азёр. Паводле вядомага бел. кліматолага А.Х.Шкляра, па прыродных асаблівасцях М. з’яўляецца бліжэйшым. аналагам Беларусі ў Паўн. Амерыцы. На ПнУ захаваліся хваёвыя лясы. Гал. галіна эканомікі — прамысловасць. Здабываюць жал. руду (больш за 50% усёй здабычы ЗША). У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца мукамольная, масласыраробная, гарбарная. Развіты таксама маш.-буд., ваенная, металургічная (выплаўка чыгуну і сталі), суднабудаўнічая. Гал. прамысл. цэнтры Мінеапаліс, Сент-Пол, Дулут. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 70% тэрыторыі. Пераважае жывёлагадоўля. Разводзяць малочную і мясную буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па вытв-сці сметанковага масла, сухога малака, сыру, адкорму індыкоў. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, жыта, цукр. буракі, бабовыя, лён-кудраш. Вял. плошчы пад кармавымі культурамі і сеянай травой. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Рачны порт Мінеапаліс, азёрны (на Верхнім воз.) — Дулуг.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАЛЬВАРЫ́ЙСКІ КАСЦЁЛ І БРА́МА,

помнік архітэктуры 19 ст. ў Мінску. Пабудаваны ў 1839—41 на Кальварыйскіх могілках (вядомы з 17 ст.) на месцы б. касцёла (разбураны ў 1830) у стылі неаготыкі і класіцызму. Мураваны 1-нефавы з невял. трансептам і прамавугольнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад вырашаны ў выглядзе вял. стральчатага партала. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на 2 ч. карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе ч. 2 вузкія стральчатыя аконныя праёмы, над якімі круглая люкарна. Сцены гал. і бакавых фасадаў дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, аздоблены ліштвамі. Брама ў класіцыстычных формах прыбудавана ў 1830 на сродкі Ю.Кабылінскага ў гонар яго жонкі. Цаглянае прамавугольнае ў плане збудаванне з вял. цэнтр. і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі праёмамі. Падзелена карнізам на 2 ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга яруса — ляпная геральдыка. На могілках захаваліся пахавальныя капліцы Паўла Равы (1855, эклектыка), Віткевічаў (2-я пал. 19 ст., неаготыка), 2 эклектычныя капліцы 2-й пал. 19 ст.; некалькі мураваных капліц у паўразбураным стане.

Літ.: Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi. Warszawa, 1996.

А.Ю.Пятросава, Т.І.Чарняўская.

Мінскі кальварыйскі касцёл і брама. Галоўны фасад касцёла.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВА́ДА (Nevada),

штат на З ЗША. Пл. 286,4 тыс. км². Нас. 1746,9 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — Карсан-Сіці, найб. гарады Лас-Вегас і Рына. Большая ч. штата ў горнай бяссцёкавай вобласці Вялікага Басейна; на З — адгор’і хр. Сьера-Невада. Клімат умераны, кантынентальны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра студз. ў катлавінах 0—2 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў каля 200 мм за год (каля падножжа Сьера-Невады 100 мм). Рэк мала, яны малаводныя, на ПдУр. Каларада. Расліннасць паўпустынь і пустынь. Гал. галіны гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў і горная прам-сць. Развіты індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, турызм, курортная справа (кліматычныя курорты); 42,6% працоўных занята ў сферы абслугоўвання. Вытв-сць электраэнергіі 26,6 млрд. кВт·гадз (1998). Працуюць электрастанцыі на каменным вугалі і прыродным газе. Буйная ГЭС Гувер на р. Каларада. Здабыча руд золата, медзі, серабра, вальфраму, жалеза, марганцу, малібдэну і поліметалаў, барыту, дыятаміту. Прадпрыемствы выпускаюць каляровыя металы, харч. прадукты, адзенне, пластмасы, асобныя віды абсталявання (аэракасмічнае, ірыгацыйнае, сейсмічнага кантролю і інш.). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — экстэнсіўная мясная жывёлагадоўля. Гадуюць (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 510, авечак — 85, свіней, птушку. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, цыбулю, часнок, ячмень, пшаніцу. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮФА́ЎНДЛЕНД (Newfoundland),

правінцыя на У Канады. Уключае в-аў Ньюфаўндленд і паўн.-ўсх. ч. п-ва Лабрадор. Пл. 404,6 тыс. км². Нас. 551,8 тыс. чал. (1996), пераважна англаканадцы. Каля 90% насельніцтва жыве на в-ве Ньюфаўндленд. Адм. ц. і гал. порт — г. Сент-Джонс. Паверхня — хвалістая раўніна, участкі плато, на п-ве Лабрадор горы Торнгат (выш. да 1676 м). Клімат субарктычны (на Пн), умераны (на Пд). Т-ра паветра ў студз. ад -20 °C на Пн да -4 °C на Пд, у ліп. адпаведна ад 8 °C да 14 °C. Ападкаў каля 500—1500 мм за год. У гаспадарцы вылучаюцца марское рыбалоўства і лесанарыхтоўкі. Н. дае каля 30% улову рыбы (пераважна траска і ласось) і каля 10% лесанарыхтовак Канады. Здабыча жал. руды (Лабрадор), свінцовых, цынкавых, медных руд, плавікавага шпату (в-аў Ньюфаўндленд). Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: цэлюлозна-папяровая, рыбаперапрацоўчая, нафтахім., трансп. машынабудаванне (буд-ва і рамонт суднаў), чорная металургія, вытв-сць рыбалоўнага рыштунку. Шэраг ГЭС. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне, больш развіта на Пд. Пераважае малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, агародніну. Турызм. Транспарт пераважна марскі. На в-ве Ньюфаўндленд вял. міжнар. аэрапорт Гандэр.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,

галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем с.-г. жывёл для вытворчасці жывёлагадоўчых прадуктаў. Забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малочныя прадукты, мяса, яйцы, мёд і інш.), лёгкую і харч. прам-сць сыравінай (скура, воўна, мяса, малако і інш.), дае жывую цяглавую сілу (коні, валы, аслы, мулы, вярблюды, паўн. алені і інш.), асобныя кармы (касцявая мука і інш.), лек. сродкі (гармоны, сывараткі) і арган. ўгнаенні. Грунтуецца на заатэхніі. Цесна звязана з раслінаводствам. Гал. падгаліны: буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля, козагадоўля, аленегадоўля, птушкагадоўля, зверагадоўля, пчалярства, рыбагадоўля, трусагадоўля, шаўкаводства. Развіта ў большасці краін свету. Таварная мясная і малочная Ж., птушкагадоўля на прамысл. аснове развіты ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, мясная Ж. — у краінах Лацінскай Амерыкі, свінагадоўля — у Кітаі, авечкагадоўля — у Аўстраліі і Новай Зеландыі. У свеце налічваецца (1994; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1279,5, у т. л. ў Індыі — 193, Бразіліі — 151,6, ЗША — 101,8; свіней — 873,1, у т. л. ў Кітаі — 400,7, Бразіліі — 151,6, ЗША — 56,8; авечак — 1103, у т. л. ў Аўстраліі — 132, Кітаі — 112,4, Новай Зеландыі — 51. Вытв-сць асн. прадуктаў Ж. складае (1994; млн. т); мяса — 193,8 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Бразілія), малака — 460,1 (гал. вытворцы ЗША, Расія, Індыя), яец — 39 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Японія), воўны — 2,7 (гал. вытворцы Аўстралія, Новая Зеландыя, Кітай). Ж. развіта ва ўсіх краінах, якія ўтварыліся на тэр. б. СССР, асабліва ў Прыбалтыцы, на Украіне, у Расіі. Аднак пагалоўе жывёлы і аб’ёмы вытв-сці прадукцыі Ж. ў гэтых краінах у 1990-я г. набылі тэндэнцыю да скарачэння. У Беларусі мяса-малочная Ж. займае вядучае месца сярод галін сельскай гаспадаркі. Найб. актыўна яна развівалася ў 1960—80-я г. (гл. табл. 1). У сувязі са скарачэннем пагалоўя ў 1990-я г. знізілася і валавая вытв-сць усіх відаў прадукцыі Ж. (гл. табл. 2). Скараціліся вытв-сць і спажыванне прадукцыі Ж. ў разліку на душу насельніцтва. У 1990 было атрымана мясной прадукцыі на 1 чалавека 75 кг, а ў 1996—60,5 кг. У структуры мясной прадукцыі, атрыманай на Беларусі, ялавічына складае 44,4%, свініна — 43,8, птушынае мяса — 10,2, бараніна — 0,6, іншыя віды — 1%. Асноўная ч. атрыманага мяса, малака і яец прыпадае на грамадскі сектар, адпаведна 72, 59 і 60% (1996). Больш развіта Ж. на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай і на З Мінскай абласцей, якія лепш забяспечаны кармамі, прац. рэсурсамі і матэрыяльна-тэхн. сродкамі.

Н.В.Жураўская.

Н.В.Жураўская.
Табліца 1. Пагалоўе жывёлы ў Беларусі (на пачатак года, тыс. галоў)
Усе катэгорыі гаспадарак 1941 1970 1991 1995 1997
Буйная рагатая жывёла, 5077 6975 5404 4855 2844
у т. л. каровы 1956 2522 2362 2181 2043
Свінні 2520 3651 5051 4004 3715
Авечкі і козы 2578 670 445 284 214
Коні 1170 333 217 220 232
Птушкі, млн. галоў 24,3 50,6 45,3 40,8
Табліца 2. Вытворчасць асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі ў Беларусі
Усе катэгорыі гаспадарак 1940 1970 1990 1995 1996
Мяса (у забойнай вазе), тыс. т. 275 710 1181 657 623
у т. л. свініны 134 335 438 263 273
Малака, тыс. т 2005 5296 7457 5070 4908
Яец, млн. шт. 612 1671 3657 3373 3441
Воўна, т 3285 1213 958 396 328

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІДЖА́Н (Abidjan),

горад на Пд Кот-д’Івуар (да 1983 сталіца). Адм. ц. дэпартамента Абіджан. Засн. ў 1880—90. Каля 2 млн. ж. (1993, з прыгарадамі). Размешчаны на берагах і астравах лагуны Эбрые (Гвінейскі заліў). Міжнар. аэрапорт, гал. порт краіны. Пачатковы пункт чыгункі да г. Уагадугу (Буркіна-Фасо), вузел аўтадарог. Харчовая (рыбныя і садавінныя кансервы, сокі, піва, мука), тэкст., абутковая, швейная, дрэваапр., металаапр. (у т. л. аўта- і велазборачная), нафтаперапр., суднабуд. прам-сць. ЦЭС. Ун-т. Марская акадэмія навук. Нац. музей.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМСТЭРДА́МСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л ПРАФСАЮ́ЗАЎ, Міжнародная федэрацыя прафсаюзаў,

міжнар. аб’яднанне рэфармісцкіх прафсаюзаў у 1919—45. Створаны на кангрэсе ў Амстэрдаме. Гал. мэты: развіццё міжнар. сац. заканадаўства, барацьба з мілітарызмам і рэакцыяй, падтрымка міжнар. прафс. дзеянняў. Кіраўнікі Амстэрдамскага інтэрнацыянала прафсаюзаў рэалізоўвалі ў прафс. руху палітыку с.-д. партый, якія належалі да Інтэрнацыянала 2-га. Амстэрдамскі інтэрнацыянал прафсаюзаў аб’ядноўваў пераважна прафцэнтры краін Зах. Еўропы (14 краін, 17 738 тыс. чал. у 1919; 26 краін, 19 425 тыс. чал. у 1937). Распушчаны пасля стварэння Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў.

т. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНСІРО́ЎКА,

ураўнаважванне вярчальных частак у машынах і механізмах. Праводзіцца гал. ч. для ліквідацыі (зняцця) іх неўраўнаважанасці (дысбалансу), дынамічных нагрузак, што дзейнічаюць на апоры хуткавярчальных дэталяў машын (ротараў, каленчатых валоў і інш.) і прыводзяць да заўчаснага іх зношвання. Балансіроўка заключаецца ў вызначэнні масы і месца прыкладання процівагаў.

Адрозніваюць дынамічную балансіроўку, што выконваецца на балансіровачным станку пры наданні вярчэння дэталі, якая балансуецца, і статычную, калі дэталь ураўнаважваюць адной процівагай у адвольна выбранай плоскасці, зыходзячы з таго, каб цэнтр цяжару дэталі ляжаў на восі вярчэння.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНТЫ́Ш-КАМЕ́НСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (27.12.1737, г. Нежын, Украіна — 1.2.1814),

украінскі і рас. гісторык, архівіст, археограф. Вучыўся ў Кіеўскай (1745—54) і Маскоўскай (1754—58) духоўных акадэміях, Маскоўскім ун-це (1758—62). З 1783 кіраўнік Маскоўскага архіва Калегіі замежных спраў. Даследаванні і публікацыі дакументаў па гісторыі знешняй палітыкі Расіі. Гал. твор — «Агляд знешніх зносін Расіі (да 1800 г.)» (ч. 1—4, 1894—1902). У 1813 падрыхтаваў да друку 1-ы т. «Збору дзяржаўных грамат і дагавораў» і заўвагі да яго. Аўтар падручнікаў.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)